Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

Галандскія асаднікі па дарозе ва Усходнюю Еўропу. Фота: Dutch War Archive
Галандскія асаднікі па дарозе ва Усходнюю Еўропу. Фота: Dutch War Archive
Падчас Другой сусветнай вайны нацысты хацелі перасяліць на месца знішчаных у Беларусі габрэяў галандскіх фермераў-каланізатараў і нават апрабавалі новую тактыку на акупаваных Украіне і Літве. Пра гэта сведчыць новае сенсацыйнае даследаванне доктара Геральдзіны фон Фрыйтаг Драбэ Кунцэль з універсітэта Утрэхта (Нідэрланды), піша ізраільская газета Haaretz.

5 тысяч асаднікаў

Галандскія пасяленцы скіраваліся да акупаваных ўсходнееўрапейскіх зямель на заклік Нацыянал-сацыялістычнага руху (NSB) - пранацысцкай партыі, якая прыйшла да ўлады ў Галандыі пасля акупацыі краіны гітлераўцамі ў 1940 годзе. 

Справа ў тым, што немцы лічылі галандцаў, а таксама народы Паўночнай Еўропы "сапраўднымі арыйцамі", амаль роўнымі ім самім у расавай іерархіі. Аднак Галандыя стала адзінай акром Нямеччыны краінай, што заклікала сваіх грамадзян каланізаваць захопленыя землі.

Паводле Геральдзіны фон Фрыйтаг Драбэ Кунцэль, з 1942 па 1945 гады ў акупаваныя нацыстамі Украіну і Літву прыехалі каля пяці тысяч фермераў-асаднікаў з Галандыі. Перасяленцам было не толькі добра вядома, што да іх прыезду нацысты ўжо знішчылі каля двух мільёнаў усходнееўрапейскіх габрэяў, але яны сталі непасрэднымі сведкамі “канчатковага вырашэння габрэйскага пытання”. На думку гісторыка, каля 75 адсоткаў каланізатараў прыбылі ва Ўсходнюю Еўропу з ідэалагічных прычынаў, астатнія - з эканамічных.

Галандскія каланізатары ў Мінску

Падчас даследавання гісторык універсітэту Утрэхта знайшла дакументы, якія сведчаць пра паездку лідэраў галандскіх асаднікаў у Мінск у 1942 годзе. На сустрэчы з імі генеральны камісар Генеральнай акругі "Беларусь" Вільгельм Кубе заявіў, што мае патрэбу ў працоўнай сіле, якая павінна замяніць знішчаных габрэяў (у часе нямецкай акупацыі Беларусі было забіта больш за 800 тысяч габрэяў).

Адзін з удзельнікаў той сустрэчы ван Маасдыйк потым распавядаў, што Кубэ выступіў з вітальнай прамовай, у якой згадаў пра "ўнікальную місію", якая стаіць перад германскім народам на ўсходнееўрапейскіх тэрыторыях.

Аднак ці перасяліліся галандскія фермеры ў Беларусь, як ва Украіну з Літвой, невядома. Адзін з самых аўтарытэтных ваенных гісторыкаў Беларусі Эмануіл Іофе распавёў карэспандэнту TUT.BY, што ніколі не сустракаў падобныя звесткі ў архівах.

“Вельмі сумняюся, што ў акупаванай нацыстамі Беларусі нешта падобнае было. Пра масавы рух дакладна не выпадае гаварыць. Магчыма, былі толькі адзіныя выпадкі”, - лічыць Эмануіл Іофе, які сёлета выдаў кнігу пра візіты найвышэйшых чыноў Трэцяга рэйху ў СССР.

“Белыя габрэі”

Фон Фрыйтаг, даследаванне якой стала навуковая сенсацыяй, сведчыць, што галандскія фермеры так і не прыжыліся на акупаваных тэрыторыях. Нацыстаў яны лічылі вельмі няветлымі і падазронымі. Нямецкія ж улады ў адказ вінавацілі галандцаў у сувязях са славянамі, якіх нацысты адносілі да “ніжэйшай расы”.

Напрыклад, у Вільні галандцы з задавальненнем бавілі час у кампаніі мясцовых жанчын, браліся з імі шлюбам і ўвозілі з сабой у Галандыю, калі стала зразумела, што Нямеччына прайграе вайну. Усё гэта супярэчыла нямецкай расавай дактрыне.

На Украіне гнеў нацыстоўскіх улад выклікала актыўнасць галандцаў на чорным рынку. Некаторыя фермеры распрадавалі ўсю маёмасць, уключна з уніформай галандскай пранацысцкай партыі. Галандцаў вінавацілі ў крадзяжах, махлярстве і ў завышэнні коштаў на сельскагаспадарчую прадукцыю, за што яны атрымалі ад немцаў мянушку "белыя габрэі".

Пры гэтым гісторык падкрэслівае, што галандскія фермеры абсалютна спакойна ставіліся да знішчэння мясцовага габрэйскага насельніцтва, а адной з асноўных прычынаў, што паўплывала на іх вяртанне дадому, стала боязь рэпрэсіяў з боку партызан.

Як паказвае даследаванне, у паваеннай Галандыі многія з пасяленцаў, што вярнуліся на радзіму, былі абвінавачаны ў выкарыстанні прымусовай працоўнай сілы (у асноўным, савецкіх ваеннапалонных), прысваенні габрэйскай маёмасці і забойствах.
{banner_819}{banner_825}
-20%
-30%
-70%
-20%
-10%
-10%
-30%
-10%
0063408