Марина Шкиленок, / Марина Шкиленок

Старэйшаму беларускаму часопісу для дзяцей – “Вясёлцы” – у гэтым годзе споўнілася 53 гады. Творы з гэтага выдання ўваходзяць у падручнікі, а дзеткі гэтак жа, як і мінулыя пакаленні, з цікавасцю гартаюць старонкі часопіса і з задавальненнем прымаюць удзел у конкурсах, якія ладзіць рэдактарскі калектыў.

Пра тое, чым сёння жыве “Вясёлка”, што цікавіць сучасных дзяцей, у студыі TUT.BY расказвала Анастасія Радзікевіч, намеснік галоўнага рэдактара.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


 
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Запампаваць відэа TUT (142 Мб) >>>

З вашага дазволу пачну з віншавання. Часопісу “Вясёлка” у гэтым годзе спаўняецца 53 гады. Як “Вясёлка” адчувае сябе зараз?

Мы стараемся. Нам прыемна адчуваць, што мы старэйшыя ў Беларусі і ў нас самы вялікі тыраж сярод дзіцячых выданняў Беларусі. І гэта ўлічваючы, што мы з’яўляемся беларускамоўным выданнем. Вядома ж, мы прапагандуем сябе як адзінае дзіцячае беларускамоўнае выданне. Таму ўсё, што мы робім, стараемся рабіць на высокім узроўні.

З такім жа поглядам мы падышлі і да святкавання нашага дня нараджэння, які мы адзначылі ў Доме літаратараў разам з уручэннем нашай штогадовай прэміі імя Васіля Віткі. У нас існуе музей часопіса “Вясёлка”, куды мы запрашаем дзетак і расказваем пра заснавальніка часопіса “Вясёлка”, вядомага беларускага пісьменніка Васіля Вітку.

З чаго пачыналася “Вясёлка”? Як ўзнік гэты праект?

Па сутнасці, “Вясёлка” – гэта першае вялікае пачынанне беларускіх пісьменнікаў для дзетак. Мы прынеслі ў студыю першы нумар нашага часопіса, каб гледачы маглі пабачыць, як выглядаў наш часопіс з самага пачатку. Зараз ён, канешне ж, крыху таўсцейшы, выраблены з лепшай паперы.

А можна сказаць, што канцэпцыя засталася тая ж? Як яна змянялася?

Нашы дзеткі растуць, мяняюцца. Зараз з’яўляецца ўсё больш разнастайных тэхналогій і розных крыніц, з якіх дзеці могуць атрымаць новыя веды і інфармацыю. Таму мы ўсё ж стараемся выпрацоўваць новыя канцэпцыі нумароў часопіса, каб ён таксама мяняўся. І, безумоўна, галоўнымі застаюцца пэўныя моманты і ісціны, якія былі закладзены Васілём Віткам, Анатолем Грачанікавым, Еўдакіяй Лось – усімі былымі галоўнымі рэдактарамі “Вясёлкі”.

Перад эфірам вы казалі пра Уладзіміра Ліпскага, што ён малады і жвавы, нягледзячы на тое, што не так даўно яму споўнілася 70 год. Што вы скажаце пра свайго рэдактара?

Многія нам зайздросцяць, што ў нас менавіта такі рэдактар. Па праўдзе кажучы, мы і самі сабе зайздросцім, што ён у нас такі ёсць. Ён вельмі камунікабельны, сапраўды вялікі настаўнік – настаўнік ад Бога. Усе канцэпцыі нумара, якія мы складаем, ён карэкціруе. Калі мы плануем вокладкі для дванаццаці нумароў часопіса, то ён бачыць не проста вокладкі, а ўвесь нумар, усю канцэпцыю, усё, што мы раскажам дзецям за гэты год. І сапраўды, мы стараемся падабраць цікавыя матэрыялы. Як кажа сам Уладзімір Сцяпанавіч, ён не нагуляўся ў сваім дзяцінстве, таму ў яго такая дзіцячая кемлівасць, такі дзіцячы падыход да вырашэння спраў, калі ён ведае, як будзе правільна, і, нягледзячы ні на што, ён робіць так, як трэба. Нам проста пашанцавала, што ў нас ёсць такі галоўны рэдактар.

Я так разумею, што “Вясёлка” - гэта не толькі часопіс, але і нейкая суполка. Вы працуеце з дзеткамі, праводзіце разнастайныя акцыі. Раскажыце пра сваю сацыяльную дзейнасць.

Я магу сказаць, што такога часопіса, як “Вясёлка”, у Беларусі больш няма. Мы займаем такую нішу, якую не можа заняць ніхто: мы абсалютна літаратурны часопіс, з “Вясёлкі” выраслі беларускія класікі. Таксама з нашага выдання фармуюцца беларускія падручнікі і чытанкі, з нашай дапамогай праводзяцца заняткі.

Акрамя таго, мы стараемся праводзіць разнастайныя конкурсы, якія выглядаюць як моцныя, змястоўныя акцыі. Напрыклад, акцыя “Лепшы сябар “Вясёлкі”, у якой прымаюць удзел нашы чытачы, пастаянныя падпісчыкі. Некаторыя з іх удзельнічаюць у нашых мерапрыемствах дастаткова актыўна на працягу ўсяго года.

Ваш часопіс можа адкрыць як і пяцігадовы хлопчык ці дзяўчынка, так і школьнік, і кожны з іх знойдзе для сябе цікавы матэрыял. То бок, вы займаецеся больш адукацыйнай працай.

Пажадана, каб наш часопіс дзеці чыталі разам з бацькамі і настаўнікамі, бо ў дзяцей узнікаюць пытанні, якія ім трэба будзе тлумачыць. І гэта не толькі моўныя пытанні ці словы, якія трэба тлумачыць. Мы за тое, каб дзеці развіваліся, каб мы маглі іх навучыць і расказаць ім штосьці новае. І, безумоўна, мы адказваем на лісты, якія дасылаюцца да нас у рэдакцыю. Нашыя маленькія чытачы вельмі патрабавальныя і ўважлівыя.

Дзеці не проста выхоўваюцца – яны і нас выхоўваюць: у тых лістах, якія дзеці да нас дасылаюць, столькі пяшчоты і дабрыні. Калі іх чытаеш, то адчуваеш, што робіш сапраўды нешта добрае і цікавае. Увогуле ж можна сказаць, што праца з дзіцячымі творамі і пісьмамі ў дзіцячым часопісе – гэта вельмі светлая праца. І, як кажа наш галоўны рэдактар, ёсць такія справы, якія ты робіш, а потым яны асаблівым почыркам у асаблівы сшытак заносяцца на небе.

Сёння многія бацькі кажуць, што зараз ёсць інтэрнэт, ёсць мульцікі. Для чаго купляць гэтыя кніжкі? Мяне вельмі здзівілі вынікі апытання на нашым партале: 15% наведвальнікаў адказалі, што зусім не чытаюць дзецям кніжкі.

Многае залежыць ад унутранага выхавання: як яно было закладзена, тое ў выніку і будзе. Гэта залежыць не толькі ад бацькоў, але і ад настаўнікаў, і ад саміх часопісаў. І сапраўды, ёсць такія часопісы, якія бярэш у рукі, а чытаць там і няма чаго. А наш часопіс – літаратурны, у якім ёсць і што пачытаць, і што абмеркаваць, і аб чым пагаварыць. Калі бацькі самі не разумеюць, што і дзецям, і разам з дзецьмі трэба чытаць, то заўжды ёсць людзі, якія змогуць гэта падказаць.

Бацькоў, на жаль, ужо не выхаваеш. Менавіта гэта такі час і так склалася жыццё – што тут зробіш. Аднак адзначу, што калі ў савецкія часы тыраж часопіса “Вясёлка” быў 100 тысяч экземпляраў, то сёння тыраж складае 15—20 тысяч. Тое ж самае адбываецца і з дарослымі часопісамі. Напрыклад, тыраж часопіса “Полымя” не перавышае 4 тысячы экземпляраў. Наш чытач недзе губляецца.

Як вы спраўляецеся з канкурэнцыяй? Зараз на кніжных паліцах вельмі шмат рускамоўных выданняў і часопісаў. Ці можна сказаць, што часопіс “Вясёлка” канкурэнтаздольны?

Перш за ўсё, галоўная задача нашага часопіса – выхаванне на роднай мове. Вядома, што ў нашай краіне дзве мовы з’яўляюцца дзяржаўнымі, але родная ўсё ж такі адна. Галоўная задача часопіса – не выхаваць на роднай мове нацыяналіста, а выхаваць патрыёта. Мы выхоўваем любоў да Радзімы, павагу да мамы, да бабулі, да настаўніка, каб кожнае дзіцяці і кожны чалавек вырас і зразумеў, што такая краіна, як Беларусь – адзіная, і такой больш няма. Можа, гэта і гучыць вельмі патрыятычна, але на самай справе гэта так. Напрыклад, у Кітаі гэта добра разумеюць, і нацыянальны стрыжань там існуе. Гэта не выклікае аніякага здзіўлення ці ўсмешак. Гэта – нармальна. Таксама і наш часопіс выхоўвае літаратурны густ.

“Вясёлка” па сутнасці – кніжка, з якой можна правесці цэлы месяц. Мы адказваем за якасць нашага прадукта, і магу з павагай сказаць, што ў адрозненні ад іншых дзіцячых выданняў мы працуем згодна ўсім ГОСТам і дзіцячым гігіенічным сертыфікатам. У нас проста цудоўныя, не камп’ютарныя малюнкі: як жартуе наш мастацкі рэдактар, усё робіцца ручкамі.
Усе нашы малюнкі – добрыя і па-дзіцячаму адкрытыя. Перш за ўсё мы ідзём да дзяцей з дабрынёй, і зарабіць грошы – для нас не галоўнае.

Мы ўвесь час шукаем новых аўтараў і гатовы супрацоўнічаць з маладымі. Таксама мы вядзём працу са студэнтамі. Акрамя таго, што мы працуем менавіта з літаратурнымі творамі, з рэдагаваннем гэтых твораў, таксама мы праводзім і вялікую працу па сувязі з грамадскасцю. Таму – калі ласка, заходзьце, тэлефануйце, і мы будзем рады з вамі супрацоўнічаць.

{banner_819}{banner_825}
-50%
-10%
-20%
-10%
-20%
-30%
-20%
-50%
-15%