фото
Што рабіць з сотнямі занядбаных помнікаў гісторыі і архітэктуры, калі ў дзяржавы бракуе грошай на іх аднаўленне? Наколькі вялікі турыстычны патэнцыял Беларусі як краіны замкаў, палацаў і шляхецкіх сядзібаў? Якія вынікі Фэсту экскурсаводаў, што другі год запар прайшоў у Беларусі 18 красавіка. 
 
Пра гэта ў студыі TUT.BY распавёў намеснік старшыні Беларускага камітэту Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС), адзін з арганізатараў Фэсту экскурсаводаў Цімох Акудовіч.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


— Для пачатку распавядзіце, што такое Беларускі камітэт Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах. Чым арганізацыя займаецца, што гэта такое?
 
— Увогуле, гэта міжнародная арганізацыя. Яна была ўтворана ў 1964 годзе. Асноўнай мэтай першапачаткова ставілася аб’яднанне людзей, якія займаюцца захаваннем помнікаў. Гэта архітэктары, гісторыкі, што маюць справу з рэканструкцыяй, кансервацыяй помнікаў. Цяпер мэты трохі пашырыліся, і ІКАМОС займаецца пытаннямі захавання нават, часам, нематэрыяльнай спадчыны. Цэнтр арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы, у яе склад уваходзяць 7000 чалавек па ўсім свеце.
 
Свае нацыянальныя камітэты ІКАМОС ёсць у 110 краінах, у тым ліку ў Беларусі. Праўда, наш камітэт створаны адносна нядаўна, і мы, можна сказаць, шмат якія рэчы толькі пачынаем рабіць. Але, у прынцыпе, усе камітэты розныя: у некаторых краінах гэта проста сходы прафесіяналаў, якія робяць кансультацыі для прыватных людзей і дзяржавы; ёсць камітэты, якія ўяўляюць з сябе вялікія грамадскія рухі людзей, зацікаўленых спадчынай. Беларускі камітэт ІКАМОС на сёння ў асноўным займаецца адукацыйнымі праграмамі. Мы праводзім семінары, на якіх спрабуем расказаць людзям, як уносіць помнікі ў дзяржаўны спіс, што трэба, каб захаваць аб’ект…
 
— Атрымліваецца, у пэўным сэнсе, так лікбез?
 
— Так, сёння гэта ўзровень Беларусі: трэба тлумачыць прымітыўныя рэчы.
 
Акрамя гэтага, у межах нашага камітэта распрацоўваецца праект па кансервацыі і інтэрпрэтацыі Гальшанскага замка, досыць цікавы. Таксама даем кансультацыі для прыватных асобаў. З’яўляецца ўсё больш і больш людзей, якія хочуць, напрыклад, унесці аб’ект ці абрад у Дзяржаўны спіс помнікаў і мясцінаў.
 
— То бок, людзі з усёй Беларусі звяртаюцца да вас?
 
— Так. І мы ўжо ці самі ім кажам, ці накіроўваем у міністэрства…
 
— А ці ёсць у вас сайт, дзе можна азнаёміцца з усёй інфармацыяй?
 
— Ён у працэсе стварэння, але ўсе ахвотныя могуць звяртацца па тэлефоне 557-11-24 (МТС).
 
— Вы закранулі Гальшанскі замак. Якім чынам вядзецца ваша праца? Як вы супрацоўнічаеце з Мінкультам?
 
— З беларускім камітэтам ІКАМОС супрацоўнічаюць прафесіяналы-архітэктары, якія распрацоўваюць незвычайны для Беларусі праект. Ягоная ідэя — не аднаўленне поўнасцю замка (на сёння гэта немагчыма), а прэзентацыя руінаў у такім выглядзе, каб можна было з цікавасцю паказаць турыстам. Праект ужо быў прадстаўлены Міністэрству культуры, разглядаецца верагоднасць яго рэалізацыі.
 
— Колькі часу патрэбна на такі праект, як Гальшаны?
 
— Архітэктары ўжо некалькі год працуюць над ім. Гэта такая мара іх жыцця.
 
—18 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. Другі раз запар адбыўся Фэст экскурсаводаў. Распавядзіце трошкі, што гэта за фэст?
 
— У 1983 годзе Міжнародны камітэт ІКАМОС прыняў рашэнне — і яго падтрымалі ЮНЕСКА ды ААН — штогод святкаваць 18 красавіка як Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. Кожны раз свясткаванне прысвячаецца асобнай падзеі ці помніку. Напрыклад, Год замкаў, храмавых помнікаў. Сёлета, дарэчы, было даволі цікава і незвычайна, бо міжнароднае свята прысвяцілі сельскагаспадарчым помнікам: млынам, калодзежам, народным святам.
 
Мы са свайго боку думалі, як лепей за ўсё адзначыць нам, у Беларусі, і зноўку прыйшлі да высновы, што трэба вяртацца да ідэі лікбезу. Самая галоўная праблема ў Беларусі — адсутнасць інфармацыі і зацікаўленасці простых людзей у сваіх помніках. Таму мы вырашылі правесці буйное мерапрыемства — Фэст экскурсаводаў. Гэтак, у Мінску за два дні (17-18 красавіка) па горадзе прайшло 18 розных экскурсій. Шмат экскурсій у цэнтры — па Старым горадзе, Траецкім прадмесці, Залатой Горцы, шмат тэматычных — "Мінск тэатральны" альбо "Мінск гімназічны", шмат па раёнах, дзе, здавалася б, увогуле немагчыма іх правесці — па Вяснянцы ці Трактарным заводзе…
 
Апроч гэтага мы правялі 12 экскурсій у рэгіёнах — у абласных і раённых гарадах. Суарганізатарамі Фэсту экскурсаводаў выступілі МГА "Гісторыка" і Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.
 
— А якім чынам вы падбіралі экскурсаводаў?
 
— Людзей шукалі цягам года. Гэта і асабістыя знаёмствы, і абвесткі ў інтэрнэце, газетах, на прыпынках. Такім чынам набралася васемнаццаць чалавек, хаця гэтага мала, бо падобны фэст мы ладзім другі год запар. Летась таксама было 18 экскурсій, на якія прыйшло каля 800 чалавек. Сёлетнія 18 наведалі ўжо больш за 1000 чалавек! На некаторыя экскурсіі прыходзіла больш за сто чалавек.
 
— А як вы экскурсантаў знаходзілі?
 
— Шмат дзе давалі аб’явы, у тым ліку на TUT.BY быў размешчаны поўны спіс гэтых экскурсій. Акрамя гэтага, нам было вельмі важна выцягнуць на экскурсіі людзей з нейкага пэўнага раёна, якія не шукаюць інфармацыю ў інтэрнэце, мала чытаюць газет. Таму мы нават развешвалі абвесткі на прыпынках, каб людзі са свайго раёна на гэтую экскурсію прыйшлі. "Экскурсія па Вашым раёне!", "Экскурсія па Трактарным заводзе!" — гэта, сапраўды, дзейнічае. Прыходзяць бабулькі і маладыя людзі, якія хочуць даведацца менавіта пра свой раён.
 
— А наступны год ці планавалі ўжо?
 
— Хочам працягнуць гэтую традыцыю, пашырыць колькасць экскурсій і іх паглыбленасць у асобныя раёны, асобныя тэмы, павялічыць колькасць экскурсаводаў…
 
— Цімох, а як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі з захаваннем помнікаў гісторыі і культуры?
 
— Дзякуй Богу, пра гэта цяпер шмат гавораць, багата спрэчак. Сітуацыя, канечне, складаная. Пры гэтым, мне падаецца, на сёння ўсё-ткі заўважны рух наперад. Іншае пытанне, што робяцца вялікія памылкі ў гэтым накірунку. Той жа прыклад рэстаўрацыі Нясвіжскага замка, які ўжо шмат разоў абмяркоўваўся і крытыкаваўся нават міністрам. Складаная сітуацыя з дзяржаўнай сістэмай аховы помнікаў, якая часам проста не паспявае выратаваць той ці іншы помнік, пракантраляваць умовы яго захавання.
 
Напрыклад, нядаўна ў адной з вёсак царкву XVIII стагоддзя абабілі сайдынгам. І дзяржава папросту не паспела яе выратаваць … Вельмі дрэнная сітуацыя з грамадскай думкай і недахопам прафесійных кадраў — найперш, рэстаўратараў. Але, мне здаецца, паляпшэнні ёсць і ў дзяржаўнай сферы з прыходам новага міністра культуры, і ў сферы грамадскай актыўнасці. Цяпер вельмі актыўна дзейнічае Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў і наш ІКАМОС, ёсць шмат прыватных ініцыятыў. Уздымаецца валанцёрскі рух, удзельнікі якога спрабуюць нешта самі рабіць, зразумела, пры умове дазволу Міністэрства культуры. У гэтым годзе будзе і першы выпуск архітэктараў-рэстаўратараў.
 
— А калі параўноўваць сітуацыю ў Беларусі з нашымі еўрапейскімі суседзямі — палякамі, літоўцамі?
 
— У іх у гэтым кірунку ўсё значна лепей. Гэтак, у палякаў сістэма аховы помнікаў пачала развівацца яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Напрыклад, Заходняя Беларусь, якая ўваходзіла ў склад Польшчы ў 1920-30-х гг., менавіта дзякуючы гэтаму захавала Навагрудскі, Крэўскі замкі і шмат што яшчэ. Пасля вайны ў Польшчы, Літве дзейнічала вельмі моцная дзяржаўная сістэма аховы, захавання і рэстаўрацыі помнікаў і вельмі дзейсны грамадскі кантроль. Таму нам ёсць чаму ў іх павучыцца.
 
— А вы з імі сувязь падтрымліваеце?
 
— Так, сёння ў першую чаргу з польскім камітэтам ІКАМОС. Зараз мы плануем прывезці сюды польскіх спецыялістаў, каб яны расказалі, навучылі, паказалі, як дзейнічаць, калі ўзнікаюць пытанні дзяржаўнай, заканадаўчай аховы помнікаў, пытанні грамадскага кантролю. Мы хочам правесці майстар-класы, лекцыі польскіх рэстаўратараў, кансерватараў для нашых студэнтаў.
 
— Вы згадалі, што міністр культуры Латушка прынёс нейкія змены ў сітуацыю з захаваннем помнікаў. Якія канкрэтна?
 
—Па-першае, прагучала крытыка ў дачыненні існуючай сістэмы рэстаўрацыі — у Міры, Нясвіжы. Пасля з’явіліся цікавыя ініцыятывы. Напрыклад, тая ж латарэя "Скарбніца", сродкі з якой пойдуць на кансервацыю Навагрудскага замка...
 
— Гэта значыць, калі кожны з нас купіць латарэю "Скарбніца", гэтыя грошы пойдуць на пэўную справу?
 
— Так, гэта абсалютна канкрэтны праект, і ёсць надзея, што гэтыя грошы дапамогуць умацаваць руіны Навагрудскага замка. Актыўна дзейнічае — хаця яна была створана да прыхода Латушкі, але цяпер актывізавалася — Грамадская назіральная камісія, якая збіраецца пры Міністэрстве культуры з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, зацікаўленых у ахове помнікаў. Недзе раз на месяц грамадства перадае міністэрству свае прэтэнзіі і пытанні. Гэта, канечне, істотны крок наперад.
 
— На вашу думку, грошай на кансервацыю, рэстаўрацыю ды рэканструкцыю не хапае ў нашай краіне?
 
—Тут пытанне прыярытэтаў. Краіна ў нас, вядома, не вельмі багатая, але паўстае пытанне, што хацелася б рабіць. Дамы ж у нас будуюцца па ўсёй Беларусі, дарогі кладуцца. Пытанне, ці ёсць жаданне захаваць гісторыю. Будзе яно – з’явяцца і грошы. Таму, думаю, грошы не самая вялікая праблема, а хутчэй наадварот. Раней лічылася, што як з’явяцца грошы, усё будзе добра. Але апошнія гады на эканамічным уздыме грошы з’явіліся, і гэта стала асноўным галаўным болем. Праз адсутнасць спецыялістаў гістарычныя будынкі разбураюцца ці кансервуюцца так, што невядома, ці можна будзе іх у перспектыве неяк выправіць. Таму зараз хутчэй ёсць праблема, як знайсці спецыялістаў, каб гэтыя грошы пачалі выкарыстоўвацца ў правільным рэчышчы.
 
— Аб чым сведчыць варварскае стаўленне да помнікаў гісторыі і культуры?
 
— У першую чаргу, гэта пытанне неадукаванасці людзей, якія адказныя за гэтыя помнікі альбо імі займаюцца. Вось бацюшка ў невялікай вёсцы абкладае сайдынгам старажытную царкву. Ён хоча, каб было прыгожа, па ягоным разуменні, і каб было ўтульна яго парафіянам. Але чалавек проста не разумее нюансаў. Тая ж праблема і на больш высокім узроўні. Цяпер ёсць грошы, але, паўтаруся, людзям, якія укладаюць іх паводле ўласнага разумення, не хапае ведання справы. Дзяржаўны кантроль не паспявае ці не заўсёды можа спыніць гэтыя рэчы і скіраваць сродкі ў правільным накірунку.
 
— Мы зноў вяртаемся да таго, што няма сістэмы, якая б працавала...
 
— Няма сістэмы, адукаванасці і нейкага здаровага пачуцця патрыятызму ў дачыненні да сваіх помнікаў, разумення, што яны ёсць нашыя і іх трэба захоўваць.
 
Я яшчэ звярну ўвагу на тое, што ў апошнія гады ўсё ж актывізавалася ўвага да гістарычных аб’ектаў. Аднак праблема ў тым, што на іх пачалі звяртаць увагу ў першую чаргу як на турыстычныя аб’екты, а не як на месцы памяці. І калі ставіцца пытанне помніка, найперш пытаюцца, як з яго зрабіць прыгожы турыстычны аб’ект, а не як яго можна захаваць ці выкарыстаць у выхаваўчых мэтах. Адсюль атрымліваецца: галоўнае, каб помнік быў прыгожы і каб на ім хот-догі прадаваліся.
 
— Знаўца гісторыі Мінска №1 Захар Шыбека не так даўно сказаў у студыі TUT.BY, што аднавіць гістарычнае аблічча старажытнага горада ўжо немагчыма. Як жа тады пабудаваць турыстычна прывабны прадукт на пустым месцы?
 
— Канешне, каб адбудаваць сёння Стары горад, трэба столькі ўсяго разбурыць у цэнтры Мінску, што гэта проста немэтазгодна. Гістарычны выгляд Мінска пачатку ХХ стагоддзя, сапраўды, цалкам страчаны, але засталіся элементы. І, у прынцыпе, з гэтых элементаў, мне падаецца, можна скласці ўяўленне. І гэта праца робіцца, пры ўсіх мінусах і крытыцы: ратушу аднавілі, гатэль "Еўропа" таксама. Зараз аднаўляюць Свята-Духаў сабор, які знаходзіцца насупраць ратушы. Таксама бачна, што да гэтага праекта будуць пытанні, але аднаўленне ўсё ж адбываецца. Калі зараз грамадства зможа пракантраляваць сітуацыю з рэканструкцыяй, то ад вуліцы Гандлёвай да Гарадскога Вала досыць вялікі кавалак горада можа стаць нейкім гістарычным цэнтрам. Калі там яшчэ з’явіцца музей Мінска, калі будзе захавана і адноўлена забудова на плошчы Свабоды, то нейкае гістарычнае ядро ў Мінска з’явіцца.
 
— А што, на вашу думку, трэба зрабіць у першую чаргу, каб народ не быў абыякавы да гэтых пытанняў?
 
— Трэба ісці ў тым накірунку, у якім сёння ідуць шмат якія арганізацыі і дзяржава. Як экскурсавод магу сказаць, што ўсе дзеці сёння ведаюць дату заснавання Мінска, асноўныя легенды, звязаныя з нашым горадам, і паходжанне назвы.
 
— І апошняе пытанне. Наколькі высокі турыстычны патэнцыял Беларусі як краіны замкаў, шляхецкіх сядзібаў і палацаў?
 
— Думаю, у любым выпадку ён меншы, чым у нашых заходніх суседзяў, але ён можа быць большым, чым ёсць цяпер. Проста, калі кажуць пра турыстычны патэнцыял, складаецца ўражанне, што наша мэта — дагнаць і перагнаць усіх навокал. Галоўнае, што ў нас ёсць некалькі соцень сядзібаў па Беларусі: ёсць маленькія драўляныя пачатку ХХ стагоддзя, ёсць шыкоўныя палацы XVIII-XIX стагоддзяў. Яны ўсе павінны быць адпаведна адноўленыя і рэпрэзентаваныя. І замкі нашы павінны быць актуалізаваныя. Няма сэнсу параўноўваць з іншымі краінамі. Галоўнае, каб яно было і найперш служыла нам у пытаннях выхавання. Турыстычная частка — гэта як бонус.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

 
Запампаваць відэа (73 Мб)
-16%
-50%
-10%
-10%
-10%
-20%
-45%
-70%
0066771