Программы и проекты TUT.BY

Связаться
с редакцией!

Расскажите нам о происшествии или важном факте, который может представлять общественный интерес!

  • Популярное
  • Другие новости

Общество

6 апреля 2010 в 9:00
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

6 красавіка адзначае 100-гадовы юбілей адзін з піянераў сусветнай касманаўтыкі, “першы беларус у свеце” Барыс Кіт. Дзякуючы яго даследаванням стаў мажлівы палёт чалавека на Месяц. Грамадзянін свету, ён пражыў на Беларусі ўсяго 26 год. Пры гэтым застаўся руплівым беларускім патрыётам і цягам усяго жыцця дапамагаў землякам і радзіме. Напярэдадні юбілею ў гасцях ў жывой легенды пабываў карэспандэнт TUT.BY.



Даведка TUT

Барыс Кіт (сапраўднае прозвішча - Кіта). Нарадзіўся 6 красавіка 1910 года у беларускай сям’і ў Пецярбургу. У 1918 годзе вярнуўся на Беларусь. Выпускнік Навагрудскай беларускай гімназіі (1928) і фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта (1933). Выкладчык (з 1931) і дырэктар (у 1939) Віленскай беларускай гімназіі. З восені 1939 узначаліў адроджаную гімназію ў Навагрудку. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. Школьны інспектар аблана Баранавічскай акругі (1939-41). Падчас нямецкай акупацыі арганізоўваў беларускія школы, ратуючы моладзь ад высылкі ў Германію. Дырэктар настаўніцкай семінарыі ў Паставах і Адміністрацыйна-гандлёвай вышэйшай школы ў Маладзечне. Правёў месяц у турме гестапа (1944).

З лета 1944 - на эміграцыі. Вучыўся на факультэце медыцыны ў Мюнхенскім універсітэце (1945-48). З 1948 года - у ЗША.

Адзін з заснавальнікаў найбуйнейшай ў ЗША беларускай калоніі ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі). Дзякуючы яго высілкам больш за 300 сямей беларускіх палітуцекачоў пераехалі за акіян.

Кар’еру ў ЗША пачынаў хімікам у фармацэўтычных кампаніях Нью-Джэрсі і Каліфорніі. Навуковы супрацоўнік першай у ЗША аэракасмічнай кампаніі North American Aviation Inc. (Лас-Анджэлес, 1956-58). Кіраўнік навуковай групы аддзела касманаўтыкі Міністэрства ваенна-паветраных сіл ЗША (1958-63). Старшы навуковы супрацоўнік міжнароднай карпарацыі ITT (1963-64) і Нацыянальнага бюро стандартаў ЗША (1964-68). Старшы эксперт-даследчык Дзяржінстытута сістэмнага аналізу Міністэрстваў абароны і транспарту ЗША (1968-72).

Даследаваў плыўкі вадарод як асноўнае ракетнае паліва. Падрыхтаваў матэматычны разлік палётаў касмічных караблёў на Месяц. Аўтар першага ў гісторыі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве Rocket Propellant Handbook (1960) і першага на Захадзе даследавання па гісторыі савецкай астранаўтыкі USSR Space Research and Development (1964).

З 1972 года - у Франкфурце-на-Майне. Прафесар матэматыкі Еўрапейскага аддзела Мэрылендскага
ўніверсітэта (ЗША, 1972-93). Доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі (1983). З лекцыямі скалясіў увесь свет. Адзін з заснавальнікаў Міжнароднага астранаўтычнага таварыства Германа Оберта (ФРГ) і Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Мінск-Масква). Акадэмік Міжнароднай акадэміі касманаўтыкі (Парыж).

За ўнёсак у развіццё астранаўтыкі Кіт быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: лаўрэат залатога медаля Германа Оберта і Вернэра фон Браўна (ФРГ), сябар Залы славы Вашынгтонскага біяграфічнага інстытута (ЗША), уладальнік падзякі Федэрацыі касманаўтыкі Расіі. Імя Кіта сярод славутых навукоўцаў Амерыкі замуравана ў капсуле часу ў сцяну Капітолія.

Мецэнат беларускай культуры на эміграцыі. Пасля ад’езду тройчы пабываў на Беларусі (1992, 93, 95), дзе намагаўся закласці нацыянальны ўніверсітэт еўрапейскага кшталту. Ганаровы жыхар Навагрудка, дзе адчынены ягоны музей (2008)

Размаўляе на сямі мовах.

Мае сына, двух унучак і двух праўнукаў.
 
 

Жывая легенда


Франкфурт-на-Майне. Горад, што спалучае хмарачосы Манхэтану з раскопамі Рымскай імперыі. Пахмурная і халаднаватая сакавіцкая раніца. Старажылы кажуць, што апошні раз такая позняя вясна ў Нямеччыне была сто гадоў назад. У баку ад гулкіх вулак і вакзалу-мурашніку - высачэзны шматкватэрны дом, дзе апошнія чатыры дзесяцігоддзі жыве сусветнавядомы навуковец. Націскаю на званок насупраць шыльдачкі “Dr. Boris Kit”.
 
“Guten tag! - раздаецца бадзёры голас. - Дабрыдзень, Барыс Уладзіміравіч!”
 
Жывая легенда шпарка спускаецца з шостага паверху, каб прывітаць гасцей яшчэ ля пад’езду. Усплёск дзіцячай радасці ў старэчых вачах. Цёплы поціск рук і абдымкі.
 
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.
Кіт распавядае пра нацыстоўскую турму і эміграцыю
Нібыта, мы старыя знаёмыя, а не бачымся ўпершыню. Не здзіўляюся, бо багата чуў пра адкрытую Кітаву душу і расчыненыя дзверы яго гасціннай хаты, якія зазналі тысячы беларусаў на радзіме, у ЗША і Нямеччыне.
 
Сціплая аднапакаёвая кватэра прафесара нагадвае музей. Сцены ўбраны фотаздымкамі родных і астранаўтычнымі ўзнагародамі - амерыканскімі, еўрапейскімі, расійскімі дыпломамі і медалямі. На сталах - стосы кніг, рукапісаў, нямецкая і беларуская прэса...
 

КДБ: “Ваш сын стаў вялікім чалавекам у Амерыцы”

 
- Барыс Уладзіміравіч, што вы лічыце галоўным дасягненнем у жыцці?
 
- Калі я прыйшоў у ракетную галіну, у амерыканскай касманаўтыцы выкарыстоўваліся маламоцныя палівы, якія не дазвалялі значна прасунуцца наперад. Нарэшце навукоўцы звярнулі ўвагу ў бок плыўкага вадароду. На дварэ быў 1956 год. Аднаго дня падыходзіць да мяне начальнік: “Барыс, зрабі поўную выкладку па плыўкаму вадароду”. Далі мне час, я пачаў збіраць усе магчымыя матэрыялы, вырахоўваць сілу плыўкага вадароду, патэнцыйныя цяжкасці. Напісаў вялікую справаздачу. І гэта быў пачатак усяго! Плыўкі вадарод стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы чаму стала магчыма падарожжа на Месяц, праграма "Шатл" і многае іншае.
 
Мяне так захапіла гэта праца, што я даследаваў іншыя патэнцыйныя віды ракетнага паліва. І напісаў першы ў свеце падручнік па астранаўтыцы, які дагэтуль ўжываецца ў сусветных ракетных цэнтрах.



- Вы ўдзельнічалі ў першых касмічных перамовах паміж ЗША і СССР. У якой атмасферы яны праходзілі?
 
- Пасля таго, як у 1957 годзе СССР запусцілі ў космас першы “Спутник”, амерыканцы сур’ёзна зацікавіліся савецкай касманаўтыкай. Паколькі я ўжо тады меў вялікі вопыт у ракетнай сферы і добра ведаў расійскую мову, мяне выклікалі ў Міністэрства ваенна-паветраных сіл ЗША, прызначыўшы кіраваць навуковай групай у аддзеле касманаўтыкі.
 
Першая двухбаковая сустрэча паміж СССР і Амерыкай, на якой прысутнічала група савецкіх акадэмікаў і міністраў, адбылася ў 1960-м годзе ў вашынгтонскім “Шэратон-
 
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.
 Кіт пра пачатак амерыкана-савецкага супрацоўніцтва 
Парк-Гатэле”. Абсалютна ніякай палітыкі там не было. Мы вялі выключна навуковую справу. Атмасфера была вельмі дружалюбнай, і я ганаруся, што быў старшынём гэтага гістарычнага сходу.
 
Вынікам тых перамоваў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай праграмы "Саюз" - "Апалон". Супраца ж дзвюх звышдзяржаў у касмічнай сферы працягваецца ўсе гэтыя гады.
 
- А прадстаўнікі Саюзу не былі здзіўленыя, убачыўшы беларуса на чале сустрэчы ад амерыканскага боку? Ці не было ў вас праблемаў з КДБ?
 
- Усе ведалі, што ў 1944-м мы ўцякалі ад савецкай улады. Ніякіх праблемаў у мяне не было. Наадварот, ад бацькі, які застаўся на Беларусі, я ведаў, што да яго прыходзілі з КДБ і гаварылі: “Ваш сын стаў вялікім чалавекам у Амерыцы. Калі захоча, ён можа смела прыехаць і працаваць у Савецкім Саюзе”.
 
- Але такі варыянт вы нават не разглядалі?
 
- Асабіста да мяне ніхто не звяртаўся. Усе разумелі, што з лепшага на горшае не паедзеш. Тое, што я ўцёк у Амерыку - найвялікшае шчасце, бо захаваў жыццё і дасягнуў вяршынь у навуцы. Як напісаў адзін літаратар, у Амерыцы я трапіў у вока касмічнага ўрагану. Спаткаў найвялікшых людзей свету... Пры гэтым я ўсім гаварыў, што выйшаў з Беларусі, з самай беднай вёскі, і што я гэтым ганаруся.

 

“Матэматыка мяне выцягнула”

 
- Ці падтрымлівалі сувязь са сваякамі на радзіме?
 
- Апроч жонкі і сына, ўся мая радзіна засталася на Беларусі - можа, сто чалавек. Працуючы ў сакрэтнай службе і маючы найвышэйшую ў ЗША ступень даверанасці, сам я не мог падтрымліваць з імі сувязь. Гэта б выклікала падазрэнні. Кантакты трымаў праз жонку.
 
Хаця, шчыра вам скажу, Амерыка была нашмат меней сакрэтнай за СССР. Пра “бацьку расійскай касманаўтыкі” Каралёва амаль нічога не было вядома. У той час, як пра ягонага амерыканскага калегу фон Браўна існавала багата інфармацыі.
 
- У 1964-м выйшла ваша кніга па гісторыі савецкай касманаўтыкі, якая была першай на Захадзе. Да якіх крыніц вы мелі доступ?
 
- СССР рассылаў шмат інфармацыі, кніг. Я працаваў у вашынгтонскай бібліятэцы кангрэсу - адной з найвялікшых у свеце, дзе ёсць расійскі аддзел. Натуральна, там былі толькі адкрытыя крыніцы. Доступу да сакрэтнай інфармацыі мы не мелі.

 
- З кім з вядомых людзей, Барыс Уладзіміравіч, вам давялося працаваць?
 
- Вельмі з многімі. У асноўным гэта былі знакамітыя чужаземцы, якія пасля вайны пераехалі ў Штаты.
 
Падчас працы ў Міністэрстве ваенна-паветраных сілаў ЗША мяне ўсе добра ведалі ў Вашынгтоне. Таму на астранаўтычных і атамных кангрэсах я часам прадстаўляў Дзяржаўны дэпартамент. На адным такім кангрэсе гляджу, па калідоры ходзіць нейкі чалавечак. Падыходжу. Прадставіўся. Выявілася, гэта Вернер Хайзэнберг - адзін са стваральнікаў квантавай механікі. У яго былі праблемы з кватэрай, і я прапанаваў сваю дапамогу. Памятаю, як прыйшлі з ім у неабходную інстанцыю, і я запатрабаваў: “Неадкладна дайце кватэру гэтаму чалавеку! Перад вамі стаіць несмяротнасць!”
 
На другой канферэнцыі падыходжу да незнаёмца: “Я ёсць Барыс Кіт. - А я Месершміт”.
 
Я добра ведаў “бацьку амерыканскай касмічнай праграмы” Вернера фон Браўна. Але маім найвялікшым сябрам быў стваральнік сучаснай аэрадынамікі Тэадор фон Карман. Ён быў дырэктарам авіяцыйнага камітэта пры НАТА ў Парыжы, але часта бываў у Амерыцы. Перад выступамі ў кангрэсе Тэадор заўжды званіў мне і прасіў неабходныя матэрыялы. Я дапамагаў яго сям’і дастаць кватэру ў Вашынгтоне. Ён, у сваю чаргу, напісаў уступнае слова да маёй кнігі.
 
- Пра сваё галоўнае дасягненне вы сказалі. А што ў жыцці не атрымалася?
 
- Асабліва не было такога... У дзяцінстве выяўляў здольнасці да ігры на скрыпцы і ў маляванні. Але потым усё прапала, бо трэба было выбіраць нешта адно. Яшчэ з часоў гімназіі я страшэнна люблю гісторыю. Калі запісваўся ў Віленскі ўніверсітэт, хацеў паступаць менавіта на гісторыю. Гляджу: перад акенцам на гістфак сто чалавек стаіць. Направа ж прымалі дакументы на матэматыку, і там было якіх пяць чалавек. Так я стаў матэматыкам.
 
Вельмі добра, што так сталася, бо толькі матэматыка мяне выцягнула. Каб я гісторыяй займаўся, заміж працы над “Месячным праектам” мыў бы посуд у рэстаранах Нью-Ёрка.
 

“Са смерцю сына я напалову памёр”

 
- Барыс Уладзіміравіч, а кім сталі вашы дзеці, унукі?
 
- Я вельмі ганаруся сваімі дзецьмі. Мой старэйшы сын Уладзімір (Уолтэр) Кіт быў асістэнтам кіраўніка амерыканскага аэракасмічнага агенцтва NASA. Кіраваў аддзелам, які адказваў за кантакты з Еўропай. А нарадзіўся ён ў Беларусі (у 1941 годзе. - TUT.BY) і быў вялікім патрыётам радзімы. Ніводзін беларус на эміграцыі не дасягнуў большага поспеху! На жаль, летась 4 лістапада ён памёр. Паскудны рак хапае усіх, ні да каго не прыглядаецца. З ягонай смерцю напалову памёр і я.
 

 
Мой малодшы сын Віктар з’явіўся на свет ўжо ў Амерыцы. Стаў вядомым хірургам у Балтымары.
 
Яшчэ ў мяне ёсць дзве ўнучкі і два праўнукі. Старэйшая ўнучка Марына, дачка Уладзіміра, скончыла балетную школу ў Вашынгтоне. Калі ў Амерыку прыязджаў знакаміты балетмайстар Рудольф Нурыеў, яна выступала з ім ў адной сцэне. На гэты спектакль я адмыслова прыехаў у Вашынгтон. Пасля сканчэння пайшоў за кулісы. “Дзядуля, дазвольце вам прадставіць Нурыева!”. Мы абняліся.
 
- А на якой мове вы размаўлялі з сынамі?
 
- З малодшым толькі па-ангельску. Нашчадкі беларусаў за мяжой, на жаль, не ведаюць мовы дзядоў. А вось са старэйшым - толькі па-беларуску. Мовай ён валодаў першакласна. У 1968 годзе разам з жонкай яны былі прызначаны кіраваць выстаўкай амерыканскай архітэктуры ў СССР. Паездзілі па ўсіх сталіцах. Былі і ў Мінску. І вось мой сын выходзіць і чыста па-беларуску гаворыць да ўсіх! І ўсе так здзівіліся! Потым у газетах пісалі, маўляў, амерыканцы адмыслова вывучылі беларускую мову, каб спадабацца ў БССР.
 
Яшчэ ён захапляўся тэнісам і ў студэнцкія гады быў чэмпіёнам. Таму у Маскве, Пецярбурзе гуляў ў тэніс з савецкімі чыноўнікамі.
 

“Беларусаў нельга абвінаваціць у бесчалавечнасці”

 
- Вы ўсё жыццё імкнуліся яднаць беларусаў вакол нацыянальнай ідэі. Разам з тым у нацыятворчых працэсах мы прайгралі ўсім суседзям. Чаму так атрымалася?
 
- Стагоддзямі беларусаў таўклі злева і справа. Стварылася такая псіхалогія... Беларусы - вельмі адрозны ад суседзяў народ. Больш мяккі, лагодны. Тыя ж больш энергічныя, бадзёрыя і агрэсіўныя.
 
Гэта бачна, напрыклад, калі параўнаць, як мы і літоўцы захоўваліся пры немцах. Беларусаў, у адрозненне ад іншых, нельга абвінаваціць у забойстве габрэяў. Нас нельга абвінаваціць у бесчалавечнасці. Таму я ганаруся, што я беларус.
 
- Як вы ўспрынялі вестку, што Беларусь абвясціла незалежнасць?
 
- Было вядома, што Ельцын, Шушкевіч і Краўчук паехалі ў Белавежскую пушчу, добра выпілі і зрабілі добрую справу. Потым па тэлевізіі сказалі, што Беларусь зрабілася незалежнай. На душы такое было свята! Калі сюды прыязджаў Шушкевіч, я сказаў яму: “Вы найвялікшы беларускі чалавек, бо першы ў гісторыі зрабілі беларусаў незалежнымі!”

 
- У 2001 годзе ў вас гасцяваў Васіль Быкаў. Якія ўспаміны засталіся аб тым часе?
 
- Быкаў быў не толькі пісьменнік, ён прарок Беларусі і мой найвялікшы беларускі сябра.
 
Я яшчэ толкам яго не ведаў, як раптам дасылае мне, чужому чалавеку, сваю кнігу “У тумане” з подпісам “Найпершаму беларусу ў свеце”. Потым ён мне страшэнна многа памог на Беларусі, калі пра мяне яшчэ мала што ведалі.
 
Цэлы год мы спаткаліся кожны дзень. Ездзілі па ўсёй Нямеччыне разам. Я распавядаў, ён занатоўваў мае аповеды. Гэта быў самы цікавы год у маім жыцці!
 
- А чаму, на вашу думку, нацыянальнае адраджэнне пачатку 1990-х правалілася?
 
- Бо да ўлады прыйшлі іншыя людзі. Трэба ў іх спытацца, чаму яны так робяць. Увогуле ж, тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі - адрыжка ад Савецкага Саюзу,
 
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.
Кіт пра сакрэт доўгажыхарства
вялікай “імперыі зла”.
 
- Быкаў меў песімістычныя погляды адносна будучыні Беларусі. На вашу думку, ці здолее выжыць беларускі народ?
 
- Думаю, выжыве. Ужо не тыя часы, і моладзь - хай сабе яе частка - ўзгадавалася ў незалежным духу. Яна не дапусціць, каб Беларусь згінула.
 
- А ці магчыма ў перспектыве незалежная Беларусь без беларускай мовы?
 
- Думаю, у Беларусі павінна быць дзве мовы. З адной беларускай цяжка, бо расійская - міжнародная і дазваляе камунікаваць з сусветам.

 

Сакрэт доўгажыхарства - чыстае сумленне

 
- Сто гадоў - больш, чым паважная дата. Які ваш рэцэпт доўгажыхарства?
 
- У мяне няма ніякіх рэцэптаў. Думаю, гэта спалучэнне многіх элементаў. Найперш, беларуская генетыка. Па-другое, увесь час я меў прыгожую дзейнасць: займаўся вучыцельствам, навукай. Па-трэцяе, маё жыццё было спачатку страшэнна цяжкім. Я многа галадаў, а гэта добра для арганізму. І потым я стараўся не пераядаць. Але самае, можа, важнае - чыстае сумленне. Я нікому ніякага зла не рабіў. Толькі дабро. Дзякаваць Богу, што я ніколі не быў салдатам, не браў удзелу ў вайне. Выкруціўся ад дрэнных магчымасцяў і дажыў да 100 гадоў!

 
І, сапраўды, калі ўпершыню сустракаеш гэтага чалавека, не можаш супаставіць ягоны пашпартны ўзрост з вонкавым. Рэзкія рухі. Бадзёрае маўленне. Хуткая рэакцыя і вострае мысленне. А галоўнае - агеньчык энергіі і жыцця ў вачах.
 
- Я ўсё сам раблю. Закупкі ўсе... Ніхто за мной не даглядае. Гэта займае час, амаль цэлы дзень корпаешся па хаце. Кожны вечар я іду на спатканне са сваёй сяброўкай Тамарай. Мы шпацыруем, займаемся гімнастыкай, гуляем у мячык. Я раблю “чаплю”. Гуляем у мазгавыя гульні. Дзякуючы гэтаму я яшчэ жыву. Нічога не рабіць - дрэнь. Тады ўжо хутка прыйдзе смерць.
 
Плюс пішу лісты, званю, займаюся архівамі. Вось ляжыць цэлы чамадан маіх артыкулаў, кніг, дакументаў. Думаю, перадаць усё гэта ў Нацыянальны архіў у Мінск.
 
Вялікую частку дакументаў і асабістых рэчаў Барыс Кіт ужо перадаў на малую радзіму ў Навагрудак. Два гады назад там адчыніўся ягоны музей. Музей пры жыцці
 
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.
Пажаданні Барыса Кіта беларусам на радзіме
- выключная для Беларусі з’ява. Асабліва, калі ідзецца пра палітэмігранта, чыё імя доўгія дзесяцігоддзі было на радзіме пад забаронай.
 
- Баюся толькі, каб не зачынілі яго. Я ўжо паміраю, мне мала засталося, але я цешуся, ўсё, што ёсць у музеі, застанецца беларускаму народу.
 
100-гадовы юбілей Барыса Ўладзіміравіча адзначаюць у Нью-Ёрку і Франкфурце-на-Майне, у Мінску, Вільні, Варшаве, Празе... Яго віншавалі прэзідэнты ЗША і Германіі, грамадскасць і ўлады роднай Навагрудчыны. Напярэдадні свята прафесара адведала не адна дэлегацыя з Беларусі, а кіраўніцтва Франкфурта-на-Майне, дзе беларус жыве апошнія 38 гадоў, зладзіла ўрачысты прыём у яго гонар. Пра патрыярха сусветнай касманаўтыкі напісала адна з найаўтарытэтных нямецкіх газет Frankfurter Allgemeine.
 
- Хацелі, каб я паехаў у Мінск. Нават прапаноўвалі даставіць санітарную машыну і доктара ў суправаджэнне. Але я ўжо надта стары для такіх паездак. Замест гэтага прыедзе мая сям’я з Амерыкі: малодшы сын з жонкай і ўдава старэйшага.

 
На развітанне мы яшчэ раз абдымаемся. Гасцінную кватэру “першага ў свеце беларуса” я пакідаў акрылены фантастычным зарадам пазітыўнай энергіі. З адчуваннем, што мне пашэнціла дакрануцца да вечнага. Толькі потым я зразумеў, што менавіта гэта фенаменальная здольнасць - імкненне знаходзіць пазітыў ва ўсім - напэўна, і ёсць галоўны сакрэт доўгажыхарства і ўнікальнай працаздольнасці Барыса Кіта.
 
Моцнага Вам здароўя, Барыс Уладзіміравіч, і невычэрпнай энергіі! З днём нараджэння!


Мінск - Франкфурт-на-Майне.

Фота аўтара.