Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

фото
Яшчэ ў чэрвені стала вядома аб тым, што з 1 верасня спыняе вяшчанне беларуская праграма “Радыё Швецыі”. Тым часам хваля пратэсту супраць гэтага рашэння ў Беларусі, Швецыі і іншых краінах пражывання беларусаў дасягнула апагею. Прычым падобнае назіраецца не ўпершыню. Навошта ж беларусам замежныя радыёгаласы і тэлекарцінкі?

“Ніякіх дэмакратычных праектаў”!

Беларуская служба “Радыё Швецыі” - непалітычнай грамадскай арганізацыі, асноўная задача якой - распавядаць аб перавагах дэмакратычнага ладу жыцця замежным слухачам, - вядзе адлік ад восені 2004-га. Супрацоўнікі радыё распавядалі суайчыннікам аб Швецыі і беларуска-шведскіх узаемадачыненнях. Праграмы выходзілі на кароткіх хвалях. Агульная штотыднёвая працягласць у апошні час - 4 гадзіны на кароткіх хвалях плюс 30 хвілін на FM, з якіх 1 гадзіна ўяўляла арыгінальны эфір.
 
Усё ішло добра, рэдакцыя рабіла новыя праекты, аднак у чэрвені новы кіраўнік “Радыё Швецыя” Інгемар Лёфгрэн прыняў рашэнне спыніць вяшчанне па-беларуску. "Мы працягваем вяшчанне на адной з вялікіх еўрапейскіх моў - рускай, якую разумеюць у Беларусі", - адзначыў ён.
 
Ужо 5 жніўня ў інтэрв’ю газеце Dagens Nyheter Лёфгрэн патлумачыў ліквідацыю беларускай рэдакцыі тым, што міжнародны канал Шведскага радыё "будзе навіновым, арыентаваным на слухачоў у Швецыі, ніякіх дэмакратычных праектаў. Інакш могуць узнікнуць пытанні, чаму мы не вяшчаем на мандарыне на Кітай або на мовах Зімбабвэ на гэтую краіну". 
 
Характэрна, што адбылося тое ў год інтэнсіфікацыі беларуска-еўрапейскіх дачыненняў, калі нашу краіну прынялі ва “Усходняе партнёрства” і акурат пасля таго, як Швецыя пераняла старшынство ў Еўразвязе.
 
Рашэнне аб спыненні беларускамоўнага вяшчання са Швецыі было рэзка негатыўна ўспрынята як незалежным грамадствам у Беларусі, гэтак у эмігранцкіх суполках і ў самой Швецыі. Група дэпутатаў шведскага парламета - праўладная кааліцыя і апазіцыя - выступіла з заявай, што закрыццё праграмы зробіць “грамадзян апошняй дыктатуры ў Еўропе яшчэ больш ізаляванымі”. У сваю чаргу шведскія студэнты-лібералы стварылі адмысловы сайт, на якім распачалі збор подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва “Радыё Швецыі” не спыняць беларускамоўнае вяшчанне. За пяць дзён падпісалася ўжо амаль 400 чалавек - са Швецыі, з Беларусі і яшчэ больш як дзесяці краінаў. У Беларусі з заклікам падтрымаць зварот выступіла Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".
 
“Мы былі цэнтрам беларускага жыцця”

Стваральнік і прадусар беларускай службы “Радыё Швецыі” Дзмітры Плакс упэўнены, што прычына закрыцця - у палітыцы новага кіраўніцтва, якое заміж таго, каб падтрымліваць маленькія рэдакцыі (сёння “РШ” вяшчае на 13 мовах), аддае перавагу развіццю асноўных моў этнічных меншасцяў Швецыі“.
 
Якая аўдыторыя слухачоў была ў беларускамоўнага вяшчання? Па словах Плакса, ім было забаронена рабіць сацыялагічныя апытанні, аднак кажа, што, паводле даследаванняў НІСЭПД (Вільнюс) у 2006 і 2007 годзе, аўдыторыя праграм складала 1,4-1,7% насельніцтва Беларусі, то бок больш за 100 тысяч чалавек.
 
Пры гэтым Дзмітры Плакс цудоўна разумее, што беларуская служба “Радыё Швецыі” з адной гадзінай арыгінальнага кантэнту ў тыдзень не была значным гульцом на беларускім інфармацыйным полі. “Але гэта і не дзіўна, улічваючы наш мізэрны рэсурс. Уся беларуская рэдакцыя працавала на 1,4 стаўкі на ўсіх. Грошы ў раскрутку, рэкламу праекта ніколі не ўкладаліся. Усё рабілі мы самі, - зазначае суразмоўца. - Наша праграма была сімвалам беларуска-шведскіх адносінаў і цэнтрам беларускага жыцця ў Скандынавіі. Шведы, якія цікавіліся Беларуссю, найперш ішлі да нас. Дзякуючы кароткім хвалям нас слухалі ў беларускіх дыяспарах ва ўсёй Еўропе, асабліва ў Польшчы, Літве. А лісты прыходзілі нават з-за Урала”. 
 
“Непадцэнзурная інфармацыя і захаванне ідэнтычнасці”

Як адзначыла ў інтэрв’ю TUT.BY кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, замежнае тэле-, радыёвяшчанне неабходна Беларусі з дзвюх прычынаў. “Па-першае, яны патрэбны для стварэння беларускамоўнай прасторы, бо агульнавядома, што ў Беларусі большасць дзяржаўных СМІ працуюць па-расійску. Па-другое, беларускамоўныя СМІ замежжа даюць альтэрнатыўны погляд на падзеі ў краіне. Апроч гэтага, яны спрыяюць захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і метраполіі”.

На думку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной, адной з самых глабальных праблем сучаснай Беларусі з'яўляецца непаінфармаванасць грамадства.
 
“Адсутнасць адкрытых агульнадаступных крыніц інфармацыі - вынік палітыкі татальнага кантролю выканаўчай улады за інфармацыйнай прасторай краіны. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Нядаўняе прыпыненне вяшчання ў Беларусі шэрагу расійскіх кабельных тэлеканалаў, кожны з якіх меў сваю аўдыторыю і запатрабаванасць, было наўпростай рэакцыяй уладаў на падачу “нязручнай” для іх інфармацыі, - кажа суразмоўца. - Таксама згадаю пра скасаванне дзяржаўнымі прадпрыемствамі дамоваў на распаўсюд шэрагу незалежных выданняў па ўсёй краіне. Мінула ўжо 3,5 гады, але пытанне па-ранейшаму выглядае невырашальным”.
 
Жанна Літвіна лічыць, што закрытасць беларускага інфармацыйнага поля і патрэба грамадства ў атрыманні нецэнзураванай інфармацыі сведчаць аб неабходнасці стварэння як мага большай колькасці незалежных інфармацыйных крыніц, якімі сёння з'яўляецца “Радыё Швецыі”, “Белсат”, “Радыё Свабода”, “Еўрарадыё” і інш… “Закрыццё кожнага з іх прывядзе да звужэння незалежнай мас-медыйнай прасторы і адначасовага ўзмацнення дзяржаўнай машыны прапаганды. Апроч таго, створаныя вакол гэтых СМІ рэдакцыі - гэта новая генерацыя беларускіх журналістаў, якія працуюць паводле сучаных стандартаў і адыгрываюць значную ролю ў працэсе дэмакратызацыі Беларусі”, - падкрэслівае эксперт.
 
"Яны зразумелі сваю памылку"

Сёння беларускія рэдакцыі ёсць на шасці замежных радыёстанцыях (“Еўрапейскае радыё для Беларусі”, "Радыё Рацыя", "Радыё Швецыі". "Польскае радыё для замежжа", “Нямецкая хваля" і “Радыё Свабода”). Адмыслова для Беларусі ў Польшчы быў створаны беларускі спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”.
 
Вакол беларускіх “галасоў” у замежжы перыядычна паўстаюць пытанні аб закрыцці, скарачэнні вяшчання і фінансавання. Гэтак, сёлета пад пытаннем было існаванне “Белсату”, які новае кіраўніцтва польскай тэлекампаніі TVP збіраліся ліквідаваць праз непатрэбнасць. У красавіку ўжо “Нямецкае хваля” скараціла штодзённую беларускую праграму з 30 да 10 хвілін.
 
Кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна адзначае, што ў незадаволенасці кіраўніцтва заходніх СМІ эфектыўнасцю працы беларускіх рэдакцый ёсць адна прычына: “Відавочна, патрэбны перадатчыкі радыё- і тэлесігналаў на тэрыторыі Беларусі. Тады і ахоп аўдыторыі будзе абсалютна іншы, і эфектыўнасць непараўнана вышэй”.

Распачатая ў Беларусі і нацыянальных асяродках за мяжой кампанія супраць ліквідацыі беларускай службы "Радыё Швецыі" ужо дала першы плён. Кіраўніцтва кампаніі некалькі разоў мяняла публічную прычыну свайго рашэння.

“Для мяне асабіста, як і для кіраўніцтва радыё, такая колькасць лістоў у нашу падтрымку з усяго свету была вялікай неспадзяванкай. Думаю, цяпер яны зразумелі, якую памылку зрабілі, але наўрад ці рашэнне будзе перагледжана”, - падсумоўвае Дзмітры Плакс.
{banner_819}{banner_825}
-10%
-18%
-40%
-25%
-30%
-25%
-15%
-21%
-10%
-20%
-20%
0063408