Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Гісторыя ягонай сям'і сугучна трагічнаму лёсу беларускага народа ў ХХ стагоддзі.

Аляксандар Іванавіч Міцкевіч нарадзіўся 15 лістапада 1919 ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага павету. Скончыў 7-гадовую польскую пачатковую школу (1935), 6-месячныя савецкія настаўніцкія курсы ў Стоўбцах. Працаваў настаўнікам пачатковых школаў вёсак Жыгалкі і Крамец.

 

З лета 1944 году - на эміграцыі. Жыў у Аўстрыі, Францыі, Бельгіі. У 1949-1950 гадах актыўна ўдзельнічаў у працы Каардынацыйнага камітэту беларускіх арганізацыяў у Францыі. З 1955 - у ЗША.

 

Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэту. Сябар, старшыня (1982-1997) Нью-йоркскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА). Радны, старшыня (1979-1981) Царкоўнай Рады пры Кафедральным Саборы імя Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Цягам многіх гадоў распаўсюджваў газету "Беларус" (Нью-Йорк). Выдаваў двухтыднёвік БАЗА "Весткі і паведамленьні" (1982-1997), для жыхароў Нью-Йорку і ваколіцы штомесячна друкаваў машынапісны "Цыркуляр" (1996-1997). Быў скарбнікам  згаданых арганізацыяў.

 

Браў актыўны ўдзел у збіранні матэрыялаў да кнігі Зоры і Вітаўта Кіпеляў "Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе" (1999). Сябар Рады БНР.

Мае дачок Марыю, Яланту і ўнука Юзіка. Разам з жонкай Тэрэсай жыве ў Кўінсе (Нью-Йорк).

Дзве сусветныя вайны, бясконцыя акупацыі ды дзесяцігоддзі за “жалезнай заслонай”. Не дзіва, што больш як 3 мільёны чалавек з беларускімі каранямі раскіданы сёння па ўсёй планеце. Але толькі невялікая купка з іх здолела захаваць родную мову, узгадаваць дзяцей у традыцыях дзядоў і зрабіць значны ўнёсак у развіццё цэлай нацыі.

У 1944 годзе Аляксандр МІЦКЕВІЧ вырашыў, што яго месца - на Захадзе ды перабраўся ў Нью-Йорк. Доўгія дзесяцігоддзі пляменнік Якуба Коласа быў адным з арганізатараў жыцця беларускай дыяспары за акіянам. “Ды мне проста неяк ня хочацца пахваляцца”, - увесь час паўтарае ён. Сціпласць - Міцкевічаў брэнд.

Міцкевічаў род

Наша сустрэча адбылася пяць гадоў назад, на адным з паседжанняў нью-йоркскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА). Спярша была дамоўленасць аб інтэрв'ю, пасля ліставанне і тэлефонныя размовы. Нарэшце - цёплы, па-беларуску гасцінны прыём.

Хата Міцкевічаў месціцца ў працоўным раёне Кўінсу Элмгурст і ўяўляе сабой тыповы двухпавярховы катэдж сярэднестатыстычнай амерыканскай сям’і. Брамка ля ўваходу і невялічкі плот вакол будынка ёсць неад’емным антуражам беларускай рэчаіснасці, але ў Нью-Йорку выглядаюць дзіўнавата.

На сценах у светлай прасторнай гасцёўні - святыя абразы і “Пагоня”, партрэты дзвюх дачок і ўнукаў.

“Гэта наш Юзік! Бачыце, які прыгожы, - з гордасцю распавяла мне тады жонка Міцкевіча спадарыня Тэрэса. - Будзе спартовым журналістам. І хоць прозвішча яго Парзьяле (бо бацька італьянец), але ён цудоўна ведае беларускую мову. І па-польску таксама можа. Мы ж гадавалі!”

За гэтыя гады Джэймс Парзьяле на выдатна скончыў універсітэт і, папрацаваўшы ў невялікіх выданнях, уладкаваўся вэб-рэдактарам спартовага аддзела адной з найбуйнешых нью-йоркскіх газет New York Daily News.
 
“Цяпер праз крызіс рэдакцыя пазвальняла многіх супрацоўнікаў, дык на астатніх абрынулі шмат дадатковай работы, - тлумачыць мне ў тэлефоннай размове Алесь Міцкевіч. - Вось і змушаны ўнук працаваць ледзь не суткамі. Бывае, што і не спіць па начах. Але што зробіш? Такі час”.

У працоўны кабінеце Міцкевіча вытрыманая ў строгім стылі мэбля, акуратна прыбраны, масіўны дубовы стол - нічога лішняга. На сцяне партрэт слыннага дзядзькі, які, бы жывы, кідае задуменны і разважлівы позірк у пакой. Гляджу на Алеся Іванавіча, тады на Канстанціна Міхайлавіча і адзначаю дзіўнае падабенства між імі. Вось дзе, сапраўды, Міцкевічаў род!

Настаўніцкая дынастыя

Ён гаворыць нетаропка, узважана, і гэтая няспешнасць надае ягонаму дарэформеннаму беларускаму вымаўленню (такое пачуеш толькі ад эмігрантаў паваеннай хвалі) асаблівую мілагучнасць. 

- Я з 1919 году нараджэння з вёскі Мікалаеўшчына. У Міхала і Ганны Міцкевічаў было шмат дзяцей. Адным з іх быў Кастусь (будучы Якуб Колас). Міхаліна - родная сястра Костуся - гэта мая маці. Апрача Міцкевічаў у нашай вёсцы была яшчэ вядомая сям’я Лёсікаў. Маці Коласа прыходзілася сястрой Язэпу Лёсіку - педагогу, мовазнаўцу, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, - дзяліўся сваёй гісторыяй Коласаў пляменнік.

Рыжскі мірны дагавор (18.03.1921 г.) падзяліў Беларусь паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Па розныя бакі ад мяжы апынуліся і Міцкевічы. Алесь, як і большасць мікалаеўшчынскіх, застаўся пад Польшчай. Якуб Колас - у БССР. Іх жыццёвыя пуцявіны ніколі не скрыжоўваліся, але светапогляд нашага героя, няма сумневу, быў сфармаваны пад магутным дзядзькавым уплывам. Яшчэ ў 7-гадовай польскай пачатковай школе, якую скончыў у 1935-м, хлопчык паабяцаў сабе жыць і працаваць "для Беларускай справы". А пасля працягнуў сямейную традыцыю ды стаў настаўнікам.

З уключэннем Заходняй Беларусі ў склад БССР (14.11.1939 г.) вялікая радзіна Міцкевічаў уз'ядналася. Скончыўшы 6-месячныя савецкія настаўніцкія курсы ў Стоўбцах, Алесь выправіўся ў вясковую Жыгалкаўскую школку - прышчапляць малым беларусікам любоў да роднай мовы і гісторыі. Неўзабаве радзіма апынулася пад нямецкім ярмом. Разам са смерцю і паняволеннем нямецкая акупацыя прынесла на Беларусь адраджэнне разгромленых сталінскай уладай нацыянальнай культуры, школьніцтва і рэлігіі. Наш герой працягваў сумленна выконваць свой доўг, навучаючы дзяцей у пачатковай школе вёскі Крамец Стаўбцоўскага раёну.

“Калі скончыўся навучальны год, - распавядае ён, - стала зразумела, што далейшыя заняткі ды іншая грамадска-культурная дзейнасць немагчымыя. Савецкія партызаны распушчалі школы. За непаслушэнства палілі будынкі, а настаўнікаў забівалі”.

На выгнанне

"...Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды”, - гэтыя словы пра заканчэнне Другой сусветнай вайны належаць Васілю Быкаву. Сотні тысяч беларусаў - сяляне, работнікі, інтэлігенцыя - палічылі вяртанне савецкай улады непрымальным ды эвакуяваліся на Захад. 

- Я падзяляў пазіцыю дзядзькі Міхася (брат Я. Коласа, вядомы ў літаратуры пад псеўданімам Антось Галіна. - TUT.BY), які лічыў, што бальшавікі не дазволяць нам спакойна жыць, - гаворыць Алесь Міцкевіч. - Сам дзядзька ў часе вайны браў актыўны ўдзел у беларускіх грамадcкіх і асветных арганізацыях, працаваў інспектарам школаў. Лёс склаўся так, што на эміграцыі для беларушчыны былі значна большыя магчымасці, чымся на радзіме.

- Няўжо аўтарытэту Коласа было недастаткова для абароны крэўных?

- Пра тое, што ў 1930-я класік клаўся спаць не распранаючыся чулі ўсе. Як вядома і тое, што ягоныя творы калісьці друкаваліся ў газеце праБНРаўскага напрамку “Беларусь” (пазней - “Вольная Беларусь”), якую рабілі і выдавалі Лёсік, Купала, Бядуля, Ванда Лявіцкая, Міхась Міцкевіч... Бальшавікі ніколі на гэта не забываліся. Відавочна, Колас ня мог абараніць сябе, не кажучы ўжо пра ўсіх сваякоў.

Першым прыпынкам была Аўстрыя. Потым - Францыя, Бельгія. Нават спрабаваў вучыцца на філасофскім факультэце знакамітага Лёвэнскага каталіцкага універсітэту, але хутка вымушаны быў адмовіцца ад гэтае ідэі. Па-першае, выкладанне філасофіі вялося на фламандскай мове. Большасць жа беларусаў патрапілі на французскамоўнае аддзяленне і далі рады: бралі ў месцічаў канспекты і па іх рыхтаваліся да іспытаў. Па-другое, Алесь быў прыкметна старэйшы за хлопцаў...

Нарэшце ў 1955-м пляменнік дачакаўся запрашэння ад дзядзькі Міхася (1897-1991), які атабарыўся ў Нью-Йорку.

У вольным свеце

Нью-Йорк - з вялікім выбарам некваліфікаванай працы і згуртаваннем усходнееўрапейскіх дыяспар - стаўся адным з цэнтраў беларускага перасялення. Першым палітычным уцекачам звычайна дапамагалі ці то рэлігійныя арганізацыі, ці тыя са сваякоў і знаёмых, хто перабраўся ў Новы Свет раней. Праз шэсць гадоў следам за Алесем прыехаў яго старэйшы брат Валянцін (1918-2005), які падчас вайны служыў у Войску Польскім і ўдзельнічаў у абароне Варшавы.

Ад пачатку Алесь Іванавіч рабіў садоўнікам. Пазней уладкаваўся ў персанал цыклапічнага 40-павярховага хмарачоса на бамонднай 42-стрыт у самым цэнтры Манхэтану.

“Будынак абслугоўвалі 50 чалавек. Працавалі ўначы. Са сваімі абавязкамі я звычайна спраўляўся за пару гадзінаў, астатні ж час скарыстоваў для беларускіх справаў. Занятак не надта прэстыжны, але праз тое, што арганізацыяй апекаваліся гарадскія ўлады, атрымліваў сацыяльную падтрымку на сям'ю, а ў пазнейшыя гады - і чатырохтыднёвыя вакацыі. Тут гэта лічыцца раскошай”, - узгадвае спадар Алесь, усміхаючыся.

Пра свае дасягненні адзін з найстарэйшых беларускіх імігрантаў у Злучаных Штатах гаварыць не любіць: "Мая роля ёсць сціплая". Між тым Алесь Міцкевіч быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэта (дабрачынная арганізацыя для дапамогі беларусам у працэсе эміграцыі і ўсталявання ў ЗША. - TUT.BY). Старшынстваваў у нью-йоркскім аддзеле найбуйнейшага грамадска-палітычнага згуртавання дыяспары Беларуска-Амерыканскае задзіночанне і Царкоўнай радзе пры Кафедральным саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Арганізоўваў распаўсюд галоўнай эмігранцкай газеты “Беларус”. 15 гадоў выдаваў двухтыднёвік “Весткі і паведамленьні”. Актыўна ўдзельнічаў у зборы сродкаў на дапамогу пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы на Беларусі... Усяго і не пералічыш.

Настаўніцкая загартоўка, шырачэзны жыццёвы кругагляд, надзвычайная адказнасць і педантычнасць у характары дазволілі яму ў роўнай ступені паспяхова пісаць і рэдагаваць газетныя артыкулы, цягам многіх гадоў выконваць функцыі скарбніка ды трымаць кантакты з усімі канцамі вольнага свету (ад Аўстраліі да Аргенціны), дзе пусцілі карэнне беларусы. Разумееш гэта, калі зазіраеш у Міцкевічаву камору-архіў, знізу дагары наладаваную дакументамі, кніжкамі і перыёдыкай. Усё там упарадкавана, усё на сваіх месцах.

Вось тут, - ён выцягвае з паліцы пажоўклы сшытак, - улічваліся ахвяраванні на дапамогу палітычным уцекачам з Беларусі ў эпоху Лукашэнкі. Там, - паказвае на другую тэчку, - складкі на выданне газеты "Беларус"...”

Праца такіх людзей непрыкметная для большасці, але менавіта дзякуючы ім беларуская справа ў замежжы не толькі выжыла, але і надала магутны імпульс развіццю метраполіі.

“Надта многа змянілася”

“Заўжды раўняўся да тых, хто безупынна і колькі можа аддаецца для сваіх людзей, беларусаў. Галоўнае для мяне - жыць сярод свайго народу і працаваць для беларускае справы з упэўненасцю, што не раблю шкоды. У "Евангеллі" напісана: "Дапамажы бліжняму свайму". Гэта абавязак кожнага, - кажа сябар Рады БНР Алесь Міцкевіч, якому ў лістападзе споўніцца 90.

Некалькі разоў за гэтыя гады я пытаўся ў Алеся Іванавіча, ці не хацеў бы ён наведаць радзіму. І ў адказ чуў нязменнае: “Славуты польскі імігрант Ежы Гедройц, дарэчы, менчук па нараджэнні, ніколі не вяртаўся на Бацькаўшчыну, бо не мог суіснаваць з цяперашняй польскай ментальнасцю. Гэтаксама і я. Надта ўжо многа змянілася. Незваротна многа...”.

Алесь Міцкевіч не быў на радзіме 65 гадоў, але ў думках не расставаўся з ёй ні на дзень. Ён уражвае сваёй абазнанасцю не толькі ў гістарычных, але і ў бягучых палітычных працэсах на радзіме і ў свеце; лічыць, што на карэнныя змены Беларусі патрэбна гадоў 30; ускладае асаблівы спадзеў у справе адбудовы "сапраўды беларускай Беларусі" на настаўнікаў; дзеліцца багатым жыццёвым вопытам з моладдзю.

Калі бачаць перад сабой новыя юнацкія твары маладой іміграцыі, заглядаюць ў іх бліскучыя захопленыя вочы, беларусы паваеннае хвалі адчуваюць палёгку: справа ўсяго іхняга жыцця - змаганне за беларушчыну - не згіне.

Вяртанне назаўжды?

У маёй сямейнай бібліятэцы ёсць фотаальбом "Якуб Колас. Жыццё і творчасць" (1974) з памятным аўтографам  Коласава брата Юзіка - маім бабулі і дзядулі. На адной са старонак - партрэты братоў і сёстраў літаратара. Усіх, апроч аднаго. "Калабаранту" і "здрадніку радзімы" Міхасю Міхайлавічу Міцкевічу не знайшлося месца ў савецкай кніжцы эпохі брэжнеўскага застою. Адсечаны ад усяго свайго, ён напісаў аднойчы ў лісце да сястры: “Гэтымі днямі атрымаў атлас пра Коласа. Там ёсць здымкі Уладзі, Алеся, Лены, Юзіка, Міхаліны, Юзі і твая, Маня. А я хіба не існую?..”

Стаўленне сённяшняй улады да палітэмігрантаў паваеннай хвалі істотна не змянілася, хоць некаторыя зрухі ўсё ж адбыліся. Гэтак у гістарычна-дакументальнай хроніцы "Памяць. Стаўбцоўскі раён" ("Беларуская энцыклапедыя", 2004) ёсць біяграмы і Міхася Міцкевіча, і ягонага пляменніка Алеся. Хочацца верыць, пасля паўвекавога забыцця яны вярнуліся на радзіму назаўсёды.
-28%
-50%
-25%
-10%
-30%
-30%
-15%
0068422