Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Якія культурна-гістарычныя помнікі Беларусі не ахоўваюцца? За што Нясвіжскі замак спрабуюць выключыць са Спісу сусветнай спадчыны ЮНЕСКА? Якія культурныя страты панесла Беларусь ужо падчас сваёй незалежнасці? На гэтыя і іншыя пытанні Радые TUT.BY адказаў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Аудыёверсiю размовы слухайце тут

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


- На ваш погляд, ці трэба ў Беларусі прынцыпова змяніць адносіны і падыход у забудове гарадоў і генплан Мінска?

- Карэкціроўкі ўносяцца ў генплан, які быў зацверджаны яшчэ ў 1960-х гадах. Але ён зусім не актуальны і горадабудаўнічы хаос, які мы зараз бачым шмат у якіх гарадах, - гэта вынік таго, што ў нас няма сістэмнага падыходу да новага планавання, якое адпавядае патрэбе часу.

- Якім, на вашу думку, мае быць новы падыход?

- Новы падыход павінен сістэмна ўвязываць і транспартныя плыні, і размяшчэнне жылых, працоўных і адміністрацыйных раёнаў. Тое, што ў нас цяпер робіцца, асабліва ў дачыненні да гістарычнага цэнтра Мінска, - проста жахліва. Калі ва ўсім свеце назіраецца тэндэнцыя вывада транспартных плыняў за межы горада, у Мінску будуюцца новыя аб’екты, якія прыцягваюць дадатковы транспарт.

- Ці рэальна цяпер, калі пабудаваны паркінгі, праведзена "бульдозерная рэканструкцыя", паспрабаваць вярнуць Мінску гістарычны від альбо гэта ўжо ніколі не здарыцца?

- Гэта рэальна і нават актуальна, бо яшчэ ў 2007 годзе былы галоўны дзяржінспектар Мінгарвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Уладзімір Папруга разам з аўтарскім калектывам распрацаваў альтэрнатыўны праект рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Мінска, які прадугледжваў правядзенне метадычна выверанай рэканструкцыі з улікам тых аб’ектаў, якія ўжо з’явіліся. Гэты праект падаваўся ў гарвыканкам, але ж яны, не зрабіўшы ніводнай прынцыповай заўвагі, гэты варыянт не прынялі. І цяпер Мінск развіваецца с парушэннем дэтальнага плану, які быў распрацаваны Лідзіяй Георгіеўнай Зайцавай і зацверджаны выканкамам у 2006 годзе. Нават гэты план карэнным чынам парушаецца.

- Разбурэнне гістарычных аб’ектаў Беларусі робіцца наўмысна ці праз адсутнасць разумення сваіх дзеянняў?

- Гэта стандартны падыход шматлікіх журналістаў - запытаць, ці ёсць тут палітычная падстава. Палітыкі я тут не бачу, нават наўмысных падыходаў. Я бы сказаў, што тут грошы дыктуюць усе.

- Якія апошнія страты нашай культурна-гістарычнай спадчыны?

- Калі браць гістарычны цэнтр Мінску, гэта амаль цалкам знішчаны культурны пласт, гістарычная матрыца. Ужо зараз знаходзіцца пад пагрозай унікальны раён "Новы свет" у Гродна. Там вельмі актыўна перабудоўваюцца гістарычныя дамы 1920-30-х гадоў. Жахліва тое, што нашы беларускія гарады страчваюць дух традыцый і пераўтвараюцца ў нешта новае і незразумелае.

- Зараз столькі кажуць пра развіццё турызму. Калі ж падумаць: куды вазіць турыстаў? У новыя незразумелыя збудаванні кшталту бізнес-цэнтраў?

- Нашы чыноўнікі лічаць, што турызм - гэта гандлёвыя коплексы, рэстараны, казіно. Яны не разумеюць, што любы пазнавальны турызм фарміруецца на падставе гісторыка-культурных каштоўнасцяў - аўтэнтычных будынкаў.

- Вы неяк казалі, што падчас рэстаўрацыі Нясвіжскага замка былі парушаны ўсе законы і методыкі, а таксама аб тым, што польскія кансерватары выступілі з ініцыятывай аб выключэнні замка са Спіску сусветнай спадчыны ЮНЕСКА...

- Справа ў тым, што я ў мінулым годзе звязваўся с шэрагам польскіх даследчыкаў у галіне кансервацыі, рэстаўрацыі. Мы падрыхтавалі сумесную заяву ў ЮНЕСКА. Аднак яны працуюць толькі з дзяржаўнымі арганізацыямі, а наша грамадская ініцыятыва была прынята да ведама. Таму застаецца чакаць здачы аб’екта рэстаўратарамі. Ёсць вялікая небяспека калі не выключэння Нясвіжскага замка са Спісу сусветнай спадчыны, то проста атрымання афіцыйнага папярэджання.

- Якія яшчэ беларускія аб’екты ўключаны ў згаданы Спіс?

- На дадзены момант афіцыйна ўключаны Нясвіжскі і Мірскі замкі, Белавежская пушча. Зараз на апошняй стадыі ўключэння знаходзіцца Аўгустоўскі канал, цэрквы 16 стагоддзя ў Сынкавічах і Мураванцы. Вядзецца праца па ўключэнні Каложскай царквы, драўлянага дойлідства Палесся і нават цытадэлі Брэсцкай крэпасці.

- Вы згадалі Брэсцкую крэпасць, што там цяпер адбываецца?

- Па-першае, з ініцыятывы аблвыканкама з’явілася канцэпцыя рэгенерацыі гэтага аб’екту, якая не адпавядала ніводнаму пункту нацыянальнага заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і, на шчасце, гэтая канцэпцыя не была зацверджана.

- Як увогуле ахоўваюцца аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі?

- Я хацеў бы сказаць, што дзяржаўную палітыку вызначае нарматыўна-прававая база. Менавіта яна рэгламентуе ўвесь гэты працэс, але ж, на жаль, там таксама не ўсё добра. Па ўсёй рэспубліцы праводзіцца маніторынг выканання заканадаўства. Ну і, дзякуй Богу, ужо ўсё шырэй і шырэй да гэтага працэсу далучаецца грамадства. І вельмі вялікі пазітыўны віток з боку нашай дзяржавы  гэта пастанова Савміну, якая зацвердзіла палажэнне пра грамадскую назіральную камісію па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. І зараз камісія сфармавана і пачынае ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

- А якія важныя аб’екты не ахоўваюцца?

- Прывяду адзін прыклад. Практычна кожны, хто цікавіцца культурнай гісторыяй, ведае, што ў Смілавічах ёсць палацава-паркавы комплекс, да мінулага года ён не знаходзіўся пад аховай дзяржавы, пакуль мы гэта не прапанавалі. Цэлы шэраг аб’ектаў не ахоўваецца дзяржавай, але тут ужо справа грамадскасці паставіць культурную спадчыну пад ахову дзяржавы.

- А ці ёсць нейкія станоўчыя прыклады ў рэканструкцыі-рэстаўрацыі тых ці іншых аб’ектаў у Беларусі?

- Палац Козел-Паклёўскіх у вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна. Там амаль бездакорна выконваецца рэстаўрацыя. Няблага яна робіцца і ў Юравічах на комплексе былога езуіцкага кляштара і касцёла. Цэлы шэраг аб’ектаў можна знайсці, дзе ўсё праходзіць пазітыўна, але ж пакуль што не вырашаны сістэмныя пытанні. Вось чаму кропкавыя добрыя прыклады не могуць выратаваць сітуацыю ўвогуле.

- Які горад у Беларусі самы перадавы ў плане захавання гістарычна-культурнай забудовы?

- Мне, шчыра кажучы, калі не браць негатыўныя працэсы, падабаецца Магілёў, гістарычны цэнтр Гродна. У Віцебску шмат робіцца пазітыўнага. З невялікіх гарадоў хацелася б узгадаць цёплым словам Паставы і Іўе.
0058648