Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

У 1894 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт пастанавіў правесці першую Алімпіяду
Инсургент Калиновского Зигмунд Минейко руководил департаментом публичных работ в Афинах

Зыгмунт МІНЕЙКА (Zygmunt Mineyko)

Нарадзiўся ў 1840 г. у Балванішках (Расійская імперыя).

Памёр 27 снежня 1925 г. у Афінах (Грэцыя).

сучаснасці на 
радзіме старажытных Гульняў у Афінах. Сярод тых, хто рыхтаваў гістарычную падзею быў і наш зямляк Зыгмунд Мінейка. Праўда, знакаміты ён не толькі і не столькі гэтым. Асоба сусветнага маштабу, змагар за свабоду прыгнечаных, ён заслужыў павагу ў Еўропе і стаў нацыянальным героем Грэцыі. Аднак усё жыццё сніў родную старонку.    

“Літва будзе вольнай!”

Зыгмунт з’явіўся на свет у шляхецкай сям’і Станіслава і Цэцыліі Мінейкаў у Балванішках (цяпер — вёска Зялёны Бор Ашмянскага раёна) у 1840 годзе.

Апошні ўладар сямейнай сядзібы Мінеек у Балванішках, якога таксама звалі Зыгмунтам (1886-1975), сцвярджаў, што іхні радавод бярэ пачатак яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім. Мінейкі належалі да баяраў ВКЛ, і першапачатковае прозвішча сям’і было Мілейка. Паводле ягоных словаў (усе сямейныя архівы загінулі падчас Другой сусветнай вайны), прадстаўнік іхняга роду быў падпісантам Гарадзельскай вуніі 1413 года, якая зацвярджала аб’яднанне ВКЛ з Польшчай.

Бацькі выхоўвалі дзяцей у традыцыях патаемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, расійскае самадзяржаўе лічылі за акупантаў. Таму не дзіва, што яшчэ ў Віленскай гімназіі, дзе побач з Зыгмунтам вучыўся будучы “бацька беларускага адраджэння” Францішак Багушэвіч, юнакі задумвалі чарговае антырасійскае паўстанне.

Пасля гімназіі Зыгмунт паступіў у ці не самую прэстыжную ў імперыі Мікалаеўскую вайсковую вучэльню, патронам якой быў сам імператар. У 1861-м годзе, пачуўшы пра хваляванні на радзіме, патрыёт Літвы (натуральна, маецца на ўвазе гістарычная Літва — К. Л.) і Рэчы Паспалітай вяртаецца з Пецярбургу дамоў, каб распачаць антыцарскую агітацыю сярод сялян. Як сведчыць у кнізе “Імёны свабоды” Ўладзімір Арлоў, у жніўні 1861-га агент III аддзялення даносіў начальству, што “кадет Сигизмунд Минейко ходит переодет крестьянином и разносит сочиненную неким Марцинкевичем на народном языке “Гутарку старога дзеда”, где в стихах представлены судьбы Литвы и все притеснения приписаны российскому правительству”. Ратуючыся ад непазбежнага арышту, Мінейка ўцякае ад паліцыі ў Геную, дзе навучаецца ў славутай вайсковай школе Джузэпе Гарыбальдзі.

Неверагодныя прыгоды інсургента

З пачаткам нацыянальна-вызвольнага паўстання, якое на Беларусі ўзначаліў Кастусь Каліноўскі, наш герой не раздумваючы вяртаецца на Ашмяншчыну, дзе збірае паўстанцкі атрад з 28 чалавек. Ужо ў першай сутычцы з расійскімі рэгулярнымі часцямі інсургенты былі разбітыя, а 23-гадовага камандзіра прысудзілі да шыбеніцы. Просячы памілаваць сына, Цэцылія Мінейка пры пасярэдніцтве зяця, героя Крымскай вайны генерала Татлебена піша расійскай імператрыцы. Не атрымаўшы адказу, яна за 9 тысяч (!) рублёў падкупляе двух генералаў. Смяротнае пакаранне замененае 12-гадовай катаргай. Аднак да Сібіры вынаходлівы вязянь так і не даехаў. Па дарозе ён выдае сябе за памерлага сябра, які атрымаў больш мяккі прысуд — вольнае адсяленне. За два гады ў Томску ён становіцца заможным купцом, падарожнічае ў сталіцу імперыі і праз агента тайнай паліцыі атрымлівае замежны пашпарт. Пад імем брытанца Меберта ён падарожнічае ў Галандыю, потым — у Францыю. Там неабыякавы ліцвін распавядае самому Наполеону III пра французскіх афіцэраў-удзельнікаў паўстання, якіх ён сустрэў на катарзе ў Расіі.

У 1868 годзе падчас сустрэчы з Аляксандрам ІІ французскі імператар узгадвае пра зняволеных суайчыннікаў. У хуткім час ім даюць волю, а французскі ўрад на знак падзякі прапануе Мінейку бясплатнае навучанне ў парыжскай Акадэміі Генштаба. Па сканчэнні навучання Мінейку прапануюць далучыцца да Замежнага легіёну для ўдзелу ў задушэнні алжырскага паўстання. Мяцежны літвін адмаўляецца, выпраўляючыся будаваць чыгункі, масты, каналы ў Балгарыі, Турцыі і Грэцыі. Аднак за Францыю ён усё ж паваяваў: у 1870 годзе, ратуючы краіну ад Прускай заваёвы.

У Грэцыі з гонарам

У Грэцыі Мінейка становіцца галоўным інжынерам правінцый Эпір і Фесалія. У 1878 годзе гучную славу эмігранту-літвіну прыносіць сенсацыйнае археалагічнае адкрыццё. На чале экспедыцыі ён знаходзіць згаданы яшчэ Сакратам храм Зеўса ў Дадоне. Даследчык складае этналагічную карту Эпіра, піша шматлікія работы па тапаграфіі, за што грэцкі парламент надае яму званне ганаровага грамадзяніна краіны (1910).

У 1880 годзе Мінейка ажаніўся з дачкой дырэктара гімназіі Празэрпінай Мінарыс. У 1891-м сям’я атабарылася ў Афінах, дзе наш зямляк узначаліў дэпартамент пры міністэртсве публічных работ Грэцыі. Дакладна вядома, што Зыгмунд Мінейка ўдзельнічаў у будаўніцтве і ўзнаўленні алімпійскіх аб’ектаў, у тым ліку легендарнага Мармуровага стадыёна — сімвала Алімпійскіх гульняў. Цікава, што жывучы на іншым канцы кантыненту, ён не губляў повязяў з родным краем. Сведчаннем таму — рэпартажы з алімпійскіх арэн, якія беларус пісаў для польскіх газет "Czas" і "Dziennik Polski".

Аднак не толькі за грамадзянскія справы літвіна паважалі нашчадкі старажытных элінаў. Калі над яго новай радзімай навісла пагроза з боку Турцыі, Мінейка прыгадаў інсургенцкае мінулае ды зноў узяў у рукі зброю. У 1912-13 гадах 72-гадовы Мінейка ўдзельнічае ў Балканскіх войнах супраць Турцыі. Дзякуючы распрацаваным ім планам нешматлікае грэцкае войска паспяхова захапіла ў туркаў Салонікі і фартэцыю Яміна. За гэта інжынер быў уганараваны найвышэйшай вайсковай узнагародай Грэцыі — Залатым крыжам заслугі.

Гэты незвычайны чалавек паспяваў ўсё. Разам з жонкай Празэрпінай яны ўзгадавалі сямёра дзяцей. Адна з дачок Сафія стане потым маці Андрэаса Папандрэў — будучага прэм’ер-міністра Грэцыі і актыўнага прыхільніка алімпійскага руху.

Ён так хацеў на радзіму

Да 77 гадоў Мінейка працаваў у міністэрстве грамадскіх работ Грэцыі. Потым сеў за мемуары, якія ў 1971 годзе пабачылі свет у Варшаве (Z tajgi pod Akropol: Wspomnienia z lat 1848-1868). Дзіўная рэч, але ў 1921 і 1922 гадах ён здолеў пабываць на радзіме, дзе хацеў быць пахаваным. Аднак яго воля так і засталася невыканана.

27 снежня 1925 года Зыгмунта Мінейкі не стала.

Чалавек шырокіх дэмакратычных поглядаў, Зыгмунт Мінейка належаў да масонскіх ложаў Украіны, Расіі, Францыі, Італіі, Грэцыі і карыстаўся такім аўтарытэтам, што на ягонае пахаванне ў Афіны з’ехаліся тысячы “вольных муляроў” з усёй Еўропы.

Калі ж у 1980-х унук Мінейкі грэцкі прэм’ер Андрэас Папандрэў пажадаў наведаць радзіму дзеда, яму сказалі, што вёска Балванішкі больш не існуе. Ніхто з тых, хто даваў адказ, не ведаў, што за Хрушчовым савецкія самадуры замянілі гістарычную назву на Зялёны Бор. Сёння нікога з прадстаўнікоў роду Мінеек у вёсцы не засталося. Большасць з іх жыве ў Польшчы, час ад часу наведваючыся на радзіму слыннага продка. Ды толькі паказаць ім няма чаго. Кажуць, у Гальшанскім школьным музеі Зыгмунту Мінейку прысвечаны адзін аркуш паперы… Аб узнаўленні радавога маёнтка ці ўзвядзенні помніка выбітному суайчынніку ўлады не заікаюцца. Хоць на інтэрнэт-сайтах многіх беларускіх амбасад у розных краінах імя Мінейкі згадваецца.

Можа, рупліўцам нацыянальнай спадчыны варта звярнуцца да грэкаў? А там, глядзі, і турыстычны ручаёк з Элады пацячэ ў Беларусь.

 

У праекце "Як TUTэйшыя змянялi свет" таксама чытайце:

- Цуда-доктар з Беластоку.
- Беларуска — алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi — прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскi кампазiтар са станцыi Параф"янава.
- Гродзенец, якi заваяваў шведскага караля.
- Just Касцюшка

{banner_819}{banner_825}
-20%
-35%
-20%
-20%
-25%
-15%
-25%
-10%
-20%
-15%