Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

Доўгія дзесяцігоддзі лічылася, што гісторыя беларускага алімпізму пачынаецца з 1952

Караль Альфонсавіч РУМЕЛЬ (Karol RÓMMEL).

Нарадзіўся 23 траўня 1888 г. у Гродне (Расійская імперыя).

Памёр 19 сакавіка 1967 г. у Эльблонгу (Польша). 

года. Менавіта тады зборная СССР, у складзе якой было сямёра беларусаў, дэбютавала на летніх Алімпійскіх гульнях у Хельсінкі. Насамрэч, наш першы зямляк выправіўся ў падарожжа да Алімпу на сорак гадоў раней. І не проста выправіўся, але назаўжды ўпісаў сваё імя ў алімпійскі летапіс, а потым стаў нацыянальным героем Польшчы.

Шляхецкая кроў

Караль Румель з’явіўся на свет у Гродне ў сям’і нашчадка вестфальскіх дваран, генерала расійскага войска Альфонса Румеля і шляхцянкі Марыі Марцінкевіч. Занятак бацькі прадвызначыў ягоны далейшы лёс. З шасці гадоў хлопчык практыкаваўся ў верхавой яздзе. Караль скончыў Адэскі кадэцкі корпус, Паўлаўскую вайсковую вучэльню і Акадэмію мастацтваў у Пецярбурзе.

Захапленне дзяцінства — конны спорт — прывяло яго ў шэрагі 14-га драгунскага Маларасійскага палка. У ягоныя абавязкі ўваходзіла абслугоўванне коней ў свіце самога імператара. Мажліва, таму ротмістра Румеля, які зухавата ўпраўляўся ў любым сядле, заўважылі члена царскай сям’і, якая курыравала ў тагачаснай Расіі конны спорт. У 1911 годзе Караль упершыню стартаваў на афіцыйных спаборніцтвах. У канвоі цара Мікалая ІІ Румель набыў за 50 рублёў каня з мянушкай Зяблік, на якім і пераадолеў адбор у зборную каманду Расіі для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 1912 года ў Стакгольме.

Тое была другая Алімпіяда для Расійскай імперыі, і ў Швецыю выправілася велічэзная (178 спартоўцаў!) і наўздзіў непадрыхтаваная каманда, адбор у якую ператварыўся ў бясконцую чаргу сварак, звадак і неаб’ектыўных рашэнняў. "Мы абсалютна не мелі ўяўлення, дзе, у які дзень, і аб якой гадзіне маем браць удзел у спаборніцтвах. У бальшыні сваёй нашы выступленні былі нечаканымі, і мы выходзілі на старт разгубленымі і непадрыхтаванымі", — дзяліўся ўражаннямі ў часопісе "Русский спорт" адзін з удзельнікаў Гульняў. У рэшце рэшт, з чатырма медалямі Расія падзяліла 15-16 месцы ў неафіцыйным камандным заліку. І гэта пры тым, што па колькасці ўдзельнікаў уваходзіла ў васьмёрку.

Подзвіг Румеля

Не бліснулі ў Стакгольме і расійскія коннікі. Адзначым, што конны спорт быў вернуты ў алімпійскую праграму пасля 12-гадовага перапынку, а асноўнымі ўдзельнікамі алімпійскага турніру былі кадравыя афіцэры. З трох відаў праграмы — выездкі, канкуру (пераадоленне прашкодаў) і трохбор’я — грамадзянскія маглі ўдзельнічаць толькі ў выездцы. Расійскую імперыю ў спаборніцтвах прадстаўлялі вялікі князь Дзмітры Паўлавіч, капітаны Аляксандр Радзянка і Міхаіл Якімаў, паручнікі Міхаіл Пляшкоў, Сяргей Загорскі, Караль Румель і Аляксей Селіхаў. Найлепшым з іх стаў Міхаіл Якімаў, які заняў дзевятае месца ў верхавой яздзе.

Аднак найбольшыя шанцы на медаль былі менавіта ў Румеля, які вучыўся ў знакамітага жакея Мікалая Андрэева і лічыў сябе паслядоўнікам італьянскай школы верхавой язды. У спаборніцтвах па канкуры ўдзельнічаў 31 наезнік, і гродзенец да апошняга трымаўся у ліку лідэраў. Аднак на заключным бар’еры Зяблік спатыкнуўся і паваліўся, прыціснуўшы сабой вершніка. Пераадольваючы страшэнны боль, Румель ускараскаўся на каня і, прытуліўшы руку да грудзей, скончыў дыстанцыю 15-м. Ён адразу страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў шпіталь. Дактары вызначылі ў яго пяць зламаных рэбраў!

Шведскага караля Густава V, які назіраў за спаборніцтвамі, так узрушыла мужнасць атлета, што ён загадаў адліць для героя адмысловы алімпійскі медаль, аналагічны залатому. Падобных выпадкаў больш чым стогадовая гісторыя сучасных Алімпійскіх гульняў не ведае.

Алімпійскі медаль паміж войнамі

Адваяваўшы ў Першую сусветную вайну ў Расійскай арміі, Румель пасля стаў маёрам Войска Польскага. У баях супраць бальшавікоў быў паранены і за надзвычайную адвагу атрымаў “Срэбраны крыж”. Яшчэ двойчы (у 1924 і 1928 гадах) ён пускаўся ў алімпійскае падарожжа ўжо пад польскім сцягам. Прычым у апошнім выпадку стаў бронзавым прызёрам каманднага турніру пра трохбор’ю. Гэты медаль можна лічыць першым у гісторыі беларускага алімпізму.
 
Ён перамагаў у польскіх спаборніцтвах ажно да Другой сусветнай вайны, а потым узняўся на абарону айчыны, трапіў у нацыстоўскі палон, дзе мусіў перажыць жахі канцлагераў Дахаў і Маўтхаўзен.
Слава пра подзвігі Румеля — у спорце і жыцці — хадзілі па абодва бакі ад Атлантыкі. Доказам таму — нататка інфармагенцтва Associated Press, растыражаваная па свеце ў траўні 1946-га:

"Знакаміты польскі наезнік, імя якога амаль 20 год назад упершыню прагучала ў загалоўках амерыканскіх выданняў, пасля жорсткага ваеннага ліхалецця вярнуўся дамоў у Лодзь. Гэта палкоўнік Караль Румель, у мінулым — правадыр польскіх коннікаў і пераможца 75 спаборніцтваў.
У лістападзе 1927 Румель разам з Лейтэнантам Старнаўскім і капітанам Антаневічам заваявалі галоўны трафей на міжнародных спаборніцтвах па верхавой яздзе ў нью-ёркскім "Мэдысан Сквер Гарден".

Пасівелы Румель значна адрозніваецца ад таго цёмнавалосага, зухаватага маладзёна, які сваімі подзвігамі ў сядле прымушаў біцца сэрцы тысяч гледачоў “Мэдысан Сквер Гарден". Аднак, нягледзячы на ўзрост, ён па-ранейшаму застаецца цудоўным наезнікам, які з аптымізмам глядзіць у будучыню”.

Караль Румель выхаваў цэлую плеяду выдатных коннікаў, самы вядомы з якіх — першы польскі алімпійскі медаліст Адам Крулікевіч. Ён гэтаксама паспяхова кіраваў пастаноўкай конных і фехтавальных сцэнаў ў многіх польскіх фільмах. Дзіўна, але ўзімку 1957 года 69-гадовы ветэран на кані Джафары яшчэ перамог ў нацыянальных спаборніцтвах у Закапанэ, апярэдзіўшы 57 супернікаў!

Да самой смерці ў 1967-м Румель гэтак ні разу не пабываў у родным Гродне, які цяпер знаходзіўся на тэрыторыі іншай дзяржавы. Але дзе, як ні ў горадзе над Нёманам, мусіць стаяць помнік першаму беларускаму алімпійцу?

У праекце "Як TUTэйшыя змянялi свет" таксама чытайце:

- Цуда-доктар з Беластоку.
- Беларуска — алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi — прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскі кампазітар са станцыі Параф’янава.

0063042