Ігар АНДРЭЕЎ, / Ігар АНДРЭЕЎ

фото

Дом знакамітага беларускага артыста знаходзіцца ў сумна вядомым пасёлку “Крынічны”, што ў Ждановічах. Суседзі спевака — былыя і дзеючыя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, якіх у лістападзе мінулага года Аляксандр Лукашэнка публічна абвінаваціў у захопе элітных участкаў. Да 1 лютага гэтага года супрацоўнікі МУС павінны знесці свае маёнткі альбо, як напісана ў прэзідэнцкім пратаколе даручэнняў, перадаць іх пад дзіцячыя дамы.

Варта адзначыць, што летам 2007 года Камітэт дзяржкантролю ў гэтым жа самым абвінаваціў і Яраслава Еўдакімава: з вуснаў чыноўнікаў прагучала, што, маўляў, народны артыст Беларусі самавольна захапіў зямлю і лес недалёка ад Заслаўскага вадасховішча.

Улічваючы сур’ёзнасць абвінавачанняў, мы пастараліся даведацца: можа, спевака таксама прымусілі вызваліць лецішча пад дом для дзяцей-сірот?

Як усё пачыналася

Яраслаў Аляксандравіч не раз гаварыў, што загарадны дом прыносіць яму больш клапот і праблем, чым задавальнення і спакою.

“Будаваць сваю дачу я пачынаў на месцы двух сметнікаў, — распавядаў журналістам Еўдакімаў. — Наняў трактар, цэлы тыдзень смецце адтуль выкопвалі. А калі чысцюткае месца абнёс сеткай, каб людзі, што прыязджаюць адпачываць на Мінскае мора, перасталі засмечваць гэтую тэрыторыю, дык суседзі пачалі злавацца. А мы ж толькі хацелі экалогію і чысціню захаваць! Ну скажыце, што гэта за радасць — любавацца сметнікам каля свайго дома? Карацей кажучы, акрамя мітусні дача мне нічога не прынесла”.

Калі Дзяржкантроль выступіў з гучнай заявай аб захопе зямлі, Еўдакімаў адразу прамовіў у адказ: “Ніякага самазахопу не было. Гэта хлусня. Калі скажуць знесці агароджу, я ўсё зраблю без пытанняў. Няхай, калі хочуць, там зноў сметнік арганізуюць. Мне лес не патрэбны. Я, наадварот, яго ўратаваў. Я ж не высек дрэвы, а захаваў тэрыторыю ад забруджання”.

З таго часу ніякай інфармацыі аб тым, чым скончылася гэтая гісторыя, у прэсе не з’яўлялася. Таму мы і звярнуліся за каментарыем непасрэдна да самога артыста, які апошнім часам жыве ў Маскве.

“Дача стаіць, зямлю ніхто не адбірае…”

— Дзякуй Богу, усе праблемы з лецішчам урэгуляваліся, — расказаў нам у эксклюзіўным інтэрв’ю Яраслаў Еўдакімаў. - Мы былі вымушаны перанесці на некалькі метраў агароджу, якую проста разбурылі. Цяпер, здаецца, усё нармальна. Ніякіх прэтэнзій быццам бы няма. Дача стаіць, зямлю ніхто не адбірае. Хаця, магчыма, і адбяруць. У Беларусі ж усё можа здарыцца…

— І таму Вы апошнім часам так рэдка прыязджаеце ў Мінск?

— Сапраўды, я шмат часу праводжу ў Маскве: тут шмат працы. А дзе чалавек працуе, там і жыве. Зараз вось знаходжуся ва Украіне з канцэртамі.

— Яраслаў Аляксандравіч, а ў Беларусь з выступленнямі Вас запрашаюць? Можа, на нейкіх прыватных карпаратывах спяваеце?

— Па-першае, не запрашаюць. А па-другое, я і сам добра падумаў бы перш чым ехаць. Мне не вельмі падабаецца сітуацыя, што склалася ў краіне. Але ўсё ж такі збіраюся неўзабаве прыехаць у Мінск — трэба паглядзець, што на той жа дачы робіцца. Таму, як толькі крыху пацяплее, адразу прыеду.

— Цікава, фінансавы крызіс на Вашых даходах неяк адбіўся?

— Не. Усё нармальна. Працы шмат. У асабістым жыцці таксама нічога не змянілася: як было, так і ёсць. Дзяцей новых не нарадзілася…

АФІЦЫЙНА

Пытанне спрэчнае…


У рашэнні Мінаблвыканкама ад 11 верасня 2007 года № 1073 за подпісамі старшыні аблвыканкама Леаніда Крупца і кіраўніка справамі аблвыканкама Алега Крупеніна наконт лецішча Яраслава Еўдакімава напісана наступнае: “Пытанне аб законнасці прадастаўлення зямельнага ўчастка Еўдакімаву Я. А.  (рашэнне Мінскага райвыканкама ад 21 жніўня 1997 года) мае спрэчны характар у сувязі з неадназначным прававым рэгуляваннем зямельных прававых адносін у 1997 годзе”.


З АСАБІСТАЙ СПРАВЫ

Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ў 1948 годзе ў турме ва Украіне. Яго бацькі - ахвяры пасляваенных рэпрэсій Лаўрэнція Берыі. Дзяцінства Еўдакімава прайшло ў вёсцы ў Заходняй Украіне. Дзядуля спевака быў прафесійным кавалём.

Яраслаў Еўдакімаў тры гады служыў у будаўнічым атрадзе - быў ротным запявалам. Пасля арміі працаваў на шынным заводзе ў Днепрапятроўску. У гэтым горадзе ён пачаў спяваць у адным з рэстаранаў, пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Галінай, якая родам з Беларусі. Пазней разам з жонкай Еўдакімаў пераехаў у Мінск.

Спевака прынялі ў ансамбль песні і пляскі Беларускай ваеннай акругі. Ён пачаў браць урокі вакалу. А пасля аднаго з урадавых канцэртаў, на якім прысутнічаў першы сакратар ЦК кампартыі БССР Пётр Машэраў, артысту прысвоілі званне заслужанага артыста Беларусі.

Калі ў Беларусі да ўлады прыйшоў А.Лукашэнка, Еўдакімаў спачатку падтрымаў яго, аднак праз некалькі гадоў у адным са сваіх інтэрв’ю выказаў глыбокае расчараванне дзеяннямі беларускага кіраўніка. З тых часоў артыста перасталі запрашаць на розныя феставалі і канцэрты з удзелам афіцыйных асоб. Ен вымушаны быў з’ехаць у Маскву.

Чатыры гады таму Еўдакімаў стаў заслужаным артыстам Расіі.

Яраслаў Еўдакімаў мае званне Народнага артыста Беларусі, але забараняе так сябе называць.

ДАРЭЧЫ

Праблемы з лецішчам былі не толькі ў Яраслава Еўдакімава, але і ў тэлезоркі Святланы Бароўскай, якая разам з мужам акцёрам Анатолем Кацянёвым пабудавала дом на беразе Вілейскага вадасховішча ў вёсцы Кучкі.

Як ужо паведамлялася ў прэсе, телевядучая набыла участак, на якім было некалькі гаспадарчых пабудаванняў. На іх месцы Бароўская з мужам пабудавалі новыя дом, лазню і гараж, а пазней дабудавалі альтанку з каменным мурам, якая быццам бы абараняла бераг ад павадкавай вады. Калі чыноўнікі з Дзяржкантролю палічылі, што альтанка ўзведзена з парушэннямі прародаахоўнага заканадаўства і пастанавілі яе знесці, Святлана Бароўская па дапамогу звярнулася да кіраўніка дзяржавы. Цяпер праблемы з “альтанкай” Бароўскай не існуе…

{banner_819}{banner_825}
-15%
-50%
-50%
-20%
-30%
-20%