Барыс КАПЛЕВІЧ, часопіс “Абажур”

У Беларусi вельмi мала вядома пра нашчадкаў гэткiх знаных родаў, як Радзiвiлы, Агiнскiя, Сапегi, Чартарыйскiя. Яны раскiданыя па ўсiм свеце, i мала хто з iх падтрымлiвае сувязi з радзiмай сваiх продкаў. Мне ж пашчасцiла знайсцi адну з прадстаўнiц роду Сапегаў — Марыю Сапега.
 
Касцёл "паклiкаў" князёўну
 
Марыя Сапега — жонка Яна Анджэя Сапегi, нашчадка Льва Сапегi ў дзесятым калене. Сам Ян Анджэй памёр у 1989 годзе ў Лондане, а 96-гадовая Марыя Сапега сёння жыве ў Варшаве. Пяць гадоў таму разам з двума сынамi яна прыязджала ў Ружаны, дзе з 1937 па 1939 год знаходзiўся iх маёнтак.
 
Панi Марыя дапамагла айцу Янушу Пулiту, настаяцелю Ружанскага Касцёла Святой Тройцы, у рэканструкцыi святынi. Вось што распавёў мне айцец Януш пра сустрэчу з князёўнай:
 
— Пазнаёмiлiся мы з ёй выпадкова. У 1997 годзе я надрукаваў у трох рэлiгiйных часопiсах Польшчы артыкул з просьбай аб дапамозе ў рэканструкцыi касцёла. Трапiўся гэты артыкул на вочы i Марыi Сапега. Вiдаць, на тое была воля Бога. I панi Марыя адгукнулася на просьбу. Яна i сама дапамагла нам з фiнансаваннем, i дамовiлася з Мiнiстэрствам культуры i мастацтва Польшчы аб выдаткаваннi сродкаў на рамонт касцёла. Калi б не яна, наўрад цi касцёл быў бы гэткiм, якiм ён стаў сёння.
Панi Марыя са сваiмi сынамi была ў Беларусi тры днi. Яна з'ездзiла ў Ружанскую пушчу, дзе стаяў калiсьцi яе маёнтак. Наведала Наваградак. Магчыма, калi б не наш касцёл, Марыя Сапега ўвогуле нiколi не прыехала б у Беларусь.
 
Ружаны — Парыж — Лондан — Варшава
 
Пра Беларусь у князёўны засталiся не самыя прыемныя ўспамiны. Да Другой сусветнай вайны Марыя Сапега займалася дабрачыннай дзейнасцю: адкрыла дзiцячы садок i школу для дзяўчынак з бедных сем'яў у Ружанах. А пасля таго, як Чырвоная Армiя ўварвалася ў Заходнюю Беларусь, панi Марыя ледзь не загiнула ад рук сялян, якiм яшчэ ўчора дапамагала. Адурманеныя савецкай прапагандай, яны ўзброiлiся "супраць паноў". Марыя Сапега з дзецьмi ледзьве паспела пакiнуць дом, як туды ўварвалiся ашалелыя сяляне. Яны знiшчылi i разрабавалi ўсё, што было ў маёнтку. На машыне панi Марыя даехала да Лiтвы, адкуль рушыла ў Францыю. З Парыжа князi Любамiрскiя дапамаглi ёй пераправiць дзяцей у Лондан, дзе ў той час знаходзiўся яе муж Ян. А сама Марыя стала дапамагаць падпольшчыкам, за што хутка была схопленая Гестапа. У турме яна пазнаёмiлася з рускай дзяўчынай, з якой яны нiколi не бачылiся, а толькi перамаўлялiся праз сцяну. Панi Марыя нiчога не ведае пра ейны лёс. Але ў свае 93 гады здолела праспяваць песню, якой навучыла яе тая дзяўчына.
 
Праз пэўны час панi Марыю нечакана вызвалiлi. Адзiнае, пра што яна даведалася, гэта тое, што за яе заступiўся нехта з вышэйшых чыноў у самiм Ватыкане. Панi Марыя прыехала ў Лондан, дзе жыла з сям'ёю да 1992 года. Праз тры гады пасля смерцi мужа яна пераехала ў Варшаву, у сцiплую кватэру на вулiцы Шапэна. Займаецца князёўна сёння тым жа, чым i да вайны — дабрачыннай дзейнасцю. Марыя Сапега — прэзiдэнт уласнага фонду, якi дапамагае анкалагiчна хворым дзецям.
 
"Палiтыкай мы не займаемся"
 
Я патэлефанаваў Марыi Сапега ў Варшаву i спытаў, як яна ставiцца да таго, што сёння i палякi, i беларусы, i лiтоўцы лiчаць род Сапегаў сваiм.
 
Мне складана адказаць. Сёння мы лiчым сябе палякамi. У той жа час мы ўсведамляем глыбокую повязь з продкамi нашага роду. Вы ж ведаеце, што род Сапегаў паходзiць з Вялiкага Княства Лiтоўскага. А сучасныя Сапегi — гэта палякi з каранямi ў Польшчы i Лiтве.
 
— Дык вы лiчыце сябе полькай?
Натуральна. У мяне i польскае грамадзянства ёсць. А паходжанне, паўтараю, польска-лiтоўскае.
 
— Цi спрабавалi прадстаўнiкi роду Сапегаў неяк паўплываць на сённяшнюю палiтычную сiтуацыю ў Беларусi?
Не, мы ўжо даўно не займаемся палiтыкай. Цяпер я займаюся толькi дабрачыннасцю. У 1994 годзе разам з прафесарам Данутай Пэрэк я запачаткавала фонд EX ANIMO. Мы дапамагаем дзецям, хворым на рак. Для анкалагiчнай клiнiкi "Memorial Institute — цэнтр дзiцячага здароўя" ў Варшаве мы збiраем сродкi на медыцынскае абсталяванне i навучальныя праграмы для супрацоўнiкаў клiнiкi.
Мой сын Джордж фiнансава падтрымлiвае фонд. Да таго ж ён робiць усё, што неабходна, для дзяцей у клiнiцы.
 
— Цi падтрымлiваеце вы кантакты са сваякамi?
— Брат майго мужа Эўстахiй памёр у Кенii ў 2004 годзе. I з сям'i майго мужа засталася толькi адна яго сястра Эльжбета Руфенер-Сапега. Яна жыве ў прыгарадзе Берна ў Швейцарыi. Усе астатнiя браты i сёстры мужа памерлi. А ў Варшаве зараз жыве мой сын Джордж.
 
— Цi хацелi б вы вярнуцца ў Беларусь?
Вядома, я б хацела прыехаць яшчэ раз. Асаблiва ў Ружаны. Але сёння здароўе не дазваляе мне падарожнiчаць. Я занадта старая для паездкi. А вось сын Джордж хоча прыехаць у Ружаны яшчэ раз. I прывезцi з сабой свайго сына, якому ў траўнi споўнiлася 9 гадоў, i жонку-бразiльянку.
Дый многiя iншыя нашчадкi Сапегаў ужо пабывалi ў Ружанах.
 
— Вы 27 гадоў пражылi ў Ружанах, 55 — у Лондане, ужо 16-ы год жывеце ў Варшаве. Дзе пачуваецеся больш утульна?
Па-сапраўднаму я шчаслiвая толькi ў сваёй краiне. У Польшчы.
 
Рэплiка эксперта
 
Уладзiмiр Арлоў, пiсьменнiк, гiсторык:
— Мне цiкава, цi вядома панi Марыi тое, што яе продкi паходзяць менавiта з беларускай шляхты. Бо самы вядомы прадстаўнiк княскага роду Леў Сапега ўвёў пункт пра статус беларускай мовы як дзяржаўнай у 3-i Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага.
 
 
Фота Консека Карнеліюша
{banner_819}{banner_825}
-35%
-20%
-50%
-20%
-10%
-20%
-15%
-50%
-15%