Святлана ЯСКЕВIЧ, / Святлана ЯСКЕВIЧ

Палац Нямцэвiчаў у Скоках не ўражвае велiччу архiтэктуры як, напрыклад, рэшткi Ружанскага або Косаўскага палацаў. Сядзiбны дом — выцягнуты чатырохкутнiк, пабудаваны ён у формах згасальнага барока. Калi ўзяць да ўвагi, што ў час апошнiх войнаў Брэст вельмi моцна пацярпеў, то сядзiба Нямцэвiчаў цiкавая тым, што яна самая старая пабудова на тэрыторыi Брэста i яго блiжэйшых ваколiц, якая захавалася да нашых дзён. Гэты сцiплы скокаўскi замачак, як ласкава назваў яго ў сваiм ваенным дзённiку прынц Баварскi Леапольд, мае не проста адметную гiсторыю, ён быў сведкам падзей сусветнага маштабу, перажываў росквiты i абрабаваннi. I цяпер дачакаўся, здаецца, рэканструкцыi i аднаўлення.

250 гадоў ліцвіна Юльяна Урсын Нямцэвiча

Сёлета споўнiлася 250 гадоў з дня нараджэння публiцыста, пiсьменнiка, дзяржаўнага дзеяча Юльяна Урсын Нямцэвiча. Юльян нарадзiўся ў сям’i Марцэля i Ядзвiгi Нямцэвiчаў першым з 16 iх дзяцей. Дзяцiнства яго прайшло ў старым дзедавым драўляным доме. На тым месцы зараз узвышаецца вежа — цагляная калона ў гонар архангела Рафаiла, узведзеная Марцэлем у 1770-х гадах. Першапачатковую адукацыю Юльян атрымаў дома ад студэнтаў Брэсцкага езуiцкага калегiума, а потым бацька аддаў яго ў Варшаўскi кадэцкi корпус. Пасля заканчэння школы юнак паступае да князя Адама Чартарыйскага ад’ютантам. Першыя лiтаратурныя спробы Нямцэвiча адбылiся яшчэ падчас навучання. Ён стаў перакладаць з французскай гiстарычныя творы.

Пазней Юльян працуе ў Адукацыйнай камiсii. Выбiраецца паслом сойма. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалiтай выязджае ў эмiграцыю. У час паўстання 1794 года вяртаецца на радзiму i становiцца адным з блiжэйшых паплечнiкаў Тадэвуша Касцюшкi. Пасля паражэння паўстання паранены, разам з Касцюшкам ён апынуўся ў маскоўскiм палоне i два гады правёў у Петрапаўлаўскай крэпасцi. Пасля вызвалення з турмы Паўлам I у 1796 годзе паддаецца настойлiвым угаворам Касцюшкi i выязджае з iм у ЗША. Там Юльян жэнiцца з удавой генерала i сябра Касцюшкi Сюзанай Кiн. У 1802 годзе пасля смерцi бацькi вяртаецца з Амерыкi ў Скокi, каб уладкаваць сямейныя справы. На прапанову расiйскага iмператара атрымаць свае званнi i пасады адказвае адмовай i вяртаецца за акiян. Вестка пра паўстанне ў варшаўскiм княстве пасля напалеонаўскага панавання вяртае Юльяна Нямцэвiча зноў у Варшаву, дзе ён становiцца сенатарам, а потым i сакратаром сената. Сенат для гэтага нават быў вымушаны прыняць папраўку ў маёмасны статут. Паводле дакумента, кожны з сенатараў павiнен быў валодаць значнай маёмасцю, а ў Нямцэвiча яе не было. Яе месца заняў вялiкi аўтарытэт чалавека.

Пазней ён купiў сабе фальварак пад Варшаваю ў спадзяваннi пражыць у iм спакойную старасць. Але лёс зноў усё крута пераварочвае. У 1830 годзе ў Польшчы выбухае чарговае паўстанне за незалежнасць. Нямцэвiч уваходзiць у склад нацыянальнага ўрада, асабiста распрацоўвае акт дэтранiзацыi ад улады над Польшчай расiйскага iмператара i, каб не наклiкаць бяды на калег, сам аб’яўляе яго варшаўскай грамадскасцi. Як вельмi шаноўнага чалавека ў замежжы паўстанцкi ўрад накiроўвае Юльяна ў Англiю, затым у Францыю. Мэта была зразумелай — атрымаць матэрыяльную i дыпламатычную дапамогу для Польшчы. I пасля паражэння чарговай спробы барацьбы за незалежнасць Нямцэвiч збiрае ў Амерыцы i Еўропе шматлiкiя ахвяраваннi на адкрыццё польскiх школ за мяжою i дапамогу выгнаннiкам з радзiмы. Апошнiя гады наш зямляк праводзiць у Парыжы, дзе i знаходзiць спачын. Яго творы "Лiтоўскiя пiсьмы", раман "Два паны Сяцехi", цыкл "Гiстарычныя песнi", кнiга "Гiсторыя праўлення Сiгiзмунда III", шэраг драматычных i паэтычных рэчаў прымусiлi гаварыць аб iм як аб адным з самых значных пiсьменнiкаў Рэчы Паспалiтай сваёй эпохi.

"Ён нiколi не жыў для сябе, заўсёды належаў грамадству. Хоць i меў востры язык, аднак быў вельмi тонкiм i чуллiвым чалавекам. Хоць усё сваё жыццё ахвяраваў Польшчы, Юльян у душы заўсёды заставаўся чалавекам сваёй зямлi. Ён сам гаварыў, што адчуваў сябе лiцвiнам. Гэта можна заўважыць i ў яго шматлiкiх выказваннях, i ў яго трапных i кароткiх характарыстыках падзей i людзей таго часу. Сёння яго iмя, як i ўсё, што ён зрабiў за сваё доўгае жыццё, належыць сусветнай грамадскасцi. Лёс многiх знакамiтых ураджэнцаў Беларусi склаўся падобным чынам, i не яны ў гэтым вiнаватыя — такi выбар iм дыктавалi складаныя абставiны iхняга часу. Мы павiнны нарэшце глыбока адчуць, што нiякiя погляды — нi палiтычныя, нi асабiстыя — не могуць прымушаць нас глядзець на сваiх людзей як на чужых. Прынамсi, нiхто i нiшто не перашкаджае называць iх проста землякамi. Гэта ж такi просты погляд любога адукаванага чалавека. Няўжо ж мы горшыя за iншых са сваiмi бясконцымi ваганнямi?!" — пiша ў сваёй кнiжцы "Нямцэвiчы" Анатоль Гладышчук.

Тут спынілася Першая сусветная вайна

Анатоль Гладышчук — загадчык кафедры фiзiкi Брэсцкага дзяржаўнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта. Ужо шмат гадоў, акрамя фiзiкi, справай жыцця вучонага стала даследаванне гiсторыi свайго краю, у тым лiку i гiсторыi роду Нямцэвiчаў i iх скокаўскай рэзiдэнцыi. Анатоль Антонавiч вядзе перапiску з нашчадкамi апошнiх гаспадароў палаца, якiя жывуць у Польшчы, Францыi, Канадзе. Яны дапамагаюць матэрыяламi з сямейных i публiчных архiваў. А ў 2002 годзе сядзiбу разам са сваякамi наведала Тэрэза Верыха, якая нарадзiлася ў Скоках у 1925 годзе.

Вынiкi некаторых сваiх навуковых, гiстарычных, творчых пошукаў Анатоль Гладышчук падвёў у кнiжцы "Нямцэвiчы. Сапраўдная гiсторыя". Кнiга зараз знаходзiцца ў выдавецтве i, трэба спадзявацца, хутка ўбачыць свет. Яна складаецца з дванаццацi раздзелаў, кожны з якiх — асобная гiсторыя.

Цэлае расследаванне правёў аўтар кнiгi, каб атрымаць доказы таго, што ваеннае перамiр’е памiж Германiяй з яе саюзнiкамi i бальшавiцкай Расiяй было падпiсана 15 снежня 1917 года менавiта ў Скоках. Палац Нямцэвiчаў з восенi 1916 года быў стаўкай камандуючага ўсходнiм германскiм фронтам генерала-фельдмаршала прынца Баварскага Леапольда. На адным са старых здымкаў, якi ўвекавечыў гiстарычны момант падпiсання згаданага дагавора, Анатоль Гладышчук заўважыў жырандолю, знаёмую па ранейшым вывучэннi iнтэр’ераў палаца. I нястомны даследчык вырашыў дакапацца да iсцiны. Для гэтага яму спатрэбiлася звяртацца ў архiвы Баварскага каралеўскага палаца. Каралеўскiя асобы задаволiлi просьбы брэсцкага навукоўцы i прадаставiлi яму копii ваеннага дзённiка прынца Леапольда. З гэтых запiсаў стала канчаткова зразумела, што ў згаданы дзень, за гадзiну да поўначы ў Скоках было падпiсана перамiр’е, якое фактычна спынiла Першую сусветную вайну на Усходзе i дало старт перагаворнаму працэсу па заключэннi Брэсцкага мiру.

А праз чатыры месяцы прынц Баварскi пакiнуў Скокi. Пры адступленнi нямецкiя салдаты абрабавалi палац да нiткi. Гэта было другое абрабаванне сядзiбы. Першае зрабiў рускi генерал Дэльферд пасля паражэння Касцюшкаўскага паўстання ў 1794 годзе.

Марцэлю Нямцэвiчу, бацьку Юльяна, прыйшла ў галаву iдэя перанесцi сваю рэзiдэнцыю з Клейнiкаў у суседнiя Скокi недзе ў пачатку 1770-х гадоў. Тады яго блiзкi сябар берасцейскi стараста Ян Флемiнг адбудоўваў па еўрапейскiм ўзоры горад-спадарожнiк Брэста Цярэспаль (цяпер польскi горад) i навёз з Галандыi i Германii майстроў каменных спраў. Яны i сталi кансультантамi Нямцэвiча. Юльян пазней iранiчна заўважыў, што бацька ўзвёў манастыр у спадзяваннi, што ўсе тры сыны будуць жыць тут з сем’ямi. Першы паверх — калiдоры з пакоямi па баках, падобнымi на келлi. Кожны з новых гаспадароў, нашчадкаў Марцэля, уносiў нешта новае ў выгляд палаца, але прынцыпова яго не мяняў. Праўнук першага скокаўскага гаспадара Ян (Iван Фадзеевiч Урсын-Нямцэвiч) быў маршалкам шляхты ўсёй Гродзенскай губернi, займаў таксама шэраг важных грамадскiх пасадаў. Ён быў добра знаёмы з iмператарамi Аляксандрам I i Аляксандрам III. Апошнi падчас прыезду ў Брэст-Лiтоўск на ваенныя манеўры спынiўся не ў iмператарскай рэзiдэнцыi, а гасцяваў некалькi дзён у Нямцэвiчаў у Скоках.

У тыя часы скокаўскi палац праславiўся на ўсю iмперыю сваiм конезаводам. Конную справу бацькi падхапiў яго сын, таксама Ян. Жонцы апошняга Соф’i ўсе мы абавязаны захаваннем палаца як гiстарычнай спадчыны. У 1915 годзе, калi расiйскiя войскi пакiдалi горад, камандаванне вырашыла ўзарваць палац. Але Соф’я адмовiлася пакiнуць сцены стаўшага ёй родным дома. I генерал адступiў перад мужнасцю жанчыны, палац не ўзарвалi. У 1935 годзе Нямцэвiчы пакiнулi палац назаўсёды.

Пры савецкай уладзе будынак стаў школай, пазней доўгi час быў пiянерскiм лагерам.

Цяпер скокаўскi палац стаiць без акон i даху, бо распачалася рэканструкцыя. Робiцца пакуль што самая чарнавая работа па ўмацаваннi фундамента i сцен, па замене страхi. На гэта з абласнога i раённага бюджэту выдзелена 300 мiльёнаў рублёў. Паводле слоў галоўнага спецыялiста ўпраўлення культуры аблвыканкама Леанiда Несцерчука, на ўвесь праект патрэбна два мiльярды рублёў. Усе неабходныя дакументы вобласць падрыхтавала ў спадзяваннi, што дапамога прыйдзе з рэспублiканскiх фондаў.

Па задумках, у адноўленым палацы размесцiцца краязнаўчы музей Брэсцкага раёна. Даследчык Нямцэвiчаў Анатоль Гладышчук лiчыць, што такi аб’ект у блiжэйшым прыгарадзе Брэста павiнен працаваць як, напрыклад, культурна-асветнiцкi цэнтр. Разам з музейнымi пакоямi палац дазваляе мець утульную музычную залу, невялiкi гатэль, рэстаран. У любым выпадку, галоўнае — аднавiць рэзiдэнцыю, а прымяненне ёй знойдзецца.

{banner_819}{banner_825}
-99%
-40%
-71%
-30%
-30%
-20%
-10%
-30%
-15%
0063408