Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Анатоль БУТЭВІЧ,

Сёння яго не знойдзеш ні на адной карце Беларусі. Аднак гэтае міфічнае мора ад самае прадаўнасці прыпісана да беларускай зямлі. Упершыню пра яго згадвае старажытны грэчаскі вучоны Герадот, празваны бацькам гісторыі, які жыў амаль 2,5 тысячы гадоў таму. Чацвёртая з 9 ягоных кніг “Мельпамена” з’яўляецца самай ранняй пісьмовай крыніцай пра тэрыторыю сучаснай Беларусі, яе прыроду і насельніцтва і дагэтуль выклікае спрэчкі і дыскусіі ў асяроддзі вучоных.

Тысячы гадоў таму значная частка Пінскага Палесся была сапраўдным водным царствам. Стрыжнем гэтага вялізнага вадаёма, які і называўся тады морам Герадота, з’яўлялася рака Прыпяць. Яе пойма — гэта нязмерныя прасторы між Бугам і Дняпром, абмежаваныя з левага боку Пінскім Палессем, з правага — Валынскім. Сама Прыпяць, якая мела 761 кіламетр і жывілася больш як 120 рэкамі, мноствам балоцістых ручаёў, лічылася адной з найбольш адметных рэк у Еўропе. Сівыя легенды звязваюць гэты край вады і туману з Чорным морам. Яшчэ зусім нядаўна непадалёк ад Лунінца існавала знакамітае балота Грычын, якое называлася залівам мора Герадота. Было яно бязлюднае, бясконцае і непраходнае. І, як у сапраўдным царстве, было тут шмат таямніц, загадак і неспадзяванак. Ну як, напрыклад, праверыць дакладнасць таго, што, гавораць, нават у ХІХ стагоддзі Грычынскае балота мела падземнае спалучэнне з Чорным морам?

Герадот меркаваў, што старажытнае славянскае племя будзіны — гэтыя першабытныя насельнікі поймы Прыпяці, жыло над велізарным морам, у якое ўпадаюць цяперашнія рэкі Гарынь, Стыр і Случ.
Вядомы польскі пісьменнік і гісторык ХІХ стагоддзя Ю. Крашэўскі зазначаў: “Балоты, што акружаюць Пінск, мноства рэк і рачулак, якія перацінаюць край, і вясновыя іхнія разлівы, што затапляюць велізарныя прасторы, былі, верагодна, прычынай бытавання існуючага і зараз падання, што некалі Чорнае мора распасціралася да самага Пінска; але нейкі магутны князь кіеўскі раскапаў горы і спусціў сабраныя за імі воды, з-за чаго на месцы мора засталіся адны балоты. У доказ гэтага прыводзяць якары, якія знаходзілі падчас апрацоўкі палёў…”

Так, сапраўды бязмежнымі былі багністыя палескія балоты, якія складалі басейн Чорнага мора. Палешукі і праўда знаходзілі ў пойме Прыпяці не толькі якары, але і “цэлыя судны, накшталт невялікіх караблёў”. Пра гэта сведчыць знаны гісторык, этнограф і археолаг А.Кіркор. Падобныя звесткі, як і меркаванні іншых даследчыкаў, не адмаўляюць верагоднасці існавання на Пінскай нізіне старажытнага мора даволі вялікіх памераў. Дарэчы, 15—18 мільёнаў гадоў таму на гэтых прасторах ужо існавала мора рэальнае. Прычынай такіх грунтоўных зменаў рэльефу і клімату былі шматлікія магутныя ледавікі. Пад іх уздзеяннем некалі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі замест урадлівых збожжавых палеткаў рассцілалася тундра, існавала самая сапраўдная вечная мерзлата.

Палеская нізіна, калі ўважліва і беражліва сабраць усе яе адметнасці, яшчэ і дагэтуль захоўвае шмат марскіх прыкмет. У свой час іх адзначаў вучоны-географ Э.Эйхвальд: “Адметным з’яўляецца пясчаны стэп на Палессі, гэта значыць паўночнай частцы Валынскай губерні, дзе, асабліва ў ваколіцах г.Ковеля, сустракаецца сыпучы пясок, як на марскім беразе Балтыйскага мора, і далей забалочаная нізіна ў Пінскім і Мазырскім паветах. Уся гэтая пясчаная і балоцістая раўніна выяўляе сляды вялізнага возера, якое існавала там у часы Герадота на зямлі старажытных будзінаў і якое злучала некалі яе з Балтыйскім морам”. Гэтыя выявы — і ў своеасаблівым клімаце, і ў той рэдкай цеплалюбівай расліннасці, якая жыве толькі тут, і шмат у чым яшчэ, што ўласціва выключна гэтаму воднабагатаму краю.

Свой дагістарычны круты нораў захавала Прыпяць і да нашых дзён. У час разводдзя і моцных дажджоў яе разліў дасягае 30 кіламетраў і доўжыцца да 4 месяцаў. Аднак аўтахтонныя палешукі, нашчадкі старажытных герадотавых плямёнаў, як сапраўдныя паморы ўмела прыстасаваліся да гэткіх умоў. Вялікая вада абуджае ў іх навыкі і звычкі сапраўдных марскіх ваўкоў. Не цураліся ж яны некалі рачных падарожжаў на мясцовых суднах у Данцыг, Кёнігсберг і Крамянчуг. Палешукі вывозілі туды здабытыя ў багатых тутэйшых лясах дзёгаць, смалу, дошкі, мачты для караблёў, іншыя лясныя багацці.

Тысячагадовае змаганне з суровымі ўмовамі, натуральны лад жыцця загартавалі палешукоў, спрыялі таму, што гэтыя дзеці прыроды навучыліся жыць у суладдзі з ёю, вылучаліся моцным здароўем і дужасцю. Сярод іх было шмат доўгажыхароў, якія мелі па 100 і больш гадоў. Як нідзе, цягам многіх стагоддзяў тут захоўваліся і з пакалення ў пакаленне перадаваліся шматлікія прымхі і забабоны, непаўторныя казкі, легенды, паэтычна-фальклорны — з паганскімі традыцыямі — лад жыцця.
А што да ваўкоў, то яшчэ Герадот лічыў першабытных насельнікаў поймы Прыпяці сапраўднымі чараўнікамі. Асабліва неўраў, якія спачатку жылі каля Піны, а затым перакачавалі на Прыпяць і ці не там стварылі легендарную і таямнічую краіну Неўрыду. Як і належыць сапраўдным чарадзеям чароўнай краіны, яны “ператвараліся кожны год на некалькі месяцаў у ваўкоў”. Такіх пярэваратняў палешукі і дагэтуль называюць ваўкалакамі. Але іх тут не баяліся, а нават шанавалі. Бо, відаць, добра спазналі, што сапраўдныя неўры з любым ворагам змагаліся ў абліччы ваўкоў. Згадайце, напрыклад, летапіснага князя Усяслава, які мо найбольш вядомы пад мянушкай Чарадзей. Яго таксама лічылі ваўкалакам. Нават аўтар знакамітага “Слова пра паход Ігаравы” (пераклад Я.Купалы) адзначаў гэта:

Усяслаў-князь людзям суд судзіў,
Гарадамі князёў надзяляў,
А сам поначы, свету на здзіў,
Ваўкалакам ці воўкам гуляў…


Лічыцца, што некалі існавала прыпяцкае адгалінаванне знакамітага гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”, узбоч якога былі заснаваны гарады Тураў (980), Пінск (1097), Мазыр (1155). А ўвогуле першыя пасяленцы ў басейне Прыпяці з’явіліся ў 25-м тысячагоддзі да нашай эры. Сведчыць пра гэта адна з самых старажытных стаянак чалавека на Беларусі, якая была адкрыта каля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна.

У герадотавы часы паселішчаў у пойме Прыпяці было зусім мала. Ляпіліся яны на пясчаных пагорках-боханах сярод балот. Цягам стагоддзяў палешукі былі адарваны не толькі ад усяго свету, але і ад сваіх супляменнікаў. Лодка стала іхнім звыклым транспартам, лес — іхнім надзейным жытлом, вялікая вада вызначала лад іхняга існавання. І хоць праз вякі жылі яны “паміж пустак, балот”, “на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай”, ды іхняе светапазнанне не было абмежаваным, не былі яны абяздоленымі жабракамі. Гадавалі скаціну, лавілі рыбу, палявалі, даставалі з борцяў мёд. Будавалі судны і сплаўлялі ў далёкія краі сваё тутэйшае дабро ў абмен на тое, чаго нельга было здабыць на сваіх балотах, у шматлікіх азёрах і рэках, спракавечных пушчах. І няхай пушчанскі гушчар не адкрыў ім таямнічую папараць-кветку, не знайшлі яны з дапамогай яе чароўнага святла ні скарбаў, ні багаццяў, а галотай сябе не лічылі. Бо не толькі лапці ўмела плялі, а цнатліва аберагалі і перадавалі ў спадчыну сваю непаўторную мову, свае дзівосныя показкі, свае высокага кшталту маральныя запаветы і сваю непарушную паляшуцкую годнасць.

Такія яны былі — герадотавы прашчуры беларусаў: будзіны і неўры, скіфы-земляробы, дзеці вады і лесу, якім выпала плаваць па таямнічым старажытным “моры Герадота”. Такімі яны і засталіся — самабытныя і здатныя палешукі, аўтахтоны гэтага краю, выштукаваныя і загартаваныя ракой і ветрам, сонцам і пушчай, працай і песняй.

А пра старадаўнасць і унікальнасць гэтага краю сведчаць шматлікія сённяшнія запаведнікі (адзін толькі Прыпяцкі займае 63 тысячы гектараў), заказнікі, паркі, дзе растуць рэдкія расліны, захоўваюцца каштоўныя віды жывёл, музеі, навукова-даследчыя станцыі, помнікі прыроды.
Дык ці адкрые сваю таямніцу “краіна чараўнікоў і ваўкалакаў” Неўрыда, ці набудзе рэальныя абрысы легендарнае мора Герадота?
0058648