фото
Пасажыры мінскага метро з-за закрыцця на рэканструкцыю станцыі "Кастрычніцкая", магчыма, будуць плаціць за праезд двойчы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік аддзела перспектыўнага развіцця пасажырскага транспарту прадпрыемства "Мінсктранс" Аляксандр Капцюх.
 
Нагадаем, перасадачны вузел Мінскага метрапалітэна закрываецца на рэканструкцыю з 1 чэрвеня. На гэты час ад плошчы Незалежнасці да станцыі "Плошча Перамогі" будзе курсіраваць бясплатны аўтобус. Аднак, як даведалася Еўрарадыё, пасажырам метро давядзецца набываць жэтон і тады, калі яны пасля праезду ў аўтобусе будуць заходзіць пад зямлю другі раз.

Вось што кажа Аляксандр Капцюх:

"Пакуль, наколькі нам вядома, у метро ўваход другі раз платны… Пакуль канчатковага рашэння не прынята. Невядома, як аднясецца кіраўніцтва горада да гэтага факту…".

І пакуль кіраўніцтва горада ў гэтым пытанні яшчэ не прыняло канчатковага рашэння, дык з бясплатным аўтобусам усё зразумела - ён будзе курсіраваць з інтэрвалам 1,5 хвіліны. Аднак яго з'яўленне на праспекце Незалежнасці можа прывесці да новых праблемаў.

Вось якую карціну малюе Аляксандр Капцюх:

"Пры троххвілінным інтэрвале руху 100-га маршрута ўклініць яшчэ і бясплатны аўтобус, дык аўтобусы будуць ісці па праспекце чарадой!".

Адзначым, што рэканструкцыя "Кастрычніцкай", дзе замест трох эскалатараў усталююць чатыры, мусіла працягнуцца пяць месяцаў, аднак мэр сталіцы запатрабаваў, каб усе работы былі завершаныя да 1 верасня.