За тыя 90 год, што прайшлi ад абвяшчэння ў Мiнску незалежнасцi Беларускай Народнай Рэспублiкi, мала якiя будынкi таго часу ацалелi праз вайну ды савецкi вандалiзм. Ды i за апошнiя дзесяць год праз нiбыта рэканструкцыю i ўпарадкаванне цэнтру сталiцы было знiшчана шмат помнiкаў. Дзiва, але тое знiшчэнне не датыкнулася большасцi будынкаў, якiя маюць дачыненне да гiсторыi БНР. Усе яны ацалелi, праўда, няшмат мiнскiх жыхароў ведае, што ў будынку Дома афiцэраў працавала Рада Беларускай Народнай Рэспублiкi, а ў будынку па вулiцы Валадарскага, дзе сёння месцiцца кавярня "Чабурэчная" была абвешчана незалежнасць БНР. 

Сяргей БУДКIН, Радыё Рацыя

На просьбу Рацыi гiсторык Сяргей Харэўскi правёў экскурсiю па галоўных месцах БНР у Мiнску. Падыходзiм спачатку да Дома афiцэраў.

- Вось бачым перад сабой жоўты дом, якi старыя мiнчукi завуць "дом, якi на шакаладках" (бо яго выява змяшчалася колiсь на цукерках). А ў нашай гiстарыяграфii ён завецца Юбiлейным домам. Гэта колiшнi царкоўна-археалагiчны музей. Менавiта ў гэтым будынку знаходзiлiся шмат якiя ўстановы Беларускай Народнай Рэспублiкi, там працаваў сакратарыят. Калi глянем правей - то ўбачым вядомы, бадай, кожнаму тэатр iмя Янкi Купалы. Акурат у iм адбываўся Першы ўсебеларускi кангрэс.

Юбiлейны дом

Купалаўскi тэатр

Калi ехаць з чыгуначнага вакзалу ў напрамку Баранавiчаў ды Брэста, то перад першым прыпынкам на станцыi "Сталiчны" можна ўбачыць цагляныя будынкi ў стылi мадэрн проста сярод рэек. Менавiта ў гэтым чыгуначным дэпо дэлегаты Першага ўсебеларускага з"езду працягнулi сваю працу пасля таго, як кангрэс у гарадскiм тэатры (цяпер тэатры iмя Купалы) быў разагнаны бальшавiкамi:

- Кангрэсменаў прытулiлi мiнскiя чыгуначнiкi. I вось гэтае чыгуначнае дэпо, што мiж рэек знаходзiцца, - гэта менавiта той будынак, куды нелегальна ў час кароткага бальшавiцкага панавання ў Мiнску перамясцiлiся структуры БНР. Калi збочыць на вулiцу Карла Маркса ды пайсцi ў бок Нацыянальнага банку памiж гастраномам ды банкам, можна ўбачыць будынак, дзе друкавалiся ўсе дакументы БНР, у тым лiку i тэксты трох устаўных грамат. Цяпер гэта вулiца Ленiна,13, а 90 год таму тут была друкарня Якава Грынблата (вул. Губернатарская, 32). Па вайне ён быў перабудаваны, але сам дом ацалеў.

Ленiна, 13

Працягваем вандроўку з гiсторыкам Сяргеем Харэўскiм:

- Калi пашыбуем далей па Ленiна, то ўбачым будынак, дзе цяпер музычная школа пры кансерваторыi. Яна якраз перад кафедральным касцёлам. Гэта колiшнi палац генерал-губернатара i архiепiскапскi палац. Унiкальны помнiк, хоць ён добра знявечаны - цяжка зразумець, што гэта будынак ажно канца XVII ст. Вось тут знаходзiлася i дзеяла рада БНР. На гэтым будынку быў балкон, вядомыя здымкi, зробленыя тут, над iм луналi бел-чырвона-белыя сцягi, а на Саборную плошчу прыходзiлi ўрачыставаць прыхiльнiкi БНР. Мiнчукi радавалiся абвяшчэнню БНР. А якраз у касцёле тады адбылося ўрачыстае набажэнства на Вялiкдзень. I мiнскi бiскуп Зыгмунд Лазiнскi правiў першую ў гiсторыю iмшу па-беларуску. Вядома, што беларускае набажэнства на Вялiкдзень мела вялiкi эфект.

Цiкава, што ў гэтыя ж днi стваралася каталiцкая партыя "Беларуская хрысцiянская дэмакратыя". На паседжанне БХД з"ехалiся важныя прадстаўнiкi рымска-каталiцкага касцёла. Да ўсяго, у гэты ж час у Мiнску быў наноў асвечаны касцёл Святога Язэпа на вулiцы Кiрылы i Мяфодыя, 4. Яго пакiнулi рускiя войскi - i будынак некаторы час стаяў пусты. Тут таксама прайшло ўрачыстае набажэнства. Упершыню з 1863 году касцёл быў адкрыты для вернiкаў.

Касцёл Святога Язэпа

Вельмi важны адрас у мiнскай гiсторыi БНР - Серпухаўская, 9 (цяпер вулiца Валадарскага, 9). Калi павярнуць на гэтую вулiцу з праспекта Скарыны, не даходзячы да Рускага драматычнага тэатру, бачым дом - яшчэ з савецкiх часоў тут на першым паверсе месцiцца "Чабурэчная". У сярэдзiне сакавiка 1918 года Народны сакратарыят арандаваў там залу ў сялянскага пазямельнага банку на трэцiм паверсе для сваiх паседжанняў. Менавiта тут 25 сакавiка ў восем гадзiнаў ранiцы былi прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць Рэспублiкi.

Тут была абвешчана незалежнасць БНР

Ёсць на гэтай вулiцы яшчэ адзiн будынак, звязаны з гiсторыяй БНР:

- Акурат насупраць, гэта колiшняя Серпухаўская, 9, была штаб-кватэра Рамана Скiрмунта, калi можна яе назваць штаб-кватэрай. Якраз тут знаходзiлася Мiнскае беларускае прадстаўнiцтва, сябры якога былi кааптаваныя ў Раду БНР. Сярод iх былi Алексюк, Уласаў. Вераемна, у гэтым iмпазантным будынку ў такiм эклектычным стылi а-ля ракако i праходзiлi паседжаннi Мiнскага беларускага прадстаўнiцтва, яно прадстаўляла такую "правiцу".

Штаб-кватэра Скiрмунта

Адрасы пражывання дзеячоў БНР у Мiнску - тэма для асобнага даследавання. У горад тады пастаянна з"езджалiся палiтыкi i грамадскiя дзеячы з iншых гарадоў ды мястэчак, толькi на кангрэс прыехала ля 1500 дэлегатаў. У тагачасным Мiнску не заўжды хапала месца, каб задаволiць жыллёвыя патрэбы прыезджых. Сяргей Харэўскi паўжартам кажа: было такое, што там, дзе хто ўпаў, там i спаў. Аднак некаторыя адрасы пражывання дакладна вядомыя:

- Мы казалi пра будынак на Валадарскага, дзе засядаў Беларускi нацыянальны камiтэт. Спачатку там было Беларускае таварыства дапамогi ахвяраў вайны. Там жыў Раман Скiрмунт. Можна меркаваць, што некаторыя дзеячы БНР жылi ў гатэлi "Еўропа" - цяпер гэтага будынка няма, сёння там пачынаецца сквер, затое маем другую "Еўропу". Дом сябры Грамады Фелiкса Стацкевiча быў на вулiцы Гандлёвай. На жаль, яго нядаўна разбурылi. Там, дзе цяпер духоўна-асветнiцкi цэнтр, быў дом Луцкевiчаў - на Садовай, гэта цяпер тэрыторыя парку Купалы. Засталiся яшчэ два дамы ад колiшняй вулiцы Святаюр"еўскай цi проста Юраўскай (яна iшла ўздоўж цяперашней Кастрычнiцкай плошчы). Яны ў дварах, дзе палац прафсаюзаў
.

На нiводным з тых будынкаў, якiя маюць непасрэднае дачыненне да беларускай гiсторыi няма анiякiх шыльдаў. Хоць iнiцыятывы па ўшанаваннi раз-пораз узнiкаюць, дзяржаўныя структуры анiяк не зацiкаўленыя ў гэтым.

Скульптар Алесь Шатэрнiк, прыкладам, яшчэ 15 год таму зрабiў мемарыяльную шыльду, якая мусiла з"явiцца на тым самым будынку па вулiцы Валадарскага, 9. Але апошняя iнiцыятыва, што сыходзiць ад iнстытуту гiсторыi пры ЕГУ, можа мець плён. 5 траўня, да 140-годдзя ад дня нараджэння старшынi Беларускага нацыянальнага камiтэту, аднаго з мiнiстраў Рады БНР Рамана Скiрмунта, мае прайсцi ўрачыстасць у Чырвоным касцёле i ўсталяванне шыльды там. Папярэдняя згода на гэта ад ксяндза Уладзiслава Завальнюка на гэтую акцыю, не супраць i мiтрапалiт Тадэвуш Кандрусевiч.

{banner_819}{banner_825}
-50%
-20%
-20%
-10%
-29%
-20%
-10%
-10%
-30%