• Другие новости

Политика


Алег Трусаў. Старшыня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання. Кандыдат гістарычных навук, археолаг.
Фота: Сяргей Серабро, з сайта be.wikipedia.org
Для таго, каб Лукашэнка ўчора выступіў па-беларуску, нам трэба было пражыць у незалежнай краіне 20 гадоў. За гэты час і сам прэзідэнт прыйшоў да таго, што без беларускай мовы няма беларускай нацыі, аб чым ён заявіў пару месяцаў таму ў пасланні беларускаму народу. А сказаўшы "А", трэба казаць і "Б", таму цалкам зразумела, чаму ўчора ён прамаўляў па-беларуску.

Дарэчы, і да гэтага моманту ён часамі размаўляў на мове. Напрыклад, калі чарговы раз прымаў прысягу пасля выбараў. Быў яшчэ момант, калі ён цудоўна гаварыў па-беларуску з беларускамоўным кітайскім карэспандэнтам. Па-гэтаму не правы той, хто кажа, што Лукашэнка ніколі не выступаў на роднай мове.

Больш таго, яму па-руску цяжка размаўляць, калі тэкст не напісаны на паперцы! Колькі разоў ён у Расіі казаў, напрыклад, такое слова як "гвалт". У яго вельмі моцны беларускі акцэнт і наш, магілёўскі, дыялект. Дзякуючы гэтаму акцэнту, літаратурна ўчорашні яго выступ аказаўся нядрэнным.

Яго выступ – гэта лагічны працяг паслання беларускаму народу і парламенту - толькі на мове.

Па-першае, гэта звязана з 20-годдзем нашай незалежнасці.

Па-другое, з тым, што ў Мінску людзі зараз значна лепей ставяцца да мовы. Беларуская мова нават шырока прадстаўлена ў візуальным афармленні сталіцы да 3 Ліпеня. Сёння я ехаў па горадзе і мне было прыемна бачыць усе гэтыя банэры.

І трэці фактар – гэта ўкраінскія падзеі: вельмі моцная лакмусавая паперка. Ва Украіне зараз з'явіліся мільёны рускамоўных жыхароў (не рускіх, а менавіта рускамоўных) і пашырыўся так званы "рускі мір". А сітуацыя, як у Данецку, можа адбыцца і ў якім-небудзь Віцебску ці Магілёве, таму трэба зрабіць усё, каб гэта хваля не дайшла да нашай краіны. І гэта Лукашэнка разумее як палітык.

Гэта разумеюць і нашыя людзі. Я сёння на прыпынку бачыў, як два мужчыны ва ўзросце радаваліся, што ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі нейкія вёскі. Ды й абураліся, што мала далі салдаты тым сепаратыстам! І гэта кажуць простыя людзі, якія інтуітыўна ўспрымаюць, што заўтра такое можа адбыцца і ў Беларусі.

Аднак нашы з вамі суайчыннікі ваююць ва Украіне і на баку арміі, і на баку сепаратыстаў. А калі беларус страляе ў беларуса на Данеччыне, гэта ўжо элемент грамадзянскай вайны, які можа перайсці і на нашу тэрыторыю. Дзе гарантыя, што ён не вернецца, і не заб'е каго-небудзь у Магілёве?..

А краіна наша амаль упершыню за 500 год Беларусь роўна 70 гадоў жыве без вайны. Такая сітуацыя была толькі ў 15 стагоддзі, пасля таго, як мы разбілі крыжакоў пад Грунвальдам. Пасля гэтага новыя войны канца XV стагоддзя пачалі прыходзіць да нас не з Захаду, а з Усходу.

І зараз зноў для нас усходні вектар больш небяспечны, чым заходні.

У гісторыі ўсё паўтараецца, таму я магу толькі вітаць выступы кіраўніка дзяржавы па-беларуску. Дзякуючы гэтаму, у нас ёсць усе шансы не ўцягнуцца ў паласу нестабільнасці, якая зараз ахапіла Украіну.

Упэўнены, што выступы Лукашэнкі па-беларуску працягнуцца. Думаю, што ў іх знойдзецца месца і нашым нацынальным героям. Калі Сапега ў яго выступах фігураваў часта, то я думаю, у 500-годдзе бітвы пад Воршай кіраўнік дзяржавы ўзгадае і Канстанціна Астрожскага. Пасля Украіны ніхто з улады не будзе ўжо аблайваць перамогу над Масквой пад Воршай.

Думаю, што пасля ўчорашняга выступу Лукашэнкі ва ўладных колах таксама пашырыцца беларуская мова. Яе і так выдатна ведае як мінімум палова чальцоў Саўміна. Са мной на мове з іх шмат хто размаўляў, але самы дасведчаны – гэта Уладзімір Макей. Я яго магу параўнаць нават з Парашэнкам. Макей – найбольш культурны з нашых чыноўнікаў і вялікі беларускі патрыёт. 

Мнение автора может не отражать точку зрения редакции TUT.BY