Свята, прысвечанае харчоваму сімвалу Беларусі, адбудзецца днямі ў Полацкім раёне.

23 ліпеня гасцей і ўдзельнікаў Бульбянога фестывалю - першага ў вобласці, а магчыма, і ва ўсёй краіне - прыме аграгарадок Кушлікі. Месцам правядзення свята ён абраны не выпадкова - мясцовая гаспадарка, ААТ "Кушлікі", займае другое месца ў Віцебскай вобласці па вытворчасці бульбы. "Вось мы і вырашылі нарэшце ўшанаваць як беларускі "другі хлеб", так і людзей, якія яго вырошчваюць, - распавёў "Звяздзе" начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама Дзмітрый Далгоў. - Раённы выканаўчы камітэт выступіў з ініцыятывай правядзення фэсту, на месцах ідэю падтрымалі. У суботу чакаем на свяце каля 300 чалавек, запрошаны прадстаўнікі ўсіх 17 сельсаветаў раёна".

У праграме першага Бульбянога фестывалю - зборная канцэртна-забаўляльная праграма, прысвечаная яе вялікасці Бульбе, і конкурс традыцыйных і незвычайных страў з бульбы - з абавязковай "народнай дэгустацыяй", а таксама ўручэнне ўзнагарод лепшым працаўнікам гаспадаркі, выязны гандаль і шмат іншых сюрпрызаў для гасцей мерапрыемства. Надалей фэст плануецца праводзіць штогод і зрабіць яго не толькі мерапрыемствам для месцічаў, але і турыстычнай адметнасцю раёна.

Дарэчы, для Полацкага раёна правядзенне падобнага кшталту святаў - добрая традыцыя, што могуць пацвердзіць сотні гасцей мінулых чэмпіянатаў: 2 лазневых, 2 грыбных і аднаго чарнічнага, што адбыўся літаральна на мінулым тыдні. У верасні ж пройдзе 3-ці чэмпіянат па збору грыбоў у вёсцы Дрэтунь, якая з лёгкай рукі гасцей і ўдзельнікаў папярэдніх спаборніцтваў атрымала званне "грыбной сталіцы Беларусі". 



{banner_819}{banner_825}
-14%
-10%
-10%
-30%
-10%
-45%
-20%