Расійскія нацысты пагражаюць смерцю беларускай блогерцы
27.07.2009, 12:00 Наука и технологии![]() |
| Тацяна Елавая не зняла допісу, нягледзячы на пагрозы |
Янa выставіла пост, што надоўга завіс у топе Яндэкс-рэйтынгу і набраў 2000 каментароў. Рэакцыя на гэты запіс з боку расійскае аўдыторыі пераўзышла ўсе межы.
Zmagarka размясціла відэа, знятае чачэнскімі партызанамі ў 1999 годзе, на пачатку Другой чачэнскай вайны.
На ім бязлітасны аператар фіксуе, як пераразаюць горла юным расійскім палонным. Відэа мела на мэце запалохаць федэральныя войскі. Гэты ролік фігураваў у Нэце і раней. Яго выкарыстоўваў у адным са сваіх фільмаў беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі. Аднак для маладога пакалення расейцаў, якія выраслі на стэрыльна-пераможных рэляцыях ТВ пуцінскага часу, відэа сталася шокам. Да таго ж, Zmagarka дала адмыслова правакацыйны загаловак: "Русских солдат чеченцы режут, как свиней". Расійская аўдыторыя ўспрыняла яго як абразу.
Хоць Zmagarka суправадзіла запіс стрыманым каментаром: "Крый Божа, натуральна, не ухваляю гэткага кшталту гвалтоўных дзеянняў датычна якога-кольвек чалавека, нават найлюцейшага ворага, якім ёсць імперская Расея для чачэнцаў, але дакуль акупацыйныя войскі стояць у Чачэніі, яны будуць працягвацца", - гэта не дапамагло.
Рэакцыя расейскага ЖЖ была лютай. Расейскія карыстальнікі запатрабавалі ад мадэратараў LiveJournal.com сцерці допіс. Тыя адмовіліся - ён не парушаў правілаў платформы, адно перавялі яго пад кант "Для карыстальнікаў, старэйшых за 18".
Адзін з блогераў накіраваў заяву на імя Генеральнага пракурора Беларусі з заклікам прыцягнуць Тацяну Елавую да адказнасці за распальванне варожасці да расейцаў. "Полковник Буданов придёт за тобой, сука!" - напісаў ён у каментарах Змагарцы непасрэдна (палкоўнік расійскай арміі, які згвалціў і забіў 18-гадовую чачэнку - факт стаў вядомы, прычым аднавяскоўцам удалося сабраць доказы. Палкоўніка пасля маруднага трохгадовага працэсу засудзілі. Адваката сям'і замучанай чачэнкі застрэлілі ў Маскве ў 2009 годзе).
"Прыйдзе і твая чарга", - абяцае Змагарцы іншы. "Паявіцца відэа, дзе гэтай (…) будуць паволі адразаць галаву тупым нажом", - заяўляе трэці. І гэта яшчэ самае стрыманае, што абяцаюць расійскія ЖЖысты Змагарцы.
Расейскія блогеры ў "адказ" таксама размясцілі на блогу Змагаркі фоты забітага Масхадава, кадры масавага пахавання расстраляных партызанаў з нагамі, скручанымі дротам - "вось што мы з імі зрабілі", а таксама забітых грузінскіх вайскоўцаў у Асеціі.
Адбыўся сапраўдны выбух нянавісці: маладыя і старыя, хлопцы і дзяўчаты паставіліся да Змагаркі аднолькава. Большасць допісаў не надаецца на цытаванне. Яны поўняцца казарменным матам і садызмам, роўным таму, што выяўлены на відэа. Яны адрасаваныя не толькі Змагарцы, утрымліваюць заклікі закатаць у бетон усе ўсходнееўрапейскія народы.
"Капай сабе магілу, сука падкалодная! Мы цябе павесім!" - піша нейкі скінхед. "Раней я сустракаў бульбашоў, усе смірныя былі, а гэтая нейкі вырадак", - уступае ягоны аднадумец. Старэйшыя абяцаюць ёй лёс расійскіх журналістак, забітых ці згвалчаных за тое, што пісалі пра Чачэнію.
"Найхутчэй, яе возьмуць у дзярждэп ЗША на пасаду галоўнага кансультанта па расейскім пытанні!" - жартуе іншы.
Расейцы таксама размесцілі спасылку на каардынаты Елавой на сайце-супольнасці Vkontakte.ru.
Толькі асобныя расейскія каментатары асуджаюць найперш вайну ў Чачні як такую. У ёй загінула каля 12 тыс. расейскіх вайскоўцаў і да 100 тыс. чачэнцаў. Першая фаза канфлікту скончылася паразай расейскага экспедыцыйнага кантынгенту ў 1996-м. Масква сабралася з сіламі, і ў другой фазе, пры Пуціну, Чачэнія была сцёрта дашчэнту, а ў Грозным сеў прарасейскі рэжым Кадырава.
Каментароў з Беларусі, Украіны ці самой Чачні таксама вобмаль - як відна, тэма зачапіла ўнутрырасейскія раны. Беларускія каментатары пераважна не ўхваляюць кроку Змагаркі.
"Садысцкае забойства, пагатоў бяззбройнага ваеннапалоннага, ды перад камерай - справа ў любым выпадку подлая і немужчынская. Гэткі нацысцка-нквдшны стыль характарызуе чачэнскіх баевікоў як не ваякаў вызваленчай арміі, а труслівых бандытаў-экстрэмістаў", - піша блогер czalex.
Іншы папулярны беларускі блогер b0rmann дапускае расісцкія выпады на адрас чачэнцаў і працягвае: "Пацыфікацыя Чачэніі - адзін з кірункаў знешняе палітыкі Расеі, які не пабаюся публічна падтрымаць".
"Нічога не маю супраць чачэнскай незалежнасці. Катэгарычна нязгодны з расейскай вонкавай палітыкай (дарэчы, відэаролік - гэта яе адлюстраваньне, адбітак у чачэнскім кантэксьце), але кадры забойстваў - па-за межамі ўсяго чалавечага", - гідзіцца alehmackievic.
Ёсць і беларускія дзеннікары, што наўпрост салідарызуюцца з расейцамі: "Терпеть не могу [бело-]красно-белых мразей у нас в республике", - падтрымлівае сваіх расейскіх фрэндаў блогер dzichenka.
Сама Тацяна Елавая пра свой допіс не шкадуе. "Я хацела стварыць рэзананс вакол Чачні як такой, - сказала яна "Нашай Ніве". - Можна хадзіць у ружовых акулярах і рабіць выгляд, што праблемы не існуе. Па вялікім рахунку, усё жыццё ў сучаснай Расеі - гэта гвалт улады над народам. Шкада расейскіх хлопцаў, якіх забіваюць у Чачні. Але віной таму ёсць кіраўніцтва Расеі. Не разумець гэтага факта і нічога не рабіць з гэтым раўнасільна падтрымцы працягу падобнага роду забойстваў. Як сказала ў інтэрв'ю "Эху Москвы" Валерыя Навадворская, Расеі не патрэбныя ні браты і сёстры, ні сябры і калегі, але толькі рабы. Каўказ жа - гэта не тое месца, дзе яны водзяцца. У выніку - узброены канфлікт, які цягнецца не першы год".
Што Елавая думае аб прапановах многіх блогераў забараніць публікацыю актаў гвалту ў LJ? "Я супраць цэнзуры. Сёння забараняем відэа, на якіх рэжуць расейскіх салдат, заўтра забараняем відэа, на якім АМАПавец збівае бабулю на "Маршы нязгодных". Бо навошта - гэта можа парушыць яго прыгожы утульны свет, дзе ўсе думкі аб рэчцы і шашлыках".
Ці яна баіцца пагрозаў? "Баяцца - не ў маім характары і не ў маёй біяграфіі. Дарэчы, прыйшло нямала прыватных паведамленняў ад знаёмых і незнаёмых людзей, якія прапануюць дапамогу ў выпадку небяспекі. Што больш за ўсё радуе: большая палова з іх - менавіта расейцы. Што прымушае верыць у тое, што шлях Расеі да дэмакратыі не з'яўляецца казкаю".
А што пра ўсё гэта думае мама Тацяны? "Мама не чытае ЖЖ, але маю пазіцыю наконт Расеі цалкам падзяляе. Каму, як не беларусам, ведаць аб гэтым".











