Политика
Общество
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    27282930123
    45678910
    11121314151617
    18192021222324
    25262728293031
  • Другие новости

Экономика и бизнес


Глеб Лабадзенка, фота, відэа аўтара, спецыяльна для TUT.BY

Эканаміст Павел Данейка  дырэктар Бізнес-школы Інстытута Прыватызацыі і Менеджменту, дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC. 31 студзеня (пятніца) ён прачытае публічную лекцыю “Феномен беларускага прыватнага бізнесу” з цыкла Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”), які праводзяць Лятучы Універсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”. Пачатак 18.30, месца правядзення “Галерэя Ў” (Незалежнасці, 37а), уваход вольны!
 
Напярэдадні лекцыі мы сустрэліся са спадаром Паўлам, каб даведацца, ці варта спрэс ганіць дзяржаўную эканоміку, якія беларускія прадпрыемствы самыя паспяховыя, і ці апануе нас беспрацоўе ў выпадку прыватызацыі буйных заводаў.

Фота з архіва Паўла Данейкі
 

“У маёй базе каля 60 PhD – дактароў эканамічных навук – беларусаў, якія жывуць за мяжой”

Спадар Павел, вы атрымалі ў 1986 годзе прафесію “эканаміст”, але на гістфаку БДУ. Што за дзіва такое?

Павел Данейка: У той час яшчэ не было эканамічнага факультэта, таму аддзяленне палітэканоміі – на 25 чалавек – было на гістфаку. А таксама аддзяленне філасофіі і ўласна аддзяленне гісторыі.
 
І як вучылі эканамістаў на гістфаку?

Павел Данейка: Цудоўна! Я думаю, што мне пашанцавала з адукацыяй. Кафедра ў нас была марксісцкая, але такая навучна-марксісцкая. Мы вывучалі і сучасную эканамічную тэорыю. Нашыя тагачасныя выкладнікі – цяпер прафесары ў Штатах. Іншая справа, што я хутка зразумеў, што Маркс не эканаміст. Хоць ён выбітны сацыёлаг, я стаўлюся да яго з вялікай павагай… І я заняўся больш глыбокай філасофіяй… А ёй вучылі нас людзі – неверагодна для савецкіх філосафаў! – з публікацыямі на Захадзе. Загадчыкам кафедры быў Вячаслаў Сямёнавіч Сцёпін – цяпер дырэктар Інстытута філасофіі ў Расіі. Тая філасофская кафедра была адной з найлепшых у Савецкім саюзе. Для тых, хто хацеў, гэта была цудоўная магчымасць атрымаць сістэмную адукацыю.
 
Каму, апроч вас, удалося пайсці далей па спецыяльнасці і дасягнуць поспеху?

Павел Данейка: У нас краіна сціпласці. Таму казаць пра канкрэтных людзей ці канкрэтныя фірмы я не магу без іх дазволу… Пасля палітэканоміі мне пашчасціла апынуцца ў аспірантуры Інстытута эканомікі Акадэміі навук, дзе нашую групу ўзначальваў неверагоднага інтэлекту чалавек Мікалай Васілевіч Герасімаў, які вельмі рана памёр. Ён сабраў цікавых людзей, гэта была цікавая праца! Напрыклад, там працаваў Юра Дракахруст, яшчэ адзін хлопец, цяпер прафесар Універсітэта Брауна, Валодзя Усоскі ў наргасе цяпер працуе, некалькі банкіраў…
 
Увогуле, беларускія эканамісты каціруюцца ў свеце?

Павел Данейка: У маёй базе каля 60 PhD – дактароў эканамічных навук – беларусаў, якія жывуць за мяжой. Мы актыўна прыцягваем іх да супрацы ў нашых адукацыйных праграмах. Гэта прафесары амерыканскіх і еўрапейскіх універсітэтаў. Двое з іх уваходзяць у эліту сусветнай навукі – Міхаіл Голасаў, поўны прафесар Прынстана і Алег Цывінскі, поўны прафесар Ельскага ўніверсітэта. Абодва – хлопцы з Віцебска. Выбітныя навукоўцы з сусветным імем!
 

“Дзяржава кіруе не эканомікай у цэлым, а кіруе дзяржаўнай уласнасцю”

Калі не памыляюся, Вашая апошняя “дзяржаўная” пасада – дэпутат Вярхоўнага Савета ў 1995-96 годзе, сакратар камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах. Прамінула 18 гадоў. Моцна змянілася нашая эканоміка за гэты час?

Павел Данейка: Натуральна. Тады гэта было ўваходжанне ў пэўны працэс, якое так і не адбылося з пэўных прычын. Мы прайшлі гіганцкі шлях у паўставанні нашай краіны. У пачатку 90-х, калі Беларусь атрымала незалежнасць, я быў адным з тых, хто ствараў НІСЭПД. Памятаю адно з першых апытанняў, якое рабіў Юры Дракахруст. За незалежнасць выказаўся нейкі мізерны адсотак людзей. З гісторыяй Беларусі, яе сувяззю з Вялікім Княствам Літоўскім – тое самае… Так што за 20 год мы прайшлі вялікі шлях, і не толькі ў эканоміцы. З разгромленай, знішчанай краіны – да краіны. Хоць з боку гэта не вельмі заўважна – нібыта ўсё тое самае.

Фота з архіва Паўла Данейкі
 
Існуе меркаванне, што ўсё наадварот засталося савецкім і замшэлым.

Павел Данейка: Пэўныя элементы кіравання ў эканоміцы засталіся савецкімі. У тым сэнсе, што дзяржава кіруе не эканомікай у цэлым, а кіруе дзяржаўнай уласнасцю. Гэта самая непрыемная частка савецкай спадчыны. Не адбылося пераходу ад кіравання ўласнымі сродкамі – да кіравання эканомікай, якая часткова стала прыватнай. Напрыклад. Ідзе рэструктурызацыя дрэваапрацоўкі. І даюцца грошы толькі дзяржпрадпрыемствам. Чаму? Прыватныя – яны што, не беларускія? Яны чужыя? Прыклады з ільготнымі крэдытамі і дзяржаўнай падтрымкай былі і ёсць у краінах з даганяючым развіццём. Але там дзяржава глядзіць найперш на паспяховыя прадпрыемствы. На галіну ў цэлым. На тых, хто здольны ствараць экспарт і працоўныя месцы. Ставіцца мэта такім чынам развіць пэўны сектар – а не падтрымаць тых, хто памірае. Чаму не падтрымаць прыватны сектар, які больш эфектыўны і паспяховы?

 

“Мы блытаем адсутнасць прыватызацыі з захаваннем заводаў” 

Але ж не аднойчы даводзілася чуць ад суседзяў з былога сацлагеру: о, беларусы, малайцы – захавалі заводы!

Павел Данейка: Гэта міфічнае меркаванне. Мы блытаем адсутнасць прыватызацыі з захаваннем заводаў. Гэта першы складнік гэтага міфа. А другі – эмацыйная схільнасць беларусаў быць сістэмнымі і нейкімі “нямецкімі”, нармальна кіраваць. Чаго ў нашых суседзяў – усходніх і паўднёвых – няма. Проста ў нас дзяржаўны апарат нармальна працуе, у аднозненне ад суседзяў. Таму сістэма, хоць не прыватызаваная, але працавала. Другая частка міфа – што “захавалі”. Ды нічога мы не захавалі! Дзе нашае станкабудаўніцтва? Ціха памерла – але ніхто не шуміць пра гэта. А дзе нашая робататэхніка? Яна памерла першая. І многія рэчы, якія ў нас былі на перадавой ступені развіцця ў Савецкім саюзе – не захаваліся.
 
А тыя, што не памерлі – скажам, завод “Інтэграл” – ці гэта шчасце, што такое захавалася?

Павел Данейка: Але яны ўжо не могуць рабіць таго, што рабілі тады. Так што не зусім “захавалася”. Захавалася збольшага тое, што мела экспартную арыентацыю – напрыклад, трактарабудаванне. Экспартныя рынкі дапамаглі ім выжыць.
 
Але ж ці вытрымлівае канкурэнцыю МТЗ сёння – з Джон Дзірам, Катэрпілерам?..

Павел Данейка: На пэўных рынках, відаць, вытрымлівае. Чаго не скажаш пра МАЗ. Гэтае прадпрыемства, відаць, уратаваць ужо немагчыма.
 
Вы за тое, каб аддаць яго КАМАЗу?

Павел Данейка: Такія рашэнні трэба прымаць, знаходзячыся ў канктэксце. Ведаючы канкурэнцыю, спецыфіку галіны. Трэба зразумець, чаму КАМАЗ праяўляе цікавасць – для яго гэта ліквідацыя канкурэнта. Я не кажу, што прадпрыемства будзе закрытае. Але расійскі рынак КАМАЗ цалкам возьме пад кантроль. І брэнд МАЗа, ясна, яны развіваць не будуць.
 

“У нас ёсць стывы джобсы” 

Тэма Вашай лекцыі – “Феномен беларускага прыватнага бізнесу”. “Феномен” – гэта правакацыя, ці кажаце так на поўным сур’ёзе?

Павел Данейка: Ніякай правакацыі. Ёсць такі гарвардскі прафесар Майкл Портэр – бацька сучаснай стратэгічнай тэорыі і аўтар канцэпцыі нацыянальнай канкурэнтназдольнасці. У яго ёсць тэзіс, што канкурэнтназдольная мадэль бізнесу – гэта сінтэз каштоўнасных установак, асэнсаваных дзеянняў і гістарычных выпадковасцяў. Прычым, асэнсаваным дзеянням ён адводзіць самую нязначную ролю. Мае заходнія партнёры ў галіне кансалцінгу са Швецыі кажуць, што беларусы – гэта “ўсходнееўрапейскія немцы”. Маіх партнёраў здзіўляе вельмі высокае значэнне якасці прадукта – між лідараў нашага бізнесу. У той жа час пра расійскі рынак даводзілася чуць ад кампетэнтных людзей, што там вельмі нізкія патрабаванні да якасці. Галоўнае – кошт, пляваць на якасць! Лідары расійскага і ўкраінскага бізнесу – гэта тыя, хто ўдачна паўдзельнічаў у прыватызацыі, атрымаў доступ да адміністратыўнага рэсурсу. Сярод іх амаль няма людзей, апантаных ідэяй бізнесу – як Стыў Джобс, Біл Гейтс, Генры Форд. У нас жа лідары бізнесу стваралі свае бізнесы з нуля. Таму на ўсіх этапах яны прызвычаіліся дбаць пра якасць, каб вытрымліваць канкурэнцыю. У нас ёсць стывы джобсы. “Санта брэмар” – яны ж атрымалі гэтыя ідэі не ў Савецкім саюзе. “Алютэх” – вытворца жалюзі, алюмініевых канструкцый – таксама. Гэта, бадай, адныя з самых буйных прыкладаў поспеху. Але ёсць і іншыя кампаніі. Поспех ацэньваецца па долі рынка, а не па аб’ёме. Большая частка беларускіх паспяховых кампаній – нішавыя. Сфакусаваныя на вузкіх сегментах, невялікіх рынках. Але міжнародных пры гэтым. Адсутнасць нармалёвай прыватызацыі выявілася цікавым чынам – самыя таленавітыя не атрымалі дасягу да самага простага заробку. І таму былі вымушаныя ствараць нешта іншае, максімальна не звязанае з дзяржавай. Гэта і ёсць тая гістарычная выпадковасць, пра якую мы казалі вышэй.
 

“Прыватны сектар адчувае востры недахоп кадраў. І гэта адна з прыкметаў нізкай эфектыўнасці эканомікі”. 

Спадар Павел, даводзілася чытаць такія дзве Вашыя думкі. Першая: нашая эканамічная мадэль сябе зжыла, патрабуе кардынальных пераменаў. Другая: на фоне Расіі ды Украіны ў нас шмат лепшы бізнес-клімат. Гэтыя дзве думкі не супярэчаць адна адной?

Павел Данейка: Не. У нас проста паралельна жывуць два эканамічныя светы. Адзін дастаткова ліберальны, стымулюе развіццё прыватнага бізнесу. І другі –кансерватыўны, жорсткі, які рэгулюе дзейнасць дзяржаўнага сектара. І далей існаванне дзяржаўнага сектара ў такім выглядзе немагчымае, яно тармазіць развіццё ўсёй эканомікі.
 
Вы казалі неяк, што калі дзяржаўныя прадпрыемствы перадаць у прыватныя рукі – яны стануць на 40% эфектыўнейшыя. Чаму гэтага не адбываецца?

Павел Данейка: Любыя змены маюць на ўвазе нейкія этапы. І першы – самы складаны: варта ўсвядоміць, што трэба змяняцца. Кожны з нас хоча быць лепшым, але мы ўсё неяк адкладаем гэта “на заўтра”. Другая задача – сфармуляваць, як ты будзеш змяняцца, што ты будзеш рабіць. А потым самае непрыемнае – гэта трэба рабіць. Кожны дзень. Любыя змены вымагаюць ломкі правіл дзеяння ад усіх удзельнікаў – а гэта цяжка.
 
Але няўжо мы такія багатыя, каб утрымліваць такую араву стратных прадпрыемстваў?

Павел Данейка: Адзін з адказаў, чаму так адбываецца, – “бо так было заўсёды”. І самы вялікі страх – гэта беспрацоўе. Гэты страх быў апраўданы для 1990-х гадоў. Сёння гэты страх абстрактны. У нас ёсць прыватны сектар, гатовы прыняць вызваленую працоўную сілу. Прыватны сектар адчувае востры недахоп кадраў. Другі момант – нашыя беспрацоўныя едуць у Расію. І трэці момант – у нас дэмаграфічны крызіс, выкід працоўнай сілы ў найбліжэйшыя гады на рынак будзе вельмі невялікі.
 
Тым людзям, якія не здолеюць патрапіць на лекцыю, якую важную думку вы хацелі б данесці ў некалькіх фразах?

Павел Данейка: Самая кароткая: трэба любіць сваю краіну. І разумець, што краіна – гэта нешта вялікае і надоўга. Мы неяк настолькі прызвычаіліся лаяць сябе… У нас тыя, хто кажа нешта добрае пра краіну, адразу атрымліваюць палітычную ацэнку. Але што тут такога? Калі Азаранка – першая ракетка свету. Малайцы беларусы! Давайце ганарыцца тымі людзьмі, якія ўмеюць нешта рабіць. У нас у бізнесе таксама ёсць азаранкі. Проста не ўсе хочуць, каб іх ведалі.

Фота з архіва Паўла Данейкі
 
Ваш пэўны аптымізм апаненты і сапраўды могуць ўспрыняць як рэверансы.

Павел Данейка: Аднойчы на мяне за гэта наехаў палітолаг Раман Якаўлеўскі. Але. Штогод мы робім апытанне каля 400 кампаній, доволі аб’ёмістая анкета. Што думае бізнес, як успрымае змены. У нас 75 чалавек праходзіць праз праграму “Лідары бізнесу” MBA. Яшчэ недзе 20-25 уласнікаў бізнесу – на іншай праграме. Таму мая думка грунтуецца на эмпірыцы, вялікіх даследваннях. На чым грунтуецца думка, што мая думка памылковая? У выніку мы маем у прэсе меркаванні некаторых людзей, якія лічаць, што “ўсё ў гэтай краіне не так”. І апошнія 20 год яны жывуць у чаканні, што эканоміка навярнецца. Але разбурыць эканоміку вельмі складана: людзям уласціва, як коткам, падаць на 4 лапы.
 
Такім чынам,
Лекцыя Паўла Данейкі
“Феномен беларускага прыватнага бізнесу”
31 студзеня, 18.30, галерэя “Ў”
Уваход вольны!