Нягледзячы на тое, што па Канстытуцыi ў Беларусi дзве мовы (руская i беларуская) з"яўляюцца дзяржаўнымi, у рэальным жыццi адна з iх вiдавочна дамiнуе. Дзiўна, але ў Беларусi большасць насельнiцтва ўжывае не беларускую мову, а "русский язык". Чаму так адбываецца? Над гэтым пытаннем разважае старшыня Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны Алег Трусаў.
 
Даведка
 
Алег Трусаў нарадзiўся 7 жнiўня 1954 года ў Мсцiславе (Магiлёўская вобласць). У 1976 годзе скончыў гiстарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта. З 1976 па 1992 год працаваў у Беларускiм рэстаўрацыйным праектным iнстытуце загадчыкам аддзела комплексных навуковых даследаванняў. З 1996 па сакавiк 1998 года - дэкан факультэта бiблiятэчна-iнфармацыйных сiстэмаў Беларускага унiверсiтэта культуры. Зараз дацэнт кафедры гiсторыi Беларусi i музеязнаўства. У 1990-1996 гады - дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склiкання. Адзiн з заснавальнiкаў БНФ. У 1999 годзе абраны старшынёй Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны. Мае некалькi манаграфiй i больш за 150 навуковых прац па археалогii i гiсторыi архiтэктуры. У 1981 годзе абаранiў кандыдацкую дысертацыю.
 
— Што наогул адбывалася з беларускай мовай з таго часу, як Беларусь атрымала сваю незалежнасць?
 
— На мой погляд, можна вызначыць тры перыяды. Першы - 1991-1995 гг. Тады быў прыняты закон аб адзiнай дзяржаўнай мове. Беларуская мова мела шырокае распаўсюджанне. У 1995 годзе адбыўся сумнавядомы рэферэндум. (Перад гэтым група дэпутатаў, у якую уваходзiў i Алег Трусаў, пачала ў Вярхоўным Савеце галадоўку. Яны пратэставалi супраць планаў Аляксандра Лукашэнкi правесцi рэферэндум па пытаннях iнтэграцыi з Расiяй. Але ўлады разагналi яе. - А. З. ) Змянiлася беларуская гiстарычная сiмволiка, расiйскай мове надалi статус дзяржаўнай… Толькi тады Расiя стала дапамагаць Лукашэнку. Такiм чынам беларускую мову абмянялi на танныя расiйскiя газ i нафту.
 
1995 - 1999гг. - беларуская мова знаходзiлася ў вялiкiм крызiсе. Адбывалася вялiкае насаджэнне "великого и могучего". Калi я ўзначалiў ТБМ, то на яго рахунку было шмат запазычанасцяў, вiселi вялiзныя штрафы… Але нам усё ж удалося з дапамогай эмiгрантаў гэтыя пытаннi вырашыць. Больш за тое, напярэдаднi перапiсу насельнiцтва мы правялi добрую iнфармацыйную кампанiю, у якой нагадалi людзям пра родную мову. У вынiку аказалася, што нягледзячы на ўсе перашкоды, 37% беларусаў дома размаўляюць на беларускай мове, 74% беларусаў лiчаць беларускую мову сваёй роднай. Гэтыя лiчбы ўлады хацелi неяк схаваць, але мы дабiлiся, каб iх агучылi. Вось тады я зразумеў, што беларускую нацыю нiколi не знiшчыць.
 
У апошнiя гады павялiчваецца iнтарэс да беларускай мовы. Аб гэтым сведчыць той факт, што ў гэтым годзе на тэсцiраваннi беларускую мову абралi на 12 тысяч больш абiтурыентаў, чым рускую. Змянiлася ў грамадстве i само стаўленне да беларускай мовы. Калi напрыканцы 80-х - пачатку 90-х за гутарку па-беларуску ў гарадскiм транспарце маглi i па мордзе даць, абазваць нацыяналiстам, то зараз могуць нават бясплатна падвезцi ў таксоўцы.
 
- Але колькасць беларускамоўных школаў i класаў з кожным годам скарачаецца. Па дадзеных за мiнулы год па-беларуску навучалася каля 20% ад усёй колькасцi вучняў…
 
 
  - Гэта так. Але лiквiдуюць беларускамоўныя школы i класы на вёсцы. Вёска вымiрае, таму i закрываюцца школы. Трэба адзначыць, што раней беларуская мова асацыявалася пераважна з вёскай. У апошнi час наша мова стала больш элiтнай, гарадской. Але менавiта горад вырашае лёс краiны, тое, у якiм накiрунку рухацца ўсёй дзяржаве. Таму я з аптымiзмам гляджу на далейшае развiццё беларускай мовы.
 
 
- Тым не менш, шмат хто прадказвае заняпад мове…
 
 
- Беларус размаўляе на мове свайго начальства. Калi прэзiдэнт пачне размаўляць на беларускай мове, то праз паўгода чыноўнiкi нiжэйшага рангу будуць размаўляць таксама на матчынай мове. А праз 2-3 годы i ўсё насельнiцтва абярэ для зносiн беларускую мову.
 
"Калi напрыканцы 80-х - пачатку 90-х за гутарку па-беларуску ў гарадскiм транспарце маглi i па мордзе даць, абазваць нацыяналiстам, то зараз могуць нават бясплатна падвезцi ў таксоўцы".
 У апошнi час я шмат кантактую з чыноўнiкамi ў глыбiнцы. I адчуваю падтрымку. Сёння на мясцовым узроўнi да ўлады прыходзяць маладыя людзi, якiм па 35-40 гадоў. Яны слаба памятаюць савецкi рэжым, у iх мысленне зусiм iншае.
 
 
- Мiж iншым, iснуе канфлiкт памiж прыхiльнiкамi "тарашкевiцы" i "наркамаўкi". Як вы ставiцеся да гэтай праблемы?
 
 
- Нiякай праблемы цi канфлiкту я не бачу. Такiм чынам моладзь "прыкалваецца". Ну i хай сабе "прыкалваецца"! Толькi б па-беларуску. Навукоўцы нiколi не будуць гаварыць "плян" або "фiлязофiя".
 
"Тарашкевiца" - гэта не мова, гэта адзiн з варыянтаў беларускага правапiсу. Для мяне няма асаблiвай рознiцы памiж рознымi вiдамi правапiсу. Усе яны - наша культурная каштоўнасць. На маю думку, з цягам часу мы прыйдзем да адзiнага правапiсу. Але гэта адбудзецца не раней, чым праз 20 гадоў.
 
Я заўсёды выступаю за рэформу "наркамаўкi". Трэба замянiць рускiя словы на выключна беларускiя. Згодны з тым, што трэба яшчэ з дапамогай мяккага знака дадаць словам мяккасцi. I мы атрымаем мiлагучную беларускую мову!
 
- Акрамя таго, беларуская мова стала занадта палiтызаванай. Тых, хто размаўляе па-беларуску, адразу залiчваюць у разрад апазiцыi…
  
"Калi прэзiдэнт пачне размаўляць на беларускай мове, то праз паўгода чыноўнiкi нiжэйшага рангу будуць размаўляць таксама на матчынай мове".
- Справа ў тым, што гэта адбылося не па iнiцыятыве беларускамоўных людзей. Не яны надалi гэтай з'яве палiтычнае адценне. Улады пакiнулi беларускую мову без падтрымкi, сталi замiнаць яе развiццю i гэтак далей. У людзей узнiк ўнутраны супрацiў.
 
- Нядаўна Палата прадстаўнiкоў прыняла праект закона аб правапiсе беларускай мовы. Было выказана шмат меркаванняў на гэты конт. Цi сапраўды ён заслугоўвае столькi ўвагi, бо значных змен не адбылося?
 
- Гэты праект закона нi кепскi, нi добры. У "нескладовае" будзе больш ужывацца, камунiстычныя назвы будуць пiсацца праз "а". З вялiкай лiтары трэба будзе пiсаць назвы пасад, дзяржаўнай сiмволiкi. Адны выключэннi замянiлi на другiя. Але мне, на самой справе, усё гэта вельмi смешна. Мне падаецца, што ўлады разгубiлiся i выдалi гэты закон, бо дзяржава нарэшце заўважыла сярод моладзi iнтарэс да беларушчыны. Сваiм законам дзяржава хоча ўнесцi блытанiну ў беларускi правапiс i тым самым адбiць у моладзi ахвоту карыстацца беларускай мовай.
 
- Зараз па-ранейшаму ўзнiкаюць сiтуацыi, калi начальства аблайвае сваiх падначаленых за тое, што яны размаўляюць на беларускай мове. Што б Вы параiлi рабiць у такiх выпадках?
  
"Беларускую мову абмянялi на танныя расiйскiя газ i нафту".
- Нiколi не навязвайце сваю мову. Можна паказаць кiраўнiцтву адпаведныя артыкулы Канстытуцыi i Закона "Аб мовах", можна зрабiць адпаведны запiс аб парушэннi правоў у "Кнiзе скаргаў i прапаноў". Таксама можна звярнуцца з гэтым пытаннем у адпаведную пракуратуру. Але, на мой погляд, у большасцi выпадкаў канфлiкты памiж беларускамоўным супрацоўнiкам i кiраўнiцтвам прадпрыемства ўзнiкаюць з-за асабiстых адносiнаў памiж гэтымi людзьмi, а мова тут выступае толькi як нагода.
 
- Вы працуеце яшчэ i выкладчыкам. Як студэнты ставяцца да таго, што вы вядзеце свае заняткi па-беларуску?
 
 
- Хтосьцi з выкладчыкаў на першым занятку пытаецца ў студэнтаў, на якой мове iм лепей чытаць лекцыi. Я гэтага нiколi не раблю. Канешне, нехта можа ўстаць i сказаць, што ён не разумее беларускай мовы. Я ў адказ пытаюся: "А ты што, такi неразумны, што не хочаш вывучыць яшчэ адну мову?" Усе: "Га-га-га…" Студэнт саромеецца i больш пытанняў не задае. А куды дзецца? Канспект лекцый на беларускай мове…
 
- ТБМ у апошнi час удалося зрабiць шмат вялiкiх спраў. З вашай нагоды на беларускую мову перакладаюцца дакументы, на роднай мове пачаў "размаўляць" грамадскi транспарт. З якiмi цяжкасцямi вам прыходзiцца сутыкацца? Цi заўсёды знаходзiце паразуменне?
 
"Сваiм законам дзяржава хоча ўнесцi блытанiну ў беларускi правапiс i тым самым адбiць у моладзi ахвоту карыстацца беларускай мовай".
- Цяжкасцi ёсць у кожнай справе. У нас сiтуацыя на сiтуацыю не падобна. Бывае, усе пытаннi хутка вырашаюцца, а бывае не можам дамовiцца з чыноўнiкамi. Тады падключаем грамадзян, збiраем подпiсы, шукаем падтрымкi. I як правiла, улады задавальняюць нашыя прапановы. Вось, напрыклад, у электрычках усе аб"явы пачалi рабiць па-беларуску. Але для гэтага нам спатрэбiлася сабраць дзесяткi тысяч подпiсаў, дабiцца рашэння Канстытуцыйныга суда.
 
Шмат чаго ў першую чаргу залежыць ад самiх людзей. Вось самы апошнi прыклад з Бярозы. Мясцовы жыхар захацеў, каб ягоны сын вучыўся ў беларускамоўным класе. Але на той момант ў Бярозе не было такiх. Зразумела, што чыноўнiкi дзеля аднаго вучня адкрываць асобны клас не будуць. Мiж тым кожны беларус мае канстытуцыйнае права на "свабоду выбару мовы навучання". Таму я параiў чалавеку, куды трэба напiсаць адпаведныя звароты: Генеральная пракуратура, Канстытуцыйны суд… Пасля гэтага на месцы адбыўся перепалох, i быў створаны беларускамоўны першы клас. Акрамя таго, ад бацькоў было пададзена яшчэ каля 15 заяваў. Iх заманiлi тым, што акрамя беларускай мовы, iх дзецi будуць вывучаць i англiйскую. Такiм чынам, упершыню за 10 гадоў у Бярозе з"явiўся беларускамоўны клас. Гэты выпадак паказвае, што нягледзячы на ўсе цяжкасцi ў людзей жыве iнтарэс да беларускай мовы.
 
Аляксандр Заяц
{banner_819}{banner_825}
-10%
-10%
-20%
-10%
-50%
-10%
-10%
-20%
-10%
0062471