• Другие новости

Кругозор


Што такое пячатка і герб горада? Калі ўзнікае патрэба ў іх? Калі наш Мінск атрымаў гэтыя сімвалы і якая прырода іхняга ўзнікнення, як жыве і выкарыстоўваецца галоўны сімвал горада сёння? 18 лютага адмыслоўцы «Клуба гісторыі Мінска» раскажуць, як змяняўся герб сталіцы з цягам часу і як ён выкарыстоўваецца сёння ў віртуальнай і візуальнай прасторах горада.

На галоўныя пытанні пра сімвал горада дапаможа адказаць вядомы гісторык і геральдыст Анатоль Кірылавіч Цітоў. Арганізатарамі сустрэчы выступаюць МГА «Гісторыка», Клуб «Мова TUT» і Галерэя TUT.BY.

Як сведчаць старадаўнія дакументы, у 1591 годзе Мінск атрымаў герб. Гэтая дата — сапраўдны прадмет гонару мінчан, бо па канонах геральдыкі лічыцца, чым больш старажытны герб, тым болей павагі да яго ўладальніка.

Гарадскі герб адлюстроўваўся перш-наперш на пячатцы органа гарадскога самакіравання — магістрата, гарадскіх харугвах і г. д. З 1591 г. на пячатцы з’яўляецца выява «панны Марыі» і надпіс sigillum civitatis minscunsis — «пячатка горада Мінска».
На працягу стагоддзяў пячаткі змяняліся, адбываліся змены ў стылістыцы выяў, але асноўны сюжэт заставаўся адным і тым жа.

На сустрэчы Клуба гісторыі Мінска паспрабуем разам адказаць на пытанні, чаму паўнавартасны герб фіксуецца на афіцыйных дакументах толькі праз стагоддзе ад моманту атрымання Магдэбургскага права, а таксама як змяняліся рысы і стылістыка герба, чым адрозніваецца сучасны герб Мінска ад таго, які размешчаны над парталам касцёла Святых Сымона і Алены, як жыве наш гарадскі сімвал сёння.

Запрашаем ахвочых а 19-й у чацвер, 18 лютага, у Галерэю TUT.BY (ст. м. «Міхалова», праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх). Уваход вольны!