Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Кругозор


14 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага вучонага-гісторыка, археографа, этнографа, краязнаўцы Мікалая Улашчыка. Сваё жыццё ён прысвяціў вывучэнню гістарычнай мінуўшчыны роднага краю і ўнёс значны ўклад у развіццё нацыянальнай гістарычнай навукі.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык, 1970-я год

Улашчык займае адно з самых пачэсных месцаў сярод вядомых вучоных-гiсторыкаў, археографаў, краязнаўцаў, культуролагаў не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Бацькі вучонага Мікалай Феліцыянавіч і Соф’я Іосіфаўна

Ён нарадзiўся ў вёсцы Вiцкаўшчына Дзяржынскага раёна Мiнскай вобласцi ў сялянскай сям’i. З дзяцiнства цягнуўся да кнiгi — у гэтым была пэўная заслуга бацькi, якi многа i з задавальненнем чытаў, чым здзiўляў аднавяскоўцаў, i прывучаў да кнiгі дзяцей.

Калі яму было сем гадоў бацькі накіравалі хлопчыка ў школу ў Самахвалавічы, далей у вышэйшае пачатковае вучылішча ў Мінску.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Аўтабіяграфіі. 1948, 1955 гады

Мiкалай Улашчык успамiнаў: «У 1919 годзе у Мiнску (ведаю гэта пра дзве, у другой працавала Мядзёлка) школы былi зроблены беларускiмi, у адной якраз быў я. Да нас ужо пад канец 1919 года прышоў настаўнiк у кароткiм кажушку i пачаў гаварыць па-беларуску, пачаў выкладаць мову па граматыцы Тарашкевiча. Мы пачалi чытаць „Родныя з’явы“ Коласа i „Дыяменты беларускай лiтаратуры“ (здаецца так) Фарботкi. <…> Адсюль i пайшло захапленне беларускай лiтаратурай, а далей i гiсторыяй. Пэўна, у гэты час я несвядома яшчэ i стаў гiсторыкам».

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Браты і сёстры. Сядзяць (злева направа): Канстанцін, Вольга, Мікалай. Стаяць: Ніна, Павел. 1920-я гады

Таксама ён узгадваў: «У апошнiм класе школы адзiн з вучняў спытаў мяне, куды я збiраюся iсцi пасля школы. Я здзiвiўся. Куды яшчэ можна iсцi як не на гiстарычнае аддзяленне унiверсiтэта. Усё ж iншае (уключаючы мову, лiтаратуру, фальклор, дарэчы, у той час я не ведаў, што такое фальклор) здавалася не тое што нецiкавым, але гiсторыя Беларусi не мае ў сэнсе цiкавасцi нiчога роўнага».

У 1924 годзе, па заканчэнні 2-й мінскай вячэрняй школы для дарослых, Улашчык паступiў на сацыяльна-гiстарычнае аддзяленне педагагiчнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1929 годзе. Яго настаўнiкамi былi вядомыя вучоныя Уладзімір Пiчэта, Мітрафан Доўнар-Запольскi, Дзмітрый Даўгяла.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Дыплом аб заканчэнні сацыяльна-гістарычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 1929 год

Падчас вучобы ва ўнiверсiтэце Улашчык быў адным з арганiзатараў краязнаўчага гуртка, а пасля — i Краязнаўчага таварыства.

Юныя краязнаўцы з настаўнiкамi ажыццяўлялi археалагiчныя экспедыцыi па гiстарычных мясцiнах Беларусi. Так, у 1926 годзе Улашчык разам са сваiм сябрам Сцяпанам Шутавым праводзiў археалагiчныя доследы на Свiслачы, у 1927 годзе ўдзельнiчаў у комплекснай экспедыцыi Краязнаўчага таварыства ўнiверсiтэта ў Тураўскi раён, у 1928−1929 гадах быў на раскопках палеалiтычнай стаянкi ў Бердыжы, даследаваў быт у беларускiх вёсках.

Паралельна з вучобай ва ўнiверсiтэце Улашчык працаваў у Дзяржаўнай бiблiятэцы імя Уладзіміра Леніна (цяпер — Нацыянальная бібліятэка Беларусі) бiблiятэкарам i сакратаром Беларускай кнiжнай палаты, прымаў удзел у заснаваннi «Летапiсу беларускага друку».

У 1929 годзе з’явiлася яго першая навуковая публiкацыя пад назвай «Беларускi друк у 1927−1928 гадах».

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык. «Краязнаўства. (Нататкі пра бадзянні ў 1924−1929 гадах)». Аўтограф. 1930-я гады

Пасля ўнiверсiтэта Улашчыка прызвалi на вайсковую службу ў Ленiнград. Там жа маладога гісторыка арыштавалі па абвiнавачваннi ў кiраўнiцтве маладзёжным цэнтрам не iснуючага «Саюза вызвалення Беларусi» i асудзілі на пяцігадовы тэрмін з высылкай у горад Налiнск.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык, 1936 год

У 1939 годзе пасля ссылкі вярнуўся ў Ленiнград і уладкаваўся настаўнiкам у школе, марыў аб аспірантуры, нават здаў экзамены, але яго зноў арыштавалі i ў 1941 годзе выслалі ў горад Златавуст.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык, 1940 год

Адтуль Улашчык вярнуўся моцна, амаль безнадзейна, хворым. Родным давялося прыкласці вялікія намаганні, каб вывесцi яго з гэтага стану.

Нягледзячы на усе складанасці, Улашчыку давялося здзейсніць сваю мару: у 1943 годзе ён паступае ў аспiрантуру пры Iнстытуце гiсторыi Акадэмii навук СССР, а ў 1947 годзе паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю з прысуджэннем вучонай ступені кандыдата гiстарычных навук. Па рэкамендацыi Уладзіміра Пiчэты Улашчык пачаў працаваць выкладчыкам на гiстарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Даведка аб вучобе ў аспірантуры пры Iнстытуце гiсторыi АН СССР і характарыстыка Мікалая Улашчыка. 1947, 1948 гады
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Выпіска з пратакола пасяджэння вучонага савета Інстытута гісторыі АН СССР аб прысуджэнні Мікалаю Улашчыку вучонай ступені кандыдата гістарычных навук і асабісты лісток па ўліку кадраў. 1947, 1948 гады
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
З жонкай Наталляй і сынам Аляксандрам, 1949 год

Але лёс рыхтаваў вучонаму новыя выпрабаваннi. У 1950 годзе яго зноў арыштавалі, асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волi i этапавалі ў Марыiнскi лагер.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Хадайніцтвы жонкі вучонага Наталлі Шамарынай адносна перагляду судовай справы Мікалая Улашчыка. 1950, 1954 гады
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык, 1953 год
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Даведкі аб рэабілітацыі. 1955, 1965 гады

I толькi ў 1955 годзе пасля датэрмiновага вызвалення Улашчык узнавiў навуковую дзейнасць, пачаў працаваць у Iнстытуце гiсторыi СССР АН СССР.

У 1964 годзе абаранiў доктарскую дысертацыю на тэму «Сельская гаспадарка Лiтвы i Заходняй Беларусi ў першай палове ХIХ ст.», якую ў 1965 годзе выдалі як манаграфiю пад назвай «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 года ў Лiтве i Заходняй Беларусi».

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык, 1960-я гады

Мікалай Улашчык — аўтар прац па пытаннях сацыяльна-эканамiчнага развiцця класавай барацьбы на Беларусi i ў Лiтве, археаграфii i крынiцазнаўству гiсторыii Беларусi дакастрычнiцкага перыяду, праблемах беларуска-літоўскага летапісання, этнаграфіі і фалькларыстыкі.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Навуковыя працы Мікалая Улашчыка. 1965, 1973, 1985 гады

Шмат гадоў аддаў Мiкалай Улашчык вывучэнню беларуска-лiтоўскiх летапiсаў. У 1966 годзе пераклаў на рускую мову i выдаў «Хронiку Быхаўца».

Амаль дзесяць гадоў вучоны-даследчык рыхтаваў да выдання два тамы «Поўнага збору рускiх летапiсаў», у якiх былi сабраны ўсе вядомыя беларуска-лiтоўскiя хронiкi. Даследчыкi творчасцi вучонага лiчаць падрыхтоўку да выдання 32 i 35 тамоў «Поўнага збору рускiх летапiсаў», сапраўдным навуковым подзвiгам. Калі б Улашчык падрыхтаваў да выдання толькі гэтыя два тамы, то ўжо было б дастаткова, каб яго імя з удзячнасцю ўспаміналі нашчадкі.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Карэктура 35 тома поўнага збору рускіх летапісаў з рукапіснымі праўкамі Мікалая Улашчыка. 1974 год

Увогуле, творчая дзейнасць Улашчыка шматгранная. Ён быў таленавiтым этнографам i фалькларыстам. Усё жыццё збiраў матэрыялы пра родную вёску Вiцкаўшчыну, напiсаў аб ёй гiсторыка-этнаграфiчны нарыс.

У прадмове да кнігі вучоны адзначаў: «Книгу начал писать студентом в 1926 году, закончил в 1976 году. Написана она в основном по личным наблюдениям, затем по опросам жителей деревни и, в небольшой мере, по архивным данным. Пока это единственный опыт создания истории одной деревни за определенный период времени, попытка изобразить хозяйство и бытовые условия в деревне в их эволюции за последние 35 предреволюционных лет…».

Выданне гэтай манаграфіі адклалі, і толькі ў 1989 годзе, на жаль, ужо пасля смерці вучонага, кніга ўбачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пад назвай «Была такая вёска».

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык. «Была такая вёска». Гісторыка-этнаграфічны нарыс, 1989 год
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Ілюстрацыі да кнігі «Была такая вёска», 1980-я гады

Многія творы Улашчыка, такія як «Хроніка», успамiны пра Янку Купалу, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Пічэту, Мітрафана Доўнар-Запольскага, Сцяпана Баркоўскага, пра перыяд вучобы ў БДУ у 1924 — 1925 гадах, можна аднесцi да мемуарыстыкi. Напісаны яны ярка, цікава.

У свой час Уладзімір Караткевіч, заўважыўшы літаратурны талент Мікалая Улашчыка, параіў яму абавязкова паспрабаваць сябе ў мемуарным жанры. У адным з лістоў да Улашчыка ён адзначаў: «…Мяркуючы па тым, што Вы напiсалi ў лiсце да мяне, Вашы асабiстыя ўcпамiны былi б значна цiкавей. Дальбог, напiсалi б! Мемуарная лiтаратура ў нас у зародышы, практычна зусiм яе няма. А што гэта за лiтаратура без мемуараў? Камусьцi трэба пачынаць. Вось Вы i пачнiце. Чалавек Вы разумны, вiдалы, зычлiвы, разбiрацца ў людзях умееце. Можа атрымацца дужа цiкавая рэч».

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
«Об участии в «пичетниках». Адказы на пытанні анкеты і ўспаміны аб вучобе ў БДУ, 1981, 1982 гады

Таленавiты вучоны, чалавек энцыклапедычных ведаў, адметная асоба, Улашчык шчодра дзялiўся вопытам з маладымi вучонымi Беларусi, вёў шырокую перапiску. У ёй паўстае вялікім знаўцам беларускай літаратуры, сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, чалавекам, занепакоеным станам айчыннай навукі і культуры, беларускай мовы, аховай гістарычных помнікаў.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Дакументы аб дзейнасці ў якасці кансультанта БелСЭ, 1968−1973 гады
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык, 1977 год
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
З перапіскі з афіцыйнымі ўстановамі па пытаннях захавання архіўных матэрыялаў і перадачы будынка на Цэнтральнай плошчы Мінска Музею гісторыі Вялікай айчыннай вайны, 1966 год
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Віншавальны адрас беларускіх археолагаў, 1981 год
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Сяброўскі шарж мастака Алеся Марачкіна, 1977 год

Мікалай Улашчык пайшоў з жыцця 14 лістапада 1986 года. На жаль, лёс вучонага склаўся так, што яму не дазволiлi працаваць у Беларусi, але сэрцам і думкамі ён назаўсёды быў звязаны з роднай Бацькаўшчынай. Гэтаму была падпарадкавана і яго навуковая і творчая дзейнасць.

Улашчык, як сапраўдны вучоны, клапацiўся пра сваю рукапісную спадчыну, каштоўныя матэрыялы, назапашаныя гадамi, хацеў, каб яны трапілі на радзіму, захоўваўваліся ў Акадэмii навук Беларусi.

Яшчэ пры жыццi ён перадаваў, перасылаў, а часам i сам прывозiў у акадэмічную бiблiятэку тое-сёе са сваіх рукапісаў. Пасля смерцi яго сын выканаў волю бацькі - разам з рукапісным архівам Мікалая Улашчыка ЦНБ НАН Беларусі атрымала кнігі з яго хатняй бібліятэкі з дароўнымі подпісамі вядомых пісьменнікаў, паэтаў, культурна-грамадскіх дзеячаў.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Экслібрыс Мікалая Улашчыка і кнігі з дароўнымі надпісамі Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, 1973, 1977 гады
Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Кнігі з дарчымі надпісамі Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча. 1975, 1985 гады

Каштоўная творчая спадчына Улашчыка з’яўляецца шырокай крыніцазнаўчай базай для гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў.

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
Мікалай Улашчык. «Краязнаўства», «Выбранае», 1999 год, 2001 год

На Беларусь Мікалай Улашчык вярнуўся сваімі працамі, вучнямі, паслядоўнікамі. На надмагільным камяні на Чыжоўскіх могілках, дзе пахаваны яго прах, выбіты словы Янкі Купалы: «Мне сняцца сны аб Беларусі…».

Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, TUT.BY
На радзіме ў Віцкаўшчыне, 1977 год

Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

Чытайце таксама:

Рукапісы не гараць. Лёс беларуса, які чатыры разы прымаў удзел у сесіях Генеральнай Асамблеі ААН

«Рукапісы не гараць». Як знакамітага вучонага пазбавілі партбілета і прынялі да ўдзелу ў вытворчасці шампанскага

«Рукапісы не гараць». Рэдкія дакументы пра вайну ад 11 знакамітых беларускіх пісьменнікаў