Политика
Экономика и бизнес
Общество
В мире
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Популярное

Кругозор


Галина Шпаковская,

У Людмілы Гагалінскай з Верхнядзвінска — незвычайная кватэра. Адзін пакой упрыгожваюць самавары, прасы, ступкі, бязмены, патэфонныя пласцінкі, іншыя побытавыя рарытэты мінулага стагоддзя. Частку з гэтага збору гаспадыня перадала ў мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей. У другім пакоі і пярэдняй сабрана процьма званочкаў. Яны — галоўнае захапленне Людмілы Васільеўны.

Іх ужо 700. Гэта, як кажуць спецыялісты, эклектычны збор, але такая яго стракатасць дае ўяўленне пра фантастычную разнастайнасць званочкаў. З металу, фарфору, керамікі, крышталю, шкла, дрэва; падвесныя і настольныя; пакаёвыя, рытуальныя, сігнальныя, дэкаратыўныя; самых неймаверных абрысаў і з усяго свету.

— Званочкі мне падабаліся з маленства, а да збірання падштурхнуў інтэрнэт. Уражвае іх традыцыйная прыгажосць і сучасная мудрагелістая аздоба — з маляванымі і скульптурнымі выявамі знакамітасцей, геральдычных сімвалаў, архітэктурных славутасцей, прадстаўнікоў флоры і фаўны і шмат чаго іншага. Захацелася не толькі любавацца гэтым цудам, але і мець магчымасць патрымаць у руках, цешыцца мілагучнасцю. Як пісаў некалі Пётр Вяземскі: «Колокольчик звонко плачет, и хохочет, и визжит», — расказвае Людміла Гагалінская.

Калекцыянер набывала званочкі на інтэрнэт-аўкцыёнах, падчас адпачынку ў розных краях, на выставах, фестывалях у Беларусі. А частка — падарункі. Зараз родзічам і сябрам Людмілы Васільеўны не трэба ламаць галаву наконт гэтага. Вязуць з камандзіровак, турыстычных паездак. Напрыклад, на дзень нараджэння зяць парадаваў цешчу крышталёвым аўстрыйскім званочкам са стразамі Свароўскі. Колішні калега, краязнаўца Антон Бубала, якому пашчасціла гасцяваць на Мальце, прапанаваў экзэмпляр, увянчаны фірменным крыжыкам таямнічага ордэна.

Званочкі з выявамі цэркваў набыты у вядомых расійскіх манастырах, на праваслаўных выставах. У выглядзе цацачных прасаў, матрошак або лялек з сінім гжэльскім роспісам, Дзядоў Маразоў, казачных герояў - таксама расійскія. З партрэтамі Аляксандра Пушкіна і яго жонкі Наталлі Ганчаровай прывезены з Міхайлаўскага, царкоўная міні-званарня — яшчэ за савецкім часам з Ноўгарада.

Са скульптурнымі фігуркамі Дон Кіхота і Хрыстафора Калумба — іспанскія званочкі, брусельскага фантана «Пісаючы хлопчык» — бельгійскі, Напалеона — згадка пра вайну 1812 года. У выглядзе капелюша палісмена — англійскі, з выявай Неферціці - егіпецкі, жанчыны ў чадры — з Арабскіх Эміратаў, гусей — японскі, аздоблены эмаллю — непальскі. З гумарам выкананы званочак на тэму фестывалю двайнікоў Элвіса Прэслі. Прысвечаныя кожнаму месяцу года — нямецкія, рытуальныя — індыйскія.

Дзівосную «Кветкавую» серыю з фарфору склалі айчынныя, італьянскія (з феямі і анёламі), кітайскія, шэрагу ўсходніх краін экзэмпляры. Вельмі ўражвае камплект металічных званочкаў ў выглядзе паненак, апранутых у вытанчаныя бальныя строі. Прыкметную частку збору складаюць амерыканскія званочкі на самыя розныя тэмы. Яскрава прадстаўлены Багамы, Балгарыя, Ганконг, Галандыя, Канада, Крым, Латвія, Польшча, Францыя, Чэхія, Швецыя, іншыя краіны.

Вось званок пад назвай «Поліфанія». Тыя, што з горнага крышталю, гучаць тоненька, празрыста. А драўляныя — безгалосыя, выконваюць выключна дэкаратыўную функцыю, хаця таксама прывабных формаў і аздобы. Людміла Васільеўна сабрала шэраг аўтарскіх работ гэтай «намінацыі».

Самы буйны званок ў народзе ахрысцілі баталам. У верхнядзвінскую калекцыю трапіў яго баварскі варыянт. Еўрапейскія сяляне прывязвалі такія на шыю хатняй жывёле, нешта падобнае боўталася і на нашых конях падчас начнога выпасу або на збрадлівых каровах. З развіццём турызму замежныя баталы займелі сувенірнае прызначэнне — іх фантазійна аздабляюць, надпісваюць. Ідэя, вартая пераймання.

— Калі я кіравала «Клубам цікавых сустрэч» пры раённай бібліятэцы, то некалькі разоў мы былі на экскурсіях у Нясвіжы. Падчас першых паездак не ўбачыла там ніводнага сувенірнага званочка. А пару гадоў таму прыемна ўразілася шырокім выбарам і прывезла прыгожую серыю, прысвечаную Нясвіжу і Міру. У Мінску зараз багаты асартымент. Абавязкова папаўняю свой збор і ў "Горадзе майстроў" на «Славянскім базары». Сачу за творчасцю землякоў, — працягвае экскурсію па звонкай экспазіцыі збіральніца, паказваючы керамічныя вырабы Верхнядзвінскага і Гарадоцкага дамоў рамёстваў, з пейзажамі - Чашніцкага.

А вось старадаўнія вясельныя шархуны, якія дасталіся гаспадыні ў спадчыну. На кальцы іх тузін — розныя памерам і «галасамі». Ёсць і адзінкавыя, каб чапляць пад дугой.

Недасягальнай марай Людміла Васільеўна лічыць бронзавыя званочкі. Кажа, незвычайнай прыгажосці, але надта дарагія, з пенсіі не купіш. Ды нічога, ёсць яшчэ нямала адметнага і па танным кошце.

— Часам чую: «Во, захламіла кватэру!» А я радуюся свайму захапленню. Гэта ж колькі новага, цікавага даведваешся, збіраючы званочкі. Іх гукі дораць станоўчыя эмоцыі і адганяюць дрэнныя. А калі б зазванілі ўсе адразу — вось было б хараство!


Комментарии с форума