Тамара Пашкевич,

Пра папулярнасць штогадовага спаборніцтва рыбаловаў-аматараў у Браславе сведчаць колькасць і геаграфія ўдзельнікаў.

Месца сустрэчы было традыцыйным — турстаянка «Окменіца» на возеры Струста. Да 7 гадзін раніцы зарэгістраваўся 41 чалавек. Паспытаць свайго шчасця ў лоўлі шчупака, акрамя мясцовых жыхароў, пажадалі аматары спінінга з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Мінска, Гродна, Рагачова, Оршы, а пасля гадавога перапынку — і суседзі-латышы.

Здавалася, што на гэты раз надвор’е супраць рыбаловаў: з неба сыпаў дробны восеньскі дождж, у шэрай смузе хаваліся берагавыя арыенціры. Але праз колькі гадзін вецер разагнаў хмары, выглянула сонейка, стала па-летняму цёпла. Нават тыя, у каго не было клёву, з задавальненнем бавілі час.

Суддзі адразу вызначылі, што сёлета рыбаловам пашчасціла, улоў атрымаўся багацейшы, чым летась. Гэта пацвер­дзіла і ўзважванне кожнага шчупака асобна і ўсёй рыбы ў цэлым. Судзейская брыгада канстатавала, што сярод 16 каманд самымі ўдачлівымі аказаліся медыкі райбальніцы — іхні агульны вынік 9,2 кг. Другой стала зборная жыллёва-камунальнай службы. Трэцяе месца — у каманды Шаркаўшчынскага райаддзела МНС.

У асабістым заліку перамог Алег Міхалёнак з Рагачова, другім стаў браслаўчанін Ігар Козел, трэцюю прыступку заняў Аляксандр Кох з Гродна.

Нездарма кажуць, што ўдача — дама капрызная, шчасліўцам робіць не кожнага. Вось і браслаўчанін Мікалай Матрунёнак лічыць, што сёлета фартуна ад яго адвярнулася. Спачатку парвалася леска, потым не змог выцягнуць з вады шчупака — зламаўся спінінг.

Вырашыў накіравацца на бераг і на ўсялякі выпадак закінуў вуду. У гэты момант і трапіў на яе кручок шчупак вагой амаль у 9 кілаграмаў. У выніку Мікалай стаў пераможцам у намінацыі «Самая вялікая рыба».

Спаборніцтвы правялі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, фізкультурна-спартыўны клуб «Дрывяціч» пры падтрымцы адміністрацыі Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».

{banner_819}{banner_825}
-20%
-15%
-14%
-10%
-10%
-50%
-10%
-30%
-30%