"Нам наша зямелька вельмі многа не дадае з-за нашага няўмельства", — успамінаў айчынны фізіёлаг раслін, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Міхаіл Ганчарык. Сёння спаўняецца 115 гадоў з яго нараджэння.

Міхаіл Ганчарык. 1960-я гады


Вучоны родам з вёскі Кляннікі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці). Пачатковыя веды малы Міхась набыў у "дарэктара" — настаўніка-самавучкі, які хадзіў па хатах і вучыў грамаце невялікую групу дзяцей. У шэсць гадоў хлопчык навучыўся чытаць, пісаць і лічыць, а з адкрыццём земскай пачатковай школы ў роднай вёсцы працягваў у ёй навучанне .

Аўтабіяграфіі. 1949, 1955 гады.

Бацька Ганчарыка марыў вывесці ў людзі хоць аднаго са сваіх дзяцей, таму вырашыў паслаць здольнага Міхася набываць далейшыя веды ў Ігуменскае вышэйшае пачатковае вучылішча.

З дзяцінства Ганчарык пісаў вершы. Аднойчы ў іх вёску выпадкова трапіла газета "Наша ніва". Яе выпісаў у Верхмень Якуб Колас. Менавіта гэтая газета, па сцвярджэннях Ганчарыка, дапамагла яму і аднавяскоўцам усвядоміць вартасць і годнасць беларусаў сярод іншых народаў. Калі яго старэйшы брат пачаў дасылаць у "Нашу ніву" ўласную карэспандэнцыю, Міхась вырашыў адправіць і свае паэтычныя спробы. Два яго вершы надрукавалі ў "Нашай ніве" ў маі 1914 года пад псеўданімам Міхась Ландыш.

Міхаіл Ганчарык. 1917 год
Верш "Араты". "Наша ніва", № 18, 1914 год

Вабілі хлопца і народныяі песні, што спявалі маці і сёстры. Ён акуратна запісваў іх у спецыяльны сшытак. Пазней фальклорныя запісы Ганчарык перадаў паэту Міхасю Чароту, які ў той час працаваў над сваёй музычнай драмай "На Купалле".

У 1917 годзе Ганчарык пачаў вучыцца ў Горацкім земляробчым вучылішчы.

Успаміны. Фрагменты. 1970-я гады

Гэта навучальная ўстанова мела пэўны аўтарытэт: за атрыманнем агранамічных ведаў сюды ехалі амаль з усіх куткоў Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны.

Беларуская секцыя вучняў Горацкіх сельскагаспадарчых школ. Сядзяць злева направа: Сцяпан Журык, Міхаіл Ганчарык; стаіць справа Гаўрыла Гарэцкі. 1919 год

Суполка мела ўласны статут. Сярод асноўных яе задач значылася пашырэнне нацыянальнай самасвядомасці беларускага насельніцтва, вывучэнне роднай мовы, гісторыі, прапаганда нацыянальнай культуры. Сябры секцыі, у тым ліку і Міхась Ганчарык, знаёміліся з беларускай літаратурай, слухалі лекцыі па гісторыі Беларусі, ладзілі тэатральныя пастаноўкі па п'есах беларускіх аўтараў.

Артысты-аматары Беларускай секцыі вучняў Горацкіх сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Першы справа стаіць Міхаіл Ганчарык. 1919 год

Па заканчэнні інстытута Ганчарыка накіравалі на працу ў Аршанскі акруговы аддзел народнай адукацыі, дзе ён разгарнуў актыўную грамадскую і літаратурную працу. З ініцыятывы маладых беларускіх літаратараў Кандрата Крапівы і Уладзіміра Дубоўкі стварылі аршанская філія "Маладняка", Міхаіла Ганчарыка прызначылі яе старшынёй. Для першага нумара часопіса "Аршанскі маладняк" ён падрыхтаваў нарыс "Аб творчасці Максіма Багдановіча" і верш "Усміхаючыся сонцу ў вочы".

Верш "Месяц злодзеем глянуў з-за вольхі…". Аршанскі маладняк, № 1, 1926 год
Артыкул "Маладая сучаснасць (аб нашай крытыцы)". Аршанскі маладняк, № 6, 1927 год .

Літаратурны гурток пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. 1920-я гады

З 1926 года Ганчарык — асістэнт кафедры фізіялогіі раслін Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У тым жа годзе камандзіраваны для павышэння кваліфікацыі ў Кёнігсберг, у Інстытут батанікі прафесара Метца, навуковыя ўстановы Берліна, Лейпцыга, Галле, Йены.

У канцы 1928 года Інстытут беларускай культуры рэарганізавалі ў Акадэмію навук. Ганчарыка накіравалі ў Мінск для ўмацавання кадравага складу новай установы. Там ён узначаліў кафедру батанікі і адначасова Цэнтральную бульбяную станцыю ў Вялікай Сляпянцы. Ужо праз два гады ён стаў намеснікам дырэктара Інстытута біялогіі АН БССР.

Навуковыя працы. 1932 год

Міхаіл Ганчарык. 1932 год

Але хваля рэпрэсій пачатку 1930-х гадоў не абмінула і маладога вучонага. У верасні 1933 года Ганчарыка арыштавалі, абвінавацілі ў варожай дзейнасці і асудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі з высылкай у папраўча-працоўны лагер пры будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі.

Дакументы часоў працы Міхаіла Ганчарыка на Арлоўскай бульбяной станцыі і ў саўгасе "Курэйка" Нарыльскага камбіната. 1947 - 1949 гады

Пасля вызвалення Ганчарык уладкаваўся на працу навуковым супрацоўнікам Арлоўскай вопытнай бульбяной станцыі, аднак яго ізноў арыштавалі і выслалі на пасяленне ў Краснаярскі край.

Папярэдняя справаздача аб працы аддзела селекцыі "Ворзос" і камадзіровачнае пасведчанне, выдадзенае Міхаілу Ганчарыку. 1947 год

На гэты раз вучонага абвінавацілі, што пры закладцы Батанічнага сада Акадэміі навук БССР ён наўмысна спланаваў размяшчэнне алей у садзе ў выглядзе сіметрычна разыходных ад цэнтра, што ў сваю чаргу падчас вайны магло б паслужыць арыенцірам для бамбавання Мінска нямецка-фашысцкай авіяцыяй.

У ссылцы Ганчарык працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам, дырэктарам Ігарскай вопытнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы. Тут ён правёў грунтоўныя даследаванні роста, развіцця, воднага рэжыма, мінеральнага жыўлення і фотасінтэза бульбы і капусты.

Службовая характарыстыка Міхаіла Ганчарыка і водгук аб працы на Ігарскай сельскагаспадарчай вопытнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы. 1956 - 1958 гады

Даведка аб месцы жыхарства Міхаіла Ганчарыка. 1954 год

Пазней іх выкарыстаў у доктарскай дысертацыі.

У 1956 годзе Ганчарыка рэабілітавалі Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі. Ён вярнуўся ў Беларусь і уладкаваўся на працу ў Горацкаю сельскагаспадарчаю акадэмію.

Індывідуальныя планы старэйшага выкладчыка Міхаіла Ганчарыка. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія,  Горкі, 1956 - 1957 гады

Міхаіл Ганчарык. 1957 год

Праз два гады, дзякуючы падтрымцы тагачаснага прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Васіля Купрэвіча, яго залічылі ў штат Інстытута біялогіі АН БССР у лабараторыю акадэміка Годнева. У гэты ж час вучоны с вялікімі цяжкасцямі дамогся вяртання яму звання прафесара.

Дакументы адносна аднаўлення Міхаіла Ганчарыка на працы ў Інстытуце біялогіі АН БССР. 1956 год

Дакументы аб вяртанні Міхаілу Ганчарыку звання прафесара. 1957 - 1959 гады

У 1961 годзе Ганчарык узначаліў лабараторыю фотасінтэзу Інстытута эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі АН БССР і да 1976 года ёй нязменна кіраваў, адначасова з'яўляючыся і навуковым кансультантам даследванняў, якія праводзіліся ў лабараторыі вучнямі.

Міхаіл Ганчарык з супрацоўнікамі лабараторыі фотасінтэзу Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР. 1968 год

З 1967 па 1972 год працаваў дырэктарам Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР, потым працаваў старэйшым навуковым кансультантам інстытута.

Ганчарык з'яўляецца аўтарам больш за 150 апублікаваных навуковых прац, у тым ліку трох манаграфій, і, што асабліва важна для вучонага, яму ўдалося сфарміраваць уласную навуковую школу. Ён падрыхтаваў 16 кандыдатаў навук, трое з якіх сталі дактарамі навук.

Міхаіл Ганчарык. 1970-я гады

У 1969 годзе яго абралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, а ў 1972 годзе прысвоілі званне заслужанага дзеяча навукі рэспублікі.

Ганчарык узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны", медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Член-карэспандэнт АН БССР Міхаіл Гарчарык, акадэмікі АН БССР Віктар Парфёнаў, Іван Юркевіч, Мікалай Несцяровіч. 1978 год

Толькі у 1970-я гады Ганчарык вярнуўся да літаратурнай працы. Ён піша ўспаміны пра старэйшых беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Янку Купалу, Цішку Гартнага, Максіма Гарэцкага, Канстанцыю Буйло, з якімі быў асабіста знаёмы і сябраваў.

Успаміны. Фрагменты. 1970-я гады

Таксама распачаў працу над мемуарамі "Шлях ад пачатку стагоддзя". На жаль, вучоны паспеў напісаць толькі чатыры першыя часткі, якія ахапілі яго жыццёвы і творчы шлях з 1905 па 1942 год.

План напісання ўспамінаў і фрагмент мемуараў "Пачатак Вялікай айчыннай вайны". 1970-я гады.

Кніга ўспамінаў Ганчарыка выйшла з друку ў 2003 годзе, праз 17 год пасля яго смерці.

Міхаіл Ганчарык. Шлях ад пачатку стагоддзя. Успаміны. Мінск, 2003 год

Міхаіл Ганчарык пайшоў з жыцця 11 красавіка 1986 года. Пахаваны на Паўночных могілках.

Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

Асабісты архіў Міхаіла Ганчарыка зберагаецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
{banner_819}{banner_825}
-20%
-35%
-50%
-47%
-38%
-10%
-30%
0063297