Валянцін Міхальцоў,

Свежыя афішныя тумбы ўжо стаяць ля адноўленага будынку тэатра. Але на афішах усё яшчэ пазначана: “На сцэне Дома літаратара”. Шосты сезон запар артысты тэатра выходзяць да свайго гледача з-за чужых куліс.



– Спачатку нам называлі дату сканчэння рамонту – 2011 год, потым было яшчэ некалькі тэрмінаў. Апошні тэрмін, які нам агучылі – канец гэтага года. Мы спадзяемся перасяліцца ў гэтым годзе. Вельмі шмат творчых планаў, якія мы зможам рэалізаваць на новай сцэне, – распавяла TUT.BY загадчык літаратурна-мастацкай часткі Жанна Лашкевіч.

На гледачоў пазіраюць з партрэтаў усе класікі беларускай літаратуры. Нібыта з дакорам за непрачытаныя свае творы. На час рамонту асноўнага будынку калектыву тэатра давялося прыстасоўваць пад свае патрэбы сцэну Дома літаратара. Плошчу сцэны павялічылі ў два разы, дадалі святло і гук, абсталявалі грымеркі. Надта зручней не стала, ды і халодна зімой. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў тэатра стварыў некалькі новых пастановак. На пачатку гэтага сезона гледачоў чакае новы спектакль “Тэдзі”.  

Дастукацца да гледача

На сцэне – старыя каштоўнасці ў новай форме. Галоўны герой спектаклю “Тэдзі” – праграміст Макс, які змагаецца з кампутарнымі вірусамі і пакутуе ад кахання ды ўласнага эгаізму. Схаваўшыся за маніторамі, Макс не знаходзіць часу на сваю каханую Ганну. Каб ёй было з кім пагутарыць, Макс набывае плюшавую цацку – мішку Тэдзі, які можа размаўляць. Але ж цацка апынулася значна больш разумнай, чым напісана ў інструкцыі. Ды зусім ня добрай…

– Каб зацікавіць гледача, трэба ісці праз яго жыццёвы досвед, праз яго пакуты. Калі казаць пра ўзрост у чатырнаццаць год, гэта моманты кахання, моманты здрады сяброў. Гэта вельмі часта бывае у такім узросце. І тое ж самае адбываецца на сцэне з галоўным героем, – распавеў рэжысёр Ягор Лёгкін. – Наша мэта – нагадаць гледачам, што ніякія кампутары і гаджэты не заменяць жывых чалавечых зносін. Такая тэма бачная ў гэтым ды таксама у іншых нашых спектаклях.

Рэжысёр глядзіць спектакль на кантрольнай рэпетыцыі

Большасць моладзі, якая сабралася ў фае перад пачаткам, штосьці рабіла са сваімі дэвайсамі. Паказвалі адзін аднаму відэа, перапісваліся, рабілі сэлфі. Можна было чакаць, што яны не адарвуцца ад смартфонаў і падчас спектаклю. Я нават прыгатаваўся зрабіць такі кадр – акторы на сцэне ды шматлікія кропкі святла ад тэлефонаў у зале. Але ж не! Праз пяць хвілін дзеці, якіх прывялі настаўнікі, адклалі дэвайсы ды пачалі глядзець на сцэну. Канешне не ўсе, але ж большасць “арганізаваных гледачоў” акторы здолелі зацікавіць.



– Усе класна! Нам спадабалася! Трэба меней сядзець у кампе ды болей тусіць з рэальнымі сябрамі, – ухапіў сэнс пастановы пятнаццацігадовы Арцём.

Справа - Арцём

Таксама пытаюся, наколькі цяжка глядзець на беларускай мове. Адказваюць: усё зразумела, незнаёмыя словы можна дадумаць па сэнсе.



Большасць наведвальнікаў дзіцячых спектакляў – дарослыя. Бацькі водзяць дзетак у тэатр на культурны адпачынак. На спектаклях для падлеткаў, такіх як “Тэдзі”, большасць гледачоў “арганізавалі” настаўнікі.

– Восемдзесят адсоткаў лічыць, што яны не ў тэатр прыйшлі, а ў цырк. Мы зараз плануем рабіць спецыяльныя памяткі – пра што спектакль і як сабе паводзіць у тэатры, – распавёў выканаўца галоўнай ролі Андрэй Каралевіч.

Андрэй Каралевіч у ролі праграміста Макса

Да жадання наведваць тэатр трэба дарасці. Таму без пэўнай “арганізаванасці” гледачоў у зале можа паменець. Артысты ўжо прызвычаіліся да такога гледача. А вось некаторыя наведнікі тэатру яшчэ не.

– Мы вельмі любім тэатр і вельмі часта яго наведваем, ды часам вельмі сорамна за сваіх аднагодкаў, – кажуць Ганна ды Ілля. – Я лічу, не вельмі добра, калі людзей прыганяюць у тэатр. Калі за спінай ядуць кірыешкі ды смяюцца без перапынку, гэта псуе ўсё ўражанне.


Ганна ды Ілля

Казка не сыходзіць

– Каб супакоіць маленькіх дзетак перад пачаткам, мы кажам, што казка збягае ад непаслухмяных. Акторы на сцэне застануцца, а вось казка сыйдзе. Для іх гэта такі жах. Казка сыйдзе! Вы б бачылі, як яны потым глядзяць, – распавяла Жанна Лашкевіч.

Дзеці – самая складаная публіка, проста пасядзець ціха яны не могуць. Каб іх зацікавіць, патрэбна выдаваць сапраўдныя яркія эмоцыі штовечар. Трэба самому паверыць у казку, каб прынесці яе дзецям.

– Такая праца прасейвае людзей. Тыя, у каго мары пра кіно, Маскву, Галівуд, адпрацоўваюць размеркаванне ды сыходзяць. Застаецца пасля размеркавання прыкладна адзін з чатырох актораў, – распавеў Андрэй Каралевіч.

Сам Андрэй прайшоў на сцэне тэатра шлях ад чарвячка да кампутарнага генія. Такі кар’ерны рост няшмат дадае ў грашовым плане, але ж працуюць тут ня дзеля грошай. Па словах артыстаў, пражыць на адзін заробак артыста вельмі складана. Для здабытку грошай ёсць расійскія серыялы, што патокам здымаюцца ў Менску. У тэатры жа сапраўдная творчасць.

Пакуль для творчасці ёсць толькі маленькая халодная сцэна ды грымерка ў прыбіральні. Але і ў такіх умовах Казка не сыйшла з тэатра. Спадзяемся, што хутка пакуты артыстаў скончацца ды яны пераедуць у новы будынак, дзе ўсе абсталявана для творчасці. Застанецца выйсці на новую сцэну, каб распавесці юным гледачам новую казку. 
-80%
-10%
-25%
-30%
-50%
-12%
-20%
0071695