Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Кругозор


У вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, на радзіме Васіля Быкава, 21 чэрвеня адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння выбітнага пісьменніка. Каля музея-сядзібы літаратара, пад дубам-асілкам, па традыцыі адбылося ўручэнне прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава. Сёлета яе атрымаў вядомы беларускі бард, акцёр і шоўмэн Віктар Шалкевіч.

Віктар Шалкевіч

Сёлета Быкаўскае свята ў Бычках наведала рэкордная колькасць гасцей. З розных куткоў Беларусі сабралася каля 200 чалавек. Толькі з аднаго Полацка прыбыў вялікі аўтобус.

Карэспандэнт TUT.BY прыехаў на імпрэзу разам з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі з Віцебска. З самага ранку мы ўшанавалі памяць Быкава каля ягонай мемарыяльнай дошкі на вуліцы Суворава ў Віцебску. У гэтым будынку знаходзілася мастацкае вучылішча, дзе да вайны вучыўся на скульптара будучы літаратар.

Мемарыяльная дошка ў гонар Быкава - пасярэдзіне сцяны.  

Потым заехалі на могілкі да Рыгора Барадуліна ва Ушачах. І рушылі ў Бычкі.



Да магілы Барадуліна вядуць спецыяльныя ўказальнікі. 

З вядомых персон на свяце прысутнічалі сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна, жонка Рыгора Барадуліна Валянціна Міхайлаўна, народная артыстка Беларусі, дыктарка Зінаіда Бандарэнка, палітык Аляксандр Мілінкевіч, пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1994-1996 гадах Мечыслаў Грыб, былыя лаўрэаты прэміі "За свабоду думкі" - мастак Алесь Пушкін, пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў, грамадская дзеячка Ада Райчонак і іншыя.

Сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна 

Злева направа: Зінаіда Бандарэнка, Валянціна Барадуліна, Валянціна Быкава 

Злева направа: Іосіф Шагал, Аляксандр Мілінкевіч 

Уладзімір Някляеў падпісвае кнігу педагогу з Віцебскага раёна Людміле Нікіцінай. 

Алесь Пушкін 

Арганізатарамі свята выступілі Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы", Саюз беларускіх пісьменнікаў, рухі "За свабоду" і "Гавары праўду". Трэба аддаць належнае і мясцовым уладам - мерапрыемства штогод адбываецца пры падтрымцы Ушацкага райвыканкама.

Першай да мікрафона запрасілі сястру Быкава. Валянціна Уладзіміраўна падзякавала ўсім, хто памятае яе брата, і распавяла некалькі гісторый з яго жыцця. Адну з іх, пра тое, як сям'я Быкавых атрымала на Васіля "пахаронку" ў далёкім 1944 годзе, мы прапануем чытачам паслухаць у наступным відэасюжэце. 

Відэа: Валянціна Быкава распавядае пра "пахаронку" на брата:

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Открыть/cкачать видео (7.38 МБ)

Па дарозе на свята многія госці прачыталі ў інтэрнэце навіну аб вызваленні правабаронцы Алеся Бяляцкага. З гэтым усіх прысутных павіншаваў падчас свайго выступу паэт Уладзімір Някляеў. І прачытаў верш, прысвечаны Бяляцкаму. 

На гэтым свяце радасць суседнічала з сумам. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць сяброў Быкава - Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, якія сёлета пакінулі нас.

Уладзімір Папковіч 

Віцебскі паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч адзначыў: "Сёння амаль немагчыма сказаць нешта новае пра ўспрыманне велічнасці Васіля Быкава як чалавека і творцы, тым больш, пры такой процьме сказанага і таго, што працягвае прамаўляцца, усё, што прыходзіць у галаву, здаецца шмат разоў паўтораным і зашмульцаваным. Мусіць, лепш за ўсіх звяртацца да Васіля Быкава і сказаць трапнае слова пра яго ўмеў Рыгор Барадулін".

Затым Уладзімір Папковіч прачытаў верш Барадуліна, прысвечаны Быкаву.

Ад сябе віцебскі паэт дадаў: "Пісьменніка папракалі, што ён сваёй чыстай праўдай шкодзіць патрытычнаму выхаванню моладзі... Васіль Быкаў, каб і хацеў, не мог бы перамяніцца. Ён не толькі пісаў праўду - ён жыў ёй".  



Пасля ўшанавання памяці Быкава наступіў хвалюючы момант. Аляксандар Мілінкевіч уручыў дыплом і статуэтку новаму лаўрэату прэміі "За свабоду думкі". Сёлета журы (у яго склад уваходзяць асобы, якія атрымалі прэмію ў ранейшыя гады) вырашыла прысудзіць яе барду з Гродна Віктару Шалкевічу.

Статуэтка, якую атрымліваюць лаўрэаты прэміі "За свабоду думкі". 

Віктар Шалкевіч шмат жартаваў, распавядаў анекдоты, дзякуючы чаму, як і заўжды, цудоўна трымаў увагу публікі.

Але сваю лаўрэацкую прамову ён прачытаў па паперцы - па ягоным прызнанні, "каб не змарозіць аніякай палітычнай глупоты". Тым не менш выступ атрымаўся нефармальным і жартоўным: "Калі б ты меў надзею на ласку і ўзаемаразуменне шырокай беларускай публікі, то ў лепшым выпадку пасля трэцяга запою і чацвёртага разводу сядзеў бы ў чарзе да кабінета доктара Хадоркіна. А ў горшым - ляжаў бы зараз пад прыгожым помнікам у родным Поразаве, а над тваёй магілай штогод бы ладзіліся пранікнёныя фэсты паэзіі, бардаўскія фестывалі, прамаўлялі б дзеячы, твае шчаслівыя сваякі і землякі ганараліся б табой, і ўсе ўспаміналі б у мікрафон, які ты быў харошы, і паілі б карэспандэнтаў самагонкай".   

Потым Шалкевіч падарыў сваім прыхільнікам невялічкі канцэрт на ганку адноўленай хаты Быкава.

Відэа: Віктар Шалкевіч спявае песню "Шалёная":

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Открыть/cкачать видео (13.26 МБ)

Усе прысутныя маглі наведаць музей-сядзібу Васіля Быкава

Музей-сядзіба Васіля Быкава ў Бычках.  



Наглядчык музея - пляменнік Васіля Быкава Мікалай Харак.  

Касірка музея - Антаніна Быкава, жонка брата пісьменніка. 

Напярэдадні свята ў Бычках прайшоў мастацкі пленэр, прымеркаваны да юбілею з дня нараджэння Быкава. Вынік сваёй працы аўтары прадставілі гледачам, размясціўшы творы на плоце каля музея-сядзібы пісьменніка і на сценках яго роднай хаты.

Такую інсталяцыю стварылі мастакі падчас пленэру.  

Экспазіцыя на плоце каля музея.  

Алесь Пушкін. Партрэт Яўгена Жыхара

Бусел корміць буслянят. Буслянка знаходзіцца непадалёк ад музея славутага пісьменніка. 

Даведка TUT.BY

Прэмію "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава ў 2008 годзе заснаваў лідар руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Яе атрымліваюць асобы, якія, па рашэнні журы, найбольш яскрава праявілі сябе ў грамадскай, прафесійнай ці творчай дзейнасці на карысць Беларусі і свабоды. Лаўрэату ўручаюць памятны дыплом і сімвалічную статуэтку - скульптуру аўтарства Віктара Копача.

Узнагароду ўжо атрымалі 11 чалавек - літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык і літаратар Павел Севярынец (2008 год), мастак Алесь Пушкін (2009), краязнаўца Ада Райчонак (2010), палітык і паэт Уладзімір Някляеў (2011), музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз (2012), музыка Зміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін (2013), музыка і акцёр Віктар Шалкевіч (2014).