Кругозор


Модны лінгвістычны сталічны трэнд - "Мова Нанова" - нарэшце дабраўся і да Віцебска. Прэзентацыя бясплатных публічных курсаў беларускай мовы адбылася ў нядзелю, 25 мая, у выставачнай зале культурна-гістарычнага комплекса "Залатое кола горада Віцебска "Дзвіна".



Да пачатку імпрэзы заставалася хвілін дзесяць, а ў зале сядзела чалавек дваццаць. Падумалася: "Ну ўсё, поўны правал такога класнага праекта ў нашым зрусіфікаваным горадзе". Але ўсё ж такі народ стаў падцягвацца, і ў выніку курсы сабралі больш за 70 чалавек. Не так масава, як у Гродне, канешне, дзе на першы занятак прыйшло больш за 100 жыхароў, але тым не менш віцябляне не падвялі. Што асабліва прыемна, некаторыя прыходзілі з дзеткамі. 



Уводны занятак правялі стваральнікі мінскіх курсаў - журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская, якая вучыла беларускай мове былога амбасадара Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана.  

Глеб Лабадзенка

Алеся Літвіноўская 

Віцебск быў бы не Віцебск, каб прыняў гасцей у месцы, якое не мае дачынення да прыўкраснага. Для курсаў прыгожага і правільнага маўлення на роднай мове абралі ўтульнае і прахалоднае ў такую спёку памяшканне - выставачную залу. Так што адначасова наведвальнікі бясплатна трапілі і на мастацкую экспазіцыю.



Як паведаміў Глеб Лабадзенка, Віцебск стаў дзесятым горадам, дзе вучаць беларускую разам з праектам "Мова Нанова". Акрамя сталіцы, курсы з'явіліся ў Кракаве, Бабруйску, Гродне, Баранавічах, Брэсце, Нясвіжы, Маладзечне і Магілёве.

На першай сустрэчы слухачы даведаліся пра спрадвечна беларускую форму свайго імя. Гэта была свайго роду "рэінкарнацыя": Аляксей і Аляксандр нечакана для сябе станавіліся Вольцікамі, Уладзімір - Уладаром, Марыя - Маркай, Ірына - Арынай, а Арцём - Артуком. Яшчэ навучыліся лепш карыстацца сінонімамі. (Выявілася, што ў беларускай мове шмат сінонімаў да слоў "гультай" і "хлусіць". "Трэба над гэтым задумацца", - сказала Алеся Літвіноўская).

Выкладчыкі распавялі, як правільна называць сваякоў. Тут шмат карыснага і новага пачулі нават знаўцы роднай мовы. Да прыкладу, я цяпер буду ведаць, як называць сваіх пляменнікаў - сястрэнічы (сыны сястры). А вось пляменнікі з боку брата называюцца братаніч і братаніца. Дзядзька, татаў брат, называецца адным словам, - стрый. А дзядзька, мамін брат, - гэта вуй. Замест доўгага "жонка брата майго мужа" можна сказаць каротка: ятроўка.

Папрактыкаваліся студэнты і ў прыгожым маўленні хуткагаворак, паспаборнічалі ў моўных вынаходніцтвах. 



Прэзентацыя курсаў у Віцебску прайшла весела, інтэрактыўна і вельмі цікава. Гэтаму вельмі дапамаглі абаяльнасць, вялікая педагагічная інтуіцыя Алесі і файны гумар Глеба.

"Надыдзе час, калі ўсе беларусы будуць размаўляць па-беларуску. І тады ў вас не будзе магчымасці вылучыцца, быць адметнасцю. А пакуль - ёсць. Таму наведвайце нашыя курсы. І не саромцеся размаўляць на роднай мове. Калі не адразу атрымліваецца, то лупіце на трасянцы. І крый Божа смяяцца з такога чалавека! Трольце незнаёмых людзей - кіроўцаў у марштрутцы, прадавачак і іншых. А потым спрабуйце размаўляць у сям'і і на працы. І вы пабачыце, што мова - гэта ключ да беларускага космасу. Пазней яна адкрые вам беларускую літаратуру, архітэктуру, цалкам усю нашу культуру", - параіў Глеб Лабадзенка. 

У наступны раз курсы пройдуць 1 і 8 чэрвеня, тут жа, у "Залатым коле горада Віцебска "Дзвіна". Пачатак а 14-й. Заняткі будуць весці мясцовыя выкладчыкі. Адным з іх стане філолаг Сяргей Маркаў.

Cяргей Маркаў. Фота: асабісты архіў 

Мяркуецца, што пару яму складзе філолаг Марына Пятрова.

Марына Пятрова ў этнаграфічным музеі на Лепельшчыне. Фота: Ігар Мацьвееў

А потым, як і ў любой школе, у "Мовы Нанова" будуць вакацыі - да восені.