Политика
Экономика и бизнес
Общество
В мире
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Популярное

Кругозор


Глеб Лабадзенка, фота, відэа аўтара, спецыяльна для TUT.BY

Філосаф, лінгвіст і санскрытолаг Міхаіл Баярын запрашае вас на публічную лекцыю “Узоры Свадзеі. Метафізіка Мовы”. У межах цыкла лекцый “Urbi et Orbi” (“Гораду і Свету”), якія ладзяць Лятучы Універсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, ён выступіць 16 траўня (пятніца) а 18.30 у Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а), уваход вольны!

Фото: Глеб Лободенко, TUT.BY
 
Міхаіл Баярын – спецыяліст у лінгвістыцы старажытнай Індыі, адзін з нешматлікіх людзей у Беларусі, што вольна валодаюць санскрытам. Гэта старадаўняя літаратурная мова Індыі, якой больш за 3500 гадоў. Неверагодна, але яна мае шмат паралеляў з беларускай мовай. Абедзве мовы актыўна стараюцца адраджаць рупліўцы. Абедзве мовы лічацца “моваю інтэлігенцыі”, а тыя рупліўцы хочуць зрабіць іх “мовамі для кожнага”.
 
Акрамя таго, Міхаіл Баярын - тэарэтык беларускага нацыяналізму, адзін з аўтараў праекту Свамова, што ўзнік у выніку погляду на беларускую мову праз прызму санскрыту і яго традыцыйнай граматыкі. Гэта ідэя чыстай беларускай мовы высокага стылю, што мае свабоднае словаўтварэнне і ачышчана ад запазычанняў. Уласна пра гэта – нашая гутарка напярэдадні.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Адкрыць/спампаваць відэа (7.84 МБ)
 

“Каб далучыцца да нацыі, трэба прайсці ініцыяцыю, пасвячэнне. І такім пасвячэннем з’яўляецца мова.” 

Спадар Міхаіл, наколькі важная для культуры мова? Ці трымаецеся вы меркавання, што беларуская культура і літаратура – ствараюцца выключна па-беларуску?

Міхаіл Баярын: Так. Беларуская культура - гэта культура беларускай нацыі, якая стваралася вакол беларускай мовы. Мова – гэта не толькі тое, чым мы гаворым паміж сабой. Гэта тое сховішча досведу, тая нацыянальная несмяротнасць, якую мы ствараем. У мове мы застанемся. Культура нацыі – гэта не размыты панятак. Гэта пэўны арганізм, жывая істота, якая складаецца з нас усіх. Але каб належыць да нацыі, мала нарадзіцца і жыць у Беларусі. Каб далучыцца да нацыі, трэба прайсці ініцыяцыю, пасвячэнне. І такім пасвячэннем з’яўляецца мова. Яна з’яўляецца тым, што стварае мяжу. Вось ты быў па-за гэтым – і вось ты ў гэтым.
 
Але ёсць творцы, якія жывуць у Беларусі, пішуць не па-беларуску – і таксама лічаць сябе часткаю беларускай культуры.

Міхаіл Баярын: Культура, што ствараецца ў Беларусі, і культура беларускай нацыі - гэта не адно і тое самае. Стварэнне культуры - занятак не ўсіх, а лепшых людзей грамадзтва. Іншыя людзі карыстаюцца іх здабыткамі. Чалавек, які хоча ствараць беларускую культуру і не здольны прыгэтым вывучыць мову, выклікае ў мяне здзіўленне. Бо культура - гэта супольны твор нашых папярэднікаў, да якога без мовы мы не маем ніякага доступу. Таму я перакананы, што менавіта беларуская мова ёсць галоўнай азнакай беларускай літаратуры і культуры. Хочаш ствараць беларускую культуру – зразумей, што гэта магчыма рабіць толькі на беларускай мове.
 
Прыкладна за такія выказванні беларускамоўных людзей часам называюць нацыяналістамі. Хто такія нацыяналісты для вас?

Міхаіл Баярын: Для мяне “нацыяналіст” – гэта вельмі высакароднае, станоўчае слова. Яно азначае людзей, якія ствараюць нацыянальную культуру, ахвяруючы сваім жыццёвым часам і нават жыццём дзеля яе стварэння. Гэта людзі, якія жывуць не дзеля сябе, а дзеля сваёй нацыі. Людзі, якім мы ўсе павінны быць удзячныя за тое, што нашая нацыянальная культура ёсць. Што ў нас ёсць мова, краіна і нават наша дзяржава. Усё гэта існуе толькі таму, што папярэднія пакаленні беларускіх нацыяналістаў ахвяравалі сваім жыццёвым часам і творчымі сіламі.
 

“Менавіта культура стварае народ, а не народ культуру” 

Адкуль тады ўзяўся адмоўны сэнс слова “нацыяналіст”? Некаторыя выкарыстоўваюць яго як найвялікшую абразу.

Міхаіл Баярын: Справа ў тым, што нацыі суіснуюць у свеце зусім не мірна. Ім хапае месца, пакуль яны існуюць у свеце ідэяў. Як толькі даходзіць справа да ажыццяўлення гэтых ідэяў, то матэрыяла на ўсіх не хапае. Уласна, ідэі ўвасабляюцца ў пэўнай гліне: ідэя гаршчка павінна быць вылеплена з пэўнага рэчыва. Культура пачынаецца з вялікай ідэі. Першасэнс нацыі стварае культуру, а культура стварае народ. Менавіта культура стварае народ, а не народ культуру, з майго гледзішча. А ўжо затым пачынаецца змаганне за людзей. Само па сабе нарадзіцца чалавекам – гэта яшчэ не быць часткай нацыі і культуры. Трэба яшчэ прайсці пэўную ініцыяцыю ў культуру.
 
Мы памятаем, як яшчэ ў Савецкім саюзе слова “нацыяналіст” было не проста лаянкай, а фактычна юрыдычным абвінавачаннем. За гэта пагражала ледзь ні турма. Прыгэтым нацыяналістам называўся любы чалавек, які гаварыў па-беларуску. Сустрэць такога чалавека было практычна немагчыма. А сустрэўшы, людзі адразу разумелі, што гэта беларускі пісьменнік. Усе астатнія людзі, якія наважваліся гаварыць па-беларуску, абвяшчаліся нацыяналістамі і пагражалі еднасці вялікага савецкага народа. Відавочна, што негатыўны сэнс нацыяналізму, замацаваны ў Савецкім саюзе, гэта наступствы той вайны за людское рэчыва, людскі матэрыял, якую вяла гэтая савецкая культура. Сэнс негатывізацыі нацыяналізму вельмі просты. Ёсць людзі, якія ўвогуле не хочуць, каб нашая культура, нашая нацыя існавала на гэтым свеце.
 
Вы сказалі, што культура стварае народ – а не наадварот. Сённяшні беларускі народ – яго стварыла беларуская культура?

Міхаіл Баярын: Я б сказаў, што мы яшчэ не стварылі нават культуры. У нас ёсць эліта, аб’яднаная ідэяй стварэння ўласнай культуры, якая ўкладае ў гэта высілкі, час, жыццё. І гэтыя высілкі немінуча дадуць плён. Мы створым свой народ з культуры. Беларуская культура створыць свой народ – не наадварот.
 

“Свамова – гэта іншы, новы ідэал беларускай мовы.” 

Дык а культуру хто створыць? Эліта, пра якую вы кажаце? “Камітэт па стварэнню беларускай культуры”?

Міхаіл Баярын: Патлумачу, як я гэта бачу. Недзе там, у платонаўскіх нябёсах, ёсць ідэя Беларусі. Гэта ідэя аўтаноміі асобы, выяўленай у праве Вялікага Княства Літоўскага. Гэта ідэя ўлады, што расце знізу ўверх, увасобленай у Вальным Сойме. Ідэі дзяржавы свабодных адказных узброеных людзей, якія выбіраюць сабе караля. Гэта абсалютна ўнікальная з’ява – выбіраць сабе караля! За гэтым стаіць унікальны светагляд і асаблівая ідэалогія ўлады і права. Гэтая ідэя, магчыма, узнікае спачатку ў аднаго чалавека, але затым улучае ў сябе іншых людзей, увасабляецца ў грамадзкай структуры. Яна стварае вакол сябе мову, гэта мова людзей, арганізаваных паводле аднаго прынцыпу. Іншыя людзі ўключаюцца ў гэтую культуру праз далучэнне да гэтай мовы. Урэшце, развіццё культуры прыводзіць да таго, што яна ўбірае ў сябе столькі людзей, што яны ўтвараюць народ. Народ утвараецца тады, калі культура пераўтвараецца ў цывілізацыю, калі культура спараджае свой спосаб і лад жыцця.
 
Я хацеў бы ўбачыць вакол беларускі свет. Архітэктуру, створаную зыходзячы з беларускага сэнсу. Убачыць нас не як стандартную еўрапейскую нацыю, якая мае проста пералік стандартных характарыстык: свае ўніверсітэты, газеты, кіно… А як культуру вялікага стылю. Каб у нас хапіла сілаў і энергіі разгарнуць свой нацыянальны сэнс ува ўсё - сваё ўнікальнае мастацтва, сваю ўнікальную літаратуру, якую будзе вялікая праблема перакладаць на іншыя мовы. І гэта будзе добра: мы павінны быць стваральнікамі такіх сэнсаў, якія давядзецца іншым народам запазычваць, а не перакладаць. Цяпер жа я назіраю пэўную нармалізацыю. Мы маем нармальную еўрапейскую літаратуру, нармальнае еўрапейскае выяўленчае мастацтва.
 
Гэта перанятая форма, але не змест?

Міхаіл Баярын: Так. Аказваецца, што мы асабліва нічога гэтым не дасягнулі. Мы глядзім на гэтую культуру – і не адчуваем шчасця. Гэта не тое, чаго патрабуе нашая нацыянальная душа. Гэта добра, што мы маем нармалізацыю – адной фальшывай мэтай меней. Затое гэта нагода паставіць сапраўдныя мэты.
 
Якія?

Міхаіл Баярын: Напрыклад, нармалізацыя азначае, што ў нас ёсць беларуская мова – не горшая, чым у іншых людзей. Чым у немцаў, палякаў, расейцаў… Але адначасова гэта азначае, што мы закончылі яе развіццё: яна ўжо ёсць, яна сфармаваная. Але мы адрозніваемся ад культураў, якія ўспрымаем як стандарт якраз разывам традыцыі. мы культура, якая пачала ўсё нанова, спачатку. Уласна, гэтая ідэя - усё спачатку - яна ў нас галоўная, гэта тое, чым мы іншыя. З гэтага гледзішча, наша мова – гэта тое, што яшчэ нам належыць стварыць.
 
Наша кола сяброў, аб'яднаных вывучэннем санскрыту, стварыла праект, які называецца Свамова. Свамова – гэта іншы, новы ідэал беларускай мовы. Мова, якую яднае не слоўнік, не той вялікі здабытак, які мы атрымалі за 150 гадоў лексікаграфіі. Гэта мова, якую яднае агульнае словаўтварэнне. Беларускі санскрыт. Мова, здольная да гнуткага і свабоднага словаўтварэння. Мова, якая лёгка выжывае ў гарадскіх умовах. Якая згортваецца ў адзін алгарытм правілаў. Для якой лёгка стварыць онлайн-генератары дэрывацыяў і парадыгмаў. Гэта мова, што павінна стаць высокім стылем нашай літаратуры і філасофіі. Ідэал чыстай мовы, якая не будзе мець патрэбы ў запазычаннях з іншых моваў.

Фото: Глеб Лободенко, TUT.BY
 
 

“Трэба мець адвагу называць рэчы сваімі імёнамі і ставіцца да іх узвышана.” 

Гэта беларуская мова ці не беларуская?

Міхаіл Баярын: Так, гэта чыстая беларуская мова, пачатая нанова, з прынцыпу сваёй чысціні. "Чыстыя мовы" высокага стылю ёсць і ў іншых культурах: у грэкаў ёсць "чыстая грэцкая", а ў Індыі "чыстая гіндзі", што нармальна суіснуюць са штодзённай размоўнай мовай. Нам для пачатку трэба менавіта гэта. Бо чамусьці як толькі мы хочам сказаць нешта важнае – мы пачынаем гаварыць лацінізмамі і грэцызмамі, звяртаемся да чужога як да ўзвышанага і чыстага. Усю прастору высокага стылю занялі запазычанні: сэнс, форма, культура, літаратура, цывілізацыя, паэзія… Гэта ўсё запазычанні, калькі, пераклады – але не свае назвы сваіх ідэяў. Трэба мець адвагу называць рэчы сваімі імёнамі і ставіцца да іх узвышана.
 
Што рабіць з вялізным пластам літаратуры, напісаным, з вашага пункту гледжання, на “недасканалай” беларускай мове?

Міхаіл Баярын: З аднаго боку, мова ўсё адно ўвесь час змяняецца, і зусім дакладна не будзе такой, якая яна цяпер. Рана ці позна сучасная мова стане "папярэдняй версіяй", такой, як мы цяпер успрымаем мову Багушэвіча. Пытанне ў тым, якой будзе наступная версія, і мы маем магчымасць паўплываць на гэта ўжо цяпер. Таму суіснаванне дзвюх нормаў павінна быць не змаганнем, а дапаўненнем. Спачатку мы проста ўводзім яшчэ адзін ідэал мовы, яшчэ адну ідэю нормы, што дазволіць на яго раўнацца і прымусіць наяўны ідэал літаратурнай мовы крыху паціснуцца. Я хачу, каб паэты і філосафы, жадаючы сказаць важнае і ўзвышанае, звярталіся да свайго, а не чужога высокага стылю.
 
Любая ідэя мае часавае вакно, калі яе можа ўспрыняць грамадства. Я перакананы, што якраз цяпер настае тое часавае вакно, калі Свамова можа ўвайсці ў беларускую культуру. Нашыя папярэднікі стварылі выбітныя слоўнікі. Але для сучаснага чалавека гэта сур'ёзны выклік – засвойваць мовы пры дапамозе слоўнікаў. Гэта задача спецыялістаў. Сучаснаму чалавеку патрэбны не слоўнікавы, а алгарытмічны ўваход у мову. Патрэбна сукупнасць правілаў, якія можна змясціць на 2-3 старонках. У ёй будзе правільным тое, што ўтвараецца па правілах – а не тое, што адпавядае слоўніку. Гэта вырашыць і пытанне колькасці носьбітаў. Памірае беларуская вёска – а горад не пераймае яе мову і культуру. Адна з задач нашага пакалення – зрабіць “пераезд” мовы і традыцынай культуры з вёскі ў горад. І Свамова можа вырашыць менавіта гэтую праблему.
 
Калі адкінуць з мовы ўсе запазычанні – я правільна разумею, што шмат словаў давядзецца проста прыдумаць нанова?

Міхаіл Баярын: Гэта азначае, што мы даем чалавеку ўладу прыдумляць словы паводле пэўнага ўзору. І яны будуць не наватворамі, а рэгулярнымі адзінкамі, якія іншы чалавек будзе разумець злёту.
 
Вы можаце прывесці нейкія прыклады, каб было больш ясна, пра што ідзе гаворка?

Міхаіл Баярын: Давайце падумаем, як сказаць па-беларуску “форма” і “сэнс? Гэта лацінскія словы. Мы зрабілі адмысловы семінар з гэтай нагоды. І Ігар Кулікоў знайшоў 16 словаў на “форму” і 16 словаў на “сэнс”. І пры гэтым мы не карыстаемся ў нашым мысленні ніводным з іх, маючы такое багацце! Напрыклад, “форма”: гэта вобраз, выраз, тое, што выдзяляецца з поўнага, гэта ява, від, што супрацьстаіць назіральніку, творма, вынік падпарадкавання рэчыва сэнсу… Сэнс - гэта змысел, частка нутраной мовы мыслення, гэта кмень, што пазнаецца інтэлектуальнай інтуіцыяй, гэта цэль, прызначэнне рэчы... Слова “змысел”, дарэчы, з мовы выгналі, бо яно падобнае да расейскага “смысл”. Але чым Свамова адрозніваецца ад беларускага пурызму – тым, што падабенства да суседніх моваў не грае тут ніякай ролі. Крытэр беларускасці змяшчаецца ўнутры мовы, а не вонках, у расейскай, польскай ці ўкраінскай…
 
У Свамове ўвогуле магчымыя слоўнікі?

Міхаіл Баярын: Так, але пры гэтай сістэме яны будуць граць зусім іншую ролю. Гэта могуць быць слоўнікі нерэгулярнай дэрывацыі, загадак, пакінутых нам у мове продкамі.
 
А не будзе так, што адзін будзе называць тэатр “дзіўка”, другі “забаўка”, а трэці “цікаўка”?

Міхаіл Баярын: Сэнс у мове мае два вымярэнні - этымалагічны і дамоўлены. Адзін датычыць сэнсу ўнутры мовы, другі - ўжывання слова адносна пэўных рэчаў. У старыжытных мовах першы вымер пануе, а другі вымер - гэта з яго вынятак, датычны імёнаў уласных. У сучасных мовах усё большую ўладу набывае другі вымер, усё становіцца у некаторым сэнсе іменем уласным. Аднак, гэта робіць мову ўсё больш непразрыстай і прывязанай да слоўніка. Так, свамова вяртае першы прынцып як галоўны. Тут "тэатр"сапраўды можа мець мноства назваў. Але свамова суіснуе з беларускай мовай, збудаванай на другім прынцыпе, што будзе пазычаць у свамовы назвы для замацавання за рэчамі і з'явамі.
Ёсць такі цікавы прыклад. У Індыі быў горад, які называецца Вараны – ад назова дрэваў, якія там раслі. Дрэвы з цягам часу перасталі там расці – а горад па-ранейшаму называецца Вараны… Спачатку назва мела этымалагічны сэнс, а затым - чыста дамоўлены. Гэтаксама, ёсць горад Менск – які так назвалі з нейкай нагоды… І мы сёння гадаем: з якой нагоды?..
 
Таак… І як бы вы сёння назвалі Менск?

Міхаіл Баярын: Сталіца. А нашу краіну я назваў бы Радзімай. Рэспубліка Радзіма. А нас бы назваў людзьмі.
 
Нават не “беларусамі”?!

Міхаіл Баярын: А навошта?..
 
А як бы “гэтыя людзі” адрозніваліся ад “тых людзей”?

Міхаіл Баярын: Мы называлі бы іх “палякі”, “немцы”, “украінцы” і г.д. А сябе – людзьмі. Дарэчы, гэта вельмі старажытная з’ява ў культурах высокага стылю. Лічыць сябе не захадам ці ўсходам, а цэнтрам сусвету, краіну сваю яны называць Краінай, мову – Мовай, сябе – Людзьмі.
 
Якія поспехі ў вас у стварэнні гэтай чыстай мовы?

Міхаіл Баярын: Даволі вялікія! У нас ёсць спіс беларускіх каранёў. Зроблена вялікая праца па выяўленню актыўных словаўтваральных мадэляў. Гэты падыход да мовы ўжо ўжываецца ў выглядзе рэальных тэкстаў. Напрыклад, паэт Ігар Кулікоў выдаў кнігу вершаў, якая называецца “Свамова”, напісаную такой чыстай мовай. З іншага боку, за ідэяй Свамовы стаіць зусім іншая тэорыя мовы і граматыкі. Падручнік Свамовы выйдзе пасля публікацыі гэтай тэорыі. Уводзіны ў гэтую тэорыю будуць прадстаўлены на лекцыі "Узоры Свадзеі. Мэтафізіка Мовы".
 
“Ёсць яшчэ адна мова, якая папярэднічае гэтым дзвюм – прамова сэнсаў чалавечай свядомасці.”
 
Пра што будзе вашая лекцыя?

Міхаіл Баярын: Лекцыя будзе прысвечаная тэорыі сэнсаўтварэння, над якой я працаваў апошнія паўтары гады. Па-беларуску яна будзе мець назву "Узоры Свадзеі". Я спадзяюся, што яна выйдзе ў якасці кнігі ў гэтым годзе. Гэта тэорыя сэнсавай прамовы. Людзі здаўна шукаюць паходжанне мовы. Мы ведаем, што сучасная беларуская мова паходзіць ад старабеларускай, тая – ад стараславянскай… Вучоныя гавораць, што была протаіндаеўрапейская мова… Але ўсе гэтыя пошукі бачаць прамову як гукавую ці зрокавую форму. Там абавязкова павінны быць фанемы, словы, літары. Але прамова ці першамова павінна быць універсальнай для ўсіх людзей без вынятку. Ад яе павінны паходзіць усе абсалютна мовы. Такая мова не можа быць мовай гукаў і літараў – яна можа быць толькі першамовай чалавечай свядомасці.
 
Сучасны чалавек звыкся, што свядомасць – гэта люстэрка, у якім адбіваецца рэчаіснасць. Што ўсе рэчы маюць рэальнае існаванне, а мы толькі люстэрка, у якім яны паказваюць сябе. Але ёсць іншы падыход. Рэчы, якія мы бачым вакол, гэта плён творчасці нашай свядомасці. Свядомасць стварае сэнсы, а з сэнсаў створанае ўсё. Вось стаіць кубак. Мы верым, што ён існуе аб’ектыўна. Аднак з гледзішча, прыкладам, тэорыі інфармацыі, ён існуе толькі як пэўны рысунак актыўных нейронаў у нашым мозгу. Тое, што мы ўспрымаем як белы кубак з кавай, насамрэч не мае ні колеру, ні памеру, не знаходзіцца ні ўверсе, ні ўнізе. Усё гэта стварае нашая свядомасць, што перакладае пэўную інфармацыю на мову колераў, формаў і памераў.
 
Чаму ўва ўсіх свядомасць стварае адное і тое?

Міхаіл Баярын: Яна не стварае адное і тое.
 
Але ж усе скажуць, што кубак белы, а трава зялёная.

Міхаіл Баярын: Яны скажуць адное слова, пад якім можа быць абсалютна рознае ўспрыманне. Але нам невядома, ды й не так і важна, як іншыя ўспрымаюць свет – бо на ўзаемадзеянне з імі гэта не ўплывае. Жывёлы ўспрымаюць свет зусім інакш, але мы ўзамадзейнічаем з імі. Магія мовы настолькі моцная, што мы ўспрымаем гэтую карціну свету як аб’ектыўную рэальнасць.
 
Таму, ёсць тры мовы. Мова, якая гучыць, на якой мы гаворым. Мова, якая паказвае свет, што мы ўспрымаем за аб'ектыўную рэальнасць. І ёсць яшчэ адна мова, якая папярэднічае гэтым дзвюм – прамова сэнсаў чалавечай свядомасці. Лекцыя будзе прысвечана менавіта гэтай мове сэнсаў, з якой утвараюцца ўсе іншыя мовы.
 
Такiм чынам
Публічная лекцыя
філосафа, лінгвіста і санскрытолага
Міхаіла Баярына
“Узоры Свадзеі. Метафізіка Мовы”
адбудзецца ў межах цыкла Лятучага Універсітэта і Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”
Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”)
16 траўня (пятніца)
а 18.30
у Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а).
Уваход вольны!
Традыцыйна арганізатары забяспечваюць online-трансляцыю

Комментарии с форума

  • icbm 13 мая 2014 в 16:01 из Беларуси

    "Абедзве мовы лічацца "моваю інтэлігенцыі"" У нас наоборот - считается моваю понаехавших с вёсок.

  • ewtuhow 13 мая 2014 в 18:28 из Беларуси

    Акрамя таго, Міхаіл Баярын - тэарэтык беларускага нацыяналізму Читать полностью: http://news.tut.by/culture/398738.html____ гэта жарт? ці здзек? ха пачытае для пашырэння кругагляду Міхноўскага і Данцова (не блытаць з Данцовай =) ), а потым ужо называе сабе тэарэтыкам нацыяналізму.

  • Ротмистр 13 мая 2014 в 19:02 из Беларуси

    Уже что-то похожее есть. Буркина-Фасо - "Родина достойных людей". Кстати, и флаг их чем-то близок.

  • m16a4 13 мая 2014 в 19:52 из Беларуси

    Гэта ідэя ўлады, што расце знізу ўверх, увасобленай у Вальным Сойме. Ідэі дзяржавы свабодных адказных узброеных людзей, якія выбіраюць сабе караля. Гэта абсалютна ўнікальная з'ява - выбіраць сабе караля!
    Улада мусіць расьці "зьверху", як і сьвядомасьць, як і сьвет. З платонаўскага верху. Ад Бога. Калі будзем дэмакратычна ісьці супраць сьвету, то пацерпім няўдачу, як ВКЛ. Дарэчы, у ВКЛ караля выбіралі толькі адсоткаў 10 ад усіх людзей. А астатнія былі у асноўным прыгоннымі сялянамі, але аніяк не свабоднымі адказнымі узброенымі грамадзянамі. На гэтых сялянах і трымалася існаваньне п'яной шляхта-блататы, пакуль яшчэ было магчыма. "Шляхецкая" дэмакратыя - зусім не ўнікальная зьява. Гэткае адбываецца ці не ў любой цывілізацыі падчас яе перадсьмяротнай агоніі.

  • antistream 13 мая 2014 в 20:12 из Беларуси

    Прыгэтым нацыяналістам называўся любы чалавек, які гаварыў па-беларуску. Читать полностью: http://news.tut.by/culture/398738.html
    Хлусня. Запытайце тых, хто жыу пры савецкай уладзе.

  • vir_mundi 14 мая 2014 в 11:26 из Беларуси

    Міхаіл Баярын - адзін з найбольш яскравых беларускіх інтэлектуалаў, калі ня самы яскравы. Раю сьпярша больш глыбока азнаёміцца з ідэямі, якія ён выказвае, перад тым, як нешта пісаць.

  • Dmitry-D 15 мая 2014 в 13:55 из Беларуси

    Цікава. Ёсць аб чым падумаць.