Мікалай Дубавіцкі,

Напярэдадні вялікага канцэрта ў клубе “Мулен Руж” з нагоды ўласнага 20-годдзя Паліна Рэспубліка расказала, як яна змянілася ад часу першага сольнага выступу, ці выкідае старыя песні на сметнік і якія падзеі ў сваім жыцці лічыць знакавымі.



— Твой першы сур’ёзны сольны выступ прыпаў на 18-годдзе. Можаш параўнаць свае адчуванні перад тым канцэртам і цяперашнім?

— Перад цяперашнім канцэртам я хвалююся крыху менш, бо два гады таму я сустрэла сваіх музыкаў літаральна за тыдзень да 8 красавіка, не ведаючы, што рабіць з канцэртам яшчэ з лютага. Сёння менш панікі, больш асэнсаваная падрыхтоўка, а да таго ж ёсць адчуванне сваёй аўдыторыі. Таго, што яна наогул у мяне ёсць. Тады, я памятаю, мне было вельмі цяжка зразумець, што гэта зусім “мой” канцэрт і што людзі прыйшлі менавіта на “мяне”.
 
— Як сама адчуваеш, моцна ты змянілася за гэтыя два гады?

— Я сталею, мне гэта заўважна. Да таго ж, дзякуючы СМІ, усялякім інтэрв’ю я магу вярнуцца ў мінулае і параўнаць тое, што было раней, з тым, што адчуваю і думаю цяпер. Усё ж такі я перад тым канцэртам і цяперашнім — дзве розныя Паліны Рэспублікі. Змянілася маё стаўленне да музыкі, яе адчуванне, з’явілася больш досведу, нават спяваю ўжо іншым голасам, як мне падаецца. Цікава, ці заўважна гэта слухачу. 


 — Ты наогул моцна хвалюешся перад выступамі?

— Моцна перад выступамі я хвалявалася толькі некалькі разоў і было гэта на вялікіх фэстах. Звычайна мне няўтульна на першых песнях альбо на выступах з дрэнным гукам.
 
— Можаш назваць знакавыя падзеі ў сваім жыцці?

— Цяжка. Яны, безумоўна, ёсць, але замаскіраваныя пад штосьці зусім банальнае. Калі знакавае — гэта тое, што пэўным чынам уплывае на змены ў светапоглядзе, светаадчуванні, то ў маім выпадку яно выцякае з дробязяў, іх спалучэння і звычайна доўгага асэнсавання тых ці іншых падзеяў. А так дзіця пакуль не нарадзіла, фестывальны фільм не зняла, нават альбом не выпусціла, пра што тут можна казаць.
 
— Песні пішуцца часта? Якім чынам ты вырашаеш, варта ўключаць той ці іншы твор у праграму выступу ці не?

— Песні пішуцца, але нячаста. Плэйліст звычайна залежыць ад фармату мерапрыемства, працягласці канцэрта, публікі. Але я магу яго змяніць падчас выступу і зайграць незапланаваныя песні, за што на мяне злуюцца музыкі.

Ці ёсць у цябе песні, выкінутыя на сметнік, якія страцілі актуальнасць з пэўных прычынаў?

— Непаважліва выкідаць песні на сметнік, чаго я і не раблю. Проста штосьці больш не спяваю, а можа, яшчэ не спяваю і калі-небудзь да гэтага вярнуся. Тут шмат што залежыць і ад музычнай апрацоўкі, наяўнасці аранжыроўкі. Калі яна добрая і правільна зробленая, то песня не надакучвае, адпаведна, доўга выконваецца.
 
— Кажуць, на тваім нядаўнім канцэрце ў Вільні некаторыя слухачы сышлі, бо ты спявала колькі песень па-расійску. Для цябе мова наколькі істотная?

— У маім жыцці некалькі моваў, якія выконваюць розныя функцыі і маюць для мяне асаблівае значэнне. Мова як музычны інструмент. Быццам адны і тыя ж ноты, але зусім рознае гучанне. Мне аднолькава цікава ствараць штосьці на ўсіх мовах, якімі я валодаю, больш за тое, вельмі б хацелася пашырыць свае веды і магчымасці да 4-6 моваў.
 
Наконт таго, што хтосьці сышоў… шчыра кажучы, я не заўважыла. У мяне дрэнны зрок, але я спецыяльна спяваю без акуляраў, бо музыка — гэта не візуальны кантакт, а перш за ўсё паветрана-пачуццёвы,слухачоў я бачу сэрцам і толькі. Калі хтосьці і сышоў, то, думаю, рэч была не толькі ў рускамоўных песнях. На шчасце, з цягам часу робіцца прасцей разумець і ўспрымаць, што я не грошы і ўсім падабацца не магу.

 
— Можа так стацца, што ты станеш цалкам беларускамоўнай спявачкай?

— Мова — гэта мая творчая свабода, і абмяжоўваць сябе такім чынам я не хачу, пры ўсім маім цёплым і пяшчотным стаўленні да беларускай мовы.

— У цябе змяніўся музычны склад. Задавальняюць цябе музыкі?

— Цяпер у нас добры працоўны калектыў. Музыкі дарослыя, тэхнічныя, працавітыя, таленавітыя. Тым, як “Паліна Рэспубліка” гучыць сёння, я абавязаная перш за ўсё Вову Пыльчанку, таму што ён галоўны мастак і чараўнік, які нейкім цудам дакладна мяне адчувае і ўвасабляе ў жыццё ўсе мае немузычныя эпітэты і метафары ў бачанні песні і яе аранжыроўкі.
 
— На якой стадыі твой дэбютны альбом?

— Ён амаль гатовы, засталося толькі запісаць. Думаю, што мы пачнем адразу пасля канцэрта. Планавалі зрабіць гэта крыху раней, але падумалі, што будзе карысна перачакаць 8 красавіка. Спадзяюся, што з другім альбомам (калі ён будзе) у нас атрымаецца значна прасцей, бо, калі робіш штосьці ўпершыню, сутыкаешся на сваім шляху з мноствам падводных камянёў, пра існаванне якіх ты не ведаў і праз якія, хочаш не хочаш, даводзіцца адкладаць справу.
 

ОПРОС

Этой новости я:

143 голоса

Результаты

{banner_819}{banner_825}
-50%
-10%
-20%
-20%
-10%
-50%
-50%
-50%