Ксенія Ельяшэвіч,

Гэты твор Васіля Быкава першы раз з'явіўся ў друку ў 1965 годзе. Некалькі разоў аповесць "рэзалі" савецкія цэнзары, разам з гэтым высокія чыноўнікі з ЦК КПCС і КДБ пачалі кампанію шальмавання аўтара ды яго твора. Прычынай да гэтага стала "отображение событий Великой Отечественной войны с неверных идейных позиций". Амаль 20 год твор быў забаронены для друку. Потым Быкаў неаднойчы шкадаваў аб тым, што стала з яго аповесцю – і быў упэўнены, што не засталося ніводнага першага, аўтарскага экзэмпляра. Але сучаснікам давялося знайсці той самы ўнікальны чарнавік.

Ужо вясной непадцэнзурную аповесць "Мёртвым не баліць" можна будзе знайсці ў беларускіх кнігарнях. Пра тое, як з твора знікалі імёны Сталіна і Берыі, узгадкі сумна вядомага загада № 227 Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, а таксама па чыім рашэнні аповесць пачалі ганьбіць у галоўных савецкіх СМІ, расказаў парталу TUT.BY Сяргей Шапран, даследчык творчасці Быкава і ўкладальнік новай кнігі.
 
Вось так будзе выглядаць вокладка новай кнігі. Пры яе афармленні выкарыстоўваўся малюнак з нататнікаў самога Быкава. Унутры чытачоў чакае адмысловая вёрстка: выкрэсленыя раней цэнзурай элементы будуць адзначаныя шэрым колерам і значком з нажнічкамі. Кніга ўключае ў сябе саму аповесць, а таксама грунтоўны каментар да твора.
 

Савецкія "асабісты" ды "гуманныя" фашысты

Сяргей Шапран – філолаг і журналіст, даследчык творчасці Васіля Быкава. З класікам быў асабіста знаёмы ад самага пачатку 1990-х гадоў; аўтар каля двух дзясяткаў інтэрв'ю з Быкавым і больш за сотню артыкулаў пра яго жыцце і творчасць.

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра за двухтомнае даследванне "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах".

Сябра рэдакцыйнай калегіі Поўнага збору твораў Быкава ў 14 тамах, а таксама ўкладальнік кнігі ліставання Быкава з Барадуліным ды выдання нататнікаў і невядомых твораў класіка з гродзенскага архіва.
 
Упершыню твор апублікавалі ў 1965 годзе ў часопісе "Маладосць". Доўгі час аповесць была пад забаронай: па-беларуску твор не друкаваўся 17 год, у перакладзе на рускую – 23. Аднак і потым савецкія цэнзары адчувалі патрэбу "прыкласці руку" да твора беларускага класіка.

- Нават падчас першага кніжнага выдання ў 1982 годзе у 4-томным зборы твораў Быкава да купюр 17-гадовай даўніны дадаліся новыя, бо гэтага патрабаваў Галоўліт. Менавіта ў такім скалечаным выглядзе твор і вядомы сучаснаму чытачу
, - расказвае Сяргей Шапран.

Яшчэ ў 1960-я, пасля першага друку аповесці ў часопісе, на аўтара і яго твор абрынулася бязлітасная савецкая крытыка. Прычынай гэтага, на думку даследчыкаў, стала непрымальнае бачанне падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Па сюжэце група параненых савецкіх вайскоўцаў зімой 1944 спрабуе сысці ад раптоўнага пераследу варожых танкаў пад Кіраваградам. Адзін з галоўных герояў твора - бязлітасны капітан-"асабіст" Сахно. Паралельна з гэтым падзеі твора адбываюцца праз 20 год пасля перамогі ў вайне: паўстае другі герой, былы старшыня Ваеннага трыбунала, які спрабуе апраўдаць дзеянні Сахно. Савецкія крытыкі абрынуліся на Быкава, мяркуючы, што жаданне ачарніць такіх "асабістаў" з боку СССР перашкодзіла ўбачыць толькі аднаго сапраўднага ворага – фашыстаў. А тыя, сцвярджалі крытыкі, былі паказаныя больш гуманнымі ды чалавечнымі, чым некаторыя савецкія камандзіры.
 

ЦК КПСС і КДБ пісалі сакрэтныя данясенні наконт непрымальнасці аповесці Быкава

Тым не менш пасля дэбюту ў "Маладосці" аповесць пераклалі на рускую мову, і ў наступным годзе яе надрукаваў вядомы "Новый мир". Пасля гэтага твор і атрымаў забарону на друк.

- Добра сказаў пра гэта расійскі крытык Ігар Дзядкоў: "Почти неизъяснимо, почему - правда. Почему у Быкова всегда — правда?". Менавіта гэтая праўда, быкаўская праўда, і выклікала тую кампанію шальмавання "Мёртвым не баліць". Прычым гэта было распачата ў Маскве на самым "версе" - сёння ўжо вядомыя сакрэтныя данясенні ў ЦК КПСС, размова ў якіх ішла выключна пра "Мёртвым не баліць". І падпісаныя былі гэтыя данясенні не толькі загадчыкамі аддзелаў ЦК КПСС ці намеснікамі старшыні КДБ СССР, але і галоўным тагачасным кадэбістам — генерал-палкоўнікам Уладзімірам Сямічасным, адным з ініцыятараў партыйнага перавароту, у выніку якога на змену Хрушчову прыйшоў Брэжнеў. Менавіта Сямічасны пад грыфам "сакрэтна" дакладваў у ЦК КПСС не толькі пра настрой у асяродку беларускіх пісьменнікаў, які быў выкліканы публікацыяй і крытыкай "Мёртвым не баліць", але і пра нібыта прызнанне Быкавым сваёй віны.

Фота: Уладзімір Крук
1964 год. Васіль Быкаў. Фота: Уладзімір Крук

Дый першыя негатыўныя ацэнкі аповесці ў газетах "Правда" і "Красная звезда" з'явіліся не самі сабой, а менавіта па загадзе, які сыходзіў з ЦК КПСС. Дарэчы, не выключана, што за ўсім гэтым стаяў тагачасны галоўны савецкі ідэёлаг Міхаіл Суслаў, другі пасля Брэжнева ў Кампартыіі і ў СССР чалавек. Зрэшты, не толькі партыйныя і кадэбэшныя бонзы ўз'еліся на пісьменніка з Гародні - кляйміў аповесць і вядомы савецкі маршал і член ЦК КПСС Іван Конеў, які кіраваў Другім Украінскім фронтам якраз у той час, калі там ваяваў і ледзь не загінуў пад коламі фашысцкага танка Васіль Быкаў.


Трэба адзначыць, што "Мёртвым не баліць" - аповесць шмат у чым аўтабіяграфічная. У яе падмурку - рэальныя падзеі, непасрэдным удзельнікам якіх Быкаў быў зімой 1944 года на Кіраваградчыне. Менавіта тады ён быў цяжка паранены, некалькі месяцаў пасля знаходзіўся ў вайсковым шпіталі, а тым часам яго бацькі атрымалі пахаронку на сына.


"Часы мяняюцца. Вы хацелі паесці сыта. А мы - жыць справядліва. Невялікая, але ўсё ж розніца"

Васіль Быкаў, 1945 год
Да чаго чаплялася цэнзура ў аповесці і што было скарочана? Былі выкрэсленыя не толькі імёны, знікалі нават фрагменты тэкста ў некалькі абзацаў.

- Найперш неаднойчы былі выкраслены імёны Сталіна і яго памагатага Берыі. Ці нават проста прыгадванне "культу", бо тагачаснаму чытачу адразу было зразумела, што размова ідзе пра культ асобы Сталіна, які дзесяцігоддзем раней быў развенчаны Мікітам Хрушчовым. Аднак, як вядома, з прыходам да ўлады Брэжнева хрушчоўская "адліга" паспяхова скончылася і пачала набіраць абароты рэсталінізацыя. Наогул кажучы, імя Сталіна толькі аднойчы фігуруе ў аповесці, прычым складваецца ўражанне, быццам засталося яно па рэдактарскім недаглядзе.

Таксама зніклі шматразовыя ўзгадкі сумна вядомога загада Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, які савецкая прапаганда называла "Ни шагу назад!".

- Гэты загад пад нумарам 227 ад 28 ліпеня 1942 году забараняў пад пагрозай расстрэлу любое адступленне, на яго падставе ствараліся штрафныя батальёны і загараджальныя атрады, якія павінны былі расстрэльваць байцоў Чырвонай Арміі ў выпадках іх панічнага адступлення. Пісаць пра гэта забаранялася, таму і выкрэсліваў Быкаў любыя намёкі на жудасны загад. Таму адсутнічае і ў чыставой рэдакцыі, і ў публікацыях рэпліка аднаго з галоўных персанажаў "Мёртвым не баліць", штабнога афіцэра Сахно: "У палон паздавацца? Дудкі! Не будзе выйсця — кулю ў лоб! Вось! Не хопіць адвагі — мне далажы! Я памагу. Не ў бірулькі гуляем. Вайна, чорт пабяры!" — гэтыя словы ёсць толькі ў чарнавой рэдакцыі.

Фрагменты машынапісу "Мёртвым не баліць" з рэдактарскай праўкай. Захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

Між іншым, што датычыцца Сахно, - расказвае Сяргей Шапран, - дык у чыставой версіі "Мёртвым не баліць" гэты герой прадстаўлены проста як "штабны афіцэр".

- Яго пасада фігуруе толькі ў чарнавым варыянце: намеснік камбата, хаця першапачаткова ў той жа чарнавой версіі Сахно быў названы смершаўцам. Больш за тое, СМЕРШ быў выкраслены пісьменнікам у чарнавой рэдакцыі яшчэ неаднойчы. І ў дадзеным выпадку можна гаварыць ужо пра самацэнзуру, бо ў той час Быкаў меў сумны досвед публікацыі аповесці "Пастка". Яе фінал быў перапісаны менавіта з той прычыны, што адным з персанажаў твора быў смершавец. Працуючы над "Мёртвым не баліць", Быкаў памятаў пра тое - ён паведамляў у лісце да супрацоўніка выдавецтва "Беларусь" Ванкарэма Нікіфаровіча: "Рызыкоўны вобраз "асабіста" я ўжо перарабіў. Пасля "Пасткі" рашыў абхадзіць такія павароты, бо ўсё роўна іх ламаюць у рэдакцыях, а гэта горш, чым калі зробіш (паламаеш) сам. Праўда, тое, што хачу, я ўсё роўна скажу. Не праз той, дык праз другі вобраз. Рознай пошасці, на шчасце ці няшчасце, у нас хапае". І таму, да прыкладу, калі размова ў "Мёртвым не баліць" ідзе пра ўсё таго ж Сахно, дык рэдактурай з відавочна цэнзурных меркаванняў былі выкраслены многія характарыстыкі, напрыклад, такія: "Тыповы культаўскі рудымент"; "Няўжо ён такі і павінен быць паводле ягонай пасады? Якая тады нялюдская тая пасада!"; "А Сахно? Ці бачыць ён сваіх хлопчыкаў? Тых, што пагінулі ад яго і праз яго?" ды іншае.

Што датычыцца яшчэ наўпростага ўмяшальніцтва цэнзуры ў "Мёртвым не баліць", дык па-за межамі публікацый апынуліся, напрыклад, разважанні пра нядаўняе мінулае, "калі сволачы вынішчалі народ" і гэта было "дзяржаўнай палітыкай". 
 
Вось некалькі вытрымак з твора, якія прыводзіць у прыклад Сяргей Шапран:

"Часы мяняюцца. Вы хацелі паесці сыта. А мы — жыць справядліва. Невялікая, але ўсё ж розніца" (гэта было перапісана самім жа аўтарам, мусіць, па патрабаванні рэдактуры). Сказ замянілі на простае: "Калі наясіся досыта, дык захочацца і жыць па справядлівасці".

Падчас размовы старшыні Ваеннага трыбунала Гарбацюка з міліцыянерам першы кажа: "Я сведка! Я чалавек асаблівага даверу. Гэтага дастаткова", - аднак міліцыянер не пагаджаецца: "Вы памыляецеся, грамадзянін. Гэтага недастаткова. Не тыя часы". І вось якраз апошні сказ — "Не тыя часы" — у публікацыях адсутнічае. Усяго толькі адзін невялічкі сказ, але відаць недарэмна ён аказаўся выкрэслены цэнзарамі.
- Вось так, цаглінка за цаглінкай, пільнае вока рэдактарскай цэнзуры знішчала задуму пісьменніка, - падсумоўвае Сяргей Шапран. - Няма сумнення, што гэтыя і іншыя купюры былі зроблены цалкам асэнсавана, бо, як сказаў адзін з герояў аповесці, "не той матэр'яльчык". Дарэчы, гэтая фраза таксама была выкраслена. Зазначу яшчэ, што прывёў тут толькі невялічкую частку тых скарачэнняў, якія былі зроблены ў "Мёртвым не баліць", - усяго ж купюр менавіта цэнзурнага характару было зроблена каля 200. Прычым пад купюрамі ў дадзеным выпадку разумею як скарачэнні ў адно слова, так і скарачэнні памерам у некалькі сказаў ці нават некалькі старонак.

Рукапісы не гараць?

Сам Васіль Быкаў да апошняга быў перакананы, што першага, аўтарскага экзэмпляра "Мёртвым не баліць" ужо не захавалася. Аднак машынапіс аповесці нядаўна быў знойдзены Шапранам у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Больш за тое, зусім нядаўна выпадкова была адшуканая нават чарнавая рэдакцыя твора. Гэта і стала падмуркам для новай кнігі:

- Справа ў тым, што сыны Быкава Сяргей і Васіль перадалі мне для даследавання цэлы стос машынапісаў і рукапісаў бацькі, дык сярод іншага там была і папка, на якой рукой Васіля Уладзіміравіча напісана: "Черновик "Ночи после праздника" і пазначаны год - 1965. "Ноч пасля свята" - другая назва аповесці, адмовіцца ад якой прапанаваў рэдактар "Маладосці" Пімен Панчанка. У гэтай сувязі Быкаў пісаў Панчанку ў красавіку таго года: "Назва сапраўды трохі з падтэкстам, я гэтага не зразумеў раней. Відаць, трэба вярнуцца да ранейшай — "Мёртвым не баліць".

Фрагменты чарнавой рэдакцыі "Мёртвым не баліць". Захоўваецца ў архіве Васіля Быкава (Гродна)

На задуму надрукаваць новую кнігу адгукнуўся вядомы бізнэсовец і мецэнат Павал Бераговіч, пры падтрымцы якога кніга будзе хутка надрукаваная. А пакуль тыя, хто ўжо вырашыў яе набыць, пакідаюць свае замовы праз сайт labadzenka.by.
{banner_819}{banner_825}
-20%
-33%
-20%
-50%
-10%
-23%
-20%
-19%
-35%
-20%
0063108