Политика
Экономика и бизнес
Общество
В мире
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    1234567
    891011121314
    15161718192021
    22232425262728
    2930311234

Кругозор


Глеб Лабадзенка, фота, відэа аўтара, спецыяльна для TUT.BY

З родам Скірмунтаў і цяпер нямала звязана месцаў на Палессі: палац Бутрымовічаў у Пінску, якім пазней валодалі Скірмунты; будынак фабрыкі, парк і магіла Рамана Скірмунта ў Парэччы, капліца ў Моладаве… У 1836 годзе Скірмунты стварылі самую перадавую суконную фабрыку ва ўсёй Беларусі, куды ехалі працаваць майстры з Францыі і Нямеччыны. Раман Скірмунт у 1918 годзе на кароткі час узначаліў урад Беларускай народнай рэспублікі, называў сябе беларусам (і гэта – “польскі пан”!). Тым часам, гэты род не на слыху – пра яго ведаюць адмыслоўцы і цікаўныя людзі, але не шырокае грамадства. Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук прагне выправіць гэтую несправядлівасць.

Фото: Глеб Лободенко, TUT.BY

28 лютага спадар Смялянчук прачытае публічную лекцыю “Палессе і Скірмунты” – у межах цыкла Urbi et Orbi (Гораду і Свету) Лятучага Універсітэта і Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”. Лекцыя адбудзецца ў крэатыўнай прасторы ЦЭХ (Незалежнасці, 58/6) а 18.30, уваход вольны!
 
Напярэдадні лекцыі мы пагутарылі пра слаўны род Скірмунтаў з доктарам Алесем Смаленчуком.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Адкрыць/спампаваць відэа (4.50 МБ)
 

“Скірмунты закупілі шышкі ў Францыі – і наладзілі ў сябе плантацыю варсільных шышак!” 

Спадар Алесь, на слыху знаходзяцца такія вядомыя беларускія роды, як Радзівілы, Сапегі, некаторыя іншыя… Ці можна паставіць род Скірмунтаў у гэты шэраг?

Алесь Смалянчук: Бадай, не. Скірмунты не былі магнацкім родам. Росквіт Скірмунтаў – гэта ХІХ стагоддзе. Хоць яны ў нейкім сэнсе пераймалі традыцыі тых магнацкіх родаў. Вядома, што Сымон Скірмунт выкупіў велізарны маёнтак Моладава ў Міхала Клеафаса Агінскага – аўтара славутага паланэзу “Развітанне”. Агінскія гэты маёнтак проста знішчылі, давялі да велізарных даўгоў – і Скірмунт выкупіў яго разам з даўгамі. З гэтага і пачаўся росквіт роду Скірмунтаў.
 
Калі гаворым пра Скірмунтаў, то маем на ўвазе прамысловасць на Палессі, так?

Алесь Смалянчук: Больш за тое, дзякуючы ім Парэчча сталі называць “Ліверпуль на Ясельдзе”! Пачалося ўсё з суконнай фабрыкі ў 1836 годзе. Яна стала адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў не толькі Мінскай губерні, але і ўсё Беларусі. Агульны кошт вытворчасці ў пэўны момант там складаў каля 300 тысяч рублёў.
 
Колькі гэта?

Алесь Смалянчук: Для параўнання: гадавы заробак настаўніка народнага вучылішча напрыканцы ХІХ ст. складаў 30-40 рублёў.
 
Вядома, што прадукцыя гэтай фабрыкі здабыла шмат міжнародных узнагарод. У чым быў сакрэт такога поспеху?

Алесь Смалянчук: Тут трэба найперш казаць пра Аляксандра Сымонавіча Скірмунта. Ён атрымаў добрую адукацыю, скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэту, а потым працягнуў навучанне ў Еўропе. І ў канцы свайго навучання – а ён быў тэхнолагам –працаваў звычайным рабочым на фабрыцы ў Бельгіі. Дарэчы, для Радзівілаў гэта было нехарактэрна, а для такіх, як Скірмунт – характэрна. Не толькі ведаць, як кіраваць, як арганізоўваць – але і папрацаваць самому, каб ва ўсім разабрацца. Калі ён адкрываў фабрыку ў Парэччы, фабрык у нас увогуле амаль што не было. Ёсць звесткі даследчыка Паўла Контрыма, якога Варшаўскі банк адправіў у 30-я гг. ХІХ ст. на Палессе – паглядзець, што там з эканомікай, з прамысловасцю. І тое, што заўважыў Контрым, змясцілася на адной старонцы кнігі!.. (усміхаецца) Ён вельмі скептычна ставіўся да такіх як Скірмунт – памешчыкаў, якія стваралі вытворчасць у сваіх маёнтках, дзе працавалі прыгонныя. Даследчык не ўбачыў тут перспектыў, палічыўшы гэта гульнямі, забавамі, хобі. У многіх гэта сапраўды было хобі, якое памірала з адным пакаленнем. У Скірмунтаў было не так... На сваёй фабрыцы яны прымянялі самыя перадавыя тэхналогіі. Куплялі паравыя машыны, якія толькі пашыраліся ў той час у Еўропе. Каб наладзіць вытворчасць мяккага сукна, патрэбныя былі варсільныя машыны. Яны не маглі працаваць без варсільных шышак, якія вырошчваліся ў Францыі, каштавалі вельмі дорага. Скірмунты закупілі шышкі ў Францыі – і наладзілі ў сябе ўласную плантацыю! І мелі дадатковы прыбытак – таму што сталі прадаваць яшчэ і шышкі, а не толькі сукно. Дарэчы, спачатку сукно выраблялі тонкае – трыко, сацін. А потым пачалі рабіць двайное сукно, ці драп.
 

“Аляксандр Скірмунт быў аўтарам першага беларускага патэнту!” 

На фабрыцы рабілі толькі тканіну, ці адзежу таксама шылі?

Алесь Смалянчук: Толькі тканіну. Прадавалі яе даволі шырока – апроч Мінска, Пінска, прадавалі ў Кіеў, Варшаву. Масква і Пецярбург былі буйнымі рынкамі. Ёсць звесткі, што ў пачатку ХХ стагоддзя фірма атрымала буйнейшую замову – пачалі вырабляць сукно для расейскай арміі на афіцэрскія шынелі. Гэта быў каласальны поспех!
 
Гэтыя поспехі ўдавалася ўтрымліваць цягам ажно трох пакаленняў?

Алесь Смалянчук: Так, і прамысловасць увесь час развівалася! З’явілася цукроўня, вінакурня, сыраварня, лясная прамысловасць… Праўда, з цукроўняй не шанцавала – яна тры разы гарэла… Аднак з ёй звязаны гістарычны факт: патэнт Аляксандра Скірмунта на снарад для выпарвання цукру, які прынята лічыць першым беларускім патэнтам. Каб быў зразумелы сэнс вынаходніцтва: раней цукар выпарвалі 4-5 гадзін, а з вынаходніцтвам Скірмунта (ён стаў ужываць медныя пласціны) працэс стаў займаць 3-4 хвіліны!
 
Мы кажам зараз фактычна пра дзеда, бацьку і ўнука. Але ж род Скірмунтаў вялікі – ці ўсе былі такія здольныя?

Алесь Смалянчук: Нават у тым месцы ёсць Скірмунты з Парэчча, а ёсць з Моладава. Адлегласць паміж вёскамі 8 кіламетраў. Але пры тым, што Парэчча стала “Ліверпулем на Ясельдзе”, Моладава жыло жыццём шляхецкай сядзібы XVII-XVIII стагоддзя. Там таксама была вінакурня – бо грошы былі патрэбныя… Але фабрыка ў Парэччы мяняла адносіны паміж людзьмі, мяняла стасунак да жыцця. Парэцкія Скірмунты былі больш адкрытымі. Старэйшыя людзі і цяпер згадваюць, што зайсці ў маёнтак да Скірмунта не было праблемы. У Моладаве трапіць туды было проста немагчыма! Яны жылі сваім жыццём, куды не дапускалі чужых, лічылі вяскоўцаў хамамі. А ўладальнік фабрыкі Раман Скірмунт быў зацікаўлены ў добрых стасунках з вёскай. Бо калі працавала цукроўня, патрэбныя былі цукровыя буракі. І сялян усяляк заахвочвалі іх вырошчваць. Калі селянін сеяў дзесяць дзесяцін цукровых буракоў, то Скірмунт даваў яму дзесяць дзесяцін, каб ён там сабе пасеяў жыта. Праца на фабрыцы не трымалася на прыгонных, людзям плацілі. І таму ліквідацыя прыгоннага ладу ў 1861 годзе ў Парэччы прайшла менш заўважнай, чым у Маладове. Мне давялося бачыць спаведныя кнігі парэцкай царквы 1840-х – 1880-х гадоў – гэта спісы праваслаўных людзей, якія павінны былі хадзіць да споведзі. І бацюшка там аловачкам пісаў – напрыклад, літару “б”: быў. І там усе людзі пералічаныя. Дык вось, там ёсць проста “сяляне”, а ёсць “сяляне пры суконнай фабрыцы”. То бок, яны ўжо фактычна былі рабочымі і атрымлівалі заробкі.

Фото: Глеб Лободенко, TUT.BY
 

“Майстры на фабрыцы Скірмунта атрымлівалі ў 100 разоў больш, чым настаўнікі ў школе” 

Вы закранулі цікавую тэму. Ці добра зараблялі?

Алесь Смалянчук: Працоўны дзень у 1880-я гады складаў 13 гадзін 6 дзён на тыдзень.То бок, калі ты працуеш на фабрыцы, то ўжо чыста фізічна не можаш працаваць на зямлі. Аднак жа і зараблялі: калі ў сям’і працаваў адзін чалавек, то жонка магла ўжо не працаваць. У спаведнай кнізе за 1874 г. я знайшоў цікавыя запісы: “рабочы пры суконнай фабрыцы, яго сям’я і служанка”. Служанка ў рабочага! Заробкі сапраўды былі вельмі добрыя. “Хвабрыканты”, як дагэтуль называюць іх у вёсцы, зараблялі ад 100 да 400 рублёў у год (гэта рабочыя), а майстры зараблялі ад 500 да 3000 рублёў у год. Нагадаю, настаўнік зарабляў 30.
 
Дзе і на што тагачасныя парэцкія сяляне маглі траціць такія казачныя грошы?

Алесь Смалянчук: Захаваліся вельмі цікавыя дакументы Паўночна-Заходняга аддзела Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства. У 1872 годзе яны пачалі распаўсюджваць анкеты сярод сваіх карэспандэнтаў – з пытаннямі адносна дабрабыту, узроўня жыцця, прамысловасці розных рэгіёнаў Беларусі. І захавалася такая анкета па Парэччу, якую запоўніў школьны настаўнік. Ён адзначаў, што звычайнай палескай сям’і з 10 чалавек той зямлі, якую яны маюць, хапае, каб дажыць да наступнага ўраджаю. Грошы ішлі на пакупку нейкіх транспартных сродкаў (добры воз, брычка…), на рамонт, ацяпленне. Паколькі зямля на Палессі не вельмі добрая, патрэбны былі ўгнаенні. Значыцца, трэба было трымаць скаціну – якая патрабавала сена. Звычайна яго не хапала. Даводзілася набываць. Карацей, пры такіх вялікіх сем’ях грошай на асаблівы шык не хапала.
 
Аднак калі настаўнік меў 30 рублёў, а мастар на фабрыцы 3000 – відаць, конкурс быў на тую пасаду неслабы?

Алесь Смалянчук: Можаце ўявіць, наколькі гэта было прэстыжна і прыбыткова, калі да Скірмунта ехалі працаваць людзі з Нямеччыны, Францыі... Напрыклад, у дакументах згадваецца майстар Аляксандр Мель – германскі падданы. Ён пасяліўся ў Парэччы ў 1862 годзе. А ягоныя нашчадкі перабраліся з Парэчча ў Польшчу толькі ў 1960-я гады! І сёння парэцкія згадваюць пра “добрых гаспадароў Мэлёвых”.
 

“Раман Скірмунт – гэта чалавек, які словам спыняў пажар” 

Ведаю, што Вы надаеце вялікую ўвагу вуснай гісторыі, у сакавіку ў межах праграмы Лятучага Універсітэта пачнеце чытаць адмысловы курс па тэорыі і практыцы вуснай гісторыі. У расповедзе пра Скірмунтаў таксама абапіраецеся на запісаныя ўспаміны людзей – жыхароў Парэчча і бліжэйшых вёсак. Што цікавага ўдалося даведацца?

Алесь Смалянчук: Вусная гісторыя дае нам не столькі факты, колькі ўражанні людзей… Калі казаць пра Парэчча і Моладава, то ўражвае тая павага, з якой людзі згадваюць парэцкіх Скірмунтаў – і зусім іншы стасунак да Скірмунтаў у Моладаве. Пра Рамана Скірмунта (уладальніка фабрыкі) згадваюць, што ён вельмі дапамагаў людзям, маладым на вяселле дарыў зямлю. Альбо калі здараліся пажары – даваў грошы на карову, на адбудову хаты… У Моладаве людзі запомнілі іншае. Згарэла хата, людзі прыйшлі да пана, а ён кажа: “Вы ж яе спецыяльна спалілі!” Дзеці прыйшлі спяваць Калядкі – пан спуціў на іх сабак. Бо спявалі па-мясцоваму, а не па-польску.
 
Даводзілася чытаць, што Раману Скірмунту ўвогуле прыпісвалі чарадзейныя здольнасці…

Алесь Смалянчук: Раман Скірмунт – гэта чалавек, які словам спыняў пажар. Калі я пачуў гэта ўпершыню, думалася, чаго толькі гэтая палешукі не прыдумаюць! Але потым пачуў пра гэта ў суседняй вёсцы. Тое ж распавядалі ў іншых вёсках здалёк ад Парэчча... Людзі апавядаюць: “Усчаўся пажар, тут жа на конях хутка прывезлі Рамана Скірмунта, пан нешта пашаптаў, пахадзіў вакол дома – і полымя спынілася…” Мне падаецца, што ў вялікай ступені гэта ўсё трымалася на тым, што Раман Скірмунт ніколі не кідаў пагарэльцаў у бядзе.
 
У 1918 годзе Раман Скірмунт 11 дзён быў прэм’ер-міністрам Беларускай народнай рэспублікі. Ці можаце распавесці падрабязней пра ягоную палітычную дзейнасць?

Алесь Смалянчук: Асабіста для мяне Скірмунты цікавыя не столькі сваімі фабрыкамі і заводамі, колькі сваёй свядомасцю, сваёй палітычнай пазіцыяй. Раман Скірмунт сыходзіў з інтарэсаў Краю, быў вялікім патрыётам Літвы (у гістарычным сэнсе). У 1906 годзе Скірмунт прапанаваў стварэнне Краёвай партыі, якая павінна была мець літоўскае, беларускае і польскае аддзяленні. Раман Скірмунт быў чальцом Дзяржаўнай думы, потым Дзяржаўнай Рады. Падчас Сусветнай вайны ў 1916 годзе ён далучыўся да беларускага руху. Эвалюцыю ягоных поглядаў можна прасачыць вельмі добра. У сваіх першых публікацыях ён пісаў пра “Літву і Русь”, у наступных паблікацыях пра “Літву і Беларусь”, а потым ужо фігуравала толькі Беларусь. Ён заўважыў беларускі нацыянальны рух. Ёсць звесткі, што фінансаваў “Нашу Ніву”. Адначасна ўдзельнічаў у беларускім руху і быў сябрам польскіх арганізацый – быў такім звязуючым звяном. Цікавы факт. У 1906 годзе Раман Скірмунт даваў інтэрв’ю карэспандэнту “Дзенніка Кіёўскага” – польскай газеты радыкальнай нацыянальнай накіраванасці. І на пытанне, хто ён па нацыянальнасці, адказаў: “Я беларус”. Гэта выклікала каласальнае абурэнне польскай грамадскасці – беларус знайшоўся! Польскі пан – і раптам беларус! Але гэта не быў нацыяналізм у нашым сённяшнім разуменні. У яго асобе спалучаліся і паляк, і ліцьвін, і беларус.
 
Давайце вернемся да гісторыі з БНР і 11 дзён прэм’ерства.

Алесь Смалянчук: Там незразумелая сітуацыя. Хоць Скірмунт і быў прызначаны прэм’ер-міністрам – але такое ўражанне, што ён да канца свой урад не сфармаваў. І ад Язэпа Варонкі, які кіраваў Радай, ён не атрымаў фактычна дазволу на гэта. Але фармальна так, быў прэм’ер-міністрам. І вядома, што ён вельмі хацеў аб’яднаць усіх, прыцягнуць розныя сілы да кансалідацыі вакол беларускага руху. Пазней, у 1930-я гады Раман Скірмунт быў сенатарам ІІ Рэчы Паспалітай. І ў Парэччы мне распавялі гісторыю, як “Скірмунт выступаў у Варшаве і казаў, каб усю зямлю аддалі сялянам – і ў яго за гэта стралялі і паранілі”. Як я не шукаў пацвержання гэтым звесткам – не знайшоў. Думаю, гэта міфалагізацыя вобраза Скірмунта. Поруч з гісторыямі пра тушэнне пажара словам. Яшчэ казалі, што у яго быў такі позірк, які немагчыма было вытрымаць - адводзілі вочы. І калі яго забівалі…
 

“Бальшавікі завялі ў лес і застрэлілі” 

Спадар Алесь, папрашу спыніцца на трагічнай гісторыі забойства падрабязней. Чаму Скірмунт не ўратаваўся – калі ўжо было вядома, што ідуць бандыты-камуністы?

Алесь Смалянчук: З успамінаў жыхароў Парэчча ўдалося ўзнавіць карціну таго злачынства даволі падрабязна. У 1939 годзе Скірмунту быў ужо 71 год – можа, таму ён не стаў уцякаць. Людзі ж звычайна адказваюць так: “Ён верыў у свой народ. Казаў, што я вам нічога кепскага не зрабіў – і вы мне нічога кепскага не зробіце”. А калі прыйшлі бальшавікі – там згадваюцца імёны двух камісараў. Адзін з іх - Холадаў. Камісар Холадаў сабраў мітынг у вёсцы, запытаў людзей, што будзем рабіць са Скірмунтам. Чакаў, відаць, што людзі запатрабуюць расправы з “панам”. Але людзі сказалі: “Ён добры чалавек, дамо яму пакойчык у палацы, дамо зямлю – і хай жыве як мы”. На што Холадаў – пра гэта мне расказваў чалавек, які быў кіроўцам у Скірмунта – азвярэў і пачаў крычаць, што вы не ведаеце, хто такія памешчыкі! Што пан сам падпаліць ферму – а потым будзе першы бегчы з цяляткам і крычаць “дапамажыце, дапамажыце!” Але людзі выказаліся, каб не чапаць Рамана Скірмунта. Потым здарылася так. Паводле афіцыйнай версіі, траім мясцовым “хуліганам”, якія мелі раней канфлікт са Скірмунтам, даручылі весці яго ў Пінск – “на допыт”. Яны замест таго павялі яго ў лес і там забілі – разам са шваграм Баляславам Скірмунтам. Я так думаю, што на справе менавіта такое распараджэнне яны ад камісара і атрымалі. Вяскоўцы кажуць, што гэтыя тры злодзеі і скончылі жыццё па-сабачы. Што канец іх быў жудасны: і цяжкія хваробы, і слепата, аднаго закапалі ў агародзе ў бульбяной яме… У свядомасці вяскоўцаў за той страшны грэх яны былі пакараныя.
 
Афіцыйна лічыцца, што Раман Скірмунт не пакінуў нашчадкаў. Але ў Парэччы мяркуюць іначай?

Алесь Смалянчук: У гэтай справе сям’ю Скірмунтаў пераследуе натуральная містыка! У Рамана было 9 братоў і сясцёр. Але ні ў кога (!) не было дзяцей! У Моладаве, здаецца, было шасцёра дзяцей – і таксама ніхто не даў нашчадкаў! Што да Рамана, то гавораць пра чатырох пазашлюбных дзяцей, але ніводнага Скірмунт не прызнаў. Мясцовыя пра тых пазашлюбных дзяцей кажуць, што былі “падобныя да Рамана як партрэт”. Ён усім ім дапамагаў. Мамай дзяцей называюць адну жанчыну – Кацярыну Цярэшку. Але гэта, зразумела, загадкавая гісторыя. У вёсцы казалі: “Сакрэтная любоў”. Хто ведае, можа сярод нас яшчэ жывуць нашчадкі Рамана Скірмунта? Можа, яны ўславяць свайго продка больш годна, чым гэта адбываецца цяпер?..
 
ТАКІМ ЧЫНАМ
Публічная лекцыя доктара гістарычных навук
Алеся Смаленчука
“Палессе і Скірмунты”
з цыклу “Urbi et Orbi” Лятучага Універсітэту
адбудзецца 28 лютага (пятніца)
а 18.30 у крэатыўнай прасторы ЦЭХ (Незалежнасці, 58/6)
Уваход вольны!

Комментарии с форума

  • kianoo 20 февраля 2014 в 18:39 из Беларуси

    Был в Поречье, там есть парк, в котором растет первое в Европе тюльпановое дерево. Выглялит "не по-нашенски". Говорят, когда цветет - красата неописуемая, все дерево усеяно цветами

  • yan77 21 февраля 2014 в 11:17 из Беларуси

    "Ліверпуль на Ясельдзе"! - опять низкопробная зависть непонятно чему и кому - да Ливерпуль в Британии считается самым гнустным после Бирмингема и Ноттингема местом... каждый четвертый житель сидел в тюрьме - ливерпуль звучит как слово нарицательное, как наш светлогорск или российская кондопога...

  • Алла_Смоленчук 21 февраля 2014 в 21:55 из Беларуси

    Спасибо за достойный материал по исторической тематике! Действительно познавательно! Так получилось, что однофамильцы....?

  • sp_alena 21 февраля 2014 в 23:57 из Беларуси

    Вялікіх людзей Беларусі польскага паходжання ведаем мала праз аднабаковасць выхавання і адукацыі. Вялікая наша няўдзячнасць перад імі.

  • vikuz 22 февраля 2014 в 17:12 из Беларуси

    Спасибо за интересный материал! А поселок Скирмунтово (Дзержинский район, Минская область) имеет к ним отношение?

  • BOB-55 22 февраля 2014 в 17:32 из Беларуси

    sp_alena (21.02.2014 23:57) писал(a):
    Вялікіх людзей Беларусі польскага паходжання ведаем мала праз аднабаковасць выхавання і адукацыі. Вялікая наша няўдзячнасць перад імі.
    Фелиес Держиеский.

  • sergey456 23 февраля 2014 в 20:01 из Беларуси

    Цікава, вельмі. Вялікі дзякуй. А то лапатнікі, нічога не было. Такая яна гісторыя.