Политика
Экономика и бизнес
Общество
В мире
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Другие новости

Кругозор


24 студзеня (11 студзеня па старым стылі) 2014 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, літаратуразнаўца Івана Восіпавіча Шутовіча (1904–1973).
 
 Янка Шутовіч. 1930-я гады

Янка Шутовіч нарадзіўся ў вёсцы Шутавічы Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай шматдзетнай сям’і.
 
Пачатковую асвету хлопчык набываў у родных Шутавічах, потым у народным вучылішчы ў суседняй вёсцы Сукневічы, якое ў 1915 годзе скончыў з вельмі добрымі адзнакамі і нават падарункам у выглядзе кніжкі.
 
Далейшую адукацыю Янка спрабаваў атрымаць у Смаргонскім двухкласным вучылішчы, але набліжэнне фронту Першай імперыялістычнай вайны перашкодзіла ажыццяўленню гэтай задумкі. Замест гэтага ўвосень 1916 года хлопчык паступіў у другі клас польскай гімназіі ў Мінску, але правучыўся там толькі два месяцы: заняткі былі спынены з-за эпідэміі тыфу.

Некаторы час жыў ў вёсцы Барадзенічы Дзісенскага павета, вучыўся у беларускай школе пры дзіцячым прытулку, арганізаванам яго дзядзькам ксёндзам Віктарам Шутовічам, дзе, дарэчы, вывучаў і французскую мову, скончыў Глыбоцкае гарадское, ці як яго тады называлі “Вышэйшае пачатковае” вучылішча.
 
 Аўтабіяграфія. 1955 год. Аўтограф

Восенню 1919 года Янка Шутовіч апынуўся ў Вільні. Маючы ўжо пэўную адукацыю, быў залічаны адразу ў чацьвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі.

“Гімназія была заложана ў пачатку 1919 года … З гэтага часу і пачынаецца мая віленская біяграфія, і вучнёўская, і студэнцкая, і грамадзянская, біяграфія беларуса з беднай сялянскай шматдзетнай сям’і, біяграфія пакутлівая, трывожная, адначасава агрэтая цеплынёю беларускага патрыятызму (барані Бог не нацыяналізму!), цеплынёю шчырых, добрых, ідыёвых людзей, нашых беларускіх грамадскіх і культурных дзеячоў”,
– пісаў у сваіх успамінах Янка Шутовіч.

У гімназіі працавалі вядомыя беларускія культурна-грамадскія дзеячы: Максім Гарэцкі і Антон Луцкевіч, Алена Сакалова-Лекант і Леаніла Чарняўская (жонка Максіма Гарэцкага), Браніслаў Тарашкевіч і Міхал Кахановіч, браты Вячаслаў і Генадзь Багдановічы ды іншыя. І настаўнікаў і вучняў злучала нацыянальная справа, вызваленчыя ідэалы, клопат пра народ.
 
 Атэстат сталасці. 1926 год

У 1924 годзе Янка Шутовіч скончыў Віленскую беларускую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.
 
 Янка Шутовіч. 1925 год

Падчас вучобы юнак прымаў актыўны ўдзел у рабоце Беларускага студэнцкага саюза, быў членам рэвізійнай камісіі, сябрам рэдакцыйнай калегіі грамадска-палітычнага, навуковага і літаратурнага часопіса “Студэнцкая думка”, а з 1928 года і яго рэдактарам, працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, а таксама ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры – асветніцкай установай, асноўны напрамак дзейнасці якой быў звязаны з арганізацыяй сярод беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі культурна-асветніцкай і гаспадарчай працы.
 
 Дакументы адносна дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні. 1928, 1931 гады

 Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. 1920-я – 1930-я гады

У 1934 годзе Янка Шутовіч скончыў універсітэт з дыпломам магістра права, але у буржуазнай Польшчы ўладкавацца па спецыяльнасці выпускніку-беларусу было амаль немагчыма, і таму быў вымушаны выконваць самую разнастайную працу, што часам зусім не адпавядала яго адукацыі. Але асноўным напрамкам дзейнасці Янкі Шутовіча ў гэты перыяд становіцца публіцыстыка.
 
 Дыплом аб заканчэнні Янкам Шутовічам Віленскага ўніверсітэта і студэнцкі білет. 1933–1934 гады

Першая яго публікацыя, артыкул, прысвечаны Таварыству беларускай школы ў Вільні, падпісаны крыптанімам Я. Ш-ч, з’явілася ў 1927 годзе ў “Беларускім календары”, але большасць артыкулаў (пра Цішку Гартнага, Адама Гурыновіча, Паўлюка Труса, Міхася Машару, Язэпа Драздовіча, Шата Руставелі) датуюцца 1932–1939 гадамі. Яны друкаваліся ў газеце “Беларуская крыніца”, у часопісах “Шлях моладзі”, “Калоссе”.
 
 Артыкул Янкі Шутовіча “Таварыства беларускай школы ў Вільні”. Беларускі каляндар. 1927

 Артыкулы Янкі Шутовіча “Адам Гурыновіч” і “Цішка Гартны”. Шлях моладзі. 1934. № 3; 1937. № 16

 Артыкул Янкі Шутовіча “Беларускае навуковае таварыства”. 1938 год

З 1935 па 1939 год Шутовіч быў адказным рэдактарам і выдаўцом аднаго з самых вядомых заходнебеларускіх перыядычных выданняў – літаратурна-навуковага часопіса “Калоссе”, дзе друкавалі свае творы Максім Танк, Валянцін Таўлай, Міхась Машара, Анатоль Іверс, Адам Станкевіч, Рыгор Шырма ды іншыя.
 
Верш Максіма Танка “Прайдуць гады”. Аўтограф і публікацыя ў часопісе “Калоссе”. 1936 год
 
Янка Шутовіч і Максім Танк. 1939 год
 
Янка Шутовіч, Міхась Машара, Пётр Сергіевіч, Язэп Найдзюк. 1930-я гады

 
За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння Янка Шутовіч быў зняволены польскімі ўладамі ў Картуз-Бярозаўскі канцэнтрацыйны лагер, адкуль быў вызвалены ў 1939 годзе савецкімі войскамі.

З 1940 года Янка Шутовіч сумяшчаў пасаду выкладчыка ў Беларускай настаўніцкай семінарыі з працай навуковага супрацоўніка, а потым і дырэктара Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
 
Супрацоўнікі Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні. 1940-я гады
 
Беларуская настаўніцкая семінарыя ў Вільне. 1942–1943 гады
 
Падчас фашысцкай акупацыі музей быў выселены з Базылянскіх муроў, дзе знаходзіўся з моманту свайго ўтварэння. У канцы вайны стала вядома, што фондам музея пагражае адпраўка ў Германію. Янка Шутовіч разам са сваімі супрацоўнікамі, а таксама з дапамогай неабыякавых да лёсу Беларускага музея людзей здолеў найбольш каштоўныя музейныя экспанаты перавезці на захаванне ў склеп касцёла Святога Міхала, адміністратарам якога ў той час быў вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння ксёндз Адам Станкевіч.
 
 Спіс ваеннаабавязаных запасу Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні. 1944 год

У лістападзе 1944 года Янка Шутовіч быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на 10 гадоў зняволення, пакаранне адбываў у Унжлагу Горкаўскай вобласці і ў Пясчанлагу Карагандзінскай вобласці.

 
Спіс кніг і рукапісаў, забраных у Янкі Шутовіча падчас вобыску. 1944 год

Дакументы Янкі Шутовіча перыяду ссылкі. 1955 год
 
У 1954 годзе быў вызвалены, але да 1956 года не меў права на зварот у Вільню, пэўны час жыў у Карагандзе і Сарані.
 
У 1958 годзе Янка Шутовіч быў рэабілітаваны, справа ў адносінах да яго была спынена за недаказанасцю віны.

 Даведка аб рэабілітацыі. 1958 год

Аднак вызваленне і зварот на радзіму прынеслі не толькі радасць. Былому ссыльнаму, да таго ж з падарваным здароўем было вельмі складана ўладкавацца на працу. Нарэшце пашчасціла атрымаць месца пажарніка ў Вільнюскім дзяржаўным мастацкім музеі.
 
Янка Шутовіч. 1956 год

Даведкі аб працы Янкі Шутовіча ў Вільнюскім дзяржаўным мастацкім музеі. 1960, 1961 гады

Цяжкія выпрабаванні, што выпалі на долю гэтага чалавека, не зламілі яго патрыятычны дух. Адданы беларускай справе, даследчык па прызванні, ён шмат часу аддаваў працы ў архівах і бібліятэках, адшукваў цікавыя дакументы. Такім чынам быў знойдзены і рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары”.

Янка Шутовіч рыхтаваў матэрыялы пра вядомых дзеячаў беларускай культуры: рэвалюцыянера, паэта-дэмакрата, фалькларыста Адама Гурыновіча, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, выдатнага спевака Міхала Забэйду-Суміцкага.

Яго пяру належыць грунтоўны нарыс, прысвечаны гісторыі Віленскага беларускага музея, але надрукаваным яго аўтар так і не ўбачыў.
 
  Нарыс Янкі Шутовіча “Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча ў Вільні”. 1971 год. Аўтограф

Жывучы ў Літве, Янка Шутовіч падтрымліваў сувязі з Беларуссю, з’яўляўся пазаштатным карэспандэнтам органа Саюза пісьменнікаў БССР часопіса “Полымя”, супрацоўнічаў з АН БССР, пісаў артыкулы, прысвечаныя беларускай мове, захаванню помнікаў беларускай культуры і іншыя. Асобныя з іх публікаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях. На жаль, большасць з іх так і засталася ў рукапісах.

 
  Дакументы адносна супрацоўніцтва Янкі Шутовіча з рэдакцыяй часопіса “Полымя”, Дзяржаўнай бібліятэкай БССР, Акадэміяй навук БССР. 1962–1964 гады

Разам з жонкай, літоўскай паэткай Онай Міцютэ, Янка Шутовіч займаўся перекладамі твораў беларускіх і літоўскіх пісьменнікаў.
 
 Максім Танк, Она Міцютэ, Янка Шутовіч. 1937 год

Янка Шутовіч пайшоў з жыцця 9 снежня 1973 года (па іншых звестках 9 снежня 1974 года).
 
  Пасведчанне аб смерці Янкі Шутовіча. 1973 год

Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

Рукапісны архіў Янкі Шутовіча зберагаецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пад нумарам 1 і складаецца з 414 адзінак захавання.

Комментарии с форума