Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Кругозор


Глеб Лабадзенка, фота, відэа аўтара,

Кім становяцца выпускнікі філасофскага факультэта? Філосафамі? Адзін з сотні! Як непрыгожыя будынкі ў Мінску звязаныя з заняпадам гуманітарных навук? Чаму філосаф Кіркегор можа далучыць Беларусь да агульнаеўрапейскага філасофскага кантэксту?
 
12 снежня (чацвер) а 18.30 прафесар філасофіі Таццяна Шчытцова прачытае публічную лекцыю “Экзістэнцыя ў сістэме каардынат мадэрну: да 200-годдзя ад нараджэння Сёрэна Кіркегора”. Лекцыя адбудзецца ў межах цыклу “Urbi et Orbi” (“Гораду і Свету”) Лятучага Універсітэта. Напярэдадні лекцыі – гутарка з Таццянай Шчытцовай.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Открыть/cкачать видео (10.84 МБ)
 

“Настаўніцай Сакрата была жанчына-філосаф”

- Спадарыня Таццяна, даводзілася чуць ад беларускіх філосафаў шавіністычную тэзу, што жанчына-філосаф – дзіва дзіўнае. Маўляў, назавіце хаця б дзясятак! Вы – прафесар філасофіі. Як лічыце, гендар мае тут значэнне?

Таццяна Шчытцова: Вядома, мае! Меркаванне, якое вам даводзілася чуць – даволі прадказальнае. Але жалезны аргумент, які тут нібыта ёсць, напраўду – калос на гліняных нагах. Яго лёгка раструшчыць, разабраўшы сацыяльныя ўмовы, у якіх фармавалася і развівалася філасофія цягам доўгіх стагоддзяў. А ўмовы былі такія, што мажлівасці да ўдзелу жанчын у працэсе фармавання філасофскага этасу раўняліся практычну нулю. Хоць былі і выключэнні. Скажам, Дыяціма, якая вучыла Сакрата (усміхаецца. - Заўвг. аўт.)…

Гэта перастала быць выключэннем ужо ў ХХ стагоддзі?

Таццяна Шчытцова: Думаю, пачалося гэта яшчэ з ХІХ стагоддзя. Але жаночыя імёны, якія сталі хрэстаматыйнымі і ўвайшлі ў падручнікі па заходняй філасофіі, адносяцца да ХХ стагоддзя. Напрыклад, Сімона дэ Бавуар, Эдыт Штайн, яшчэ бліжэйшая да нас Джудзіт Батлер... Як толькі быў назбіраны люфт, каб можна было “расправіць крылы”, сталі з’яўляцца і аўтары, і працы…

Татьяна Щитцова. Фото: Глеб Лободенко для TUT.BY
 
А ў нас? Ці нароўні ўжо жанчыны-філосафы?

Таццяна Шчытцова: Слова “нароўні” мне не вельмі падабаецца, бо мае на ўвазе неяк вымяраць і неяк суадносіць жанчын-філосафаў з мужчынамі-філосафамі... Безумоўна, у Беларусі жаночыя імёны і галасы ў навуцы чуваць. Калі казаць пра філасофію, то ў першую чаргу назаву сваіх сябровак і каляжанак – Вольгу Шпарагу, Альміру Усманаву…
 
І вы, і названыя навукоўкі – аб’яднаныя ў асноўным вакол ЕГУ. Як сітуацыя “ў дзяржаўным сектары”?

Таццяна Шчытцова: І БДУ, і іншыя ўніверсітэты краіны, безумоўна, маюць прафесіяналаў у сваім складзе. Але гэта зусім асобная тэма – наколькі разумна і карэктна ў дзяржаўных інстытуцыях сёння выбудоўваецца кадравая палітыка. Гэтае пытанне вельмі актуальнае.
 

“Філосафы дужа-дужа запатрабаваныя ў самых розных сферах!”

Вы ішлі на філасофскі факультэт адразу з прыцэлам “быць філосафам”?

Таццяна Шчытцова: Спачатку я хацела паступаць на псіхалогію, бо гэта было “больш зразумела”. Нашая сістэма школьнай адукацыі пабудаваная так, што “захацець паступаць на філасофскі факультэт” вельмі цяжка. Беларускі школьнік з цяжкасцю можа атрымаць разуменне, што такое філасофія і ў чым яе каштоўнасць. Але бацькі, сябры, знаёмыя пераканалі мяне пайсці на філасофію. І я вельмі ўдзячная за тую параду.
 
Мяркую, разам з вамі там вучыліся дзясяткі людзей. Бадай, далёка не ўсе яны сталі філосафамі. І цяпер там шмат студэнтаў – але ж філосафамі стануць адзінкі. Астатнія людзі – кім яны будуць, да чаго іх рыхтуюць?..

Таццяна Шчытцова: Гэта заканамерна, што толькі адзінкі працуюць у прафесіі. Такая ж сітуацыя і з іншымі гуманітарнымі навукамі – гісторыяй, псіхалогіяй… Але тут хачу падкрэсліць іншае. Людзі, якія атрымліваюць філасофскую адукацыю і не звязваюць свой лёс з прафесійнай дзейнасцю ў гэтым кірунку, яны аказваюцца вельмі запатрабаваныя (робяць добрую кар’еру) у іншых галінах – менавіта дзякуючы атрыманай адукацыі. Гэтую думку я ўсяляк намагаюся пры нагодзе данесці беларускім бацькам.
 
Карацей, нават калі выпускнік не стане філосафам – не прападзе?

Таццяна Шчытцова: Не тое што не прападзе!.. Зрабіць кар’еру ў чалавека з філасофскай адукацыяй шанцаў болей, чым у каго!.. Бо калі адукоўванне прайшло паспяхова, чалавек займеў пэўны інтэлектуальны рэсурс і аналітычны патэнцыял, які дазваляе, незалежна ад далейшага месца працы, прапаноўваць вельмі дзейсныя аналітычныя схемы і рашэнні. Гэта здольнасць да ўяўлення, аналізу, распрацоўкі алгарытмаў дзеянняў у праблемных сітуацыях.
 
Можаце прывесці колькі прыкладаў?

Таццяна Шчытцова: Амбасадар Эстоніі ў Беларусі – выпускнік філасофскага факультэта… Сайт “Наше мнение” – грамадзянская і палітычная аналітыка - быў заснаваны Сяргеем Панькоўскім, кандыдатам філасофскіх навук. Цяпер ён курыруецца Анатолем Панькоўскім, які атрымау PhD таксама па філасофіі. Вазьміце выдавецтва “Логвінаў”: Ігар Логвінаў мае дыплом філосафа. Максім Жбанкоў – бліскучы культурны аналітык – кандыдат філасофскіх навук…
 
Напраўду, такія розныя сферы… Але, відаць, марна чакаць у гэтым пераліку чальцоў урада і нашых высокіх чыноўнікаў?.. Гэта невыпадкова?

Таццяна Шчытцова: Стан гуманітарных навук у нашай краіне, напраўду, сведчыць пра пэўны дэфіцыт адукаванасці між людзей, якія адказваюць за дзяржаўную палітыку ў дадзенай сферы. Гэта вельмі трывожны факт, шчыльна звязаны з крытычна нізкім узроўнем акадэмічнай cвабоды ў Беларусі. Напраўду, у параўнанні нават з Расіяй і Украінай у Беларусі сітуацыя з акадэмічнай (універсітэцкай) культурай – у шырокім сэнсе - самая сумная. І адзін з элементаў гэтага – якраз незапатрабаванасць філасофіі. Можна адзначыць, што развіццё гэтай культуры ў Расіі і Украіне было счэплена з развіццём нацыянальнай самасвядомасці. У нас у гэтым плане вельмі праблематычнае становішча.
 
Ці не таму, што ў нас да навукоўцаў падыходзяць з мераю “а што вы вырабляеце, а колькі грошай на гэтым заробіце”?

Таццяна Шчытцова: Гэта якраз неверагодна вузкалобы падыход да разумення таго, што значаць гуманітарныя навукі ў грамадстве. Бо ў нас каштоўнасць філасофіі вымяраецца двума крытэрамі. Гэта абслугоўванне ідэалогіі і зарабленне грошай. Няма, здаецца, ніякага разумення таго, наколькі якасць жыцця ў краіне залежыць ад развіцця гуманітарнай культуры.
 

“За апошнія 20 год нашай гуманітарнай навуцы, і ў прыватнасці філасофіі, нанесены каласальны ўрон…”

Вы неяк заўважылі, што шмат дзе вакол нас бачыце “абсурд і ўбожаства” – і звязалі гэта якраз з заняпадам гуманітарнай навукі. Што нават калі ўзводзіцца нейкі пачварны будынак кшталту “Кемпінскага” – што і тут ёсць нейкая сувязь з заняпадам навукі, і філасофіі ў прыватнасці.

Таццяна Шчытцова: Натуральна! Бо калі б у нас ва ўрадзе і ва ўладзе былі адукаваныя людзі – то яны б не здзяйснялі такія злачынныя (у сімвалічным сэнсе) учынкі. Мы ж маем свята цынічнай безгустоўнасці. За апошнія 20 год нашай гуманітарнай навуцы, і ў прыватнасці філасофіі, нанесены каласальны ўрон…
 
Раз кажаце пра 20 год – значыцца, за савецкім часам не ўсё так кепска было?..

Таццяна Шчытцова: Не – і патлумачу, чаму. Бо за савецкім часам валадарыла свая ідэалогія (гістмат, дыямат), якая якраз вымагала пэўнага ўзроўню адукаванасці. Так, філасофія знаходзілася ў дужа жорсткіх ідэалагічных межах. Але сама савецкая ідэалогія была артыкуляваная як асобны філасофскі канцэпт, які прадугледжваў пэўнае вывучэнне традыцыі.

Татьяна Щитцова. Фото: Глеб Лободенко для TUT.BY
 
Выходзіць, розніца ў тым, што тады ад філосафаў не вымагалі зарабляць грошы. Але і тая філасофія была закліканая “апраўдваць” і падмацоўваць ідэалогію – і цяпер, вы кажаце, што тое самае. Дык нічога не змянілася?

Таццяна Шчытцова: Спадзяюся, што змянілася, што Перабудова нешта значыла. Для філасофіі яна значыла, перш за ўсе, вызваленне з межаў ідэалогіі. Сёння, аднак, мы назіраем рэгрэс. Дзяржава гатовая падтрымліваць філасофію толькі ў тым выпадку, калі яна зноў будзе абслугоўваць ідэалогію – новую ідэалогію “ад Лукашэнкі”.
 
Што ў вас цяпер на працоўным стале? Над якімі праблемамі думаеце і разважаеце?

Таццяна Шчытцова: Прыгадаю адзін праект, якім цяпер займаюся. Ён междысцыплінарны – там удзельнічаюць у тым ліку і філосафы. Мы ўзяліся даследваць з’яўленне і развіццё ў Беларусі практычнай псіхалогіі і размоўнай псіхатэрапіі. Усім вядома, што за савецкім часам былі псіхіятры, якія “давалі ўколы”. А досведу, каб прыйсці да псіхатэрапеўта і за пэўную колькасць сеансаў спосабам размоваў развязаць сваю праблему – такога не было. І ў постсавецкай Беларусі ён пачынае з’яўляцца. Наш інтарэс тут: якія ж змены адбываюцца ў грамадстве і ў людзях, што даюць мажлівасць з’яўленню такога інстытуту?
 
Раней гэта ледзьве не сорамна лічылася! Толькі ў амерыканскіх фільмах мы назіралі, як яны “ходзяць да свайго псіхатэрапеўта”. А ў нас прызнаецца хто публічна – скажуць: “А, дык у цябе з глуздамі не ў парадку?!”

Таццяна Шчытцова: Так, мы атрымалі ў спадчыну з савецкага часу пэўныя стэрэатыпы ў гэтым пытанні. Але мы яўна назіраем icтотныя змены. Адны – з боку грамадства. Іншыя – з боку чалавека, які звяртаецца да псіхатэрапеўта. Бо нашы бацькі такога нават не ўяўлялі.
 

“Шлях самаідэнтыфікацыі - гэта нерв сацыяльнага жыцця ў Беларусі”

Вы сказалі трошку раней цікавую рэч. Што заняпад гуманітарных навук можа быць звязаны з тым, што Беларусь не пайшла па нацыянальным шляху... Ужо позна?

Таццяна Шчытцова: Тлумачэннем цяперашняй выхалашчанасці гуманітарыстыкі з’яўляецца не столькі “нехада” па нацыянальным шляху пасля распаду Савецкага Саюза, колькі не(да)рэалізаванасць нацыянальнага самавызначэння ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў…
 
Шлях самаідэнтыфікацыі, як паказвае блізкая гісторыя, - гэта нерв сацыяльнага жыцця ў Беларусі. Мыслячыя людзі, якія тут жывуць, інтэлектуальны асяродак, зноў і зноў звяртаюцца да гэтага. Іншая справа, што свет настолькі змяніўся, што сёння пракруціць усё, як кінастужку, назад не ўдасца… Беларусь у свой час з розных прычын не была ўключаная ў агульны трэнд усталявання нацыянальнай самасвядомасці… Сёння высвятленне нацыянальнага пытання ўжо не можа развівацца па той жа траекторыі, што і тады.

Татьяна Щитцова. Фото: Глеб Лободенко для TUT.BY
 
Наколькі шырокая філасофская супольнасць Беларусі? Філасофскі часопіс “Топас”, які вы заснавалі, - хто ягоныя чытачы?

Таццяна Шчытцова: Я ў гэтым плане сябе не ашукваю. Кола чытачоў – найперш людзі, якія прафесійна займаюцца філасофіяй. Гэта часопіс не папулярны, але акадэмічны – і мы адмыслова свядома трымаемся гэтага. Ёсць шмат заходніх часопісаў, якія папулярызуюць філасофію, прадстаўляюць яе для самага шырокага кола чытачоў. Спадзяюся, у нас таксама з’явіцца нешта падобнае.
 

“Ва ўсёй Еўропе, апроч Беларусі, адзначаўся юбілей Кіркегора…”

 
Чаму героем вашай лекцыі стаў менавіта дацкі філосаф Сёрэн Кіркегор? Бо ў гэтым годзе яго 200-гадовы юбілей? Бо вы пісалі па ім дысертацыю і перакладалі ягоныя творы?..

Таццяна Шчытцова: Безумоўна, момант “асабістай прыязнасці” тут ёсць. Але ёсць і іншы важны чыннік. Цягам гэтага года ва ўсіх універсітэтах Еўропы, і не толькі ўніверсітэтах, адзначалася 200-годдзе Кіркегора. Ва ўсёй Еўропе, апроч Беларусі. Таму, калі мне прапанавалі прачытаць публічную лекцыю, я вырашыла скарыстаць гэтую мажлівасць, каб далучыць нас у гэтай справе да ўсёй Еўропы. У Еўропе кожны ўніверсітэцкі адукаваны чалавек ведае, хто такі Кіркегор.
 
Якія ідэі Кіркегора блізкія беларусам?

Таццяна Шчытцова: Кіркегор добра злавіў тэндэнцыі сацыяльнага жыцця, якія агаляюць праблематычнасць чалавечага існавання. Сёння ў нас у інтэлектуальнай літаратуры і журналістыцы часта сустракаецца такое азначэнне, як “экзістэнцыяльны”. Гэта дужа паказальна, бо “экзістэнцыялізм” як пэўны філасофскі кірунак ужо даўно стаў часткай гісторыі, а вось “экзістэнцыяльныя пытанні” застаюцца актуальныя. Дык вось, Кіркегор і быў той аўтар, які ўвёў экзістэнцыю як тэму, якую еўрапейскі чалавек проста не можа абмінуць увагаю.
 
Вяртаючыся да ролі жанчын у філасофіі. Сустракаецца версія, што Кіркегор гэтак актыўна пісаў, бо яго кінула нявеста, з якой ён быў заручаны. Няўжо?

Таццяна Шчытцова: Гэта адна з папулярных інтэрпрэтацый і некаторы міф. Напраўду, разрыў тых заручынаў вельмі значны ў біяграфіі Кіркегора. Але сказаць, што менавіта ён паўплываў на яго творчасць, пісьменніцкую прадуктыўнасць – вялікае перабольшанне. Дарэчы адносіны між мужчынам і жанчынай – тэма, прысутная ў Кіркегора. Напрыклад, знакаміты ягоны твор, перліна дацкай літаратуры – “Дзённік спакусніка” (фрагмент твора “Або-або”). Там уся драматургія круціцца вакол складанай, спланаванай наперад спакусы. Вось такі, даволі бульварны, на першы погляд, сюжэт Кіркегор развівае як тэму, значную ў канктэксце незагойных экзістэнцыйных пытанняў чалавека эпохі мадэрну.
 
ТАКІМ ЧЫНАМ
Публічная лекцыя
філосафа Таццяны Шчытцовай
з цыклу “Urbi et Orbi”
Экзістэнцыя ў сістэме каардынат мадэрну:
да 200-годдзя ад нараджэння Сёрэна Кіркегора
адбудзецца 12 снежня (чацвер) а 18.30
у Галерэі "Ў" (Незалежнасці, 37а)
Уваход вольны!