/

Такое прызнанне зрабіў сёння журналістам Валерый Анісенка, дырэктар - мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску. Прэс-канферэнцыя ў адным са старэйшых тэатраў краіны прысвячалася планам на новы, 88-ы, творчы сезон.

Валерый Анісенка. Фота: Ігар Мацьвееў

“Сённяшні тэатр перажывае не лепшыя часы. Камерцыялізацыя зрабіла сваю страшную справу. Псіхалагічны тэатр зараз замяняе “петрасяншчына”. Гэта псуе не толькі гледача, але і артыстаў. Бо артыст – самая залежная істота ў свеце, і ён вымушаны прыстасоўвацца да таго, што яму прапаноўваюць рэжысёры. І атрымліваецца, што прыстойныя людзі сёння ў тэатр не ходзяць – бо там безгустоўнасць. Гэта хвароба ёсць і ў нашым тэатры. Хоць гэта і моцны тэатр, які ідзе да свайго 90-годдзя і які мае багатую гісторыю, свае перамогі, сваё імёны. І раптам мы “обмельчали”. Зараз трымаць высокую планку ў тэатральным мастацтве складана, але да гэтага трэба імкнуцца”, – лічыць Валерый Анісенка.

Журналісты заўважылі, што сярод прэм’ер коласаўцаў у новым сезоне – ніводнай камедыі.

“Гэта мая прынцыповая пазіцыя, – патлумачыў Анісенка. – Я не супраць высокаякасных камедый. Але, паўтаруся, бяда тэатра ў тым, што мы “накамедываліся”. Трэба выхоўваць і гледача, і артыстаў – каб яны ўмелі трымаць паўзу, ведалі, што такое падтэкст, другі план. Гэта тое, што належыць мастацтву. А сёння гэта згублена. Я і сам люблю гумар. Але пры слове “камедыя” на сцэне мяне трасе. Бо тады артысты становяцца падобнымі адзін на аднаго, гавораць у дыяпазоне трох гукаў. У нас вельмі бытавы тэатр, замяшаны на “камедыйным” цесце. Акцёры іграюць на адных знаёмых нотах. Тэатру трэба іншае дыханне, іншае мысленне. А гэта можа даць толькі рознапланавасць і рознажанравасць”.

Юлія Харкевіч, Валерый Анісенка. Фота: Ігар Мацьвееў

Галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка. Фота: Ігар Мацьвееў

Кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра
Марына Пятрова. Фота: Ігар Мацьвееў

У новым сезоне аматараў тэатральнага мастацтва ў Віцебску чакае шэраг прэм’ер па вядомых творах сустветнай літаратурнай класікі. Пераважна над новымі пастаноўкамі на віцебскай сцэне будуць працаваць запрошаныя рэжысёры.

Сярод навінак на прэс-канферэнцыі назвалі наступныя спектаклі: “Дом Бернарды Альбы” Федэрыка Гарсія Лоркі (яго паставяць балгарскія рэжысёры Ёрдан Тодараў і Дзімітар Дзімітраў), “Пахавайце мяне за плінтусам” паводле аднайменнай аповесці Паўла Санаева (рэжысёр – Валерый Анісенка), “Дыліжанс” паводле п’есы “Пышка” Гі дэ Мапасана (рэжысёр з Мінска Сяргей Кулікоўскі), “Рамэа і Джульета” паводле Уільяма Шэкспіра (паставіць вядомы расійскі рэжысёр Валерый Беляковіч) і “Гаральд і Мод” паводле Коліна Хігінса (рэжысёр з Мінска Вітаўтас Грыгалюнас).

Адзін новы спектакль – “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паводле Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы Міхася Краснабаева, гледачы ўжо ўбачылі месяц таму, 8 верасня. Яшчэ адну пастаноўку па творчасці класіка беларускай літаратуры – паводле рамана “Дзікае паляванне караля Стаха” – задумаў сёлета здзейсніць коласаўскі рэжысёр Юрый Лізенгевіч.

Адкрыццё новага сезону ў віцебскім драмтэатры адбудзецца 4 кастрычніка. Традыцыя і сёлета застаецца нязменнай – гэта будзе спектакль-візітоўка” коласаўцаў “Несцерка” паводле Віталя Вольскага. Упершыню гэту пастаноўку артысты трупы сыгралі ў далёкім 1941 годзе. Сёлета ў галоўнай ролі на сцэну выйдзе Пятро Ламан.

Як адзначыла намеснік дырэктара тэатра Юлія Харкевіч, за столькі гадоў спектакль “Несцерка” не надакучыў жыхарам Віцебска: “Людзям усё адно падабаецца гэта пастаноўка, і ў гэтым годзе яна зноў карыстаецца поспехам, мяркуючы па тым, што амаль усе квіткі на яе прададзеныя”.
-20%
-10%
-50%
-20%
-10%
-10%
-20%
-10%
0071582