/ фото: Игорь Матвеев,

Васіль Шкіндзер – уладальнік аграсядзібы “Поўсвіж” у вёсцы Вялікі Поўсвіж, што пад Лепелем, – можа даваць майстар-класы на тэму, як ладзіць святы. У мінулую суботу, 3 жніўня, у ягонай гаспадарцы прайшоў ужо трэці па ліку мастацка-рамесніцкі фестываль “Вялікае поле”.



Гэта ўжо стала добрай традыцыяй: штогод у першы тыдзень жніўня ў Вялікім Поўсвіжы збіраюцца мастакі і народныя майстры з усёй ваколіцы. А гэтым разам пра фэст у Шкіндзера пачулі рамеснікі і з іншых куткоў Беларусі. Таксама прыехалі. І не пашкадавалі. Бо тут можна не толькі зладзіць выставу сваіх вырабаў, але і выдатна адпачыць.



А між тым Васіль Шкіндзер па адукацыі ніякі не “масавік-зацейнік”. Ён скончыў фізмат Віцебскага педінстытута. Настаўнічаў. Пасля заняўся прадпрымальніцтвам, апошнія пяць год – аграэкатурызмам. У ягонай вясковай міні-гасцініцы гасцям прапаноўваецца пражыванне ва ўтульных пакоях, лазня, пляж, рыбалка на возеры, якое бачна з вокнаў сядзібы. І экскурсіі па наваколлі – да “цара-дуба”, каменя-следавіка, старых хрысціянскіх могілак і іншых адметнасцей “краю жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў”, як яшчэ называюць Лепельшчыну.

Васіль Шкіндзер

Ідэя зладзіць уласны фестываль прыйшла Шкіндзеру падчас вандроўкі:

– Неяк я трапіў на дужа выдатны фэст у Браславе, тамтэйшыя рамеснікі праводзяць яго на тэрыторыі мясцовага краязнаўчага музея. Прыглядаўся да гэтага свята некалькі гадоў. Па-добраму зайздросціў. А потым да мяне далучыліся сябры, і мы вырашылі стварыць штосьці падобнае, але сваё. Атрымалася гэта ў 2011 годзе. У нас жа на Лепельшчыне дударскі край, таму першы фэст прысвячаўся беларускай дудзе. Да нас тады прыязджаў Тодар Кашкурэвіч з гуртом ESSA (“Эса”). Другі фестываль атрымаўся разбярскім. Мастакі па дрэве летась выразалі з вялікага бервяна стод Перуна, дзесьці тры з паловай метры вышынёй. Недалёка ад сядзібы ёсць капішча, і мы “пасялілі” ідала там, побач з каменем-следавіком і Перуновай гарой.

Разьбяры Іван Будзіч і Леанід Саўчанка

Эскіз будучай скульптуры Вялеса

Сёння ў нас зноў працуюць прафесійныя разьбяры – Іван Будзіч з Лепеля і Леанід Саўчанка з Віцебска. І, каб Пярун не сумаваў адзін, яны створаць яму “кампанію” – паганскага бога, апекуна земляробства і мастацтваў Вялеса. За тры гады геаграфія свята пашырылася. Калі першы фэст быў выключна раённы, то другі стаў ужо абласным. А гэтым разам да нас прыехалі майстры з іншых мясцін рэспублікі. Тут мы вучымся адзін у аднаго, адраджаем народныя традыцыі, нашы рамёствы, песні і танцы.

– А ці цяжка арганізоўваць такія святы?

– Складана было ў самы першы раз, бо пачынаў цалкам новую для сябе справу. Пачаў хвалявацца ўжо за месяц. А за тыдзень – прачынаўся ў дзве гадзіны ночы і думаў: ці будзе надвор’е, ці збяруцца майстры, ці падтрымаюць мяне. І гэтак – кожны фэст. Але як толькі прыязжаюць на падворак першыя людзі, трывога кудысьці знікае. Застаюцца толькі клопаты, як у любога гаспадара, які сустракае гасцей.

Васілю дужа-ткі няма часу раздаваць інтэрв’ю: на ім сто спраў на адны рукі. І адна з іх – ствараць жывы акампанемент на этнадыскатэцы, граць на валынцы.







Па замове Шкіндзера інструмент яму вырабіў майстар-адмысловец – на ўзор старажытнай дуды, якая захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі.

Калі дудар і барабаншчык стамляюцца, то старадаўняя музыка гучыць у запісе. А потым аж пад самыя жнівеньскія аблокі, аж да бурштынавага, як спелы колас, сонца, ляціць народная песня – сёлета на фэст прыехалі гурты “Паўночная Сухадроўка” з Віцебска і “Літы талер” з Мінска. Народ танчыць, водзіць карагоды, жартуе…

Гурт "Паўночная Сухадроўка" (Віцебск)

Добра тут сэрцу беларускаму! Гэта пацвярджвае і сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Святлана Чэрнікава: “Вось прыедзеце вы ў санаторый. І што вы там пабачыце, акрамя ежы? А тут, на Васілёвай аграсядзібе, – народная творчасць, беларускі фальклор, танцы. І агульны настрой – асаблівы, душэўны, светлы. Бо абы-якіх людзей тут няма. Злыя сюды дакладна не ехалі. Толькі добрыя!” 

Пастаянныя наведвальнікі мерапрыемстваў у народным стылі
Янак і Яна Грэскія з Чашніцкага раёна

Прыгажуня-беларусачка





Пад драўлянай паветкай, якую гаспадар зрабіў на выпадак дажджу, Святлана Чэрнікава праводзіць майстар-клас па саломапляценні. Усе ахвотныя плятуць “жніўны сноп” ці “бараду”. “Нашы продкі рабілі іх напрыканцы кожнага жніва, а потым захоўвалі да наступнага года, у чырвоным куце. Гэта быў сімвал багацця і здароўя”, – тлумачыць жанчына. Па прафесіі яна інжынер-гідратэхнік. “Але саломка аднойчы так мяне захапіла, што я вось ужо больш за 20 гадоў займаюся толькі ёю”, – усміхаецца Святлана.



Свой “жніўны сноп” – толькі з бісеру, стварыла і яе суседка. Алена Шарапінская працуе ў дзіцячым садку, а бісерапляценнем займаецца для душы.

Алена Шарапінская

Кераміст Алеся Цап прыехала з Мінска. Дзяўчына таксама зладзіла цікавую выставу, а пасля і майстар-клас.

Алеся Цап

Марына Арцеева здзівіла брылямі… з чарота! Пытаюся, наколькі распаўсюджаныя вырабы з такога незвычайнага матэрыялу. “Прынамсі, у Беларусі такіх майстроў я больш не ведаю. Чарот – мой любімы матэрыял. Ён універсальны, нешта сярэдняе паміж саломкай і лазой. Вельмі пластычны, мяккі. Як кажуць, ён мне “пайшоў”. Раблю з чарота брылі, сумкі, сувеніры”, – распавядае рукадзельніца.

Марына Русланаўна прыехала на свята разам з “мабільнай рамеснай майстэрняй”, якая нядаўна з’явілася ў Лепелі. “Гэта наш першы выезд, пробны, – кажа каардынатарка гэтага праекта Галіна Жураўлёва. – Нашы майстры займаюцца рознымі відамі народнай творчасці: выцінанкай, ручным ткацтвам, вырабам народных лялек, вышыўкай, керамікай, саломапляценнем і г.д. Перасоўная майстэрня будзе вось так, мабільна, выязджаць на розныя святы, фестывалі, праводзіць на іх майстар-класы і далучаць людзей да народнай творчасці”. У “вандруючых рамеснікаў” набыла сабе нататнік у стылёвай вокладцы – з льняной тканіны і нацыянальным арнаментам.



Лепельскі траўнік Віктар Чайко абклаўся мяшэчкамі з рознымі зёлкамі, тоўстымі і разумнымі кніжкамі накшталт "Энциклопедии лекарственных трав Беларуси".

Віктар Чайко

– Вы на якую хваробу пакутуеце? – пытаецца.
– Дзякаваць богу, пакуль ні на якую.
– О, дык вам пашанцавала. Але вазьміце што-небудзь для прафілактыкі.
– А можа, вы шарлатан які? – жартую.
– Патэлефануйце на перадачу “Народный доктор” і спытайце, хто ў Беларусі самы лепшы траўнік. Вам скажуць, што гэта я. У мяне каля 200 лекавых раслін практычна ад усіх хвароб. Штосьці збіраю ў лесе, але ў асноўным вырошчаю травы на ўласных 3 гектарах зямлі, – распавядае Віктар.

Тут да нас падыходзіць яшчэ адна жанчына. Стройная. Але траўнік чамусьці пачынае ёй рэкламаваць марознік каўказскі: “Гэта адзін з самых моцных сродкаў для пахудзення”. Даведваемся, што 100 грамаў гэтай раслінкі каштуюць… паўмільёна. І хоць на паўгадавы курс хопіць усяго 40 грамаў цудадзейнай травы, вырашаю і далей патрымліваць сябе ў форме праверным спосабам – ранішнімі прабежкамі.

Дарэчы, марознік каўказскі можна было прама тут жа і заварваць! Бо гасцей на гэтым свяце кармілі знатна. Дзяўчаты на нашых вачах спрытна на жывым агні смажылі кілбаскі ды бліны.



У двух вялізных чугунах гатавалі наварыстую пярловую кашу з курыцай. Калі вы думаеце, што елі тут са звычайнага посуду, дык памыляецеся. Кашу нам прапанавалі ў талерках… з капусты! Замест лыжкі – абструганая трэска. Крэатыўненька!



Яшчэ адна ўдзельніца фэсту – Антаніна Шуневіч, прывезла з сабой хатні мёд і медавуху. А якая тут была цудоўная гарбата! На зёлках – з мелісы, чабору, зверабою, і са старадаўняга самавара. “Чараваў” над самаварам Ілья, малодшы гаспадароў сын.



З духмянай гарбатай можна пайсці ў чум, сесці пад каровін чэрап – там клапатлівы гаспадар для гасцей і саломкі нават падсцяліў.

Трохі падсілкаваўшыся, можна было паспрабаваць, як гэта раней “здабывалі хлеб”. Малоць зерне жорнамі – праца яшчэ тая! “А то! – кажа Пятровіч, памочнік на сядзібе Шкіндзера. – Цяпер зразумелі, як нашым бабкам хлеб даваўся? Таму яны ніколі ніводнай скарыначкі не выкідвалі. Гэта зараз – укусілі адзін раз булачку, не спадабалася – на сметнік!”



Ручны "млын" тут працаваў не проста так, для забавы гасцей, а для выпечкі адмысловага фестывальнага хлеба. Падышла бабуля, раіць:

– Меней сыпце зерня.Тады яно будзе хутчэй малоцца. І, калі вы хочаце муку на хлеб, то давядзецца яе перамалоць. Бо ў вас атрымалася нейкая сечка свінням.
– Хутка ў Беларусі ніводнай свінні не застанецца, – кажа нехта з гледачоў, якія сабраліся вакол.
– Нічога, на комплекс гэту сечку аддасцё, там як знойдуць, – адгукаецца бабуля.

Стаміўшыся малоць пшаніцу, саджуся адпачыць у панскую карэту. Распавядаюць, што да рэвалюцыі ў ёй ездзіў нейкі пан. Васілю Шкіндзеру гэту брычку падарыў чалавек з Браслава. Дарэчы, карэта “здымалася” ў кіно. Антуражны “транспарт” у поўсвіжскага гаспадара брала ў арэнду творчая група расійскага рэжысёра Аляксандра Міты, які летась у Віцебску працаваў над эпізодамі фільма пра Шагала і Малевіча. А разлічыліся з прадпрымальнікам даўжэзным лозунгам з надпісам “Киньтесь в море революционного искусства”.

Транспарт паноў

І нават гэты рэвалюцыйны транспарант прыдаўся ў Васілёвай гаспадарцы! Бо на ягонай сялібе, што месціцца сярод маладых соснаў на ўзгорку, ёсць этнаграфічны музей. Знаходзіцца ён практычна пад адкрытым небам, у павеці побач з хатай.

У самога гаспадара не было часу зладзіць для нас экскурсію. Таму пра музей сялянскага побыту распавялі калегі. Спачатку – мясцовы краязнаўца і журналіст сайта lepel.by Уладзімір Шушкевіч, дзякуючы якому неўзабаве ў Лепелі, на беразе возера, паселіцца Цмок. А потым – Васіль Матырка, карэспандэнт мясцовай “раёнкі”.

Уладзімір Шушкевіч

Прылады працы і побыту нашых продкаў Васіль Шкіндзер збірае шмат гадоў. Спачатку асабіста ездзіў па вёсках і набываў, а зараз пагалоска пра ягоны музей пайшла далёка, і людзі самі прыносяць рознае старое “начынне”.



Колькі колаў на гэтай сцяне, Васіль ужо даўно збіўся з ліку. “Аднак, хачу заўважыць, ніводнае не спушчанае”, – пажартаваў ён, калі я спытала пра іхнюю колькасць.

Божухна, чаго тут толькі няма! Сярпы, вагі, самавары, накавальні, начоўкі, кросны, керасінавыя ліхтары… Гэта багацце каля ўваходу аховае металічны рыцар. (Дарэчы, потым яго прыцягнулі з павеці на свята. Далі яму некалькі мячоў. І ўсё – мальцы, што малыя, што дарослыя, былі заняты надоўга!). Прынеслі з музея і стары патэфон.



Яшчэ адзін "тэматычны" куток экспазіцыі – жорны. Гляньце, колькі іх тут: ад малых да вялікіх.



Але лепей дадзім слова больш дасведчанаму чалавеку – Васілю Матырку:

– Вось гэта – сячкарня, іх тут чорт ведае колькі, але штук пяць – дакладна. А гэта што, ведаеш?
– Не, – кручу галавой.
– Цемра. Гэта ж спрадвечная беларуская саха, у музеі ёсць і аднарогая саха, і двурогая. А вось сані. Унікальныя. Бо іхнія палазы зроблены з яловага вываратня. Амерыканскі апарат для пасадкі насення. Дужа разумная штука. Кавальскія мяхі, таксама ўнікальныя. Прычым яны дзейнічаюць. У працоўным стане была і параконная сеялка, пакуль нейкія чэрці не захацелі яе прадаць і не зламалі “зубы” на шасцярні. Тады яна і стала непрыдатная. Гэта – скалва. Такімі вагамі раней карысталіся еўрапейскія купцы. Таму іх і звалі “сквалыжнікі”. А гэта – бязмен. У народзе – “бязмен дурнаваты”: бо такімі вагамі можна лёгка абдурыць пакупніка. Ну а тут – калекцыя сякер. Прычым вось гэта сякера – не простая, а баявая! – Вася бярэ яе ў руку, і зброя нібыта становіцца яе натуральным працягам. У вачах хлопца ў кашулі-вышыванцы – шчасце: звычайнае такое, мужчынскае, ваярскае шчасце.

– Адным з самых каштоўных экспанатаў гаспадар лічыць вокладку ад “Дзяржаўнага акта на вечнае карыстанне зямлёй калгасамі”, – працягвае Матырка. – У 30-я гады, калі ў сялян забіралі зямлю, такім дакументам замацоўвалі ўладанне на зямлю. Вокладку знайшлі ў вёсцы Новае Жыццё, калі там раздзярбанілі чарговы сельскі клуб…





Наведванне этнаграфічнага музею Васіля Шкіндзера ўключана ў турыстычныя маршруты па Лепельшчыне. Не так даўно ён прымаў удзел у конкурсе міжнароднага праекта "Зямля, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага турызму ў Беларусі і Расіі" і атрымаў грант на ўдасканаленне сваёй музейнай справы.



На думку Уладзіміра Шушкевіча, Васіль Шкіндзер “ажыццявіў прарыў у блакадзе культурнага жыцця Лепельшчыны”: “Васілёвы фестывалі – першыя ў раёне прыватныя праекты такога характару і ўзроўню. Аказваецца, арганізацыя цікавага масавага мерапрыемства пад сілу і прыватніку, а не толькі аддзелу культуры райвыканкама”.

Шкада аднаго: са свята мы вымушаны былі з’ехаць загадзя, таму не паспелі пабачыць гатовую скульптуру Вялеса…

Аграсядзіба "Поўсвіж"

-20%
-10%
-21%
-30%
-10%
-10%
-15%