• Другие новости

Кругозор


Ксенія Ельяшэвіч,

Журналіст, блогер і паэт Глеб Лабадзенка ўчора прэзентаваў сваім чытачам яго новую кніжку “Дзіцячая заМова”. Напярэдадні выхаду ўнікальнага выдання мы наведалі друкарню, дзе сваімі рукамі сабралі некалькі экзэмпляраў, а заадно даведаліся, ці збіраецца аўтар падаваць заяўку… ў Беларускі саюз мастакоў.



А ўсё пачыналася з некалькіх малюнкаў, што тлумачылі моўныя тонкасці. Спачатку Глеб Лабадзенка намаляваў такую схему жонцы, каб тая нарэшце навучылася адрозніваць і правільна ўжываць словы “цяпер” і “зараз”. Потым чытачы блогу, куды ён выклаў малюнак, пачалі падкідаць свае “задачкі”. Урэшце, калі колькасць малюнкаў пайшла на дзясяткі, аўтар задумаўся пра стварэнне асобнай кніжкі. Вось такім чынам на свет і з’явілася “Дзіцячая заМова” – наглядны маляваны падручнік па беларускай мове для пачаткоўцаў і не толькі. Тут не знайсці ніводнай друкаванай літары - усе выканана ад рукі.
  
- Кніжку я ўжо прэзентаваў Рыгору Барадуліну (які напісаў да кнігі пасляслоўе,- Аўт.), Васілю Сёмуху, Уладзіміру Арлову. На маю радасць, кнігу яны сустрэлі вельмі цёпла - расказвае Глеб. - Мне вельмі прыемна, што большасць людзей, якая бярэ кнігу ў рукі, сапраўды шчыра вераць, што я гэта ад рукі напісаў і намялавяў, а не ў друкарні гэта друкавалася. Людзі блізкія, і далёкія ад кнігавыдання, адразу, з ходу купляюцца на гэты прыкол. Замаўляюць жа людзі розныя, сустракаюцца нават прадстаўнікі камерцыйных кампаній. Да прыкладу, дырэктар адной з кампаній-правайдэраў Павел Ганчар замовіў ажно 50 асобнікаў.

Падрабіць кнігу, як жартуе аўтар, нават пры жаданні – будзе проста немагчыма. Мы вырашылі праверыць гэта самі ды зведаць на сабе хоць частку складанага тэхналагічнага працэсу. Адправіліся ў новае мінскае выдавецтва “Паперус” пры інтэрнэт-краме Prastora.by ды сабралі сваімі рукамі некалькі асобнікаў. Заадно выведалі ўсе выдавецкія сакрэты. 







- Працэс стварэння кнігі атрымаўся нестандартным, і ў выніку была задзейнічана амаль уся геаграфія Мінску і не толькі, - расказвае мэнэджэр выдавецкага праэкту Юры Алейнік. - Спачатку набывалі спецыяльную паперу ў вялікім рулоне вагой на 650 кіляў. Гэта не зусім звыклая папера для тыпаграфіі. Яе разрэзалі, потым везлі ў іншае месца, дзе друкавалі з арыгіналаў старонкі, пасля старонкі зноў разрэзаліся яшчэ ў адным месцы. Для вокладкі асобна набываўся таўсты кардон, на якім выконваўся адмысловы друк, і, нарэшце, вокладка адпраўлялася па яшчэ адным адрасе, каб “акругліць” краі. Ну, а далей стадыя лістападборкі, якую вы можаце цяпер назіраць. Апасля кнігі паедуць на прашыўку спружынай, там у іх таксама зробяць спецыяльную дзірачку для прашыўкі вяроўкай. Канешне, завяжуць яе яшчэ ў іншым месцы.

"Шведскі стол"

Сама друкарня месціцца ў падвале аднаго з вельмі старых дамоў Мінску. Не дарма мы праходзім праз страшныя і тоўстыя металічныя дзверы, а на сценах заўважаем ўбудаваныя вентылятары – усе гэта выдае ў памяшканні яшчэ адну рэзервовую функцыю на выпадак “чаго-небудзь”– бамбасховішча. Нават мабільная сетка тут недасяжная.

У цэнтры памяшкання – доўгі стол. Пачынаем адкрываць скрыні з раздрукаванымі старонкамі ды складаць іх, нумар за нумарам – у асобныя стосы. Будзем займацца лістападборкай. Што такое лістападборка? Як жартуюць тут – ручны канвеер, ці “шведскі стол”. Чалавек збірае старонку за старонкай, па крузе абыходзячы стол, пакуль не збярэ стос. Так нараджаецца кніга.






- Лявон Вольскі, да прыкладу, замовіў сабе 10 кніжак, сказаў, хоча зрабіць падарунак знаёмым дзеткам. І гэта шалёна прыемна, што сярод замоўцаў ёсць і людзі, на чыіх песнях я вырас! – дзеліцца Глеб. - Дарэчы, у кнізе знайшлі адну памылку, у рускім слове, як гэта ні прыкольна… Але мне не сорамна. Я ж не строю з сябе рускага філолага, зрэшты. Галоўнае, што беларускія словы людзі будуць вывучаць правільна.



- Унікальнасць праекту ў тым, што фактычна, не маючы на яго грошай і не маючы гранту, можна рабіць такія рэчы, - расказвае аўтар. - Гэта было б немагчыма і без падтрымкі чытачоў. Гэта цудоўна, калі ты можаш звярнуцца да іх, сказаць, што ёсць такая ідэя, і калі вы мяне падтрымаеце, то мы можам гэта разам зрабіць. Мне гэта вельмі сімпатычна, я ўвогуле прыхільнік грамадзянскай супольнасці і прыхільнік таго, што не трэба наракаць на ўладу, а самім нешта рабіць. Не казаць увесь час “а пачыму эта нам уласць нічыво не дзелаіт?”. Так а самі мы што – сядзім і чакаем, што нам нехта зробіць? Ніхто ж не зробіць! У мяне ўжо на хвалі радасці яшчэ з’явілася некалькі ідэй наконт выдання кніг...

"Мастацкі балаган"

 
У "Кніжным салоне" па вуліцы Калініна ў Мінску Глеб Лабадзенка ўчора раздаваў першую частку наклада. Заўважаем, што бяруць адразу па 2, 3, а то і 5-10 кніжкак. Пытаемся ў наведнікаў, навошта ж так шмат. Аказваецца, замаўляюць адразу з разлікам на сябе і падарункі – сябрам, пляменнікам, а хто і “дзеду”.



- Практычна ўсе людзі, што забіраюць кніжку, калі яе бачаць, то бяруць яшчэ дадатковыя асобнікі. Значыцца, такі мастацкі балаган прыйшоўся людзям даспадобы. Да і сын ацаніў - на зуб ён яе ўжо выпрабаваў. Ну ён, праўда, усё цягне ў рот, таму і кніжку тут жа зацягнуў. Так што, думаю, будзе і яму чытанка, як падрасце.



 Між тым, пакуль збіралі кніжкі ў друкарні, выпадкова пачулі байку пра заяву ў Беларускі саюз мастакоў. Аказалася, не байка:

- Не, гэта ніякі не жарт, абсалютна! Я ж маляваў? Маляваў. 112 карцінак. Ёсць яшчэ людзі, якія малююць у гэтым стылі. Я па прыколу падам заяву ў Саюз мастакоў. Мне вельмі весела даведацца, на якой падставе яны мне адмовяць. Натуральна, бо ў мяне няма ніводнага калева сумнева, што мне адмовяць. Чалавеку, які зусім не ўмее маляваць – не месца ж у Саюзе мастакоў? Але з якой яны мне фармулеўкай адкажуць – гэта мне дужа, шалёна цікава! Жонка смяецца і кажа: цябе не возьмуць, бо ў цябе адукацыі мастацкай няма. Тады я пачынаю смяяцца яшчэ больш і перапытваю: "І што, толькі па-гэтаму?.." 

Дзе набыць

У "Кніжным салоне" па вуліцы Калініна ў Мінску Глеб Лабадзенка ўчора раздаваў першую частку наклада. Усе гэтыя кніжкі людзі напярэдадні замовілі праз ўласны блог Глеба Лабадзенкі. Як кажа сам аўтар, гэтыя людзі аказаліся ў самым выйгрышным становішчы – кнігі яны атрымалі самымі першымі. Застаецца яшчэ невялікая частка накладу, якую аўтар распаўсюдзіць сам. Астатняя палова кніг – 1000 асобнікаў - паступіць у гандлёвыя сеткі ў бліжэйшым часе, а таксама ў інтэрнэт-крамы, у прыватнасці краму Prastora.by