Политика
Экономика и бизнес
Общество
В мире
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    1234567
    891011121314
    15161718192021
    22232425262728
    2930311234
  • Популярное

Кругозор


23 жніўня гэтага года спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, лаўрэата дзяржаўных прэмій СССР і БССР, ганаровага акадэміка НАН Беларусі Пімена Емяльянавіча Панчанкі (1917-1995). 
 
Пімен Панчанка, 1970-я гг.
 
Па ўспамінах паэта, яго бацькі, якія паходзілі з вёскі Гедэйкі Ашмянскага павета Віленскай губерніі, як і многія тагачасныя беларускія сяляне яшчэ задоўга да Першай сусветнай вайны з’ехалі ў Прыбалтыку ў пошуках заробку. Пасяліліся ў Рэвелі (зараз Талін). Там знайшлі працу на судабудаўнічым заводзе. А неўзабаве 23 жніўня 1917 года тут з’явіўся на свет і будучы народны паэт. У 1921 годзе маці з дзецьмі пераехала ў Бягомль, дзе пасля заканчэння Грамадзянскай вайны бацька ўладкаваўся на працу. Працаваў дзясятнікам, аб’ездчыкам, прарабам, ляснічым. Тут, у вярхоўях ракі Беразіны, за 75 кіламетраў на поўнач ад горада Барысава, прайшло дзяцінства Пімена Панчанкі. Непасрэдная сувязь з навакольнай прыродай мела станоўчы ўплыў на фарміраванне яго характару, светапогляду. Як прызнаваўся П. Панчанка, для беларускіх хлопчыкаў лес - гэта першая школа, зялёная энцыклапедыя. У лесе можна было збіраць ягады, грыбы, гарэхі, назіраць за птушкамі, слухаць іх спевы, можна было навязаць венікаў і выразаць дудку. Не аднойчы маленькі Пімен ездзіў разам з бацькам на пасадку лесу, на новыя яго распрацоўкі, з цікавасцю назіраў за працай лесарубаў, возчыкаў, сплаўшчыкаў, быў здзіўлены разнастайнасцю, хараством і веліччу нашага зялёнага багацця і наогул навакольнай прыроды. Усё тое, што тычылася роднага краю, яго традыцый, культуры, выклікала ў хлопца цікавасць і замілаванне, былі то народныя святы Купалле, Каляды, Вялікдзень ці пранікнёныя народныя песні. 
 
У Бягомлі Пімен Панчанка атрымаў сямігадовую адукацыю. У 13 гадоў упершыню трапіў у Мінск як дэлегат першага Усебеларускага слёту піянераў. З Бягомля сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, дзе бацькі ўладкаваліся на працу на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Некаторы час там працаваў рабочым і шаснаццацігадовы Пімен. Потым юнак скончыў 6-месячныя курсы па падрыхтоўцы ў ВНУ ў Горках, а пазней - аднагадовыя педагагічныя курсы ў Бабруйску. 
 
На працягу пяці гадоў (1934-1939) П. Панчанка настаўнічаў у Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці, дзе выкладаў мову і літаратуру і адначасова завочна вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, які скончыў у 1939 г. Праца сельскага настаўніка была вельмі напружанай, бо акрамя выкладання ўрокаў у школе трэба было весці вялікую пазакласную, лектарскую і грамадскую работу, напрыклад удзельнічаць у перапісе насельніцтва, жывёлы, землеўпарадкаванні і г.д., затое дзякуючы гэтаму набываўся пэўны жыццёвы вопыт. У канікулярны час, прыязджаючы ў Мінск, П. Панчанка цалкам аддаваўся заняткам у інстутуце, наведваў тэатры, кіно, кнігарні, бібліятэкі. Перачытаў усіх класікаў, якія ўваходзілі ў абавязковую інстытуцкую праграму, а таксама і пазапраграмную літаратуру, але, як сам прызнаваўся, не мог спатоліць літаратурны голад. Прыярытэтамі для Панчанкі тае пары былі "Ціхі Дон" М. Шолахава і "Разгром" А. Фадзеева, "Хаджэнне па муках" А. Талстога і артыкулы М. Горкага, а таксама цікавілі Ніцшэ, П. Раманаў і І. Бабель, вабіла паэзія У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага, М. Святлова, А. Твардоўскага, А. Пракоф’ева, Г. Гейнэ, А. Рэмбо і інш. 
 
Асабліва цікавым і карысным для П. Панчанкі было наведванне Дома пісьменніка, дзе можна было ўбачыць і паслухаць жывых класікаў беларускай літаратуры Купалу і Коласа, пазнаёміцца з іншымі беларускімі літаратарамі. Тым больш што і сам П. Панчанка ўжо трымаў паэтычнае пяро: у 1934 годзе ў альманаху "Ударнікі" пад псеўданімам Алесь Загорны была апублікавана яго першая паэтычныя спроба - верш "Ураджайнае", а ў 1938 годзе ўбачыла свет і першая кніга паэта пад назвай "Упэўненасць", якая змяшчала 31 верш. У тым жа 1938 годзе, вясной, ён быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў. 
 
Першы надрукаваны верш "Ураджайнае". Альманах "Ударнікі". 1934. Вып. 3.
 
Першы паэтычны зборнік "Упэўненасць". 1938 г.
 
Па заканчэнні інстытута П. Панчанка пераехаў у Мінск, а ў 1939-м быў прызваны ў армію, апынуўся ў Заходняй Беларусі ў Беластоку, дзе служыў у армейскай газеце. У 1940 годзе Дзяржаўнае выдавецтва пры СНК БССР выпусціла яго другі паэтычны зборнік "Вераснёвыя сцягі". 
 
Пімен Панчанка, 1946 г.
 
"Вераснёвыя сцягі". Зборнік вершаў. 1940 г.

Там жа, у Беластоку, яго напаткала і Другая сусветная вайна. Падчас яе П. Панчанка працаваў спачатку ў франтавой газеце "Красноармейская правда", а з ліпеня, калі была створана газета "За савецкую Беларусь", стаў яе супрацоўнікам. Па успамінах пісьменніка, калектыў рэдакцыі быў невялікім: М. Лынькоў, К. Крапіва, І. Гурскі, П. Глебка, В. Барысенка, А. Стаховіч, але зладжаным. Пазней да іх далучыліся прыехаўшыя з Масквы М. Танк, П. Броўка, А. Кучар. Са сваёй газетай пісьменнікі-журналісты пабывалі і пад Смаленскам, і пад Вязьмай, і пад Гомелем, і пад Варонежам, і пад Бранскам. У гады ваеннага ліхалецця П. Панчанка працаваў таксама карэспандэнтам газет "За свабодную Беларусь" (1942 г., Калінінскі фронт), "Героический штурм" (1943 г., Паўночна-Заходні фронт), прымаў удзел у рабоце Пленума Саюза пісьменнікаў Беларусі ў жніўні 1942 года. 
 
П. Панчанка сярод удзельнікаў Пленума Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі. 1942 г., жнівень
 
Як успамінаў паэт, "пісьменнікі-франтавікі складалі вершы, пісалі апавяданні, артыкулы, нарысы, лістоўкі, сачынялі нешта гумарыстычнае, але сэрца вельмі балела за родную Беларусь, за свой народ, за сваіх блізкіх". У гады вайны ўбачылі свет зборнік франтавых вершаў паэта "Тебе, Беларусь!" (1942) у перакладзе на рускую мову, паэтычная кніга "Дарога вайны" (1943) і шмат вершаў, што друкаваліся на старонках армейскіх і франтавых газет. 
 
"Дарога вайны". Зборнік вершаў. 1943 г.
 
У 1944 годзе ваеннага журналіста Пімена Панчанку накіроўваюць у складзе часцей Чырвонай Арміі ў Іран, дзе ён прабыў два гады. Уражанні аб знаходжанні ў гэтай краіне склалі змест цыкла вершаў пад назвай "Іранскі дзённік". 
 
Фрагмент пісьма М. Танка ад 30.07.45 г. з водгукам на цыкл вершаў "Іранскі дзённік"
 
Пімен Панчанка, 1940-я-1950-я гг.

Па звароце на радзіму пісьменнік актыўна працаваў у складзе рэдакцый газет і часопісаў: "Вожык", "Літаратура і мастацтва", "Советская Отчизна" (цяпер часопіс "Нёман"), "Маладосць". У 1966 годзе быў абраны сакратаром Праўлення СП БССР, членам Праўлення СП СССР (1968), з 1989 года стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра.
 
Службовыя пасведчанні
 
Акт аб перадачы спраў. 1966 г., 11 кастрычніка
 
Пасведчанне дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. 1959 г.
 
Шмат карыснага зрабіў П. Панчанка і як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1959-1967, 1971-1990 гг.), і як старшыня Рэспубліканскага камітэта абароны міру. У якасці прадстаўніка ад Беларусі пісьменнік прымаў удзел у рабоце XIII сесіі Генеральнай Ассамблеі ААН (1958). Уражанні ад Амерыкі знайшлі сваё паэтычнае адлюстраванне ў зборніках "Кніга вандраванняў і любові" (1959), "Нью-Йоркскія малюнкі" (1960), "Тысяча небасхілаў" (1962), "Чатыры кантыненты" (1964).
 
П. Панчанка і старшыня Камітэта прыхільнікаў міру Канады, лаўрэат Сталінскай прэміі "За укрепление мира между народами" (1952) Джэймс Эндзікот. [1960-я] гг.
 
"Родная мова". Верш. Чарнавы аўтограф. 1986 г.

Пасляваенная творчасць паэта вызначаецца вялікай разнастайнасцю тэм, якія закранаюць самыя розныя бакі паўсядзённага жыцця. Вершы П. Панчанкі прасякнуты любоўю да чалавека, роднага краю, роднай мовы. 
 
"Развітанне". Верш. Чарнавы аўтограф. 1987 г.
 
З нянавісцю ставіцца паэт да ўсяго таго, што перашкаджае яго сучасніку добра жыць, працаваць. Ён выступае супраць такіх негатыўных праяў, як зайздрасць, паказуха, прыстасавальніцтва.
 
Пімен Панчанка, 1963 г.
 
Панчанка ўвесь час думаў аб адказнасці паэта. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: "У наш складаны суровы час сорамна займацца вершаванымі забаўкамі, засядацельскай мітуснёй, корпацца ў мішуры прывіднай славы і дробязных крыўдаў. Для мяне самае каштоўнае ў паэзіі - праўда жыцця, праўда пачуццяў маіх сучаснікаў, чалавечнасць". І як пацвярджэнне гэтаму гучаць яго радкі, датаваныя 1974 годам: "Я гаварыў занадта гучна /Ды і пісаў занадта гучна. / Пара праўдзівей і цішэй, / Да сэрца нейчага бліжэй, / А гэта ў сотні раз цяжэй". 
 
" ***Я гаварыў занадта гучна…". Верш. Аўтограф. 1974 г.
 
Шматгранная паэтычная творчасць П. Панчанкі знайшла адлюстраванне ў звыш 30 зборніках, выдадзеных у розныя часы. Некаторыя з іх былі адзначаны дзяржаўнымі і літаратурнымі прэміямі: Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы за паэму "Патрыятычная песня" (1959), Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Купалы за зборнік вершаў "Пры святле маланак" (1968), Дзяржаўнай прэміяй СССР за кнігу вершаў "Где ночует жаворонок?" (1981). 
 
"Где ночует жаворонок?". Зборнік вершаў у перакладзе на рускую мову, фрагмент вёрсткі. 1983 г.
 
Але П. Панчанка быў не толькі выдатным паэтам. Яго пяру належыць вялікая колькасць злабадзённых публіцыстычных выступленняў у друку, глыбокіх літаратурна-крытычных артыкулаў. Як справядліва адзначалі крытыкі, уся яго творчасць была своеасаблівым выразнікам дум і спадзяванняў эпохі. 
 
Пімен Панчанка, 1963 г.
 
П. Панчанка вядомы і як перакладчык на беларускую мову твораў Ф. Шылера, А. Міцкевіча, А. Пракоф'ева, А. Суркова, Т. Масэнкі, М. Нагнібеды, Г. Эміна і іншых паэтаў. Шматлікія пераклады твораў самога паэта на розныя мовы народаў свету сведчаць аб яго папулярнасці і па-за межамі Беларусі. 
 
Пісьмо англійскага паэта і перакладчыка Уолтара Мэя з высокай адзнакай паэтычнага талента П. Панчанкі. 1967 г.
 
Дзяржава высока адзначыла заслугі Пімена Панчанкі, яго літаратурны талент, актыўную грамадскую дзейнасць, адвагу і мужнасць, праяўленыя падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1973 годзе яму было нададзена высокае званне народнага паэта Беларусі. П. Панчанка ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, у 1994 годзе паэт быў абраны Ганаровым акадэмікам НАН Беларусі.
 
Пімен Панчанка, 1977 г.
 
Пімен Емяльянавіч Панчанка пайшоў з жыцця 2 красавіка 1995 года. У Мінску адна з вуліц носіць яго імя. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зберагаецца асабісты архіў пісьменніка. Да 95-годдзя з дня яго нараджэння супрацоўнікамі бібліятэкі падрыхтавана выстаўка, на якой прадстаўлена творчая спадчына Пімена Панчанкі. 
 
З жонкай Зояй Кірылаўнай і ўнучкай Ксюшай. 1980-я гг.
 
З Ю. Ванагам. 1968 г.
 
З Я. Брылём. 1962 г.
 
Матэрыялы падрыхтавалi Таццяна Жук, Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела бібліятэкі.
 
TUT.BY - рукапісы не гараць… 

Комментарии с форума

  • KPOHOC-3EBC 26 августа 2012 в 12:44

    Мне вельмi шкада, што сёння зусiм амаль невядомым для большасцii застаюцца имёны, якiя з'яуляюцца сiнонiмамi беларускай культуры. Мне, прабачце, абсалютна усё роуна пад якiм сцягам твырылi Панчанка, Крапiва, Караткевiч. Я адзначаю тое, што яны пiсалi па-беларуску, многiя з iх працавалi на вёсцы i дзякуючы iх працы ды асабiстым прыкладам, у беларуса была магчамасць стаць чалавекам. Мне шкада, што з зыходам Iмёнау зыйшла i интэлiгентцкасць у сэнсе адукаванасцi i культуры, роунасцi у сэнсе адноciнау да "простых", без палiтыкi i шншага. Хоць я разумею, што пicьменнiк абавязкова павiнен быць палiтыкам - бо з яго рук выходзiць тое, што можа даць жыццё, а можа i забiць. Адным словам, я хачу прачытаць добрую сучасную кнiгу на беларускай мове - спадзяюся, што гэта нейкiм чынам дапаможа мне паздавiцца ад адчування дэкадансу. Можа, хто параiць мне што? Буду удзячны за магчымасць адчуць "рэнесанc"))