Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Кругозор


Алексей Вайткун,

2 мая 2012 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Вінара (1912-1977) – краязнаўца, педагога, даследчыка гісторыі Навагрудчыны, заснавальніка школьнага гісторыка-краязнаўчага музея ў гарадскім пасёлку Любча.

Мікалай Андрэевіч Вінар

Мікалай Вінар нарадзіўся ў горадзе Роўна ва Украіне. Рана асірацелага хлопчыка (бацька загінуў у 1916 г. падчас Брусілаўскага прарыву, маці памерла, калі Мікалаю яшчэ не было 9 гадоў) забрала да сябе сястра маці, якая жыла ў вёсцы Заполле Навагрудскага павета. Пасля сканчэння польскай пачатковай школы ў вёсцы Стараельня Мікалай у 1928 г. паступіў у 4 клас Навагрудскай беларускай гімназіі. Добры вучань і актыўны ўдзельнік школьнай самадзейнасці, ён быў таксама актыўным дзеячам Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. 13 снежня 1933 г. Вінара арыштавалі польскія ўлады. У хуткім часе ён быў выключаны з навучальнай установы, а 17 студзеня 1934 года асуджаны на адзін год турмы і два гады пазбаўлення грамадзянскіх правоў.

Вучні і выкладчыкі Навагрудскай беларускай гімназіі. М.А. Вінар – крайні справа ў верхнім шэрагу. 1930 г.

Пасля ўсталявання ў Заходняй Беларусі савецкай улады Вінар пачаў педагагічную працу. У перадваенныя і першыя пасляваенныя гады настаўнічаў у вёсцы Зенявічы, а з 1947 г. месцам яго працы становіцца пасёлак Любча. Тут Вінар спачатку загадваў райпедкабінетам, а з 1949 г. выкладаў гісторыю ў мясцовай сярэдняй школе. У гэты ж час ён паступіў на завочнае навучанне ў Баранавіцкі настаўніцкі педінстытут, які скончыў у 1951 г. па спецыяльнасці “гісторыя”.

Дыплом і выпіска з заліковай ведамасці выпускніка Баранавіцкага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута М.А. Вінара. 1951 г.

У Любчы Вінар праявіў сябе як таленавіты выкладчык гісторыі, здольны арганізатар турысцка-краязнаўчай і экскурсійнай работы ў школе: распрацоўваў маршруты турпаходаў, арганізоўваў паездкі вучняў па родным краі, па ўсёй Беларусі і за яе межы.

Даклад “Мой опыт преподавания уроков культуры в курсе истории”

Нататка “Эстетическое воспитание школьников в туристско-краеведческой работе”

М.А. Вінар і вучні Любчанскай сярэдняй школы ў турыстычным паходзе

М.А. Вінар (крайні злева ў ніжнім шэрагу) сярод настаўнікаў Любчанскай сярэдняй школы. 7 ліпеня 1973 г.

Ганаровая грамата Міністэрства асветы БССР, выдадзеная М.А. Вінару за добрую пастаноўку турысцка-краязнаўчай работы. 1964 г.

Але вяршыняй дзейнасці Вінара ў Любчы стала яго праца па стварэнні школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Датай яго адкрыцця лічыцца 1964 г. Аднак вядома, што ўжо ў 1961 г. члены школьнага краязнаўчага гуртка пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі распачалі збор экспанатаў. На пачатку свайго існавання музей размяшчаўся ў Брамнай вежы Любчанскага замка, а ў сярэдзіне 1970-х гг. перабраўся ў новы школьны будынак. Ён хутка набыў славу аднаго з найлепшых школьных музеяў Гродзеншчыны.

У часы Вінара экспазіцыя музея мела наступны склад: раздзелы “Далёкае мінулае”, “Барацьба працоўных за сваё вызваленне”, “Аб Вялікай Айчыннай вайне”, “Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі”, “А. Міцкевіч – наш зямляк”, прыродазнаўчы і літаратурны раздзелы. Самымі каштоўнымі экспанатамі былі археалагічныя знаходкі эпохі неаліту, рэдкія старажытныя манеты, бронзавы флюгер з выявай герба Любчы, датаваны 1581 г. (гэты год лічыцца датай узнікнення Любчанскага замка), метрычная кніга Наваградскага касцёла 1601 г., дакументы аб дзейнасці славутай любчанскай друкарні ХVII ст. Былі шырока прадстаўлены экспанаты, звязаныя з падзеямі рэвалюцый 1905 і 1917 гг., з дзейнасцю на тэрыторыі Любчанскага краю Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Нататка “Школьны гісторыка-краязнаўчы музей у Любчы”. 1965 г.

Экспазіцыя Любчанскага школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. 1960-я гг.

Экспазіцыя Любчанскага школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Сярэдзіна 1970-х гг.

Вінар зарэкамендаваў сябе як здольны арганізатар музейнай справы: наладзіў кантакты не толькі з рэгіянальнымі арганізацыямі, але і з цэлым шэрагам музеяў, архіваў, бібліятэк Беларусі, Украіны, Польшчы. На яго пачынанне звярнулі ўвагу асобы, вядомыя як у краі, так і па ўсёй рэспубліцы. З перапіскі Мікалая Андрэевіча бачна, што справамі створанага ім музея цікавіліся і шмат у чым дапамагалі заслужаны настаўнік БССР, заснавальнік народных краязнаўчых музеяў у Валеўцы, што на Навагрудчыне, а таксама ў Дзятлаве Міхаіл Петрыкевіч, вядомы айчынны археолаг Леанід Побаль, мінскі збіральнік кніжных рэдкасцей Лявонцій Клок.

Ліст М.Ф. Петрыкевіча да М.А. Вінара. 19 сакавіка 1962 г.

Ліст Л.Д. Побаля да М.А. Вінара. 4 кастрычніка 1965 г.

Ужо пасля смерці Вінара, у 1988 г., школьнаму музею ў Любчы было прысвоена званне народнага музея. Другім кірункам дзейнасці краязнаўцы сталі ягоныя артыкулы, нарысы, нататкі па гісторыі Навагрудчыны, якія з канца 1950-х гг. публікаваліся на старонках навагрудскай раённай газеты “Новае жыццё”.

Нататка “Нашы знатныя землякі: да 55-годдзя з дня смерці Валерыя Урублеўскага”. 1963 г.

Артыкул “З гісторыі развіцця народнай асветы на Навагрудчыне” (газета “Новае жыццё”. 1963, № 107) і матэрыялы да яго

Мікалай Вінар – аўтар двух буйных прац, адна з якіх прысвечана гісторыі Навагрудка, а другая – гісторыі Любчы. Першая з іх так і не была надрукавана, а другая (як лічыцца, больш удалая; навагрудскі гісторык М. Гайба называе яе найбольш поўным на той час даследаваннем гісторыі Любчы) выйшла ў “Новым жыцці” ў 1977 г. – у год смерці аўтара. На жаль, у гэтую публікацыю пад назвай “Любча: старонкі гісторыі” увайшоў не ўвесь тэкст працы Вінара. Публікацыя ахоплівае падзеі ад пачатку ХХ ст., у той час як машынапісны экзэмпляр уключае звесткі з гісторыі пасёлка пачынаючы са старажытных часоў.

Праца “Горад Навагрудак і ваколіцы”

Праца “Любча: гісторыка-эканамічны нарыс”. 1976 г.

“Любча: старонкі гісторыі”. Пачатак публікацыі. Газета “Новае жыццё”. 1977, № 130.

Вінару належыць арыгінальнае меркаванне, якое датычыцца даты ўзнікнення Любчы. Першае упамінанне пасёлка Мікалай Андрэевіч адносіў да 1241 г.: паводле працы В. Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, менавіта ў гэтым годзе “рукою шматгрэшнага дзяка Мікіты з Любчы” быў перапісаны манускрыпт пад назвай "Написания Афанасия мниха к Панкови…". Погляд Вінара супярэчыць звесткам з сучасных энцыклапедый і даведнікаў, аднак пераклікаецца са сцвярджэннем гісторыка ХІХ ст. Т. Нарбута аб тым, што ў Любчы яшчэ ў сярэдзіне ХІІІ ст. існавала рэзідэнцыя біскупа Віта і дамініканскі сабор, дзе, магчыма, у 1250 г. хрысціўся ў каталіцкую веру Міндоўг. Гэтае меркаванне Вінара, упершыню выказанае ў артыкуле “Пасёлку Любча – 700 год”, падтрымліваюць і некаторыя сучасныя гісторыкі.

Артыкул “Пасёлку Любча – 700 год”. 1961 г.

У 2010 г. Мікалай Андрэевіч Вінар быў пасмяротна занесены ў Кнігу славы Навагрудскага раёна. Спадчына краязнаўцы захоўваецца ў розных дзяржаўных сховішчах Беларусі: у
Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Любчанскай гарпасялковай бібліятэцы. У першай з названых устаноў архіўныя дакументы М.А. Вінара ўваходзяць у склад фонду 23 “Калекцыя матэрыялаў па гісторыі, навуцы, культуры” і складаюць 59 адзінак захоўвання.

Матэрыялы падрыхтаваў Віктар Свякла, навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў 
Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа.

TUT.BY – рукапісы не гараць… 
,