Политика
Экономика и бизнес
Общество
В мире
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY

Кругозор


Алексей Вайткун,

24 лютага 2012 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага танцоўшчыка, балетмайстра, збіральніка беларускага харэаграфічнага фальклору Янкі (Івана Маркавіча) Хвораста (1902–1983).

Янка Хвораст. 1938 г.

Я. Хвораст нарадзіўся ў в. Кацёлкі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго маці Захвея Васільеўна была вядомай на ўсё наваколле спявачкай, глыбокай знаўцай народнай песні. Стрыечны брат Янкі Хвораста Рыгор Раманавіч Шырма запісаў ад яе шмат беларускіх народных песень, якія потым увайшлі ў рэпертуар Дзяржаўнага ансамбля песні і танца пад яго кіраўніцтвам.

Сваю адукацыю Янка Хвораст набываў спачатку ў польскай гімназіі, потым, пераехаўшы ў Вільню ў 1926 годзе, паступіў у Віленскую беларускую гімназію, якая не толькі давала грунтоўныя веды, але і дапамагала моладзі ў вызначэнні далейшага жыццёвага шляху. Акрамя вучэбных заняткаў Янка Хвораст з цікавасцю наведваў гімназійныя гурткі, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, спяваў у хоры, якім кіраваў Р. Шырма, але юнака ўсё больш вабіла мастацтва танца. Захапленне танцамі, жаданне зразумець азы харэаграфіі, вывучыць яе законы прывяло Я. Хвораста ў прыватную балетную школу, дзе ён займаўся ўвесь вольны ад вучобы час.

Атэстат сталасці. 1928 г.

Па заканчэнні гімназіі Я. Хвораст у 1929 годзе паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Ва ўніверсітэцэ таксама, як і ў гімназіі, арганізаваў і кіраваў студэнцкім танцавальным гуртком.

Танцавальная група Віленскай беларускай гімназіі (сядзіць другі злева Я. Хвораст). 1927 г.

У 1935 г., атрымаўшы дыплом магістра філасофіі, на працягу амаль трох гадоў ніяк не мог уладкавацца на працу – перашкаджалі беларускае паходжанне, праваслаўнае веравызнанне, спачуванне беларускаму адраджэнскаму руху.

Дыплом магістра філасофіі. 1935 г.

У 1938 годзе пашчасціла атрымаць месца настаўніка польскай і лацінскай моў, а таксама псіхалогіі і логікі ў Вілейскай гімназіі.

Пасведчанне настаўніка Вілейскай гімназіі. 1938 г.

Пасля ўз’яднання ўсходніх і заходніх абласцей Беларусі па даручэнні беларускага ўрада Р.Р. Шырмам у Беластоку быў створаны Беларускі ансамбль песні і танца, пазней перайменаваны ў Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу. Арганізацыя танцавальнай групы ансамбля была даручана Янку Хворасту, які адначасова стаў яго салістам і балетмайстрам. За вельмі кароткі тэрмін былі падрыхтаваныя пяць народных танцаў, якія былі ўхвалены мастацкім саветам. У хуткім часе былі арганізаваныя гастролі па Беласточчыне і іншых рэгіёнах Беларусі. Яны прынеслі і першыя поспехі.

Танцавальная група Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (сядзіць у цэнтры Я. Хвораст). 1940 г.

У сваю першую вялікую гастрольную паездку за межы рэспублікі па маршруце Масква – Каўказ – Урал – Ленінград калектыў адправіўся ў маі 1941 года, але вайна ўнесла свае карэктывы. Я. Хвораст разам з ансамблем быў эвакуіраваны ў Краснаярск. Адтуль распачаліся шматлікія гастрольныя паездкі па Урале і Сібіры, рэспублікам Сярэдняй Азіі. І ўсюду выступленні калектыва выклікалі вялікую цікавасць у гледачоў, у тым ліку і танцы, пастаўленыя Я. Хворастам, і яго асабістыя сольныя нумары.

“Бульба”. 1940 г.

“Чардаш”. 1954 г.

У канцы 1943 года ансамбль вярнуўся ў Беларусь, у вызваленую ад ворага Навабеліцу. І ўжо 31 снежня 1943 года падчас налёту нямецкай авіяцыі даваў свой першы канцэрт на роднай зямлі.

Я. Хвораст. “Беларускае гулянне”. Мантаж. 1943 г.

Я. Хвораст у складзе ансамбля і як саліст выступаў на заводах і фабрыках, у ваенных шпіталях, на перадавой і ў партызанскіх атрадах.

Камандзіровачнае пасведчанне. 1944 г.

Пасля поўнага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў калектыў ансамбля пераехаў у Гродна.

Дакументы аб удзеле Я. Хвораста ў фізкультурным парадзе ў Маскве. 1945 г.

Я. Хвораст. “Лявоніха”. Эскіз для фізкультурнага парада ў Маскве. 1945 г.

Балетмайстар Я. Хвораст сістэматычна пашыраў рэпертуар ансамбля, прыдумваючы ўсё новыя і новыя пастаноўкі танцаў, з энтузіязмам займаўся падборам новых маладых кадраў, адточваў сваю ўласную танцавальную тэхніку і клапаціўся пра прафесіянальны ўзровень сваіх калег.

Бульба”. Т. Мяшкова і Я. Хвораст. 1949 г.

“Рускі жартоўны”. М. Сцепанец і Я. Хвораст. 1957 г.

У выніку 10-гадовай працы ў гэтым калектыве Янка Хвораст распрацаваў і паставіў звыш 60 танцаў, танцавальных кампазіцый, мініяцюр. У 1951 годзе танцавальная група ансамбля спыніла сваё існаванне.

Пасведчанне балетмайстра Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца. 1950 г.

У 1953 годзе Я. Хвораста запрасілі ў якасці саліста балета ў Беларускую дзяржаўную філармонію, дзе да 1960 года ён уваходзіў у склад балетнай групы эстраднага ансамбля. Калектыў вельмі шмат гастраляваў па гарадах былога Савецкага Саюза, радуючы гледачоў сваім майстэрствам. Янка Хвораст у гэты час, акрамя танцавальных сольных выступленняў, працягваў і сваю пастановачную дзейнасць. Для калектыва Белдзяржфілармоніі ён ажыццявіў 10 пастановак народных танцаў.

Па заканчэнні сцэнічнай кар’еры Я. Хвораст больш увагі змог удзяліць педагагічнай і шэфскай дзейнасці. Некаторы час працаваў выкладчыкам у Мінскім харэаграфічным вучылішчы, кансультантам Рэспубліканскага Дома народнай творчасці, аказваў значную дапамогу самадзейным калектывам, асабліва самадзейным калектывам Гродзенскай вобласці: для Смаргонскага народнага ансамблям песні і танца імя Агінскага паставіў песенна-харэаграфічную кампазіцыю “Паланез Агінскага” і шэраг танцаў, звязаных з гісторыяй Смаргоншчыны; для навагрудскага народнага ансамбля песні і танца “Свіцязь” Я. Хворастам была падрыхтавана кампазіцыя “Світанне над Свіцяззю” – шматпланавы твор з музыкай, напісанай І. Лучанком, дэкламацыяй, аўтарам тэкста якой быў Я. Хвораст, харэаграфічнымі нумарамі і хорам; для самадзейных харэаграфічных калектываў рэспублікі – ваўкавысскай “Маладосці”, дзятлаўскага “Лянка”, лідскай “Лідчанкі” і інш. Янкам Хворастам былі створаны сцэнічныя варыянты традыцыйных беларускіх танцаў “Падушачка”, “Таўкачыкі”, “Мікіта”, “Козачка”, кадрыляў “Котчынская”, “Бараўская”, карагодаў “Пойдзем, пойдзем лугам”, “Дзявочы”, “Лірычны”, “Вішанька” і іншыя.

“Калыханка”, “Паланэз”. Словы Я. Хвораста. 1964 г.

“Крыжачок”. Словы і запіс танца Я. Хвораста. 1960-я гг.

За значны ўклад у развіццё беларускага танцавальнага мастацтва Я. Хвораст быў узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1977 годзе яму было нададзена званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Пасведчанне да медаля “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. 1946 г.

Грамата Вярхоўнага Савета БССР. 1949 г.

Янка Хвораст быў нястомным збіральнікам беларускага танцавальнага фальклору. Ён запісаў і паставіў дзясяткі народных танцаў, якія часткова ўвайшлі ў зборнікі “Беларусія танцы” (Мінск, 1974, 1977), “Танцы Янкі Хвораста” (Мінск, 1991). Але ж большая частка яго танцавальнай спадчыны яшчэ чакае свайго часу.

“Козачка”. Эцюд. Запіс Я. Хвораста. 1960-я гг.

“Лянок”. Эцюд. Запіс Я. Хвораста. 1960-я гг.

Кніга Я. Хвораста “Белорусские танцы”. 1974 г.

Кніга Я. Хвораста “Белорусские танцы” (1977) і зборнік “Танцы Янкі Хвораста” (1991).

Янка Хвораст. 1946 г.

Я. Хвораст пайшоў з жыцця 1 ліпеня 1983 года. Асабісты архіў майстра захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі пад нумарам 27 і складаецца з 357 адзінак захавання. Матэрыялы падрыхтавалi Таццяна Жук, Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела бібліятэкі.

TUT.BY – рукапісы не гараць…