Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

Мастак Рыгор Печнікаў
Мастак Рыгор Печнікаў
“Сілуэты” – менавіта такую назву мае выстава, якая адчынілася на мінулым тыдні ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”. Такая назва выставы цалкам адпавядае яе зместу – тут прадстаўлены накіды і эскізы, якія здалёк сапраўды нагадваюць лёгкія абрысы сілуэтаў. Яна заняла амаль 85% экспазіцыйнай плошчы выставачнай залы “палацыка” – гэта 508 графічных работ пружанскага мастака Рыгора Піліпавіча Печнікава.

Нарадзіўся ён 7 лютага 1940 г. у г. Гомель. У гэтым жа годзе яго сям’я пераехала ў г. Пружаны, дзе ён вучыўся ў СШ № 2. Падчас вучобы праявіліся мастацкія здольнасці Рыгора Піліпавіча: ён прымаў удзел у розных конкурсах, афармляў школьныя газеты, таму вырашыў паступаць у мастацкае вучылішча імя Глебава. Ажыццявіць сваю мару з першага разу не ўдалося. Рыгор Піліпавіч не стаў адчайвацца. Паспрабаваў свае сілы ў другі раз, а пасля і ў трэці. Яго мара здзейснілася ў 1960 г., калі ён паступіў на вячэрняе аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча. Вучыўся ён у славутага мастака Валянціна Волкава. Сваю вучобу сумяшчаў з працай мастака-афарміцеля на заводзе. Вучыўся выдатна, з захапленнем. У 1963 г. ён быў залічаны на аддзяленне “Графіка” Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута.
 
Рыгор Піліпавіч некаторы час працаваў у Мінску, а ў 1969 г. вярнуўся ў родныя Пружаны. Тут працаваў мастаком на заводзе радыёдэталяў, настаўнікам малявання і чарчэння ў школах раёна, кіраўніком гуртка юных мастакоў у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, стаяў ля вытокаў адкрыцця мастацкага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы г. Пружаны і быў яго першым выкладчыкам.
 
Віталь Раманоўскі, Наталля Грыцко, Вольга Басак, Кацярына Бушук, дачка Анастасія і шмат іншых таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх нацэліў на творчасць Рыгор Піліпавіч, звязалі сваё жыццё з мастацтвам. За гэты час ім была створана вялікая колькасць мастацкіх твораў, з якімі знаёмы многія пружанцы. Ён займаўся афармленнем інтэр’ераў у школах, знакамітага музея ў аграрна-тэхнічным каледжы, павільёнаў гарадскога рынку. Па праекту Рыгора Піліпавіча выкананы Царскія вароты ў Свята-Мікалаеўскай царкве ў в. Засімавічы і іканастас Свята-Пакроўскай царквы ў в. Гарадзечна, пабудаваны помнік С.М. Гудзімаву ў скверы горада, які у свой час заняў першае месца на ўсесаюзным конкурсе самадзейных помнікаў. Мастак плённа працуе і зараз, асноўны накірунак яго творчасці – іконы.
 
Работы, прадстаўленныя на выставе, створаны мастаком у 1960-70 гг., падчас вучобы ў Мінску і работы ў Пружанах. Асноўная частка гэта накіды людзей і натуршчыкаў. У той час, па словах Рыгора Піліпавіча, ён усюды браў з сабой паперу і аловак і маляваў – тут і адпачынак на вакзале, дзеянні на стадыёне, будоўля і г.д.
 
Шмат пружанскіх замалёвак – вуліц і куточкаў горада, якія сёння зусім не пазнаць. Ёсць тут і вытрыманыя ідэалагічныя работы.
 
Каб дасціпна аглядзець кожную работу на выставе, не хопіць і гадзіны – яны вабяць сваёй магутнай энергетыкай характару і руху, якія падмеціў і замаляваў мастак. І гэта толькі чвэрць эскізнага “багажу” мастака.
Маем надзею, што у наступны раз Рыгор Піліпавіч пазнаёміць аматараў мастацтва і з іншымі накірункамі сваёй творчасці.

























































































































































{banner_819}{banner_825}
-15%
-25%
-10%
-50%
-50%
-58%
-20%
-80%
0063297