Сяргей Будкін, / Сяргей БУДКІН

Адзін з стваральнікаў песьні "Born in Bielorussia" Віктар Рудэнка лічыць сябе больш рок-музыкантам, чым поп-песеньнікам. Віктар — лідэр гурта Dali, удзельнік праекту "У нескладовае". Некалькі разоў ён намагаўся трапіць на "Эўравізію" з сваёй камандай. Найбольш блізка Dali падыйшлі да гэтага ў 2009 годзе, калі трапілі ў фінал нацыянальнага адбору ў Польшчы. Але пры гэтым Рудэнка часта піша тэксты для эстрадных выканаўцаў. І зусім не саромеецца таго, што ў яго выходзіць.

— Віктар, ня ведаю, ці бачыў ты якую рэакцыю выклікала песьня "Born in Bielorussia" на інтэрнэт-форумах?

— Не яшчэ.

— Яна на 99 працэнтаў рэзка нэгатыўная.

— Гэтага можна было чакаць.

— Асноўныя нараканьні выклікала слова "Белараша". Гэта зьдзек, сьвядомая правакацыя?

— Яна не была створана пад "Эўравізію". Першапачаткова яна ў нечым нагадвала песьню "Рождённый в СССР" Шаўчука. І я быў нават зьдзіўлены, што яна трапіла на конкурс. Для тых, хто пажыў у той краіне, яна можа быць прымальнай, так лічу. Яна не пра палітыку, а пра газіроўку, досыць жартоўная і ня трэба да яе ставіцца сур’ёзна. Хоць разумею, што яна магла выклікаць абурэньні, бо ўсе чакаюць нечага іншага.

— Дык а навошта тады яе было прасоўваць?

— Я ня ведаю, чаму выбралі менавіта яе. Але калі зрабіць вясёлае шоў, то яна можа выглядаць някепска.

— У чым сэнс гэтай настальгіі. Ёсць нейкі пасыл: у БССР жыць было весела, ці што?

— Там больш тролінгавы тэкст. Нешта падобнае па настроі было ў Сярдзючкі на "Эўравізіі", калі яна сьпявала "Лаша тумбай". Калі ўявіць шоў, то менавіта ў такім рэчышчы. Бо рабіць нешта сур’ёзнае на "Эўравізіі" — глупства.

— У Сярдзючкі, прынамсі, ёсьць харызма ў адрозьненьні ад Анастасіі Віньнікавай.

— Трохі ЛСД і ўсё атрымаецца:). Калі сур’ёзна, то працаваць ёсьць над чым. Сам толькі што пазнаёміўся з творчасьцю Насьці. Арганізатары адбора вырашылі, што на конкурсе павінен выступіць нехта з маладых. Калі ёсьць такая зададзенасьць, трэба з гэтым працаваць. Галоўнае - падаць нават несур’ёзнае цікава, прыгожа і драйвова.

— Але сур’ёзны разлік на посьпех песьні маеш?

— Па шчырасьці, невялікі, хоць перамагчы заўжды хочацца. Шмат залежыць ад пастаноўкі. Калі ўсе будуць стаяць слупікамі на сцэне, як было ў Алехно, то шанцаў ніякіх.

— Па-твойму, як можа выглядаць ідэальная беларуская песьня для "Эўравізіі"?

— Яна можа быць якой заўгодна, бо гэта ня "Грэмі", гэта ня конкурс для музычных інтэлектуалаў.

— Сэнсу тады ў ім удзельнічаць?


— Наша краіна бярэ ў ім удзел, і трэба рабіць песьні, якія б адпавядалі гэтаму фармату. Натуральна, калі бы браў удзел мой гурт Dali — песьня была бы іншай. Ці калі бы ўдзельнічаў аўтар "Born in Bielorussia" Яўген Алейнік з сваім праектам Aura. Да "Эўравізіі" ня трэба ставіцца як конкурсу, дзе неабходна "адстаяць гонар Радзімы".

— Але ёсьць магчымасьць годна прадставіць сваю краіну, як той жа Zdob si Zdub у свой час. Каб хоць сораму не было.

— Zdob si Zdub выкарыстоўваюць трэнд, цікавасьць да якога ў Эўропе вялікая дзякуючы Кустурыцы і яго аркестру. Гэта хутчэй камэрцыя, чым імкненьне паказаць сваю культуру. У астатнім стаўка на нацыянальнае на гэтым конкурсе не апраўдвалася. "Эўравізія" — конкурс больш жартоўны, таму і трэба рыхтаваць адпаведны нумар.

— Ці ты маральна гатовы да хвалі крытыкі, якая абрынецца на цябе як аднаго з аўтараў "Born in Bielorussia"?

— Крытыка была б ў любым выпадку. Разумею, што яна будзе больш жорсткай у гэтай сытуацыі і ў дачыненьні да мяне ў тым ліку, як чалавека, які займаецца рок-н-ролам. Давядзецца праглынуць ды ісьці далей. 

{banner_819}{banner_825}
-20%
-15%
-50%
-10%
-20%
-21%
-40%
-20%
0063297