Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
Общество
В мире
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2829301234
    567891011
    12131415161718
    19202122232425
    2627282930311

Кругозор


Глеб Лабадзенка, фота аўтара,

Васіль Сёмуха — адзін з самых выбітных беларускіх перакладчыкаў — адзначае 75-годдзе. Дакладней, не адзначае, бо не любіць ўласнага дня нараджэння, не ўважае яго за свята. Мы гутарылі з Васілём Сёмухам напярэдадні. Гэта не была гутарка да дня народзінаў, спадар Васіль проста адказваў на пытанні пра сваё жыццё. Першая частка — пра дзяцінства і асабістае — выйшла ўчора. Сёння друкуем заканчэнне гутаркі.


"Мой найлепшы пераклад — латышская паэтка Візма Бэлшавіца"

— Шырокаму чытачу Васіль Сёмуха вядомы найперш як перакладчык Бібліі і "Фаўста". Потым ужо ідуць Шылер, Гейнэ, Ман, Гофман, Грымельсгаўзэн, Ніцшэ, Брэхт, Гесэ, Рыльке, Зюскінд, Міцкевіч, Славацкі, Тувім, Сыракомля, Райніс, Чакс... А што вы самі лічыце сваім галоўным перакладам?

— Гэта невялічкі зборнічак паэзіі Візмы Бэлшавіцы, латышскай паэткі, маёй сучасніцы. Практычна равесніцы — яна з 1931 года, я з 1936, розніца невялікая, гэта маё пакаленне. Я з вялікай любоўю яе перакладаў і з ёю кансультаваўся. У мяне захоўваецца 73 лісты ад яе... Гэты пераклад беларусы не заўважылі. Беларусы — людзі іншай ментальнасці. А яна — латышская інтэлігентка. Латышы жылі ў Савецкім Саюзе, ненавідзячы гэты саюз. І яна, яе паэзія мне паказвала, чаму і за што. Тое самае было і ў мяне, гэта самае адчуваў і я. У нас было поўнае ўзаемаразуменне.

— Але ж у вас гэта была пасіўная нянавісць, вы не былі дысідэнтам?

— Не быў. Але я стараўся, наколькі можна, быць незалежным, ніколі не быў ні ў якіх партыях. Праўда, быў у піянерах, у камсамоле. Тады я быў малы і дурны — а цяпер я стары і дурны (усміхаецца). Візма перадала ў сваіх вершах дух гэтага інтэлігентнага супраціву.

— Біблію вы перакладалі 14 гадоў. Няўжо гэты адзін зборнічак паэзіі перацягнуў, пераважыў такую працу?

— Пераважыў. Бо я Біблію перакладаў для людзей, а Візму — для сябе. Я хацеў, каб Біблію чыталі беларусы. Бо беларусы не хочуць па-беларуску чытаць, ім рускую падавай. Аднак я разумеў, што сінадальны пераклад даўно састарэў!

— "Іжэ есі на небесі" — нічога не зразумець! А вашая Біблія чытаецца як захапляльная кніга! Аднак ці не думаеце вы, што мэта сінадальнага перакладу — каб было "прыдыханне ад неразумення"?

— Мая цётка Ганна так і малілася: "Ойча наш, ежу ясі на небясі... Хлеб наш насушаны дай нам есці..." Я пытаўся: "Цётка, што ты мелеш?.." І чуў: "Так трэба!" Яны па-свойму разумелі — трэба, каб есці было! А тое неразуменне, за якое ўчапілася руская царква — яна хоча быць пасярэднікам між чалавекам і Богам. На тварах некаторых святароў так і чытаецца: "Я табе растлумачу, што гэта такое". А ты адкуль ведаеш, ты што, Бога бачыў? Паслухайце гэтых царкоўнікаў: яны ж усё ведаюць, што Богу наўме!

"Мой пераклад Бібліі не прызнаюць, але карыстаюцца ім!.."

— Вам закідвалі тое, што Біблію павінен перакладаць святар, манах, а не вы, філолаг. Ваш пераклад можна назваць рэлігійным?

— Безумоўна! А Скарына — ягоны пераклад рэлігійны ці не? Ён не быў святаром ці манахам. Гэта пытанне я задаваў кіраўнікам нашай праваслаўнай царквы. Адказваюць: "Мы шануем гэта, гэта вялікі культурны ўнёсак". Але яны яго не прызнаюць, бо гэта перакладаў не манах, не царкоўнік.

— І вы ж ведалі ў пачатку працы, што будуць праблемы з прызнаннем перакладу?

— Мне гэты пераклад замовіў у свой час уладыка Філарэт. Пачатак 1990-х, прыйшла незалежнасць, пачалася беларусізацыя — і царква захацела мець Біблію па-беларуску. Стварылі Біблійную камісію, запрасілі мяне, я згадзіўся. Ім быў патрэбен філолаг, перакладчык. Што можа непісьменны манах перакласці? Маліся не маліся — калі ты не філолаг, нічога не будзе. Светлай памяці ксёндз Чарняўскі з Вішнева пад Валожынам перакладаў Біблію. І маліўся, і пасціў — але яго пераклад недасканалы!.. Бо ён ведаў мову сваёй Валожыншчыны, як я — сваёй Смаляніцы...

— Аднак ягоны пераклад прызнаюць больш шырока...

— Прызнаюць ягоны, а карыстаюцца маім! Я вось слухаў набажэнствы на адны Каляды, на другія. І праваслаўныя, і каталікі карыстаюцца маім перакладам! Толькі замяняюць "Ісуса" на "Езуса", "Гасподзь" на "Пан" і гэтак далей. Адаптуюць кожны сам сабе. Але я бяру ў рукі Біблію — і бачу, што гэта мой пераклад!.. Тады, калі была створана Біблійная камісія, найперш я пераклаў Евангелле ад Мацьвея. Камісія прымала пераклад — галасавалі. Сталі галасаваць, як перакласці "благодать". У мяне перакладзена "мілата Божая", бо "благо" — гэта па-нашаму бяда, зло. А "мілата" — Бог любіць усіх! "Благодать" — гэта "даць дабро". А што такое дабро? Я задаваў гэтае пытанне многім святарам. І ў кожнага быў свой "спіс дабра", якое дае Бог. У выніку яны там нешта галасавалі, прынялі Мацьвея ў сваёй рэдакцыі, замянілі многія словы і выдалі кнігу, нават не пазначыўшы маё прозвішча. Каму толькі ні падзякавалі — здаецца, нават прыбіральшчыцам, якія прыбіраюць фабрыку каляровага друку. Толькі ніводнага слова не знайшлося пазначыць, што гэта перакладаў Сёмуха. Я зразумеў, што так працаваць нельга, што і без іх упраўлюся — тым больш, ужо ўвайшоў, уцягнуўся ў працу... У выніку мой пераклад прынялі на службу таксама беларускія ўніяты. Падтрымалі пратэстанты. А нашыя каталікі не могуць яго прыняць, бо я праваслаўны. Але карыстаюцца — я гэта ведаю.

"На допыце Караткевіч уратаваў мяне, адвёўшы падазрэнне..."

— Давайце вернемся ў ранейшы за пераклад Бібліі час, калі вас выгналі з выдавецтва. Што там былі за падзеі?

— Яны былі вельмі складаныя, я пра гэта ніколі не казаў і зараз падрабязна казаць не хачу. Тады за мяне ўзялося маскоўскае КДБ, калі я быў яшчэ студэнтам старэйшых курсаў (рамана-германскае аддзяленне філфака МДУ. — аўт.). Я ім, аказваецца, падыходзіў па іх параметрах — сірата, якога дзяржава выпеставала, вылізала, у людзі вывела. І я павінен дзяржаве быць удзячны ў такой форме: мусіў сачыць за студэнтамі. Я адмовіўся, мяне выкінулі з інтэрната. Некалькі дзён начаваў у метро, а тады там узбунтаваліся студэнты, мяне вярнулі і больш не чапалі. Толькі я прыехаў у Мінск — за мяне зноў узяліся (падзеі адбываліся ў пачатку 1960-х гадоў. — аўт.). Давялося адбрыквацца. Тады мяне Караткевіч і ратаваў, я яму ўдзячны за гэта. Падрабязнасцяў я нікому не расказваў, апроч Караткевіча.

— А як вас Караткевіч ратаваў?

— У Рагачове — хаваў мяне цэлае лета ў дзедавай хаце. Якраз тое лета 1964 года, калі Валодзя напісаў там "Ладдзю Роспачы". У гэтай жа хаце ён напісаў "Чазенію", часткова "Каласы пад сярпом тваім", часткова "Хрыстос прызямліўся ў Гародні"...

— Ад чаго канкрэтна вы хаваліся — вас маглі арыштаваць?..

— Я хацеў проста, каб ад мяне адчапіліся.

— На той час, калі вы хаваліся ў Караткевіча, ён ужо быў вашым блізкім сябрам?

— Так. Мы сышліся, бо я быў ягоным рэдактарам. Па-другое, я быў знаёмы з акадэмічнымі хлопцамі, якіх пасля трэслі — Алесь Каўрус, Сцяпан Міско, Мікола Прашковіч, Уладзімір Караткевіч, Валянцін Рабкевіч... Я быў толькі, відаць, на дзвюх сустрэчах-выпіўках гэтай кампаніі. І калі ўсіх накрылі, Валодзя Караткевіч на допыце казаў, што я туды ніколі не ўваходзіў, што я — новы чалавек, што яны толькі прыглядаліся да мяне.

— Што гэта былі за сходкі, што за арганізацыя?

— Ніякай арганізацыі, гэта былі людзі з Акадэміі навук, з выдавецтва, вольныя інтэлігенты. Часам гэта называюць "акадэмічны асяродак". Там абмяркоўваліся пытанні беларусізацыі. І нас вырашылі выкрыць-разграміць. Выкрывалі ў друку, з прозвішчамі. Звольнілі некаторых з працы, запалохвалі.

— І вас тады ж з выдавецтва звольнілі?

— Пазней.

— І таксама цягалі на допыты?

— Ні разу. Бо Караткевіч сказаў ім, што я ні пры чым.

— А як вы трапілі на гэтыя сходкі?

— Я пазнаёміўся ў тралейбусе са Сцяпанам Міско. Ён пачуў, што я размаўляю па-беларуску — і падышоў. Высветлілася, што мы аднадумцы.

"Калі звольнілі з выдавецтва — два гады працаваў на трактарным заводзе"

— Калі вас звольнілі з выдавецтва, вы пайшлі працаваць на трактарны завод?

— Так, працаваў там два гады ў сектары інфармацыі, перакладаў з нямецкай мовы тэхнічную дакументацыю. Паралельна выкладаў нямецкую мову ў школе — у восемдзесят восьмай, у трынаццатай, у сотай.

— А чаму вас ўзялі на працу на завод ды ў школу, калі перад тым публічна цкавалі?

— У тым і рэч, што асабіста мяне не цкавалі — дзякуючы Караткевічу ды іншым хлопцам, якія адвялі ад мяне падазрэнне. Таму мяне — каб перастрахавацца — выгналі з выдавецтва, але ўказання не браць на працу, відаць, не было, таму я і змог уладкавацца. Потым мяне зноў прынялі ў выдавецтва — у выніку я працаваў там агулам 40 гадоў. І за гэты час не выслужыўся вышэй за рэдактара. Гэта была мая мяжа. Памятаеце анекдот — што Карл Маркс эканаміст, а цётка Роза вышэй — яна старшы эканаміст. Так і я — быў старшым рэдактарам у выдавецтве. Пасля, калі памёр Рабкевіч, мяне прызначылі на яго месца, загадчыкам рэдакцыі перакладаў у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Але дзесьці праз паўгода раптам прысылаюць загадчыкам Барыса Сачанку. Я пытаюся, чаму так. "А мы вас не прызначалі". Як жа не прызначалі, калі вось, загад быў, я сам знаёміўся з ім і падпісваў! Але мяне паніжаюць да старшага рэдактара. Раз так — я зноў буду простым рэдактарам! Быў рэдактарам — і буду рэдактарам.

— Не прыкра цяпер, што ўсё жыццё былі на нізкай пасадзе, не былі вялікім начальнікам?

— Мяне гэта ніколі не бянтэжыла, бо я ўсё жыццё працаваў не на пасадах, а працаваў перакладчыкам. Я быў у сферы свайго інтарэсу — рабіў тое, што люблю.

— Як вам было рэдагаваць свайго сябра Караткевіча — ягоныя ўласныя тэксты і пераклады?

— Я пакідаў апошняе слова за аўтарам. Мая справа была паказаць і даказаць, што гэта кепска. І Караткевіч гэта выдатна разумеў — калі я даваў лепшы варыянт, ён яго прымаў.

— Аднак вы прыгадвалі, што Караткевіч быў эмацыйны, што тычылася рэдактуры.

— Эмацыйны! Ён мог сказаць: пасадзіце гэтага Сёмуху на прыпечак ракам і ўстаўце яму трубачкай у с...ку ягоную рэдактуру. Але гэта — імпульс! На другі дзень мы ўжо ў абдымку рагочам!
 
— Як сталася, што Караткевіч стаў хросным бацькам вашай дачкі Алесі?

— Я проста прапанаваў яму — і ён адразу згадзіўся. Алеся ганарыцца гэтым! Сам хрост быў асаблівы. Час быў такі, што ў царкву не панясеш хрысціць дзіця. Божа барані! Дзіця маё хрысцілі ў Пружанах і запісалі хросным бацькам Валодзю Караткевіча, хоць на руках яе тады перад святаром у яго на кватэры трымаў зусім іншы чалавек, муж маёй пляменніцы.

"У Нямеччыне быў адзін раз у жыцці, хоць усё жыццё перакладаю з нямецкай мовы"

— Я ведаю, што хоць вы ўсё жыццё перакладаеце з нямецкай мовы, але былі ў Нямеччыне толькі адзін раз. Чаму?

— Бо мяне не выпускалі. Гэта было тайнае, ціхае цкаванне.

— А за тое, што перакладаеце з нямецкай, не цкавалі?

— Не, адно пусцілі пагалоску: а чаго гэта ўсе немцы, якіх ты перакладаеш, аказваюцца яўрэямі? Каб яны адчапіліся, я пераклаў ім Карла Маркса!.. Юнацкія вершы, дзе ён несамастойны паэт, дзе выразна відаць, якіх нямецкіх паэтаў ён перапявае, запазычвае. Як і ўсе мы ў паэзіі кагосьці можам пераймаць.

— Дык калі была вашая адзіная паездка ў Нямеччыну?

— Гэта быў ужо 2002 год. Дзеці мае ўжо даўно да таго часу аб'ехалі ўсю Еўропу, а я сядзеў. Я спрабаваў і раней, аж аднойчы мяне знялі з цягніка на мяжы ў Гродне. Пачалі пытацца, ці ведаю я таго, гэтага. Потым кажуць: вам нельга ехаць. Гэта было на самым пачатку 1990-х. Да 2002 года я не спрабаваў. А даехаў туды нарэшце з Валодзем Папковічам, які працаваў у нямецка-беларускім таварыстве дружбы ў Вецлары. Там ведалі пра мае пераклады, запрасілі мяне. Мы паехалі на аўтобусе, без аніякіх праблем. Там мяне пасялілі на кватэры ў гаспадароў, вельмі добрых людзей. Вадзілі на экскурсіі, паказвалі славутыя мясціны, вазілі па гётэўскіх мясцінах у Ваймар, Франкфурт, Майнц, Гановер...

— Вашыя ўяўленні пра гётэўскія мясціны супалі з рэчаіснасцю?

— Так, бо я шмат бачыў іх на здымках, шмат ведаю пра іх. Мяне ўразілі рэчы, якіх не адчуеш са здымкаў. Каб вы ведалі, на якім ложку спаў Гётэ ў Ваймары!.. Цвярдзей не бывае! Паехалі ў Франкфурт, дзе дом-музей Гётэ. Перад гэтым пайшлі перакусіць у кавярню ў цэнтры. Лета, гарачыня, жнівень, вокны адчыненыя, на вокнах стаяць вазоны з кветкамі. Мы селі пры акне, я — спінаю да яго. Торбачка мая з грашыма і дакументамі вісіць на спінцы крэсла. Сядзім, балясы точым, ямо. Паабедалі, цяпер хадзем у музей Гётэ. Ну хадзем. Хап — а торбы маёй няма! Туды, сюды — няма мае торбы! Глядзім — а яе роўна з акна, прасунуўшы ціхенька руку між вазонамі, відаць, нехта скраў... Мы звярнуліся ў паліцыю... Карацей, нічога не знайшлі, нічога мне не вярнулі. Мае спадарожнікі апраўдваліся: "Ведаеце, гэта дакладна не немец скраў, сюды ж у Франкфурт, фінансавы цэнтр, усякая набрыдзь з усяго свету збіраецца!.." Які мне ўжо быў дом-музей Гётэ, калі я пасярод Заходняй Еўропы стаю, як дурань голы, без дакументаў і грошай!.. Немцы звазілі мяне ў Бон у беларускае пасольства — так я яшчэ і Бон пабачыў. Там мяне прымаў нейкі палкоўнік, які ў беларускім пасольстве па-беларуску гаварыць не ўмеў... Кажу, дайце мне дакумент які, каб я дадому вярнуўся! Гавораць: а мы ж не ведаем, хто вы такі. Я ім назваў кучу народу ў Мінску, хто можа пацвердзіць... Карацей, каля тыдня мне паперку давалі. У выніку я тры лішніх дні прабыў у Нямеччыне, атрымаў часовае пасведчанне, дзе было напісана, што "белорусское посольство и власти Германии просят пограничные службы оказать содействие в возвращении этого гражданина по указанному адресу". Я паехаў дамоў у Мінск. У Польшчы дачапіўся нейкі кантралёр у цягніку: гэта не пашпарт, я вас не прапушчу ехаць далей! Сварыліся з ім, сварыліся. Ён пачаў адкрыта вымагаць хабар. У выніку я яму кажу: ок, высаджвайце мяне на наступнай станцыі, я выходжу пасярод горада перад вашай мэрыяй і сядаю на брук. Мяне забяруць у паліцыю — я ім раскажу, што здарылася. І вы мне аплаціце і дарогу да Мінска, і знаходжанне ў вашай Польшчы. Гэта падзейнічала. Ён зразумеў, што на лапу не атрымае — і адчапіўся.

"Я перакладаў тыя творы, якія хацеў сам напісаць"

— Калі вы выкладалі ў нас у ліцэі, то казалі, што словы перакладаюцца словамі, а вобразы — вобразамі. Ці сталі перакладзеныя вамі аўтары хоць трошкі беларусамі?

— Я думаю, так.

— Таму ў вашым перакладзе "Фаўста" больш радкоў, чым у арыгінале Гётэ?

— Там не так і шмат — дзесьці 110 радкоў на 14 тысяч. Палова ці больш з іх — доўгі радок, які я сек папалам, бо не ўлазіў. Адсябечыны там няма. Бывае так, што чатыры слоўцы па-нямецку — а іх не скажаш чатырма беларускімі, цэлы сказ доўгі атрымліваецца. Калі дакладным быць, трэба мінімум два радкі запоўніць. Альбо выйдзе абрубак, які не будзе адпавядаць тэксту.

— Спадар Васіль, перакладаючы ўсё жыццё іншых, вы ахвяравалі сваёй творчасцю?

— Я рэалізаваўся як творца!

— Аднак гэта ж усё адно творы Гётэ, Ніцшэ, Бэлшавіцы!..

— Гэта — творы Сёмухі! Бо я пераклаў тыя творы, якія хацеў бы сам напісаць. Калі б я пісаў штосьці, я б хацеў так напісаць. Я так думаю. Чаму мне найбольш дарагая Візма Бэлшавіца? Калі б я пісаў свае вершы — я пісаў бы іх пра тое самае! Але гэта яна рабіла — а я так не ўмею. Я так мыслю, але напісаць так я не ўмею. А што я ўмею? Я ўмею сказаць гэта чытачам вершамі Візмы. 

Візма Бэлшавіца (1931-2005)
пераклады Васіля Сёмухі

Майму харошаму
Ты добры і, дзе я была, — ня спытаеш.
Глядзі, наш малюе малыш,
І чалавек у яго большы за дом.
У кветкі была я, ты знаеш.
Чым з кветкай зраднілася, знаеш.
Глядзі, наш малюе малыш.
І большая кветка за дом.

Іду я дамоў, ты насустрач… Але
Ты – большы за дом.
І кветкі стаяць на маім стале,
Большыя кветкі за дом.

Чорная пара
Ня зелень яшчэ, толькі лёгкая здогадзь і прадчуванне:
Неўзабаве зялёная замець абвее гонкі бярэзнік.
Сарамлівасць паўночнай любові ў гэтых бярозах весніх.
Пачакаем. Спатолім сэрца спакоем. Затоім дыханне.

Ня бачыць, ня слухаць бярозавых пупышкаванняў.
Яшчэ немасць між енкам савіным і жаўруковай жалейкай.
Яшчэ рыса глухая між белым і зелянкава-клейкай.
Ня зелень яшчэ, толькі лёгкая здогадзь і прадчуванне.