Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

Першае "беларусьфільмаўскае" кіно, дзе аўтар піша карціну, гледзячы на рэчы не савецкімі ці расійскімі, але беларускімі вачыма. 27 кастрычніка карэспандэнт TUT.BY наведаў закрытую прэм’еру першага беларускага жудзіка “Масакра”, пасля чаго ўзважыў аргументы “за” і “супраць” таго, ці варта ісці ў кінатэатр на фільм Андрэя Кудзіненкі.

Аргумент першы: вяртанне забароненага рэжысёра  

У 2004-м выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і стыпендыят прэзідэнцкага фонду Андрэй Кудзіненка зняў фільм “Акупацыя. Містэрыі”. Стужку, якая распавядае пра жыццё ў акупаванай нацыстамі Заходняй Беларусі, запрасілі ў афіцыйную праграму Ратэрдамскага міжнароднага кінафэсту. Услед за гэтым "Акупацыю" паказалі ў паралельнай праграме Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю, фільм паступіў у кінапракат расійскай сталіцы. У Беларусі ж наватарскі фільм, які крытыкі назвалі “адраджэннем айчыннага кіно”, быў забаронены да паказу Мінкультам. “Асобным чыноўнікам падалося, што героі карціны вельмі непадобныя да традыцыйных савецкіх ўяўленняў пра партызанаў і Другую сусветную вайну", — тлумачыў у інтэрв’ю TUT.BY кінакрытык Антон Сідарэнка.

Перад прэм'ерай Андрэй Кудзіненка пабываў у эфіры TUT.BY-ТВ. Фота: Таццяна Пашковіч.

Беспрацоўны і забаронены Кудзіненка з’ехаў у Расію, дзе паўдзельнічаў у шэрагу рэйтынгавых праектаў, папрацаваўшы ў камандзе Паўла Лунгіна. Летась рэжысёр атрымаў запрашэнне ад новага кіраўніка “Беларусьфільма”, былога галоўнага ідэолага краіны Уладзіміра Замяталіна, які абвясціў новы курс на мадэрнізацыю нацыянальнай кінастудыі, за якой замацавалася слава “партызанфільму”.

Дарэчы, на пачатку 2010-га чыноўнікі Мінкультуры вярнулі забароненую папярэднікамі "Акупацыю. Містэрыі" ў адзіны дзяржаўны рэгістр, і 15 лютага ў сталічным кінатэатры “Піянер” адбылася беларуская прэм’ера фільма.

“Замяталін — першы дырэктар, які мне падабаецца. З ім можна размаўляць і вырашаць нейкія пытанні, ён рэальны чалавек”, — адзначыў Кудзіненка ў інтэрв’ю TUT.BY год назад, пачынаючы працу над “Масакрай”. “Для мяне гэта першы досвед, калі начальнікі не лезлі ў творчы працэс. Прычым, не толькі не лезлі, але і дапамагалі”, — дзяліўся рэжысёр на этапе, калі здымкі і мантаж сёлетняй прэм’еры былі завершаны.

Аргумент другі: наватарская ідэя


"Масакру", што ў перакладзе азначае "масавая бойня", "разня", можна лічыць першым у гісторыі айчыннага кінематографу страхаморнікам ці жудзікам, як каму падабаецца. Праўда, сам рэжысёр кажа, што гэта не традыцыйны фільм жахаў, а ягоная беларуская версія — "бульба-хорар" — сінтэз містычнага трылера, меладрамы і эротыкі. У гэтым рэчышчы (за выключэннем хіба эротыкі :)) пісалі нашы слынныя літаратары Ян Баршчэўскі і Уладзімір Караткевіч. Паводле аповесці апошняга на “Беларусьфільме” нават знялі фільм “Дзікае паляванне караля Стаха” (1979) — адзіны гэткага кшталту.

Сюжэт “Масакры” (сцэнарыст Аляксандр Качан) грунтуецца на навэле Праспэра Мерымэ пра мядзведзя-пярэваратня (“Локіс”) ды на матывах старажытных беларускіх легенд. Падзеі ў фільме адбываюцца ў час пасля задушэння антырасійскага нацыянальна-вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў. Інсургентаў высылаюць з Беларусі, а на іх месца прыязджаюць расійцы. Вайна скончылася, але яе прысутнасць адчуваецца паўсюль. “Народ тут ненадежный, молчат и смотрят бирюками”, — характарызуе “тутэйшых” расійскі генерал Белазерскі.

У маёнтак графа Пазуркевіча прыязджае малады мастак-авантурнік з Пецярбургу, які пад выглядам вывучэння бібліятэкі заляцаецца ад графскай нявесты. Сам жа Пазуркевіч, як выяўляецца, мядзведзь-пярэварацень, які помсціць акупантам. Амаль усе галоўныя героі фільма гінуць у вусцішнай разні. Па экране расцякаюцца крывавыя лужыны...

Аргумент трэці: антураж

На здымках "Масакры" у Жалудку. Фота: Аляксей Бібікаў, bibikau.livejournal.com

Асноўныя здымкі карціны праходзілі ў занядбаным палацы Чацвярцінскіх 19 стагоддзя, што каля вёскі Жалудок пад Шчучыным. Мінчукі адразу пазнаюць і антураж Музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Дзякуючы таленавітай дэбютнай кінапрацы мастака-пастаноўшчыка Артура Клінава, які вядомы апошнім часам канцэптуальным праектам “Мінск — горад сонца”, змярцвелыя сцены задыхалі містыкай з выразным нацыянальным каларытам.

Аргумент чацвёрты, галоўны: нацыянальная ідэалогія


З поўнай упэўненасцю можна сказаць, што “Масакра” — першае "беларусьфільмаўскае" кіно, дзе аўтар піша карціну, гледзячы на рэчы не савецкімі ці расійскімі, але беларускімі вачыма. Калісьці, натхніўшыся гераічным сюжэтам шатландскай гісторыі ў фільме Мэла Гібсана "Храбрае сэрца", марылася, што аднойчы з’явіцца падобны фільм і пра паўстанне Каліноўскага. З выхадам “Масакры” гэтыя спадзевы ў значнай ступені спраўдзіліся.

Расійскі актор Дзмітры Мілер у ролі беларускага графа-пярэваратня. Фота: Аляксей Бібікаў, bibikau.livejournal.com

Галоўная ідэалагічная лінія адназначная. Сімпатыя аўтараў на баку разбітых беларускіх паўстанцаў, апошнія з якіх пакідаюць радзіму, каб патрапіць у вайсковую школу Гарыбальдзі — італьянскага рэвалюцыянера і змагара за незалежнасць. Стаўленне "тутэйшых" да расійскіх вайскоўцаў і чыноўнікаў адпавядае гістарычнай праўдзе. Для свядомай ліцвінскай шляхты яны былі акупантамі і душыцелямі — ворагамі. Для памяркоўнай — новым гаспадаром, які, можа, і не падабаецца, але вымагае мірыцца з сваёй сілай. Для простага люду - чужынцамі ("Гэта праўда, што вы ў Расеі сваіх жонак б'ёце?!"). 

Беларускія героі (у тым ліку шляхта) міжсобку размаўляюць падкрэслена па-беларуску, з расійцамі — па-руску (“Сёння ў нас госці, гаворым па-расейску”), з “палякамі” — па-польску.

Напрыканцы прагляду нават падалося, што аўтары штучна вывернулі сюжэтную канцоўку такім чынам, каб фільм не быў успрыняты як антырасійскі. Зрэшты, і ў такім выглядзе ідэалагічны падтэкст “Масакры” будзе для расійскага гледача, мякка кажучы, дзіўнаватым. А як інакш, калі тамтэйшая гістарыяграфія сцвярджае, што тады яны вызвалілі “малодшых братоў-беларусаў” ад польскай акупацыі і паланізацыі...

Першая крытыка: "Агульны пазл не складаецца"

На здымках "Масакры". Фота: Аляксей Бібікаў, bibikau.livejournal.com
Сярод выканаўцаў галоўных роляў "Масакры" - расійскія (Дзмітры Мілер, Марыя Курдзяневіч, Андрэй Назімаў) і беларускія (Алег Журавель, Святлана Зелянкоўская, Алег Гарбуз, Аляксандр Колбышаў, Аляксандр Кашпераў) акторы. Фота: Аляксей Бібікаў, bibikau.livejournal.com

Кінакрытыкі ўспрынялі першы беларускі жудзік са стрыманым аптымізмам. Закіды экспертаў найлепшым чынам выказаў Максім Жбанкоў.

“Фармат замінае аўтару. Аўтар падпраўляе фармат пад сябе. Канфлікт непазбежны. З аднаго боку, маем шыкоўную ідэю адраджэння беларускай гатычнай традыцыі наўздагон Баршчэўскаму ды Караткевічу. З іншага — Кудзіненку з калегамі значна цікавейшая гульня з жанравымі клішэ на полі ўмоўнай беларускасці. Таму аўтары далікатна адсоўваюцца ад канкрэтнага гістарычнага кантэксту. Таму фальклорны сюжэт пра графа-пярэваратня і ягонае трагічнае каханне атрымаў прэтэнцыёзную арт-апрацоўку з ланцужком цытатаў ды спасылак — ад класічных еўра-хорараў да сучасных анекдотаў пра расійскую нафту. Таму найлепшае, што ёсць ў стужцы, — яе мастацкае вырашэнне. Таму з актораў ніяк не складаецца адзіны ансамбль: частка грае побытавую драму, іншая — гратэскавае шоў, трэцяя — містычны трылер. Таму і тое, што мусіла трымаць сюжэт і спакушаць гледача, лірычны трохкутнік — граф (Дзмітры Мілер), піцерскі авантурыст (Андрэй Назімаў) ды мясцовая прыгажуня (Марыя Курдзяневіч), — не пераконвае. Агульны пазл не складаецца: у ім не бачна матывацыяў, няма логікі аповеду. А калі так — застаецца адсочваць аператарскія знаходкі ды "смешныя" рэплікі ўмоўных герояў ці то з Гогаля, ці то з Мэрымэ. Для канцэптуальнага выказвання зашмат масакры, для масакры — зашмат "капусніка". Лёс нацыі сыходзіць у маскі-шоў”, — напісаў культуролаг і кіназнаўца пасля прагляду “Масакры”.

Галоўная выснова крытыкаў: ідэя добрая, але прадукт сыраваты, няцэласны, гэта яшчэ не “нашае іншае кіно”, але першы крок у яго накірунку.

Не судзіце строга


Для тых, хто паспяшаецца рабіць паралелі з Галівудам, нагадаю, што агучаны бюджэт стужкі — 5 млрд рублёў, аднак, па словах Кудзіненкі, за вылікам падаткаў і бюракратычных працэдураў на кіно пайшло каля 900 тысяч долараў. Даволі сціпла.

Аўтары “бульба-хорару” называюць здымкі “сапраўдным Сталінградам”. Тыя, хто хоць трохі знаёмы з кухняй “Масакры”, распавядзе вам і пра цалкам спартанскія умовы, у якіх прыходзілася жыць здымачнай групе, і пра бясконцыя бюракратычныя перашкоды, якім трэба было даваць рады, каб ажыццявіць задуму. “Не чакаў, што ў Беларусі можна зняць такое кіно”, — зусім шчыра прызнаецца рэжысёр.

Выглядае, многія не чакалі...

Выснова: дык ісці ці не?


“Здаецца, такога кіно “Беларусьфільм” яшчэ не бачыў”, — сціпла заявіў перад пачаткам закрытай прэм’еры Андрэй Кудзіненка, які на самым пачатку ставіў за мэту стварыць нацыянальны кінахіт.

Ці стане стужка ў Беларусі блакбастэрам — вялікае пытанне. Галівуд ды шматмільённае расійскае кіно — пакуль іншыя для нас лігі. Пры гэтым айчынны глядач надта адвучаны ад свайго (ці зусім не прывучаны) ды вельмі агрэсіўна ставіцца да любых хібаў.

Аднак сумневаў у тым, што нічога падобнага ў беларускім кінематографе яшчэ не было, пасля прагляду “Масакры” не засталося. Таму ідзіце і глядзіце! Думайце, радуйцеся, расчароўвайцеся ды крытыкуйце. На вашых вачах нараджаецца новае беларускае кіно.



Беларуская прэм’ера “Масакры” адбудзецца на фестывалі “Лістапад” у Мінску. З 11 лістапада стужка выйдзе ў кінапракат.
{banner_819}{banner_825}
-50%
-55%
-20%
-15%
-15%
-20%
-20%
0063385