Першы беларускі жудзік выйдзе на экраны ўвосень
01.09.2010, 23:52 Культура![]() |
| На здымках "Масакры" у Жалудку. Фота: Аляксей Бібікаў, bibikau.livejournal.com |
З выгнання са шчытом
У 2004-м выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і стыпендыят прэзідэнцкага фонду Андрэй Кудзіненка зняў фільм “Акупацыя. Містэрыі”, які крытыкі назвалі “адраджэннем айчыннага кіно”, а ўлады забаранілі да паказу. Беспрацоўны Кудзіненка з’ехаў у Расію, дзе паўдзельнічаў у шэрагу рэйтынгавых праектаў ды зняў касавы фільм “Розыгрыш”. Летась рэжысёр атрымаў запрашэнне ад новага кіраўніка “Беларусьфільма”, былога галоўнага ідэолага краіны Уладзіміра Замяталіна здымаць першы беларускі страхаморнік "Масакра" ("масавая бойня", "разня").
“Замяталін — першы дырэктар, які мне падабаецца. З ім можна размаўляць і вырашаць нейкія пытанні, ён рэальны чалавек”, — адзначыў Кудзіненка ў інтэрв’ю TUT.BY на пачатку працы над фільмам.
Дарэчы, зімой чыноўнікі Мінкультуры вярнулі забароненую папярэднікамі "Акупацыю. Містэрыі" ў адзіны дзяржаўны рэгістр. 15 лютага ў сталічным кінатэатры “Піянер” адбылася беларуская прэм’ера фільма.
“Бульба-хорар” пра Беларусь пасля Каліноўскага
Што да “Масакры”, падзеі ў фільме адбываюцца пасля задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-64 гадоў. Інсургентаў высылаюць з Беларусі, а на іх месца прыязджаюць новыя людзі з Расіі. Вайна скончылася, але яе прысутнасць адчуваецца паўсюль. У маёнтак графа Пазуркевіча прыязджае мастак-авантурнік Казанцаў, які пад выглядам вывучэння бібліятэкі заляцаецца ад графскай дачкі. Сам жа Пазуркевіч, як выяўляецца, мядзведзь-пярэварацень...
Кудзіненка кажа, што гэта не традыцыйны фільм жахаў, а ягоная беларуская версія, якую рэжысёр назваў “бульба-хорарам” — сінтэз драмы і камедыі. Менавіта ў гэтым рэчышчы пісалі нашы слынныя літаратары Ян Баршчэўскі і Уладзімір Караткевіч. Паводле аповесці апошняга на “Беларусьфільме” нават знялі фільм “Дзікае паляванне караля Стаха” — адзіны ў гісторыі айчыннага кінематографу.
Асноўныя здымкі карціны праходзілі ў занядбаным палацы Чацвярцінскіх каля вёскі Жалудок пад Шчучынам. У стужцы задзейнічаны як вядомыя айчынныя (Алег Журавель, Святлана Зелянкоўская, Алег Гарбуз і інш.), гэтак і расійскія акторы. Старадаўнюю сядзібу вяртаў да жыцця адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў беларускай авангарднай культуры мастак Артур Клімаў.
Агучаны бюджэт карціны — 5,5 млрд рублёў, аднак, па словах Кудзіненкі, за вылікам падаткаў і бюракратычных працэдураў, на кіно пайшло каля 900 тысяч долараў.
“Рэклама мусіла пачацца яшчэ ўвесну”
Ці застаўся рэжысёр задаволены канчатковым прадуктам?
“У дадзеных абставінах атрымалася тое, што я задумваў”, — адзначыў Кудзіненка ў інтэрв’ю TUT.BY, адмовіўшыся рабіць прагнозы адносна поспеху стужкі ў гледачоў.
Праўда, усяго некалькі месяцаў назад у размове з намі ён скардзіўся, што на рэкламу “Масакры”, якую планавалася зрабіць нацыянальным хітом, адведзена ўсяго 2 працэнты ад бюджэту. Маўляў, прамоўцыя — самае слабае месца “Беларусьфільму”.
Сёння Кудзіненка кажа, што выйсце знойдзена: “Узялі трохі грошай на раскрутку з бюджэту карціны. Ці будуць нестандартныя хады? Убачыце ў кастрычніку”.
А вось культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў ставіцца да прадукту "Беларусьфільму" скептычна. “Паспяховае кіно залежыць ад таго, ці ёсць добры аўтар, а таксама моцнае фінансаванне, прадусынг і PR-кампанія, — распавядае эксперт у інтэрв’ю TUT.BY. — Хутка адбудзецца прэм’ера “Масакры”, і хто ў краіне пра гэта ведае? У нармальнай сітуацыі рэклама мусіла пачынацца ўвесну, а “Беларусьфільм” зрабіў танны трэйлер пад музыку Грыга, якой не будзе ў стужцы. На маё пытанне чаму, адказалі, што яна добра клалася на відэашэраг. Дык што, мы Грыгу прамоўцыю робім ці айчынным аўтарам?”
У планах — “Завальня”
Першы публічны паказ фільма на вялікім экране адбудзецца на кінафэсце "Киношок", які з 12 па 19 верасня пройдзе ў Анапе. Беларуская прэм’ера жудзіка — 7 лістапада на аднайменным кінафестывалі ў Мінску. Пасля гэта стужка выйдзе ў пракат.
У далейшых планах рэжысёра — некалькі магчымых стужак. Гэтак, цяпер распрацоўваецца праект эпічнага кіно (у тэле- і кінаверсіі) паводле легендарнага зборніку Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях".
У рэжысёра таксама ёсць прапановы з Расіі і Польшчы, аднак прыярытэт — Беларусі. “Калі з ”Шляхцічам Завальняй” усё атрымаецца, застануся ў Беларусі”, — кажа Кудзіненка.











