Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

18 лютага адбудзецца другая штогадовая цырымонія ўручэння ўзнагарод праекта Experty.by. Цягам цэлага года аўтарытэтныя айчынныя і замежныя
Зміцер Безкаравайны — журналіст, піяршчык, прадзюсар.
 
Нарадзіўся ў сям'і украінцаў у 1978 годзе ў Тульскай вобласці (Расія), на Беларусь прыехаў у 1986. Скончыў МДЛУ на спецыяльнасці перакладчык-рэферэнт.

У якасці музычнага журналіста і аглядальніка працаваў у выданнях "Музыкальная газета" (1996-99), "Отдыхай" (2000-01) і "Белгазета" (2002-2005). У якасці піяр-мэнэджэра працаваў на Беларусі (з рознымі артыстамі, а таксама на West Records, 2002-2005), і ў Расіі ("Студия Монолит", 2005-2007). Выпускаючы прадзюсар і піяршчык шэрагу паспяховых беларускіх рэлізаў апошняга дзесяцігоддзя, у тым ліку альбомаў гуртоў "Ляпис Трубецкой", “J:морс", "Крамбамбуля", N.R.M., Drum Ecstasy і інш.

Аўтар рэгламенту "Рок-каранацыі 2002", з 2008-га — заснавальнік і кіраўнік праекту Experty.by.
музычныя крытыкі ацэньвалі ўсе альбомы, што выдаваліся ў Беларусі, каб вызначыць лепшых з лепшых у дзевяці намінацыях. Як прымусіць замежнага эксперта праслухаць паўсотні беларускіх кружэлак і ці ёсць нам што паказаць замежнікам? Чаму “75%” больш не дапамагаюць айчыннай музыцы і калі ў Беларусі з’явяцца рокавыя FM-станцыі? Пра гэта ў інтэрв’ю TUT.BY распавёў кіраўнік праекта
Experty.by, музычны крытык і мэнэджэр Зміцер Безкаравайны.  


“Мала хто ведае, што ў Беларусі выдаецца столькі дыскаў”

 
— Зміцер, дык хто ж сёлета адбіраў найлепшыя дыскі года?
 
— Па традыцыі, гэта чатыры штатныя знаўцы Experty.by (апроч Безкаравайнага - Зміцер Падбярэзскі, Алег Клімаў, Сяргей Будкін — TUT.BY), восем пазаштатных (сярод іх Максім Жбанкоў, Таццяна Заміроўская, Віталь Драздоў, Анатоль Вечар, Надзея Кудрэйка, Сяргей Маліноўскі, Віктар Сямашка, Сяргей Пукст — TUT.BY) і пяць замежных, склад якіх змяняецца штогод. Сёлета ад Расіі галасаваў Арцемій Троіцкі, ад Літвы — Рамунас Жылніс з тамтэйшай буйной газэты “Летувас Рытас”, ад Латвіі — вядомы крытык Яніс Стундзіньш, ад Украіны — аглядальнік шэрагу выданняў і аўтар кнігі “Энциклопедия заблуждений. Наши звезды” Ігар Панасаў, а таксама прадстаўніца найбуйнейшага парталу Польшчы Onet.pl Катажына Палух.
 
— Паводле вашых правілаў, сябры журы (у тым ліку і замежнікі) мусяць праслухаць усе заяўленыя альбомы — каля 60 штук. Цяжка паверыць у тое, што той жа Троіцкі будзе слухаць 60 беларускіх плытак...
 
— Канечне, гэта пытанне персанальнай адказнасці, але ў мяне няма сумненняў, што яны паслухалі, бо інакш не браліся б. Наш праект не дае гэтым людзям амаль аніякай піар-карысці, таму яны пагаджаліся ўдзельнічаць, менавіта жадаючы пазнаёміцца з амаль невядомай для сябе сучаснай беларускай музычнай культурай. Ну і можа каб трохі парушыць сваю руціну, бо крытыкі звучайна гадамі слухаюць збольшага адное і тое ж.
 
Наогул, на мой погляд, крытыкамі становяцца сапраўдныя аматары музыкі, а не тыя, хто прагне славы і грошай. Таму ў пэўным сэнсе нічога дзіўнага ў тым, што той жа Троіцкі на адзін дзень кінуў усе свае справы і слухаў беларускую музыку, я не бачу. Значыцца, яму і іншым замежным удзельнікам нашага праекта ўсё яшчэ цікава нешта новае. Ён нават выказваў жаданне прыехаць на ўзнагароды, але, на жаль, не атрымалася.
 
Праект існуе амаль два гады. Дзеля каго і чаго вы працуеце?
 
— Праект робіцца для тых, каго цікавіць беларуская музыка не на ўзроўні радыёратацыяў і найбольш вядомых імёнаў, для таго, каб інфармаваць пра агульную карціну ў гэтай сферы. Гэтак, за 2009 год мы адрэцэнзавалі амаль на 70 дыскаў — 60 новых альбомаў і 7 складанак і канцэртных дыскаў. Мала хто ведае, што ў Беларусі выдаецца
столькі музыкі, не кажучы ўжо пра тое, каб пачуць хаця б палову з прэзентаванага. У дадатак да гэтага з мінулага году мы збіраем усе вартыя артыкулы беларускіх артыстаў — атрымліваецца гэткая база звестак, па якой ужо зараз лёгка адсачыць, што адбывалася ў жыцці таго ці іншага выканаўцы.
 
— Што з выдадзенага летась не сорамна паказаць за мяжой?
 
— Кожны год ёсць 5-6 плытак, якія не сорамна паказаць і яны не абмяжоўваюцца нейкім сучасным рокам і ангельскамоўнымі запісамі.

За што ўзнагародзяць Experty.by?


18 лютага будуць названыя пераможцы ў намінацыях "Лепшы дэбютны альбом", "Лепшы поп-альбом", "Лепшы рок-альбом", "Лепшы рэкард-лэйбл", а таксама лепшы альбом года па трох версіях: штатных экспертаў ("Альбом года"), усіх 12 аўтараў сайту ("Прыз вялікага журы") і 5 замежных экспертаў з дзяржаў, мяжуючых з Беларуссю ("Прыз замежных экспертаў").
 
З гэтага года ў межах узнагарод уводзяцца дзве новыя пастаянныя намінацыі: "Прыз чытачоў" па выніках галасавання наведвальнікаў сайта і "Лепшы беларусскамоўны альбом" на падставе адзнак экспертаў.
Напрыклад, у мінулым годзе замежныя эксперты ў першую чаргу адзначылі запісы сучасных беларускіх фольк-гуртоў — “Джамбібум”, “Троіцы”, “NHS”. У гэтым годзе фольку было мала і на першых радках апынуліся працы, больш-меньш вытрыманыя ў заходнім музычным кантэксце — The Toobes і Port Mone, CherryVata і Таня Кушнер.
 

“Мы блага думаем пра сваю музыку”

 
— За апошнія пяць гадоў колькасць рэчаў, якія не сорамна паказаць за мяжой, павялічылася?
 
— Мне здаецца, што мы наогул блага думаем пра сваю музыку. Толькі і чуеш: мы самі адсталыя, і музыкі ў нас цікавай няма. Пэўны час таму, у 1990-х і пачатку 2000-х, у Беларусі была праблема з якасцю запісу. Вялікіх жа праблемаў з самой музыкай, якую не сорамна паказаць іншым, у Беларусі ніколі не існавала. З нашай супрацы з замежнымі экспертамі вынікае, што беларуская музыка своеасаблівая, яна мае свой твар, і кожны год ёсць шэраг запісаў, якія выклікаюць цікавасць замежнікаў.
 
— Але ж шоў-бізу ў Беларусі па-ранейшаму няма?
 
— Тут трэба вызначыцца з прадметам размовы. Калі падыходзіць да пытання з гледзішча логікі, то шоў-біз — гэта наяўнасць пэўных аб’ектаў і сувязяў паміж імі. Артысты даюць канцэрты, ствараюць запісы, атрымліваюць за гэта нейкія грошы, робяць прома-кампаніі. Такое на Беларусі ёсць, значыцца шоў-бізнэс ёсць і казаць іншае дзіўна.
 
Іншая справа, што ёсць куды расці, але гэтаму шмат у чым замінае ў тым ліку жорсткі дзяржаўны дыктат у культурнай сферы. Напрыклад, што да канцэртаў, усе залы належаць філармоніям, якія дыктуюць свае ўмовы. Нармальных клубаў з жывой музыкай амаль няма, бо іх лічаць антысацыяльнымі ці што. Нармальны вялікі рок-фэст на вольным паветры правесці нельга, бо з усімі нашымі нюансамі гэта пераўтвараецца ў нейкую сумную пародыю.
 
Акрамя таго, у нас існуе адвечны комплекс малодшага брата. Мы жадаем, каб у нас шоў-бізнэс быў, як у Расіі, і гэта абсурд, бо і агульны пафас, і колькасць зорак, і якасць кліпаў — усё залежыць ад велічыні рынку, колькасці грошай на ім. Калі ён маленькі, дык усяго там менш, і з якасцю “ўпакоўкі” ёсць нюансы. І трэба разумець, што ў той ці іншай ступені ў нас заўжды так будзе. Але заўжды у нас будзе і добрая музыка. Проста вялікая яе частка адносна невядомая ў грамадстве і крыніц, каб даведацца пра яе, амаль няма. Дзеля гэтага мы і робім наш сайт. Каб неяк разварушыць людзей. 
 

“75%” працуюць супраць беларускай музыкі”

 
— Ад увядзення 75-працэнтовай квоты на беларускую музыку ў радыёэфіры мінула шэсць гадоў. Якія вынікі гэтага рэзананснага рашэння?
 
— Пачыналася ўсё вельмі добра. Як піяршчык, які працаваў у тыя гады, магу засведчыць, што да “працэнтаў” кіраўніцтва радыёстанцый ставілася да беларускай музыкі з пагардай. Калі нешта з’яўлялася ў эфіры, то гэта была хутчэй прыватная ініцыятыва, а не правіла. Прычым нармальную ратацыю на ўзроўні расійскіх ці заходніх запісаў атрымаць было немагчыма. Тая ж “Крамбамбуля” таму добры прыклад. Песня “Абсэнт”, на якую быў зняты добры кліп, прапанавалася беларускім станцыям яшчэ ўвосень 2002, але прагучала вельмі эпізадычна на адным толькі “Альфа-радыё”. З увядзеннем “працэнтаў” “Абсэнт” сталі граць паўсюль, і людзі сказалі: “Які файны хіт!” Гэткая ж гісторыя была з “Web-дызайнам” “J:морс” і шмат яшчэ з чым. Наогул “працэнты” ўзнялі цікаўнасць да беларускай музыкі. Можна прыгадаць першыя здымкі “Песні году Беларусі” на тэлеканале “АНТ” у 2004-05 гадах, калі ў эфіры было па 150 тысяч галасоў. Сёння гэтая лічба падаецца неверагоднай!
 
Аднак потым улады пачалі рабіць яшчэ больш жорсткія захады для паглыблення “працэнтаў”, і гэта было памылкай. Бо на пачатку радыйшчыкі адбіралі ўсю якасную беларускую музыку за папярэднія гады. Да таго ж актывізаваліся музыкі, якія да квотаў не бачылі сэнсу запісвацца, як тая ж Atlantica. Калі прайшло некалькі год, запас прыдатных запісаў і “нерэалізаваных музыкаў” быў выкарыстаны. Запісаў не хапала нават на выкананне старых нормаў. Атрымалася, што ўсе радыёстанцыі пачалі гучаць, як адна. Першая хваля энтузіазму наконт беларускай музыкі скончылася недзе ў 2006-м, а да 2008-га радыё страціла большую частку сваёй аўдыторыі. Наколькі я памятаю, паводле даследавання “Новак”, за чатыры гады беларускага фармату айчынная радыёаўдыторыя зменшылася ў некалькі разоў. Хутка можна будзе рабіць 100% і тым ганарыцца, але хто гэта будзе слухаць?
 
Сёння відавочна, што “працэнты” працуюць супраць беларускай музыкі, не даюць ёй развівацца. Зусім адмяняць падтрымку нельга, аднак памяншаць варта недзе да 30-35% ад кожнай гадзіны прайм-тайм. Тады радыёстанцыі будуць больш разнастайнымі і наогул больш канкурэнтаздольнымі. Беларускай музыкі будзе ў эфіры менш, але яна стане больш якаснай і даступнай для большай аўдыторыі.
 
Experty.by (злева - направа): Зміцер Падбярэзскі, Зміцер Безкаравайны, Алег Клімў. Фота: Tarantino, "Еўрарадыё"
Experty.by (злева - направа): Зміцер Падбярэзскі, Зміцер Безкаравайны, Алег Клімаў. Фота: Tarantino, "Еўрарадыё"
 
— Два гады назад адмянілі “чорныя спісы”, якія забаранялі публічную дзейнасць самых вядомых рок-гуртоў. Летась у краіне абвясцілі гэтак званую лібералізацыю. Ці закранула яна музычную сферу?
 
— Так, пэўныя праявы лібералізацыі навідавоку. N.R.M., “Крама”, “Палац”, Neuro Dubel свабодна граюць канцэрты. Аднак забароны канчаткова не зніклі. Днямі ў Брэсце мясцовыя ўлады адмянілі Men’s Fest з удзелам даволі вядомых альтэрнатыўных гуртоў Беларусі — Pomidor/OFF, Sciana, Mauzer. Ці то яшчэ не да ўсіх дайшло, што ў краіне лібералізацыя, ці то ва ўсім вінаватыя сумнавядомыя перагібы на месцах, прычыны для якіх могуць быць якія заўгодна. Нехта некаму нешта сказаў, бо недзе нешта пачуў...
 
Пра нармальную лібералізацыю можна будзе казаць тады, калі ў нас, напрыклад, з’явіцца рокавая радыёстанцыя. Чаму іх дасюль няма? Найперш, радыёстанцыі баяцца адысці ад звыклага папсовага фармату, абкатаных бізнэс-схемаў. Гэта вядома. Але таксама яны разумеюць, што заўважную частку іх эфіру будуць складаць творы ўсім вядомых гуртоў. Няхай іх цяпер і запрашаюць на тэлевізію, аднак насцярожанае стаўленне ўладаў нікуды не знікла.
 
Некалі ў нас працавала радыё “Стыль”, але яно было занадта альтэрнатыўнае. Патрэбна нешта больш мэйнстрымавае, кшталту маскоўскага радыё “Maximum” ці “Нашага радыё”, але на беларускі манер. Спадзяюся, што ў бліжэйшыя гады ў Беларусі гэта адбудзецца. Бо наогул рок — вялікая ніша, якая зараз у нас апынулася ў нейкім вакууме. Яшчэ адна перспектыўная ніша — беларускамоўнае радыё з сучаснай музыкай на розных мовах. Але гэта, здаецца, яшчэ больш “небяспечная” справа.
 
— Ці паўплывала на беларускую музыку імклівае развіццё інтэрнэту?
 
— Натуральна. Паколькі спецыялізаванай прэсы ў нас сёння няма, усе музычныя інфармацыйныя рэсурсы, адным з якіх з’яўляецца Experty.by, размешчаны менавіта ў сеціве. Апроч таго, імкліва расце доля бясплатных інтэрнэт-рэлізаў. Так атрымалася, што у Беларусі яшчэ не паспела сфармавацца сістэма дыстрыб’юцыі, як ва ўсім свеце пачалі падаць продажы дыскаў. І ў нас таксама. Цяпер нават танная пірацкая прадукцыя прадаецца кепска. Што тады казаць пра ліцэнзійныя дыскі? Калі альбом разыходзіцца накладам 500 кампактаў, гэта ўжо добры вынік. 1000 па гэтых часах — сур’ёзнае дасягненне. Больш за гэта прадаюць лічаныя адзінкі.
 
— А ці адбіўся крызіс на колькасці выданых у Беларусі CD?
 
— Летась мы налічылі ў Беларусі 59 студыйных альбомаў, сёлета — 60. Колькасць амаль не змянілася таму, што музыка ў нас не паспела стаць бізнэсам, у які б укладалі грошы вялікія кампаніі. У адрозненне ад Захаду, у нас рэкард-бізнэс заўжды складаўся з супрацоўніцтва незалежных артыстаў з рэкард-кампаніямі на ўзроўні выдання і дыстрыб'юцыі, не больш за тое. Артысты заўжды самі зараблялі сродкі на запісы і кліпы, часцей за ўсё на зусім іншых працах. То бок, большая частка нашай музыкі, асабліва рок і альтэрнатыва, дзе прадукуюцца найбольш цікавыя з музычнага боку альбомы, наогул трымаюцца на энтузіазме. З крызісам нічога для іх не змянілася.