Ірына ПРЫМАК, / Ірына ПРЫМАК

"Дняпроўскі рубеж" варта паглядзець прыхільнікам не толькі ваеннага кіно, але і наогул беларускага. Паводле слоў першага намесніка генеральнага дырэктара "Беларусьфільма" Аляксандра Цялушкі, "Дняпроўскі рубеж" ужо ўвайшоў у гісторыю беларускага кінематографа як першы высокабюджэтны фільм, бо на яго стварэнне было затрачана звыш 6 мільярдаў рублёў. Акрамя таго, гэта першы беларускі фільм, дзе так маштабна паказаны батальныя сцэны.

На здымках была задзейнічана вялікая масоўка (дапамагалі салдаты беларускай арміі), а таксама выкарыстоўвалася мноства ваеннай тэхнікі, у тым ліку часоў Другой сусветнай вайны (яе дало Міністэрства абароны). Стужка насычана і камп’ютэрнымі спецэфектамі. 

- Гэты фільм заснаваны на рэальных гістарычных падзеях - гераічнай абароне Магілёва ў 1941 годзе, таму пры стварэнні карціны мы кансультаваліся з экспертамі, каб не памыліцца ў нейкіх дробязях. У прыватнасці, у 1943-м з’явілася ваенная форма новага ўзору, таму вялікая ўвага ўдзялялася касцюмам, - узгадвае Аляксандр Цялушка.
У карціне ў асноўным здымаліся беларускія артысты, у прыватнасці Анатоль Кот, які зараз працуе ў Расіі. Галоўную ролю, камдыва, выканаў акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ігар Сігаў, для якога гэта першая вялікая праца ў кіно. Здымачнымі пляцоўкамі былі двары і вуліцы Брэста, Гродна, Быхава і Бабруйска. 

- "Дняпроўскі рубеж" варта паглядзець, бо гэты фільм - іншы позірк на вайну. Ён цудоўна раскрывае тэму акружэнцаў, якіх за іх подзвігі не ўзнагароджвалі, а, наадварот, лічылі здраднікамі, быццам яны і не павінны былі выжываць, - кажа галоўны рэдактар "Беларусьфільма" Наталля Сцежка.

Па меркаванню спецыяліста, поспех кінастужкі залежыць ад двух крытэрыяў - добрага сцэнарыя і рэжысёра-пастаноўшчыка. А ў гэтым фільме якраз такі выпадак - славуты беларускі драматург Аляксей Дудараў і Дзяніс Скварцоў, вядомы па карціне "Шчыт Айчыны".

Дарэчы, у наступным годзе беларусаў чакае яшчэ адзін ваенны фільм - "Брэсцкая крэпасць". Яго здымкі пачынаюцца 1 ліпеня сумесна з расійскімі калегамі. 

- У гэты дзень аб штатыў разаб’ецца талерка, як гэта прынята ў нас, і будзе разабрана на сувеніры. Здымкі фільма пройдуць у максімальна рэальных умовах, але акуратна, каб нічога не пашкодзіць, бо цытадэль над Бугам прэтэндуе на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА, - заўважыў Аляксандр Цялушка. - Дэкарацыі, якія можна будзе разбураць, створаць 25 вопытных бутафораў. Яны зробяць сцяну з цэглы, ваенны клуб і мост.

Акрамя таго, "Беларусьфільм" ужо працуе над карцінамі "Дрэва", "Ваўкі", "Пакушэнне" (кожная з іх знаходзіцца на розным этапе падрыхтоўкі - здымачны працэс, агучванне і г.д.).

Гэта цікава

Доўгая дарога фільмаў дадому

Наша краіна верне сабе кінастужкі савецкага часу, створаныя на "Беларусьфільме". Гэта прыкладна паўтысячы фільмаў. Намеснік начальніка ўпраўлення кінавідэамастацтва дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Аляксей Бязуглы нагадаў, што перамовы на гэты конт ужо даўно вядуцца.

- Расійскі бок прызнае права Беларусі на гэтыя фільмы і на інтэлектуальную ўласнасць, - паведамляе ён. - Аднак носьбіты, плёнка - гэта ўласнасць матэрыяльная. Зразумела, задарма аддаваць стужкі ніхто не стане. Магчыма, будуць зроблены дублікаты карцін на грошы з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Дарэчы

З 26 чэрвеня на тэлеканале АНТ пачынаецца праект "Тыдзень беларускага кіно". Гледачы змогуць пазнаёміцца з карцінамі розных жанраў, сярод якіх "Зграя", "Кадэт". Іх абмеркаванне пасля паказу ўсіх стужак адбудзецца на ток-шоу "Выбар".
{banner_819}{banner_825}
-50%
-20%
-70%
-50%
-20%
-20%
-35%
-25%
-40%