Сямён ПЕЧАНКО, / Сямён ПЕЧАНКО

Напярэдадні канцэрту "Крамы" панавала лёгкая неўпэўненасць за лёс напаўнення канцэртнай залі "Мінск". Справа ў тым, што за тыдзень да канцэрту афішы гурта пазаклейвалі новымі. Неабыякавыя інтэрнаўты арганізавалі добраахвотную рэкламную акцыю, размясціўшы на сваіх блогах інфармацыю пра канцэрт. Магчыма дапамагло гэта, а найхутчэй тое, што "Крамы" даўно не было на вялікіх пляцоўках у Мінску і прыхільнікі яе зачакаліся, але перад самым пачаткам у залі засталося не вельмі і шмат вольных месцаў. Пастаралася і грамадская кампанія "Будзьма" — інфармацыйны ды ўвогуле спонсар канцэрту.


Фота Сямёна Печанка


Ігар Варашкевіч. Фота Юліі Дарашкевіч


Мікалай Аруцюнаў. Фота Юліі Дарашкевіч

Ігар Варашкевіч не прымусіў сваіх прыхільнікаў доўга чакаць — канцэрт пачаўся з нязвыклай педантычнасцю. "Mein Vaterland, auf Wiedersehen" — "Крама" пачала вялікі сольны канцэрт з развітання. Карыстаючыся момантам, аглядаю публіку. Вельмі шмат сталых людзей — дзядзькі з доўгімі сівымі валасамі, жанчыны перадпенсійнага ўзросту. Мікалай Аруцюнаў ведаў, што казаў ў інтэрв’ю Tut.by пра рок-н-рол, як музыку 40-гадовых і старэй. Былі ў вялікай колькасці і маладыя людзі, нават дзеці (на плячах у бацькоў).

"Усё жыццё — дзіўны сон" — лілося са сцэны. І ў гэта ахвотна верылася, гледзячы на публіку, якая паслухмяна сядзела ў крэслах, нібы прыйшла на канцэрт класічнай музыкі.

У залі былі родныя Варашкевіча. Першай сваёй жонцы ён прысвяціў "Будзь разам з намі", маці, якая нарадзілася ў Гомелі, натуральна, — "Гомельскі вальс". Як напамін пра студэнцкую маладосць, прагрымеў "Камендант". Песні пра каханне — дзве "Стэфкі", а калі быць шчырым, то першая, пранялі да хрыбта. Успомніліся такія далёкія, як падаецца цяпер, дзевяностыя, калі я са здзіўленнем адкрываў для сябе нашу музыку, і гэтае адкрыццё магутнай хваляй змывала-зносіла старыя мае захапленні, пераважна расійскія.

"А зараз мы вернемся ў СССР, але не трэба баяцца, бо гэта будзе толькі стары мульцік і па-беларуску: баю-бай, не кладзіся ты на край!" — пастрашыў і адразу ж супакоіў залю Ігар Варашкевіч.

Перад выхадам на сцэну свайго сябра і калегі Мікалая Аруцюнава Варашкевіч выканаў "Хавайся ў бульбу", аўтарытэтна заявіўшы са сцэны, што "ўсё толькі пачынаецца, як кажуць па ТБ".

Першыя танцы каля сцэны пачаліся з першымі ж акордамі "Хворы на рок-н-рол". На сцэну выйшаў "сябра мой Вярэніч Лёнік". А за ім і Аруцюнаў. Лідэр расійскага "Funky Soul" зрабіў анонс: зараз будуць дзве песні "Rolling Stone", дзве "Lynyrd Skynyrd" і дзве кампазіцыі гурта, які аб’ядноўвае два першых гурта і робіць гэта па-беларуску — "Крамы". Пры гэтым Аруцюнаў катэгарычна заявіў, што дзве апошнія песні будзе спяваць таксама ён і на мове.

І тут пачалося! Калі раней адважных на ўсю залю было некалькі чалавек, і танчылі яны пераважна на балконах, то цяпер адрывалася ці не палова прысутных. Ахоўнік каля сцэны, які спрабаваў вяртаць людзей у крэслы, змірыўся. На сцэну ён глядзеў з падкрэсленай абыякавасцю, на публіку — з лёгкай пагардай. Карацей, прафесіянал.

Аруцюнаў спяваў па-беларуску не горш за Пугача з "J:морс". І заля дзячыла яму апладысментамі і задаволенымі воклічамі. "Выпі са мной да дна" спявалі хорам і стоячы, пад народную "украіна-беларуска-расійскую пра хлопца" ("Бяжы, бяжы, хлопец") танчылі ўсе — і стары і малады, палітыкі і праваабаронцы, кабеты бальзакаўскага ўзросту і зусім маладзенькія дзяўчаты. Нават сур’ёзны дзядзечка ў строгім гарнітуры пад гальштукам.

"Мы растапілі такі лёд гэтай афіцыйнай пабудовы! Цяжка тут працаваць" — прызнаўся лідэр "Крамы".

Музыкі зніклі за кулісамі, але слухачы былі настойлівыя. На біс прагучаў "Падае дождж".

"Парвалі залю!" — выгукнуў з шчаслівай усмешкай сябра Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. І дадаў: ""Крама" — наша мама!"

TUT.BY: Інтэрв'ю з Мікалаем Аруцюнавым чытайце ТУТ.

{banner_819}{banner_825}
-50%
-25%
-30%
-10%
-50%
-10%
-30%
-20%
-50%
0063108